90 гадоў па экасцежцы

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ў гэтыя дні святкуе 90-годдзе. Да ўрачыстай даты тут быў прымеркаваны шэраг значных падзей, удзельнікамі якіх сталі педагогі і навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі Беларусі і блізкага замежжа, навукоўцы, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншыя. Госці завіталі сюды не толькі павіншаваць юбіляра, але і даведацца пра тыя поспехі, якіх дасягнулі за апошнія гады і навучэнцы гэтай установы, і ўстаноў дадатковай адукацыі краіны.

Маладая навука

Адкрыў чараду святочных мерапрыемстваў рэспубліканскі форум маладых даследчыкаў. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы-пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, акцый, алімпіяд і канферэнцый па экалогіі з розных куткоў Беларусі. Яны расказалі пра дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці, расказалі пра свае адкрыцці, абмеркавалі магчымыя шляхі ўдасканалення і развіцця кірунку.

У межах форуму прайшла панэльная дыскусія “Шлях у даследаванні” з прадстаўнікамі Савета маладых навукоўцаў, навуковых інстытутаў НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Сваімі разважаннямі наконт школьнай экалагічнай навукі падзяліліся юныя навукоўцы.

10-класніца Ганна Казлова, удзельніца навуковага таварыства навучэнцаў “Экалогія і чалавек” Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, цвёрда вырашыла, што стане эколагам, але мае свае прапановы і па развіцці школьнай навукі. Яна адзначыла: “На маю думку, экалогія павінна выдзяляцца ў асобны прадмет і асобна павінна праводзіцца праектная дзейнасць. У мяне шмат сяброў у Маскве і мне імпануе, што ў іх школах ёсць прадмет “Праектная дзейнасц­ь” і кожны піша свой праект да выпуску са школы — у любой сферы. Гэта б вельмі дапамагала ў будучыні, бо ва ўніверсітэтах усім трэба будзе пісац­ь дыпломныя работы. А як пісаць, калі няма ўяўлення пра гэта? Дык вось даследчы праект мог бы стаць такой падрыхтоўкай”. А яшчэ Ганна марыць, каб у школах з’явілася неабходная колькасць лабараторнага абсталявання, каб хімічныя эксперыменты кожнае дзіця мела магчымасць праводзіць самастойна, а не назіраючы з апошняй парты, як змешвае рэактывы настаўнік. Толькі так з’яўляецца цікавасць да навукі.

Яраслаў Леаненка, навучэнец аб’яднання па інтарэсах “Іхтыялогія” Віцебскага АПДіМ, перакананы: “Захапленне школьнай навукай не абавязкова павінна быць прыступкай для будучай прафесійнай адукацыі. Гэта можа быць даступнай магчымасцю для кожнага дзіцяці зрабіць свой уклад у развіццё пэўнай галіны навукі і тым самым — у ахову роднай прыроды. Не толькі ж з прафесіяй нам трэба вызначыцца, а і з тым, на якой планеце жыць”.

Асаблівай падзеяй, якая ладзілася ў межах форуму, стала ўрачыстае адкрыццё дадатковага памяшкання дзіцячай лабараторыі па вывучэнні біяразнастайнасці і антрапагенных фактараў водных экасістэм. Наваселле для юных навукоўцаў стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Coca-Cola ў Беларусі (за яе кошт былі закуплены мэбля і абсталяванне). На базе лабараторыі юных эколагаў рыхтуюць да ўдзелу ў міжнародных алімпіядах. Навучэнцы цэнтра штогод прывозяць узнагароды з прэстыжных конкурсаў. У ліку апошніх за 2020 год — залаты медаль на алімпіядзе даследчых праектаў навучэнцаў у Вільнюсе, залаты і сярэбраны медалі на алімпіядзе даследчых работ навучэнцаў у Малайзіі. Штогод выхаванцы цэнтра прымаюць удзел у нацыянальным этапе Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу — найбуйнейшым міжнародным спаборніцтве, дзе школьнікі прадстаўляюць свае праекты ў галіне аховы водных рэсурсаў. З 2007 года нацыянальны этап право­дзіцца пры падтрымцы ўнітарнага прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”. Да 2020 года больш за 15 беларускіх школьнікаў атрымалі магчымасць пазмагацца за перамогу ў Швецыі.

Часткай форуму стала і дзіцячая навукова-практычная канферэнцыя “Дарога да адкрыццяў”. Была арганізаваная работа трох секцый: “Экалогія без межаў”, “Края­знаўчыя даследаванні — адзінства навукі і практыкі”, “Моладзь і навука”. Падчас форуму дзейнічалі выставы “Юннат года”, “Метадычная скарбонка”, выстава-кірмаш дасягненняў навучэнцаў у галіне селекцыі, біятэхналогій, аховы водных экасістэм, агратэхналогій.

