CLASSны скетчбук

Даведацца пра гісторыю роднага горада, сэканоміць электраэнергію, зарадзіць аднакласнікаў творчасцю і пазітывам — усё па плячы ўдзельнікам праекта “Тэрыторыя шостага дня: гарадскі інтэрнэт­марафон “CLASSны скетчбук”. Усё дзякуючы педагогам магілёўскага Шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва”.

Галоўнай мэтай каманды ўстановы адукацыі, куды ўвайшлі намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце цэнтра Таццяна Уладзіміраўна Батура, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Марына Генрыхаўна Галамыцька і культарганізатар Настасся Сцяпанаўна Шынкевіч, стала патрыятычнае выхаванне моладзі.

— У “CLASSным скетчбуку” ўдзельнічаюць 43 школы нашага горада, — расказала Настасся Сцяпанаўна. — Навучэнцы гэтых устаноў адукацыі дасылаюць нам заяўкі, а мы прапануем выканаць займальныя заданні, за якія наліч­ваюцца балы. Напрыканцы навучальнага года будуць падве­дзены вынікі і выбраны пераможцы.

“CLASSны скетчбук” падрыхтаваў для школьнікаў самыя розныя квесты: са­брац­ь аднакласнікаў на прагулку па знаёмых месцах і адкрыць іх зноўку, наве­даць бібліятэку, зняць кіно.

“Зараз у самым разгары падрыхтоўка да Новага года, і мы прапанавалі ўдзельнікам конкурсу зняць навагодні фільм пра свой клас. Падлеткі вельмі захоплены і з кожным месяцам далучаюцца ўсё больш актыўна”.

— Першае заданне стартавала яшчэ ў верасні і называлася “Па роднай вулачцы прой­дзем”. Каб яго выканаць, удзельнікі фатаграфавалі аднакласнікаў падчас наведвання гістарычных месцаў горада, а таксама расказвалі пра гэтую прыгоду ў невялікім пасце. У кастрычніку да Дня школьных бібліятэк наш праект запусціў “Бібліяманію”. Дзеці наведвалі Дом кнігіі рабілі інтэрактыўную рэкламу.

Лістапад мы прысвяцілі Міжнароднаму дню энергазберажэння. Тут задача была яшчэ цікавейшай. Падлеткі прыдумвалі крутыя лайфхакі па эканоміі электраэнергіі і здымалі на гэтую тэму відэ­а­ролікі. 

Гарадскі інтэрнэт-марафон “CLASSны скетчбук” на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Шосты дзень — тэрыторыя ідэй” быў узнагароджа­ны дыпломам III ступені.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.