Удзельнікі V З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД падчас пленарных пасяджэнняў, работы секцый абмяркоўвалі разнастайны спектр пытанняў развіцця нацыянальных сістэм адукацыі, функцыянавання агульнай адукацыйнай прасторы СНД. Адной з самых шматлікіх была секцыя, прысвечаная новым падыходам у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і арганізацыі выхавання ў адукацыйных арганізацыях краін СНД. Праходзіла секцыя на базе Дзіцячай рэспубліканскай інжынерна-тэхнічнай акадэміі.
Тэматыка секцыі ахоплівала асаблівасці выхаваўчай работы ад дзіцячых садоў да ўстаноў вышэйшай адукацыі. Тое, што гэта была адна з самых шматлікіх секцый, невыпадкова, паколькі выхаванне дзяцей і моладзі — задача ўсяго грамадства. Мадэратарам секцыі выступілі дырэктар Рэспубліканскага вучэбна-метадычнага цэнтра эстэтычнага выхавання “Балажан” (Кыргызстан) кандыдат педагагічных навук Дарыя Сапарбекаўна Мусіна і прафесар, доктар педагагічных навук, дырэктар Інстытута педагогікі і псіхалогіі, загадчык кафедры педагагічных тэхналогій Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя К.Д.Ушынскага (Расія) Людміла Васільеўна Байбародава. Ганаровым госцем секцыі стала намеснік міністра адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі Надзіра Сынташаўна Джусупбекава.
— Мы рады вітаць вас у Бішкеку і спадзяёмся, што сённяшні абмен вопытам будзе вельмі карысны для ўсіх і дасць пэўны штуршок для развіцця нашага далейшага супрацоўніцтва. У палітыцы нашай дзяржавы развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі займае асаблівае месца. Гэта і нядзіўна, у апошнія гады ў многіх краінах пачынаюць задумвацца, якім чынам мы адукоўваем сваіх дзяцей, якую адукацыю мы ім даём. І пераважвае менавіта выхаванне. Калі многія прафесіі ў будучыні змогуць замяніць робаты, то ўнутраны свет чалавека зможа сфарміраваць толькі выхаванне. Для Кыргызстана апошнія гады былі сур’ёзным выпрабаваннем, але цяпер, асабліва ў сістэме адукацыі, наша краіна дасягнула вельмі сур’ёзных поспехаў. Самае галоўнае, акрамя комплексных ведаў, даваць кожнаму дзіцяці яшчэ і каштоўнасныя арыенціры, гэта значыць, выхоўваць. У першую чаргу мы павінны выгадаваць чалавека, сына, дачку, бацьку, будучую маму, грамадзяніна. У гэтым плане дадатковая адукацыя проста бясцэнная. Без дадатковай адукацыі цалкам усе задачы, якія ставім перад адукацыяй у агульным, мы не зможам выканаць, — адзначыла Надзіра Сынташаўна Джусупбекава.
На думку Дарыі Сапарбекаўны Мусінай, ва ўмовах зменлівай сацыякультурнай і эканамічнай сітуацыі ў краінах СНД нарастаюць выклікі сістэме адукацыі і сацыялізацыі чалавека. Фарміраванне сістэмы дадатковай адукацыі на прасторы СНД з’яўляецца важнай стратэгічнай задачай, якая дасягаецца ў працэсе міжнароднага супрацоўніцтва. Адным са значных механізмаў сёння становіцца аб’яднанне патэнцыялу дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дзяржаў — удзельніц СНД, сумесная выпрацоўка стратэгій і праектаў, арыентаваных на пераадоленне глабальных выклікаў, пашырэнне ўзаемадзеяння і павышэнне эфектыўнасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне дадатковай адукацыі, павышэнне ўзроўню ўзаемнай інтэграцыі лепшых адукацыйных і выхаваўчых практык.
— Знаходзячыся ў агульнай адукацыйнай прасторы дзяржаў — удзельніц СНД, Кыргызская Рэспубліка ажыццяўляе супрацоўніцтва з краінамі Садружнасці ў забеспячэнні даступнасці і якасці дадатковай адукацыі і на практыцы садзейнічае супрацоўніцтву краін СНД у развіцці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі шляхам мадэрнізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, праграмна-метадычнага забеспячэння, правядзенні семінараў, арганізацыі курсаў для педагогаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, павышэнні іх прафесійнай мабільнасці, практычнай падрыхтоўкі да правядзення навуковых даследаванняў, развіццю інавацыйнага супрацоўніцтва.
