Школа выжывання для рабінзонаў

Адпачынак на мяжы інтэлектуальных і фізічных магчымасцей. Гучыць крыху дзіўнавата, ці не праўда? Які ж гэта адпачынак? Гэта хутчэй напружаная праца. Аднак менавіта так набіраюцца новых сіл пасля навучальнага года ўдзельнікі аздараўленчага лагера турыстычна-краязнаўчага профілю “Школа выжывання — падарожжа рабінзонаў”, які ладзіцца на летніх канікулах на базе сярэдняй школы № 2 Салігорска.

У падлеткавым узросце, калі аднакласніцы марылі пра элегантныя сукенкі, нам, хлопцам, было яшчэ не да знешняга выгляду, душа прагнула паходнай рамантыкі, экстрыму. Асабліва гэтае пачуццё абвастралася напярэдадні канікул. Калі ж надыходзіла доўгачаканае лета, мы маглі гадзіны напралёт праводзіць на беразе рэчкі, блукаць па лясных сцяжынах, назіраць за жыццём птушак, насякомых, шукаць звярыныя сляды, лазіць па зарослых імхом акопах. Мы не спяшаліся сталець. Можа, таму і ўзгадваецца гэты перыяд жыцця з асаблівай цеплынёй, бо ён быў напоўнены шматлікімі прыгодамі.
Нягледзячы на тое, што сучасныя навучэнцы праводзяць шмат вольнага часу ў віртуальным свеце, у іх такія ж памкненні, як і ў прадстаўнікоў некамп’ютарнага дзяцінства. Гэта выдатна ведае начальнік лагера “Школа выжывання — падарожжа рабінзонаў” Аляксандр Мікалаевіч Міхнюк. Каб напоўніць летнія канікулы сённяшніх падлеткаў, якія патрабуюць асаблівай увагі, карыснымі справамі, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі разам з калегамі шэсць гадоў назад прапанаваў хлопцам і дзяўчатам адправіцца на некалькі дзён з палаткамі ў лес. Аляксандр Мікалаевіч вырашыў арганізаваць асаблівы лагер, там, акрамя купання, збору ягад і грыбоў, гульняў на свежым паветры, падлеткаў чакалі ўсходнія адзінаборствы, роля рабінзонаў і 9-дзённая школа выжывання.
Ідэя арганізацыі лагера ўзнікла ў Аляксандра Мікалаевіча невыпадкова. З 1973 года ён займаўся ў секцыі бокса, потым была служба ў арміі, разведка, паветрана-дэсантныя войскі, спартыўная і дэсантна-штурмавая рота, узвод спецназа, захапленне рукапашным боем. З 1986 года, калі ў краіне набылі папулярнасць усходнія адзінаборствы, настаўнік зацікавіўся каратэ, ушу, кунг-фу, муай тай, кікбоксінгам, джыу-джыцу, а з 1990 года пачаў іх практыкаваць. Набытыя ўменні і навыкі перадаваў спачатку сваёй сям’і, а потым калегам і навучэнцам. Удасканальваць майстэрства, на думку Аляксандра Мікалаевіча, лепш за ўсё на свежым паветры, пажадана ў лесе.

Як адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 2 Салігорска Алена Мікалаеўна Карасташова, палатачная форма арганізацыі лагера, сумешчаная з пражываннем у лесе, дазваляе падлеткам даведацца пра свае фізічныя магчымасці. А вось паспрабаваць інтэлектуальныя здольнасці можна праз удзел у краязнаўчых конкурсах, прысвечаных роднаму краю. Дзевяць дзён — гэта аптымальны тэрмін. Нават калі нехта адчуе, што сістэма воінскага мастацтва Усходу яму не па душы, то за гэты час вучань не стоміцца. Арганізацыя палатачнага летніка з’яўляецца эфектыўным сродкам выхавання маладога пакалення, дазваляе падлеткам не толькі адпачыць, але і далучае іх да пошукавай і даследчай работы, фарміруе любоў да родных мясцін. Жыццё ў лесе садзейнічае ўмацаванню здароўя, якаснаму фізічнаму і псіхічнаму развіццю, выхаванню патрыятычных пачуццяў праз вывучэнне аб’ектаў навакольнага асяроддзя, гісторыі і культуры роднага краю. Спецыяльна распрацаваная сістэма дазваляе набыць як турысцкія навыкі, авалодаць баявым мастацтвам, вывучаць родны край, так і выпрацоўваць самастойнасць, працавітасць, адказнасць. У гэтым дапамагае дзяжурства па кухні, прыгатаванне ежы, мыццё посуду.
— Праграма лагера складаецца з праекціровачнага, падрыхтоўчага, асноўнага і заключнага этапаў. Падчас праекціровачнага этапу праводзяцца бацькоўскія сходы, распрацоўваецца план мерапрыемcтваў змены. Падрыхтоўчы этап прадугледжвае падрыхтоўку спецыяльнага інвентару для гульняў і іншых мерапрыемстваў змены, забяспечваецца транспартная дастаўка дзяцей і турысцкага рыштунку да месца размяшчэння лагера. Праводзіцца спецыяльны семінар, прысвечаны аказанню першай медыцынскай дапамогі, для кіраўнікоў лагернай змены і навучэнцаў. Падрыхтоўка да правядзення летніка ўключае ў сябе і закупку неабходных прадуктаў харчавання, рыштунку і гаспадарчых тавараў, распрацоўку маршруту экалагічнай сцяжыны. Асноўны этап — гэта выкананне плана па аздараўленні дзяцей, фарміраванне ў іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, правядзенне экскурсій, конкурсаў, гульняў, даследчай работы. Заключны этап уключае ў сябе маніторынг лагернай змены, стварэнне інфармацыйна-метадычнага банка змены, фонду сцэнарных распрацовак, відэатэкі і гульнявога інвентару, — паведаміла Алена Мікалаеўна.

