Афганістан у сэрцы і памяці

Усё далей ад нас падзеі, якія засталіся ў людской памяці пад назвай “Афганская вайна”. Жыве яшчэ нямала яе сведкаў, у тым ліку і ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адзін з іх — настаўнік Дабромысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Георгій Іванавіч Арабей, якога я ведаю ўжо больш за 30 гадоў.

Яго жыццёвая дарога пачалася 12 чэрвеня 1963 года ў невялікай вёсачцы Рудзе ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька, Іван Уладзіміравіч, працаваў трактарыстам на Івацэвіцкім лесазаводзе, а маці, Лідзія Сцяпанаўна, — паляводам у калгасе “Бальшавік”. “Ён рос цікаўным хлопчыкам. Вельмі рана навучыўся чытаць, асабліва любіў кнігі пра вайну, спяваць, лавіць рыбу, збіраць грыбы. Калі падрос, даведаўся аб тым, што яго абодва дзядулі былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, дайшлі да Берліна і вярнуліся жывымі. Часта садзіўся каля дзеда Валодзі і прасіў, каб ён расказаў пра сваё франтавое жыццё. Ён нібыта адчуваў душой, мой дарагі сынок, што стане прадаўжальнікам ваенных спраў сваіх дзядоў, што на яго долю выпадзе нялёгкая армейская служба”, — успамінае матуля.
Скончыў Рудзянскую пачатковую школу, а потым працягнуў навучанне ў Сенькавіцкай васьмігадовай школе. За гэты час асвоіў ігру на акардэоне. О, як гэта яму спатрэбілася ў час службы ў Афганістане! Пасля паступіў у Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. Пачаў працаваць старшым піянерважатым у былой Коланскай васьмігадовай школе. Армейскае жыццё Юры пачалося 26 верасня 1982 года ў адной з вайсковых часцей Мар’інай Горкі. У кастрычніку 1982 года быў накіраваны ў вучэбную часць горада Тэрмеза ва Узбекістане, на мяжы з Афганістанам. У лістападзе пачалася служба на афганскай зямлі ў горадзе Кундузе ў артылерыйскім палку. Хутка ў адным з баёў Юра быў кантужаны. Лячэнне праходзіў у ваенным шпіталі Кундуза. Пасля яго перавялі для далейшай службы ў горад Пулі-Хумры, у правінцыю Баглан. Іх падраздзяленне займалася выяўленнем караванных шляхоў душманаў, вызначэннем месцаў іх засад.
Побач з горадам Пулі-Хумры праходзіла дарога жыцця Хайратон — Кабул, па якой у светлы час сутак у Кабул савецкія вадзіцелі дастаўлялі ваенную зброю, маёмасць, харчаванне. На адной з машын аўтамабільнай калоны, якая рухалася з Хайратона ў Кабул, Георгій Іванавіч заўважыў надпіс “Івацэвічы”. За рулём аказаўся яго стрыечны брат Сяргей Верабей з Івацэвіч. Гэтая сустрэча на чужыне была такой нечаканай, але радаснай і ўзнёслай. Пасля такія сустрэчы з братам адбываліся на афганскай зямлі некалькі разоў у месяц. Георгій Іванавіч сустрэў на афганскай зямлі яшчэ аднаго стрыечнага брата — Сяргея Дылюка з Няхачава. Калі выпадала хвілінка адпачынку, браў у рукі акардэон і разам з баявымі сябрамі спяваў салдацкія песні, песні пра Афганістан.
Там, на чужыне, успаміналася родная хата, дарагія бацькі, сёстры, лагодны і незабыўны голас дзядулі, ціхая і спакойная рэчка Грыўда, светлы вобраз першай настаўніцы Лідзіі Пятроўны Мінчуковай, заслужанай настаўніцы БССР. З цеплынёй узгадваў свайго дарагога і незабыўнага настаўніка былога дырэктара Сенькавіцкай васьмігадовай школы Пятра Сямёнавіча Мітракова, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які пакінуў добрую памяць аб сабе сярод вучняў і аднавяскоўцаў, праводзіў вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі.
У сваім салдацкім жыцці Георгій Іванавіч бачыў шмат трагічнага і гераічнага. “Калона савецкіх войскаў рухалася ў бок Кабула, на перавал Саланг. Душманы зрабілі засаду, пачаўся бой, у якім трэцяя частка аўтамабільнай калоны была разбіта, а палова нашага падраздзялення загінула. Хто яшчэ мог, даставалі з палаючых машын сваіх баявых сяброў і адначасова вялі абарону. Шансаў выжыць у гэтым баі ў нас амаль не было. І раптам у паветры пачуўся гул нашых вяртушак. Некалькі заходаў — і агнявыя пункты душманаў замоўклі. Так, некалькі салдат, у тым ліку і я, атрымаўшы другую кантузію, засталіся жывымі. Цяжка на душы, калі ўспамінаю гэты бой, таму што горыч і боль страт баявых сяброў не праходзіць з гадамі”, — гаворыць настаўнік.
У снежні 1984 года ён быў дэмабілізаваны. Вяртаючыся са службы з Афганістана, па дарозе дамоў наведаў баявых сяброў у Чувашыі і Падмаскоўі, з якімі і сёння падтрымлівае цесныя сувязі. З вялікай радасцю сустрэлі на парозе роднай хаты дарагога сына і брата бацькі і сёстры 21 снежня 1984 года. Сабраліся аднавяскоўцы, сваякі, каб убачыцца з Юрам, які вярнуўся жывым з вайны. Доўга не адпачываў пасля службы. Пачаў працаваць выхавальнікам у Югалінскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Паступіў на завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. У 1989 годзе перайшоў працаваць настаўнікам пачатковых класаў у Сялецкую васьмігадовую школу. Вучні любілі і паважалі свайго настаўніка, і ён адказваў ім узаемнасцю. Ён і зараз памятае словы свайго любімага настаўніка Пятра Сямёнавіча Мітракова: “Юра, калі хочаш стаць добрым настаўнікам, любі дзяцей, вучыся ўсё жыццё”. І ён выконвае гэты настаўніцкі запавет.
Тут ён сустрэў сяброўку свайго жыцця — Алену. Разам выгадавалі сына. У 2015 годзе адзначылі жамчужнае вяселле. З 2010 года Георгій Іванавіч працуе ў Дабромысленскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Прымае актыўны ўдзел у рабоце Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, праводзіць вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі.

Сцяпан КУНІЦКІ,
старшыня прафкама Дабромысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.