Дзецям і моладзі краін постсавецкай прасторы прадастаўляюцца шырокія магчымасці для ўдзелу ў міжнародных адукацыйных і выхаваўчых праграмах, фестывалях, конкурсах. Гэта такія вялікія міжнародныя праекты, як этнакарнавал “Ісык-Куль збірае сяброў”, злёт лідараў дзіцячых арганізацый і турыстычных каманд “Ісык-Куль вачыма дзяцей”, Міжнародны конкурс “Інтэлектуалы ХХІ стагоддзя”, Міжнародны фестываль “Сябруюць дзеці Усходу”, конкурсы дзіцячага малюнка і прыкладной творчасці “Мы жывём у СНД”, конкурсы, прысвечаныя юбілеям перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 90-годдзю Чынгіза Айтматава, і многія іншыя. Дзеці і педагогі дадатковай адукацыі з Кыргызстана з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных фестываляў і конкурсаў у Беларусі, напрыклад, “Залатая пчолка”, многіх конкурсаў і фестываляў, якія праходзяць у Казахстане, Расіі, Туркменістане, — паведаміла Дарыя Сапарбекаўна Мусіна.
Канструктыўны дыялог у сферы міжнароднага супрацоўніцтва краін СНД садзейнічаў стварэнню летам гэтага года Еўразійскай асацыяцыі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, заснавальнікамі якой выступілі Кыргызская Рэспубліка, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Расійская Федэрацыя. Дадзеная міжнародная арганізацыя заклікана рэалізоўваць сумесныя міжнародныя праекты, якія спрыялі б пашырэнню дыялогу паміж дзецьмі, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці з агульначалавечымі каштоўнасцямі, засваенню культурнага вопыту краін СНД. Для педагогаў арганізацыя садзейнічае пашырэнню магчымасцей прафесійнага су-працоўніцтва, прымнажэнню прафесійнага патэнцыялу, развіццю ўстаноў дадатковай адукацыі, іх канкурэнтаздольнасці.
З.Я.Вінаградава: “Сёння ўзрастае роля такіх якасцей, якія раней нам здаваліся не вельмі абавязковымі для паспяховага жыцця. Гэта здольнасць хутка арыентавацца ў дынамічным свеце, асвойваць новыя прафесіі ў галіне ведаў, уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі розных культур. Гэтыя ўменні і з’яўляюцца ключавымі кампетэнцыямі. Хацела б дадаць сюды яшчэ адну кампетэнцыю, пра якую некалі сказаў адзін мудры чалавек: душа павінна быць разумнай, а розум павінен быць добрым. Фарміраванне ў дзяцей гэтых ключавых кампетэнцый павінна адбывацца на асабістым прыкладзе педагога. Інакш гэта будуць проста словы, якія, можа, і застануцца ў памяці навучэнцаў, аднак не закрануць іх душу”.
У развіцці сістэмы дадатковай адукацыі ў краінах СНД назапашаны значны вопыт, ёсць шмат станоўчых момантаў, аднак, па словах Людмілы Васільеўны Байбародавай, хапае і праблемных кропак. “Калі мы сёння зможам гэтыя праблемныя кропкі агучыць, паспрабаваць разам за круглым сталом знайсці шляхі вырашэння праблем агульнымі намаганнямі, то гэта будзе цудоўным вынікам нашай сустрэчы. Паспрабую некаторыя праблемы абвастрыць. З кожным пакаленнем дзеці мяняюцца. У сувязі з гэтым неабходна мяняцца і нам, педагогам. Калі мы гэтага не зробім, то сістэма дадатковай адукацыі, якая вырашае вельмі многа выхаваўчых задач, не будзе настолькі эфектыўна функцыянаваць. Сёння важна не толькі вучыць педагогаў на курсах павышэння кваліфікацыі. Куды важней вучыць педагогаў мяняцца, слухаць, чуць і вучыцца ў нашых дзяцей. З вопыту працы са студэнтамі і школьнікамі магу сказаць, што яны ў некаторых пытаннях пайшлі намнога далей за наша пакаленне. Вельмі часта ловіш сябе на думцы, што пра нешта ты не ведаў, а дзякуючы дзецям даведаўся. І нам трэба адкрыта гэта прызнаваць. Думаю, дзеці заўсёды будуць паважаць таго педагога, які ўмее прымаць іх прапановы, крытыку, слухаць, чуць. Калі азнаёміцца з падручнікамі розных гадоў, то можна ўбачыць, як мяняецца ўяўленне навукоўцаў, педагогаў-практыкаў пра выхаванне. Калісьці выхаванне было як уздзеянне на дзіця, потым як узаемадзеянне з дзіцем. Сёння гэта суправаджэнне дзіцяці. І, аказваецца, гэта вельмі складана зрабіць, вельмі складана педагогам перастройвацца”, — адзначыла Людміла Васільеўна.
