Мы беларусы

Дыплом ІІІ ступені заваявала Засульская сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна за распрацоўку праекта “Мы беларусы”.

Як расказала настаўніца англійскай мовы Ларыса Уладзіміраўна Чабай:

— У сувязі з аб’яўленнем 2021 года Годам народнага адзінства ў нашай школе прайшло апытанне сярод навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, праз якія мерапрыемствы мы можам засяродзіць увагу на тым, што мы адзін народ. Вынікі анкетавання паказалі, што большасць апытаных (80%) лічаць найбольш адметнымі прыкметамі беларусаў нашу мову, характар і традыцыі. З улікам гэтых вынікаў і быў распрацаваны праект шостага школьнага дня.

Кожную трэцюю суботу месяца ў школе праходзіла вялікае тэматычнае мерапрыемства.

— Першы месяц быў прысвечаны нашым дасягненням. Мы вызначылі, што адна з вядучых рыс беларускага народа, якімі мы можам ганарыцца, — гэта наша адукава­насць. І запрасілі да сябе славутых выпускнікоў нашай школы. Лютаўскі праект быў накіраваны на ўсведамленне таго, што беларуская мова — неад’емная частка нашай культуры. У сакавіку вучні змаглі адчуць каларыт беларускіх свят, а ў красавіку мы разам абмяркоўвалі асаблівасці беларускага нацыянальнага характару, яго адметныя рысы. І так амаль кожны месяц, акрамя ліпеня і жніўня, калі мы зрабілі невялікую перадышку.

Фініш праекта прыйдзецца на сту­дзень наступнага года. Шматкроп’е ў ім паставіць конкурс эсэ для школьнай газеты, дзе кожны старшакласнік зможа адказаць: што такое быць беларусам…

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва герояў.