Камяні на аркушы

Сёння ў сусветным выяўленчым мастацтве асаблівую папулярнасць набываюць карціны з натуральных камянёў і мінеральнай крошкі. Такім карцінам не страшныя ні час, ні вільгаць, ні тэмпература. У адрозненне ад напісаных алеем, на гэтых палотнах “фарбы” не трэскаюцца, радуючы свайго ўладальніка не адно дзесяцігоддзе. І галоўнае — такія работы ўнікальныя, кожны каменьчык на іх непаўторны. У Беларусі гэтае мастацтва развіваецца ўсяго ў дзвюх мастацкіх студыях. У адной працуюць ужо вопытныя мастакі, а рыхтуюць майстроў у сярэдняй школе № 16 Гродна.

Хімія ў мастацтве

У гэтай школе ў навучэнцаў заўсёды развівалі пачуццё прыгожага — шмат гадоў яна мела эстэтычны профіль. Асаблівае стаўленне тут было да каменю. Роўна 20 гадоў назад ва ўстанове быў адкрыты школьны мінералагічны музей “Карат”, хаця гісторыя яго стварэння пачалася значна раней, з геолага-гемалагічнага гуртка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Жданюка — заснавальніка музея і нязменнага захавальніка ўсіх яго скарбаў. Прафесійны геолаг змог улюбіць у камень многія пакаленні вучняў і педагогаў школы, у тым ліку і Т.І.Сердзюкову, настаўніцу выяўленчага мастацтва. Яе бацька — урач, а маці — настаўніца хіміі, таму Таццяна з маленства “круцілася паміж медыцынай і хіміяй”, засвойваючы тэрміны “мінералы”, “крысталічная рашотка”, “саставы” і інш. Мастачцы з “хімічнымі” ведамі прыйшлася даспадобы прапанова калегі спалучыць маляванне і хімію.

“Пры народным мінералагічным музеі “Карат” нашай школы дзейнічала ўзорная майстэрня-студыя па мастацкай апрацоўцы каменю. Тут апрацоўваліся камяні, мінералы, якія некалі былі прывезены сюды з дзіцячых экспедыцый па Урале, Кольскім паўвостраве, Забайкаллі, Крыме і г.д. Пасля іх апрацоўкі заставалася шмат абрэзкаў — маленькіх кавалачкаў, крошкі. І некалькі гадоў назад Уладзімір Анатольевіч прапанаваў мне выкарыстоўваць іх для жывапісу на занятках і паказаў, як гэта можна рабіць. Навучыцца працаваць у гэтай тэхніцы больш дасканала ў Беларусі немагчыма, таму, засвоіўшы асновы жывапісу мінераламі ад Уладзіміра Анатольевіча, я пачала развівацца ў гэтым кірунку, заснаваўшы ў 2008 годзе пры школьным музеі мастацкую студыю “Каменная казка”, — успамінае настаўніца.

Музей і студыя апрацоўкі каменю працуюць і сёння, забяспечваючы юных мастакоў матэрыялам для творчасці. Дзеці разам з Таццянай Іванаўнай здрабняюць рэшткі мінералаў у ступцы, прасейваюць, прамываюць іх. З гэтым матэрыялам працуюць самыя зацікаўленыя і здольныя дзеці, бо трэніравацца на камянях вельмі дорага. Навічкі ж вучацца, малюючы кварцавым пяском. Яго настаўніца набывае ў Санкт-Пецярбургу — у Беларусі такі не знайсці.

“Першапачаткова заняткі праводзіліся для навучэнцаў 5—8 класаў, але з-за павышанага попыту ў малодшых класах мы вырашылі займацца з дзецьмі, пачынаючы ўжо з 1 класа. З імі мы адпрацоўваем тэхніку, набіваем руку. У асноўным з малышамі ствараем паштоўкі, афармляючы кварцавым пяском толькі пэўныя дэталі. Але сярод гэтых дзяцей заўсёды ёсць тыя, каму можна не баяцца даваць і больш каштоўныя мінералы і давяраць выкананне больш складаных работ. Такім чынам да 5 класа ўжо фарміруецца група дзяцей, якія сапраўды зацікавіліся і хочуць працягваць развівацца ў гэтым кірунку”, — гаворыць настаўніца.

Арт-тэрапія і палёт фантазіі

Камень ужо сам па сабе мае сваю энергію і гісторыю. Ствараць з яго сюжэт на аркушы — асаблівая тэхніка, якая дазваляе лёгка абыгрываць некаторыя мастацкія задачы.

“Напрыклад, мы хочам навучыцца вылучаць галоўнае ў кампазіцыі. Гэта можна зрабіць па-рознаму, у тым ліку і прымяняючы рознафактурныя матэрыялы. І якраз здробненыя мінералы вылучаюць галоўнае ў сюжэце, бо надаюць яму іншую фактуру (напрыклад, падкрэсліваюць крону аднаго дрэва сярод іншых) ці ў партрэтнай кампазіцыі дазваляюць прапрацаваць валасы або нейкія элементы адзення. Такім чынам, пры вывучэнні розных тэм па кампазіцыі галоўную “скрыпку” іграюць мінералы”, — тлумачыць мастачка.