Л.В.Байбародава: “Сапраўднае вучнёўскае самакіраванне сустракаецца рэдка. Самакіраванне — гэта калі дзеці самі спланавалі, самі арганізавалі, самі ацанілі, самі падвялі вынікі, самі расставілі ўсё па месцах, кожнае само сябе аб’ектыўна ацаніла. Самае вялікае, што мы, дарослыя, можам рабіць тут, — гэта задаваць дзецям пытанні. Калі яны нешта робяць не так, мы адразу ставім пытанне і такім чынам прымушаем дзіця задумацца. Толькі ў такім выпадку можна гаварыць пра сапраўднае самакіраванне”.
Аднак перастройвацца трэба, асабліва ў плане наладжвання стасункаў з дзецьмі. “У 90-я гады мая настаўніца гаварыла: “Мне страшна, я выхоўвала і вучыла не таму, што цяпер трэба”. Я думаю, што яна была вельмі строгай у адносінах да сябе. Любы настаўнік 80-х, 70-х, 60-х даваў нам як мінімум тры важныя рэчы для жыцця: уменне быць адказным, уменне быць прыстойным чалавекам, разуменне, што дасягненне любой мэты не павінна быць звязана з тым, што ты ідзеш па галовах іншых людзей. Думаю, мы павінны даваць гэтую ідэю наступным пакаленням”, — падзялілася настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Лагойска Зоя Яўгенаўна Вінаградава.
В.В.Чулкоў: “Адна з праблем, з якой нам даводзіцца сутыкацца ў сваёй дзейнасці, тое, што дзеці не ўмеюць наладжваць стасункі, цалкам выказваць свае думкі, пэўныя эмоцыі, перажыванні, дзяліцца праблемай. Педагогу важна навучыцца арганізоўваць камунікацыю з навучэнцамі. Дзеці не гатовы да пераадолення цяжкасцей. Калі ў іх нешта не атрымліваецца, яны расчароўваюцца, намагаюцца гэта закінуць. Аднак сам працэс сталення пабудаваны на пераадоленні пэўных праблем, крызісных з’яў. Фарміруючы ўменне іх пераадольваць, мы рыхтуем чалавека да дарослага жыцця. Калі чалавек займаецца любімай справай, то ён будзе рабіць яе добра, працаваць з задавальненнем, для яго працоўны час стане адпачынкам, часам самаразвіцця. Педагог павінен усё гэта пацвярджаць уласным прыкладам. Асоба такога педагога натхняе, матывуе вучняў, садзейнічае іх сталенню”.
Настаўніца з’яўляецца прыхільніцай таго, што дзеці самі павінны вызначаць, што ім падабаецца. Калі ў 9 класе Зоя Яўгенаўна разам з вучнямі вывучае тэму “Сацыялогія”, то запускае даследаванні, якія ўмоўна называюцца так: “Ці лёгка быць маладым?” (дзеці вызначаюць праблемы, якія іх хвалююць), “Хто мы? Якія мы?” (дзеці атрымліваюць вопыт сацыялагічнага даследавання і разумеюць, якія яны розныя), “Феномен вандалізму ў сучасным сацыякультурным асяроддзі”. Яшчэ гадоў 15 назад дзеці гаварылі, што ў аснове вандалізму ляжыць жаданне быць непадобнымі да іншых, спроба звярнуць на сябе ўвагу. Сённяшнія навучэнцы адзначаюць, што вандал, які рве, размалёўвае падручнікі, парты, — гэта проста нявыхаваны чалавек. Гэта вельмі важна, калі вучні разумеюць, што праблема — у недахопе выхавання. Настаўніца прапанавала далучыцца да гэтых апытанняў і калегам з іншых краін СНД, а потым сумесна падвесці вынікі. Сапраўды, калі нашы дзеці кантактуюць у сацыяльных сетках, абменьваюцца фотаздымкамі, лайкамі, то чаму б там ім не пагаварыць на такія важныя тэмы.
