Нядаўна ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылося пасяджэнне рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Арганізацыя адукацыйнай дзейнасці: педагагічныя арыенціры”. У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.
Сустрэча дазволіла спецыялістам не толькі падзяліцца вопытам і намеціць новыя шляхі развіцця, але і абмеркаваць самыя набалелыя пытанні.
Метадычныя аб’яднанні, у прыватнасці, рэспубліканскага ўзроўню, для большасці педагогаў маюць характар натхняльны. Дзе, як не тут, можна на іншых паглядзець і сябе паказаць, што вельмі каштоўна для людзей творчых прафесій. Разам з тым менавіта сярод калег і аднадумцаў нараджаецца тая атмасфера даверу, якая выклікае жаданне падзяліцца не толькі дасягненнямі.
Што агульнага ў рабоце вялікіх аддзелаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці сталічных устаноў дадатковай адукацыі і маленькага вясковага аб’яднання па інтарэсах? Як і дзе ва ўмовах фінансавага вакууму знайсці сыравіну і інструменты для работы? Як і навошта сумяшчаць працу на ўроках працоўнага навучання і ў гуртку? Хто адказвае за захаванне ўнікальных традыцый нацыянальнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці? Адказы на гэтыя пытанні кожны педагог шукае сам. І якімі б рознымі іншым разам ні былі ўмовы працы, сустрэча спецыялістаў яшчэ раз падкрэсліла — сярод іх няма людзей абыякавых да агульных праблем сістэмы, няма неразумення таго, што ўсе яны робяць адну вялікую справу.
Пачаўся творчы форум з прэзентацыі вопыту работы Гомельскай вобласці. Знакамітыя неглюбскія ручнікі вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Аднак традыцыі неглюбскага ткацтва сёння на мяжы знікнення. Усё менш застаецца людзей, якія могуць перадаць сакрэты майстэрства маладому пакаленню. Усё менш і тых, якія жадаюць стаць пераемнікамі слаўных традыцый. Наколькі цікавая сучасным дзецям народная творчасць? Пакуль што ўсё трымаецца на асобе педагога. Але што далей? Настасся Рыгораўна Каўтунова, якая кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Юныя ткачыхі” ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна, упэўнена: ужо сёння патрэбна звярнуць на гэта ўвагу, бо заўтра можа быць проста позна.
Народная аматарская студыя “Фарбы” Мазырскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, кіраўніком якой з’яўляецца Мікалай Кузьміч Дуброва, адна з самых багатых на ўзнагароды не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага значэння. Менавіта тут з’яўляюцца незвычайныя творчыя работы.
“Мы працуем у розных кірунках, — адзначае Мікалай Кузьміч. — У нас моцная акварэльная школа, мае старэйшыя выхаванцы ведаюць усе акварэльныя тэхнікі і прыёмы. Канечне, бацькі вельмі зацікаўлены ў такой рабоце, бо гэта па сутнасці перадпрафесійная падрыхтоўка. Выхаванцы студыі паступаюць у Акадэмію мастацтваў на самыя прэстыжныя спецыяльнасці.
Шмат перамог на міжнародных конкурсах нам прыносяць гравюры. Мы працуем у такім кірунку, як лінагравюра, для стварэння якой патрэбны лінолеум. Але далёка не ўсе хімічныя валокны паддаюцца разцам, напрыклад, той лінолеум, які прадаецца цяпер у магазінах, нам не падыходзіць. Таму мы паляўнічыя на стары лінолеум, якім доўгі час была пакрыта, скажам, школьная падлога.
Таксама мы адны з нямногіх, хто працуе ў такой складанай тэхніцы, як афорт. Гэта разнавіднасць гравюры на метале, тэхніка станковай графікі глыбокага друку. Друкавальны станок для яе я прывёз аж з Падольска. Аднак ён — толькі палова справы. Праблема ў тым, што для работы патрэбны не вельмі даступныя нам хімічныя рэчывы. Канечне, я не магу дазволіць сваім выхаванцам працаваць з азотнай кіслатой, траўленне дошак праводжу сам. А вось друкаванне — самы цікавы для дзяцей працэс. Гэта такое шчасце, калі папера праходзіць праз станок і дзіця бачыць сваё тварэнне. Зразумела, што ў журы міжнародных конкурсаў сядзяць прафесіяналы, якія ведаюць, наколькі гэта складаная і карпатлівая работа. Таму нашы гравюры і ацэньваюцца на вельмі высокім узроўні”.
Тое, што на змену традыцыйнаму прыходзіць мастацтва сучаснае — з’ява заканамерная. Тэатры моды, якія ўзніклі ў сістэме дадатковай адукацыі прыкладна дзесяць гадоў назад, сёння занялі дастаткова трывалую нішу. Кіраўнік студыі “Чараўніца” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Гомеля Святлана Віктараўна Вараб’ёва падкрэслівае, што не апошняй прычынай узнікнення такіх тэатраў ва ўстановах дадатковай адукацыі з’яўляецца скарачэнне гадзін працоўнага навучання ў школе.