Цяпер, напрыклад, у межах экалагічнай тэматыкі студыйцы вывучаюць і абмяркоўваюць гаючыя якасці раслін.

“Распачынаючы работу, мы з дзецьмі робім эскізы, малюнкі, прадумваем, якія дэталі будзем адлюстроўваць, бо дробныя дэталі, надта тонкія прожылкі каменем не вылажыш — так працуюць законы вітражнага, ці вектарнага, адлюстравання. Але ёсць і “нулявыя” камяні, якія даюць вельмі тонкія пераходы”, — расказвае Таццяна Іванаўна.

Калі казаць пра жывапіс мінераламі, то, па словах педагога, найбольш выйгрышна глядзяцца пейзажы, кветкавыя кампазіцыі і дэкаратыўныя нацюрморты. Асабліва пасуюць тут лазурыт, жэмчуг, кварц, горны крышталь, малахіт, актыналіт, яшма і інш.

“Натуральныя прыродныя колеры каменю лепш за любыя штучныя фарбы перадаюць краявіды. Так, флюарыт мае фіялетавае адценне, таму ім ідэальна “маляваць” кветкі, асабліва першацветы. Бэжавым оніксам можна аформіць бераг ракі на пярэднім плане, палянкі, узлескі. Для зімовых пейзажаў мы бяром белы мармур, селеніт, для адценняў блакітнага рознай ступені насычанасці ў пэўных прапорцыях змешваем лазурыт і кальцыт, — расказвае пра тонкасці мінеральнай палітры Таццяна Іванаўна. — Мы выкарыстоўваем да 20 мінералаў, але ж у кожнага з іх мноства адценняў. Так, яшма дасць цэлы спектр адценняў — ад шэра-зялёнага да карычнева-чырвонага. Жэмчуг таксама бывае розным — ад белага да жаўтаватага. Янтар можа мець адценні ад ярка-жоўтага да цёмна-карычневага. Таму багацце нашай палітры вызначае не столькі колькасць саміх мінералаў, колькі іх прымесей. У кожным каменьчыку ёсць часцінкі іншых мінералаў, і пры драбненні яны ўсё роўна будуць даваць розныя адценні. Акрамя таго, розныя мінералы, здробненыя да пяску, мы перамешваем, як фарбы на палітры: у мармур можна дабавіць крыху янтару, у кварц — дробку жэмчугу і г.д”.

Акрамя таго, работа з каменнай крошкай дае тэрапеўтычны эфект. Некаторыя дзеці любяць слухаць, як ссыпаецца пясок ў слоічак.

“Прынцып нашай работы такі: пэўную дэталь на малюнку мы пакрываем клеем і потым прама са слоіка горкай насыпаем на гэты клей пясок з мінералаў. Рэшткі, якія не прыклеіліся, мы ссыпаем на лісток паперы, а потым перасыпаем у слоік. Часам гэтае сыпкае “шшш” — спачатку з аркуша ў слоік, а потым са слоіка на аркуш — чуваць падоўгу, — смяецца педагог. — Некаторыя дзеці стараюцца запусціць пальцы ў пясок і паперасыпаць, таму я хачу набыць юнгіянскія пясочніцы”.

Акрамя роспісу мінераламі, у студыі асвойваюць і роспіс саміх мінералаў. Таццяна Іванаўна расказвае:

“Са студыі апрацоўкі каменю нам часам аддаюць і плоскія пласцінкі, з якіх з-за нязначнага браку кабашоны ўжо не атрымаюцца. А ў іх вельмі прыгожыя зрэзы. Гледзячы на іх, дзеці самі прыдумваюць сюжэты — іх дыктуе сам узор на камені. Звычайна гэта пейзажы ці нацюрморты — застаецца толькі крыху давесці некаторыя лініі фарбамі. Асабліва часта краявіды ўгадваюцца на спілах яшмы, мармуру, флюарыту. Прывабны матэрыял для творчасці і эклагіт (зялёны камень, які ў разрэзе дае планавы пейзаж), і онікс. Цікавыя малюнкі на спілах радаміту: чорныя прожылкі на ружовым фоне часта нагадваюць кроны дрэў — застаецца толькі крыху падмаляваць. Такім чынам, камень, мінерал сам падказвае дзіцяці сюжэт. Гэта цудоўна развівае фантазію”.

Сёння галоўныя школьныя зоркі “каменнага мастацтва” — шасцікласнікі Георгій Лясько і Віялета Гайдучэня. Нягледзячы на свой юны ўзрост, яны ўжо вопытныя майстры. Педагог ім давярае самую складаную работу з каштоўнымі камянямі і ўпэўнена: яны не падвядуць.

Таццяна Іванаўна Сердзюкова працуе ў сярэдняй школе № 16 Гродна 25 гадоў. Палову з іх яна працуе з дзецьмі па сваёй аўтарскай праграме па развіцці мастацка-творчых здольнасцей адораных навучэнцаў. Таленавітых дзяцей, якія змогуць “маляваць” каменем, заўважае на ўроках выяўленчага мастацтва.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Юліі БАБКО і Таццяны СЕРДЗЮКОВАЙ.