— Вакол шмат крыніц, якія даюць адказы на пытанні “Што?”, “Дзе?”, “Калі?”, і не так многа, як хацелася б, педагогаў, здольных падвесці вучня да разумення і ведання адказаў на пытанні “Чаму?”, “Якім чынам?”, “Якія вынікі гэта будзе мець?”. Вельмі важна, каб настаўнікі садзейнічалі разуменню вучнямі, якія каштоўнасныя арыенціры і сэнсавыя ўстаноўкі выбіраць для сваёй дзейнасці, як самастойна прымаць правільныя рашэнні. Вопыт пошуку тут вельмі важны. Я заклікаю ўсіх нас памятаць, што ёсць простыя словы: уменне слухаць, уменне чуць, разумець самае галоўнае, дзеля чаго мы працуем. Калі мы будзем задаваць дзецям пытанні і даваць ім магчымасць самім думаць, прымаць рашэнні, то тады, напэўна, не будзе такім адчувальным сённяшні разрыў паміж пакаленнямі, — адзначыла Зоя Яўгенаўна Вінаградава.
Роля педагога з’яўляецца ключавой і ў справе выхавання дзяцей, і ў справе развіцця сістэмы дадатковай адукацыі. “Не важна, дзе мы працуем — у дзіцячым садку, школе. Кожны наш учынак, нават наша адзенне ўжо з’яўляюцца выхаваўчым уздзеяннем. Дзеці капіруюць нас, яны глядзяць на нас і робяць вывады. Калі мы ім спадабаемся, то яны нават могуць капіраваць нашу міміку”, — лічыць педагог дадатковай адукацыі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сяргей Яўгенавіч Вераціла.
С.Я.Вераціла: “Чым адрозніваецца педагог дадатковай адукацыі ад школьнага педагога? Гэта адсутнасць стандартаў у рэалізацыі праграм. У школе праграма строга рэгламентавана. Нават настаўнік, які дрэнна падрыхтаваны да ўрока, можа прыйсці да добрага завуча, узяць пэўныя напрацоўкі і якасна правесці ўрок. У педагогаў дадатковай адукацыі да сваіх вучняў іншы падыход. У школе дзеці не выбіраюць настаўніка. У сістэме дадатковай адукацыі дзеці прыходзяць да настаўніка. І мы павінны так зацікавіць, так сябе паводзіць, каб дзеці да нас прыходзілі. У іншым выпадку мы проста не зможам набраць неабходную колькасць дзяцей для заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах, у нас проста не будзе зарплаты. Яшчэ адно адрозненне — гэта больш нізкі сацыяльны статус педагогаў дадатковай адукацыі ў параўнанні з педагогамі агульнаадукацыйных устаноў”.
Значную ролю ў павышэнні прафесіяналізму педагогаў дадатковай адукацыі адыгрываюць конкурсы прафесійнага майстэрства. У чым іх карысць? На думку Сяргея Яўгенавіча, якім бы добрым ты ні быў педагогам, як бы хутка ты ні знаходзіў з дзецьмі кантакт, як бы моцна яны цябе ні любілі, гатовы былі на руках насіць, калі ты дзень за днём гадоў 20 працуеш на адным месцы ў адной сферы, гэта становіцца руцінай. Калі спытаць у такога педагога, як ён робіць сваю справу прафесійна, то спачатку ён нічога не адкажа. З пункту гледжання навукова-метадычнай работы не адразу растлумачыць сакрэт свайго поспеху. Думкі трэба прывесці ў парадак, структураваць, а потым выкласці. Удзел у конкурсах дапамагае праводзіць аналіз сваёй работы, з’яўляецца выдатнай матывацыяй павышаць узровень свайго майстэрства, а таксама імідж установы, дзе працуе педагог.
— Сярод устаноў дадатковай адукацыі ўзрастае канкурэнцыя. Павялічваецца колькасць устаноў, аб’яднанняў па інтарэсах. Вырашальным фактарам пры выбары самой установы адукацыі з’яўляецца асоба педагога. Калі ў першы год дзіця прыходзіць з-за цікавасці да пэўнага напрамку, то ў наступныя гады галоўным становіцца псіхалагічны клімат у калектыве і асоба педагога, — адзначыў прадстаўнік Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці педагог дадатковай адукацыі Валерый Валянцінавіч Чулкоў.