На новы лад

Цэнтральнай жа падзеяй для педагогаў стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі. Традыцыі і прыярытэтныя кірункі развіцця”. Удзел у ёй прынялі педагогі агульнай сярэдняй адукацыі, дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучоныя НАН Беларусі, прадстаўнікі прыродаахоўных устаноў і грамадскіх — усяго больш за 140 чалавек з Беларусі, Расіі, Казахстана, Азербайджана і Кыргызстана.

Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.У.Кадлубай у сваім вітальным слове адзначыў: “У пытаннях развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі значную ролю адыгрывае міжнароднае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, абмен вопытам, новымі падыходамі адукацыйнай дзейнасці. І ў юбілейны год Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства мы разглядаем міжнародную канферэнцыю як важную і карысную сустрэчу даследчыкаў, практыкаў у сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Беларусі, Расіі, Казахстана, Азербайджана і Кыргызстана, якія імкнуцца да пастаяннага развіцця сваіх сістэм адукацыі”.

Удзельнікі канферэнцыі вялі дыскусію ў трох секцыях: “Актуальныя аспекты арганізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення: вопыт, тэндэнцыі і перспектывы”, “Эфектыўныя педагагічныя тэхналогіі работы з навучэнцамі: ад тэорыі да практыкі” і “Экалагічная адукацыя: актуальныя пытанні, эфектыўныя адукацыйныя практыкі і інавацыі”.

Шмат прагучала выступленняў, у якіх педагогі расказвалі пра новыя формы арганізацыі заняткаў, пра ўключэнне візуальных і інфармацыйных дадаткаў, выкарыстанне адукацыйных магчымасцей сацсетак, QR-кодаў і інш.

Напрыклад, Т.К.Авадок, загадчык асноўнага аддзела, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра юных маракоў з флатыліяй Брэста, звярнулася ў сваім выступленні да актыўных метадаў навучання ў кантэксце дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і, у прыватнасці, падзялілася вопытам выкарыстання ў сваёй практыцы розных квестаў — камп’ютарных, вэб-, QR-, фота-, медыяквестаў, квестаў на прыродзе і інш. Па меркаванні педагога, яны вучаць дзіця думаць лагічна, ставіць праблему і знаходзіць шляхі яе вырашэння, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, развіваць камунікабельнасць.

А вось А.І.Цалавальнік, загадчык арганізацыйна-масавага аддзела Гомельскага ДАЭБЦДіМ, пераканана, што новае — гэта добра забытае старое: “На працягу апошніх гадоў у педагагічнай літаратуры з’яўляецца вялікая колькасць апісанняў новых форм правядзення культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Большая частка з іх запазычана з індустрыі забаў. У той жа час варта адзначыць, што большасць з новых форм у сваім генезісе абапіраецца на традыцыйныя формы гульнявой і адпачынкавай дзейнасці, апісаныя ў класічных падручніках па педагогіцы”. Таму, па меркаванні Аксаны Іванаўны, не варта педагогам баяцца новых форм — у большасці сваёй яны ўжо прывычныя, прайшлі праверку часам, але праз уключэнне новых дэталяў, прыёмаў, элементаў навізны, гульнявых тэхнік і тэхналогій набываюць інавацыйныя формы. І прывяла прыклады: “Экалагічныя святы і забавы — найцікавейшыя традыцыйныя формы экалагічнага выхавання дзяцей, але ў святле папулярнасці шэрага літаратурных твораў, а таксама коміксаў, камп’ютарных гульняў, кінафільмаў і анімацыйных фільмаў увасобіліся ў такую інавацыйную форму арганізацыі свята, як фанфікі. Яна будуецца па матывах папулярных літаратурных твораў, твораў кінамастацтва (кінафільмаў, тэлесерыялаў, анімэ і да т.п.), коміксаў (у тым ліку — мангі), а таксама камп’ютарных гульняў і г.д., праходзіць у форме тэатралізацыі і касцюміраваных шоу, а героі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, вырашаюць экалагічныя праблемы. Папулярны сёння хакатон узнік на аснове ролевых і дзелавых гульняў, а таксама нагадвае круглы стол, дыскусію, дэбаты. Але ў адрозненне ад традыцыйных форм па выніках хакатону навучэнцы з дапамогай цьютараў і ментараў ствараюць свой прадукт. Яшчэ адным стварэннем гульнявых тэхналогій мінулага сталі квесты (відазмененыя гульні-падарожжы і гульні па станцыях), квізы (узніклі з віктарын), квілты (інфармацыйны стэнд, калектыўныя творчыя справы, насценгазеты ці вусныя часопісы) і інш.”