Аздараўленне, адпачынак падлеткаў, выхаванне ў іх маральна-патрыятычных якасцей — усё гэта дасягаецца з дапамогай двух міні-праектаў “Тхіен дыонг” — шлях да дасканаласці” і “Школа выжывання — падарожжа рабінзонаў”. Першым міні-праектам прадугледжана фарміраванне станоўчых рыс характару, умацаванне здароўя з дапамогай усходніх методык. У перакладзе “тхіен дыонг” азначае “шлях да самаўдасканалення”. Канчатковай мэтай гэтага шляху з’яўляецца спрыт, кемлівасць, знаходлівасць, адвага, якія фарміруюцца праз удзел вучняў у гульнях народаў Усходу, а таксама індзейскіх гульнях паляўнічага і ваеннага характару. Падчас другога міні-праекта юныя рабінзоны вывучаюць мінулае і экалагічны стан Салігоршчыны, знаёмяцца з асаблівасцямі ваеннай стратэгіі. Хлопцы і дзяўчаты могуць атрымаць ганаровае званне краязнаўца-майстра. Падлеткам даецца магчымасць далучыцца да традыцый усходняй школы адзінаборстваў. Важнае значэнне надаецца экалагічнаму выхаванню моладзі. Навучэнцы, напрыклад, расчышчаюць лес ад паваленых дрэў і галін.
— Гэта ў нас не было камп’ютараў, мабільнікаў, планшэтаў, мы выхоўваліся ў іншых умова, калі лес і рэчка былі больш даступнымі. Сённяшнія гарадскія дзеці жывуць у віртуальным свеце. Таму сам выхад у лес нават без начлегу для іх ужо з’яўляецца своеасаблівым экстрымам. А што гаварыць пра некалькі дзён пражывання ў палатках на свежым паветры сярод дрэў, птушак і камароў. Вытрымаць такія ўмовы, пры гэтым навучыцца гатаваць ежу на вогнішчы, збіраць ягады, грыбы, зёлкі, займацца фізічнай працай — гэта і ёсць сапраўдная школа выжывання для сучаснай моладзі, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.

Сістэма гэтай своеасаблівай школы ўключае некалькі кірункаў. Ваенны кірунак прадугледжвае стральбу, разборку і зборку аўтамата, страявую падрыхтоўку, пераадоленне перашкод з процівагазам. Турыстычны кірунак — гэта правільнае карыстанне вяроўкамі, вузламі, паралелямі, маятнікамі, пераадоленне гацяў і г.д. Галоўная ўвага ўдзяляецца фізічнай падрыхтоўцы. Кожны дзень пачынаецца з зарадкі, прабежкі, на працягу дня здаюцца нарматывы. Абавязкова і трэніроўка рукапашнага бою. Хлопцы экіпіруюцца ў пальчаткі і шлемы і працуюць са спарынг-партнёрамі. Элементы загартоўвання ўключаюць абліванне, абціранне, выкананне практыкаванняў пад дажджом, купанне ў мясцовых вадаёмах. А напрыканцы дня абавязкова лазня, пабудаваная з падручных матэрыялаў. Ёсць у салігорскіх рабінзонаў і яшчэ некаторыя традыцыі. Сярод іх — заварванне зёлак. Падчас незвычайнай цырымоніі чаяпіцця, якая кожны вечар адбываецца каля вогнішча, настаўнікі расказваюць навучэнцам пра карысныя якасці лекавых раслін, асаблівасці іх выкарыстання ў медыцыне і кулінарыі.
— Асаблівую ўвагу ўдзяляем харчаванню. Толькі збалансаванае спажыванне карысных прадуктаў дапамагае ўдасканальваць фізічны і разумовы стан, прайсці ўсе выпрабаванні лагернай змены. Я, напрыклад, цалкам адмовіўся ад мяса і рыбы. Адчуваю сябе надзвычай лёгка, радуюся кожнай хвіліне жыцця, сонцу, паветру, зямлі, траве, кветкам. Хочацца, каб такі ж настрой быў і ў маіх выхаванцаў. А з тымі, хто паспяхова праходзіць школу выжывання, планую здзейсніць байдарачны паход, прыкладна такі, як у мінулым годзе, калі я чацвёра сутак плыў на чоўне па Морачы, Случы да Прыпяці. У мяне быў невялікі запас вады і мінімум прадуктаў. Пры гэтым амаль цэлы дзень я быў заняты фізічнай працай — веславаннем, — падзяліўся начальнік лагера.

У нашым мітуслівым, напалову віртуальным і камп’ютарызаваным жыцці часта не хапае экстрыму, сітуацый, дзе праяўляліся б нашы фізічныя здольнасці, лепшыя і горшыя чалавечыя якасці. Рызыкаваць жыццём дзеля гэтага не абавязкова, а вось арганізаваць, як салігорскія педагогі, сярод лесу палатачны лагер і на некалькі дзён ужыцца ў ролю рабінзонаў цалкам магчыма.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва школы.