Любая адукацыйная сістэма пачынаецца з выхавання. Мэта сучаснага выхавання — гэта фарміраванне асобы, пабудова ўласнага жыцця на карысць сабе і грамадства, гэта патрыятызм, каштоўнасць сямейных традыцый, павага да старэйшых. Нярэдка школьніку вучоба нецікавая, і ён хоча аддзяліцца ад яе, у школу яго прымушаюць хадзіць бацькі, узнікаюць складанасці ў стасунках з аднакласнікамі, мала сяброў, адсутнічае павага да настаўнікаў. Такі вучань знаходзіць сяброў па-за школай. Гэта кампанія, у якой няма жадання вучыцца, удзельнічаць у алімпіядах, секцыях, занятках спортам, а ёсць жаданне непрадукцыйна праводзіць час. У выніку чалавек са стваральніка ператвараецца ў спажыўца. Калі прадукты спажывання заканчваюцца або становяцца нецікавымі, тады ў яго ўзнікае ідэя, што яму ўсе павінны. Бацькі павінны даць новы смартфон, а настаўнікі — паставіць добрую адзнаку. У такім стане чалавек ужо не хоча вучыцца, у яго цалкам адсутнічае матывацыя. Большасць школ захоча пазбавіцца такога вучня. Аднак гэта не павінна тычыцца ўстаноў дадатковай адукацыі. Менавіта такую думку выказаў выкладчык-арганізатар асноў бяспекі жыццядзейнасці школы № 842 Масквы Мікалай Яўгенавіч Весялоў.
Д.С.Мусіна: “Не сакрэт, што для значнай часткі дзяцей, якія не атрымліваюць неабходнага аб’ёму і якасці адукацыйных рэсурсаў у сям’і, школе, дадатковая адукацыя кампенсуе гэтыя недахопы або прадастаўляе альтэрнатыўныя магчымасці для адукацыйных і сацыяльных дасягненняў. Гэта тычыцца ў тым ліку дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Дадатковая адукацыя з’яўляецца важным фактарам павышэння сацыяльнай стабільнасці і справядлівасці ў грамадстве шляхам стварэння для кожнага дзіцяці ўмоў паспяховасці, незалежна ад месца жыхарства і сацыяльна-эканамічнага статусу сям’і. Галоўнай адметнасцю сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца яе адкрытасць”.
Падчас работы секцыі ў кожнага яе ўдзельніка была магчымасць падзяліцца меркаваннем наконт павышэння ўзроўню развіцця сістэмы дадатковай адукацыі і якасці выхаваўчага працэсу. Як лічыць дырэктар спецыялізаванай сярэдняй школы № 64 Ашхабада Бешмырат Хаджыевіч Гаітназараў, канчатковы вынік працы педагогаў дадатковай адукацыі і педагогаў агульнаадукацыйных устаноў — гэта выхаванне гарманічна развітой асобы. Метады могуць быць розныя, а прынцып адзіны. Плюсы дадатковай адукацыі — мабільнасць вучэбнага плана, які можна аператыўна мяняць у адпаведнасці з пэўнымі патрэбнасцямі. Дадатковая адукацыя задае індывідуальную траекторыю развіцця для дзіцяці. Паміж сістэмай агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі важна наладзіць цеснае ўзаемадзеянне, у тым ліку на ўзроўні краін СНД.
У сваіх выступленнях педагогі закраналі тэму правядзення выхаваўчай работы ў сельскай мясцовасці, пытанні вучнёўскага самакіравання, распрацоўкі праграм дадатковай адукацыі. Азнаёміліся ўдзельнікі секцыі і з дзейнасцю дзіцячай арганізацыі Кыргызстана “Манас”, вопытам работы ўстаноў дадатковай адукацыі на прыкладзе дзейнасці кыргызскай Дзіцячай рэспубліканскай інжынерна-тэхнічнай акадэміі. Работа секцыі засведчыла, што сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выхаваўчая работа ў цэлым развіваюцца ў краінах СНД у аднолькавым рэчышчы. Ёсць, праўда, свае падводныя камяні, абыходзіць якія мы павінны разам.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.