Прафесія навыраст

Шмат выступленняў было прысвечана тэме прафарыентацыі. Так, А.Ф.Пільнік, метадыст Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, пераканана, што сёння ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі маглі б стаць для ўстаноў прафесійнай адукацыі эфектыўнай формай прыцягнення абітурыентаў і актыўна дапамагаць дзіцяці не толькі зрабіць правільны выбар будучай прафесійнай дзейнасці, але і даць пачатковую прафесійную адукацыю. Гэтыя задачы паспяхова вырашае папулярная ў навучэнцаў краіны “Школа біялогіі” завочнай (дыстанцыйнай) формы навучання. “У гэтым аб’яднанні па інтарэсах займаюцца навучэнцы матываваныя, нацэленыя на паглыбленае вывучэнне біялогіі. Сярод іх заўсёды ёсць навучэнцы, якія яшчэ не вызначыліся з канкрэтным выбарам прафесіі, а толькі ведаюць, што хочуць у далейшым у той ці іншай меры займацца біялогіяй. Дапамагаюць ім у гэтым экскурсіі ў профільныя навуковыя ўстановы, гутаркі з вядучымі супрацоўнікамі, выкладчыкамі УВА, якія праводзяць для навучэнцаў заняткі. Дзяцей вельмі ўражвае экскурсія ў заалагічны музей і аранжарэю, работа ў лабараторыі біялагічнага факультэта БДУ, знаёмства і зносіны з вядучымі спецыялістамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах і Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, знаёмства з работай лабараторый Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, — адзначыла Алена Фёдараўна і прывяла адзін са шматлікіх прыкладаў: на працягу шэрага гадоў, з мэтай дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі сумесна з Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэем № 5 транспарт­нага будаўніцтва тут вядзецца работа па прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў па спецыяльнасці “Кветкавод”. Толькі ў мінулым годзе яе атрымалі 48 навучэнцаў.

Асновы будучай прафесіі і магчымасць прымераць яе яшчэ дзіцем дае сваім навучэнцам і Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства. Многія вы­пускнікі вяртаюцца ў гэты цэнтр у якасці педагогаў і кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах. Так, дзеці, якія на працягу больш як 3 гадоў вучыліся ў аб’яднаннях па інтарэсах заалагічнай накіраванасці, сталі ветэрынарамі, тыя, хто вырашыў звязаць сваю прафесію з лясной гаспадаркай, атрымалі спецыяльнасць “Інжынер лясной гаспадаркі” і інш.

Цікавыя практыкі ва ўстановах краіны і па дыстанцыйным, завочным навучанні, якія дарэчы і ва ўмовах небяспечнай эпідэмічнай сітуацыі, і пры рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і з жыхарамі аддаленых населеных пунктаў.

Пра прыроду — на прыродзе

Падчас канферэнцыі прагучала шмат думак пра тое, што прыроду трэба вывучац­ь на прыродзе, а не ў памяшканні. Так, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Мінска Г.В.Мамчур расказала пра экалагічныя даследаванні ў рамках дзеючага эколага-біялагічнага адукацыйнага праекта “Экалагічная кладоўка”. Яго ідэя — даследаваць навакольнае асяроддзе раёна, у якім знаходзіцца будынак установы, па шасці кірунках: біяразнастайнасц­ь, энергазберажэнне, водазберажэнне, абыходжанне з адходамі, якасць атмасфернага паветра і экалагічныя ініцыятывы. Выконваючы пастаўленыя даследчыя задачы, навучэнцы вызначаюць ступень забруджвання атмасферы Маскоўскага мікрараёна з дапамогай метаду біяіндыкацыі, вывучаюць уплыў навакольнага асяроддзя на здароўе чалавека, даследуюць экалагічны стан раёна і г.д. З вынікамі сваіх даследаванняў навучэнцы выступаюц­ь на навукова-практычных канферэнцыях, а высновы і прапановы па паляпшэнні экалагічнага стану асяроддзя раздаюць у выгля­дзе буклетаў жыхарам мікрараёна.

Педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска (Брэсцкая вобласц­ь) В.П.Шаламіцкі таксама падтрымлівае заняткі экалогіяй па-за межамі аўдыторый. Па яго меркаванні, вядучым метадам экалагічнай адукацыі і выхавання навучэнцаў павінны быць палявыя выхады: “Выкарыстанне вялікага аб’ёму практычнай працы навучэнцаў у прыродных ландшафтах дазволіла адзначыць, што ў дзяцей узрасла цікавасць не толькі да біялогіі, але і да фізікі, хіміі, геаграфіі. Так навучэнцы аб’яднання па інтарэсах авалодалі новымі ведамі і, што асабліва важна, навучыліся прымяняць іх на практыцы. Лічу, што гэты кірунак можна выкарыстоўваць не толькі педагогам дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага профілю, але і настаўнікам біялогіі і геаграфіі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Так можна праводзіць навуковы пошук не толькі ў гідрабіялогіі, але і ў такіх раздзелах біялогіі, як агульная заалогія, батаніка, арніталогія, іхтыялогія і інш.”

І.В.Зарэцкая, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Брэсцкага АЦТіКДіМ, расказала аб ролі ўнікальных прыродных комплексаў, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый з іх шырокай біялагічнай разнастайнасцю ў фарміраванні экалагічнай свядомасці вучняў. Па яе меркаванні, многія бакі ўзаемадзеяння чалавека і прыроды, калі яны вывучаюцца ў адрыве ад найбліжэйшага акружэння, застаюцца для дзяцей і падлеткаў абстракцыяй. Большасць з іх не бачыц­ь узаема­сувязі ў прыродзе, не ўсведамляе шкоды, якую наносяць прыродзе дзеянні чалавека. Таму для навучэнцаў гэтай установы дзесяцігоддзямі праводзяцца экалагічныя экспедыцыі і арганізуецца паўнавартасная даследчая дзейнасць па нацыянальным парку “Белавежская пушча”, рэспубліканскіх заказніках, якіх на Брэстчыне 18, помніках прыроды (іх тут 29), унікальных прыродных комплексах, ахоўных прыродных тэрыторыях з іх шырокай біялагічнай разнастайнасцю. Праграма экспедыцый ахоплівае вывучэнне розных аб’ектаў прыроды: раслін, грыбоў, паўзуноў, птушак, звяроў і інш.

Р.В.Хлебін, загадчык аддзела інфармацыйна-метадычнай работы Гомельскага ДАЭБЦДіМ, упэўнены, што выходзіць карысна не толькі за межы сваіх устаноў, гарадоў, але і краін. “Адкрыты да любых фарматаў!” — заявіў ён, расказваючы пра разнастайнасць практык і форм міжнароднага супрацоўніцтва з удзелам сваёй установы, якія дапамагаюць абменьвацца вопытам і ўмацоўваць сяброўскія сувязі паміж некалькімі дзяржавамі. Найбольш цесныя партнёрскія адносіны звязваюць яго з установамі адукацыі Расіі і Украіны. У аснове гэтых адносін — сумесная рэалізацыя шэрага адукацыйных мерапрыемстваў на міжрэгіянальным узроўні. Гэта і міжрэгіянальны экалагічны інтэрнэт-турнір “Эколаг-анлайн”, які праводзіцца сумесна з Чарнігаўскай абласной станцыяй юных натуралістаў (Украіна), фестываль “Крыніца славянскай дружбы”, які па чарзе праводзяць Беларусь, Расія і Украіна на мяжы трох дзяржаў, міжрэгіянальны злёт па захаванні біялагічнай разнастайнасці “Берагі дружбы” і міжнародны экалагічны злёт “Падары планеце жыццё”, у межах якога праводзяцца вучэбныя заняткі і майстар-класы, накіраваныя на прафарыентацыю школьнікаў у галіне прыродазнаўчых навук і аховы навакольнага асяроддзя, і інш.

Юбілей Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства стаў нагодай сабрацца разам і прадстаўнікам “зялёных школ”. Пра эфектыўнасць гэтай мадэлі экалагічнай адукацыі яны паразважалі падчас тэматычнага рэспубліканскага семінара. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, ПРААН, рэспубліканскіх і абласных рэсурсных цэнтраў па рэалізацыі адукацыйнага праекта “зялёныя школы”, устаноў адукацыі краіны. У рамках семінара прайшло ўрачыстае ўручэнне дыпломаў установам, якія атрымалі ці пацвердзілі статус “Зялёная школа” ў 2020 годзе.

Завяршыліся юбілейныя падзеі святочнай стрым-панарамай “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ў аб’ектыве”, падчас якой госці пазнаёміліся з вехамі гісторыі і вопытам работы цэнтра, дасягненнямі ўстановы па асноўных напрамках дзейнасці, а сябры і ўстановы-партнёры з Беларусі і замежжа змаглі павіншаваць педагогаў і навучэнцаў цэнтра з юбілеем і выказаць ім свае пажаданні.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.