“Тэатры моды на гэты момант карыстаюцца вялікай папулярнасцю, — адзначае Святлана Віктараўна. — На думку многіх бацькоў, гэта вельмі эфектыўны і часта самы кароткі шлях да “зорнай гадзіны” іх дзяцей. І вось тут узнікае лагічнае пытанне: а дзе ўзяць спецыялістаў, гатовых працаваць у тэатры моды? Іх нідзе не рыхтуюць. Сістэме, тым не менш, неабходны педагог, мастак, рэжысёр, музыкант, харэограф у адной асобе. Іншымі словамі — “самародак”.
Пра тое, што ў Гомельскай вобласці такія “самародкі” ўсё ж сустракаюцца, гавораць іх дасягненні. Вядомы конкурс “Млын моды” ў мінулым годзе прынёс гэтаму рэгіёну, бадай, палову прызавых месцаў. Цікавы і той факт, што юныя мадэльеры гімназіі № 10 Гомеля год назад пабывалі ў гасцях у сусветна вядомага мадэльера Славы Зайцава, адкуль таксама прывезлі прызы. Аднак такія візіты выпадаюць на долю аматараў высокай моды не так часта, прычына таму — адсутнасць фінансавай падтрымкі.
Калі многія раёны краіны хвалюе пытанне, як захаваць дадатковую адукацыю на належным узроўні, то сталічных педагогаў — як “выжыць” ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі.
“Сёння, акрамя ўстаноў дадатковай адукацыі, аб’яднанні па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога профілю ёсць практычна ў кожнай школе, у кожным дзіцячым садку, у кожным ЖЭСе, — адзначае загадчыца аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Святлана Мікалаеўна Шыбко. — У такіх умовах дастаткова складана працаваць, таму мы ідзём у першую чаргу за запытам бацькоў. Калі тры гады назад у нас былі аб’яднанні ў асноўным для дзяцей пачатковай школы, сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, то цяпер мы адкрываем іх для дзяцей ад 2 гадоў. У мінулым годзе ў нас з’явіліся дзве эксперыментальныя групы, сёлета іх ужо чатыры. Нягледзячы на гэта, групы перапоўненыя. Прычына класічная — бацькам важна асоба педагога. Я магу сказаць, што ў нас працуюць прафесіяналы высокага класа, а таму, калі б такіх груп было 10, усе былі б запоўнены.
У дадатковую адукацыю дзеці прыходзяць па ўласным жаданні, у нас няма такіх механізмаў стымулявання, як у школе. Таму многія кіраўнікі аб’яднанняў, якія лічаць, што дастаткова глыбока валодаюць сваім прадметам і таму ім можна не развівацца ў плане педагагічным, памыляюцца. Напрыклад, у нашым палацы ўсе супрацоўнікі абавязкова маюць педагагічную адукацыю, для многіх яна другая, і гэта наша прынцыповае патрабаванне.
Значную ўвагу мы надаём метадычнай падрыхтоўцы нашых супрацоўнікаў. У Кодэксе аб адукацыі напісана, што кожная адукацыйная праграма павінна суправаджацца вучэбна-метадычным комплексам. У мінулым годзе мы правялі конкурс такіх комплексаў. Атрымалася, што кожны з педагогаў па сутнасці падрыхтаваў уласны “падручнік”.
У нас было нямала праблем, звязаных з наборам у гурткі народнай творчасці. На жаль, у сталіцы маладыя бацькі не лічаць захаванне традыцый у сям’і нечым абавязковым. У 2010 годзе педагог нашага аддзела абараніла грант Мінгарвыканкама па тэме “Практычнае вывучэнне асноў народнай культуры грамадcтва як выхаванне каштоўнасных адносін да культуры”. Тры гады мы працуем над яго рэалізацыяй. На заняткі ў палац прыходзяць дашкольнікі і малодшыя школьнікі, з якімі мы займаемся народнай творчасцю ў гульнявой форме. Спатрэбіліся тры гады, каб зрушыць справу з мёртвага пункта. Урэшце сёлета яны аказаліся больш чым запатрабаванымі і гэта вельмі каштоўна”.
Тое, што Віцебскую вобласць не абмінулі класічныя праблемы сістэмы дадатковай адукацыі, сумнявацца не даводзіцца. Разам з тым Віцебск нездарма называюць культурнай сталіцай нашай краіны, знакамітай найперш сваім мастацкім кірункам. Кіраўнік студыі сучаснага мастацтва Палаца дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска Кацярына Віктараўна Дубнева прэзентавала вопыт работы свайго аб’яднання, а таксама праграму свайго калегі Аляксандра Васільевіча Малея:
“Праграма разлічана на чатыры гады, мы навучаем асновам акадэмічнага малюнка, даём асновы тэорыі і практыкі сучаснага мастацтва. Гэта мастацтва канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Упэўнена, усім знаёма творчасць Казіміра Малевіча і такі кірунак, як супрэматызм. Менавіта ў ім развіваецца ўся сучасная рэклама, а значыць, мы скіраваны ў будучыню. Праграма пабудавана так, што мы прымаем дзяцей з нулявым узроўнем, адным словам, усіх, хто проста жадае навучыцца малюнку, жывапісу, кампазіцыі. Рэзультат гаворыць сам за сябе: ужо было два выпускі і ўсе нашы выпускнікі паступілі ў абраныя ўстановы вышэйшай адукацыі”.
Як вядома, настаўнікі працоўнага навучання нярэдка сумяшчаюць свой асноўны занятак з работай у аб’яднанні па інтарэсах. Даволі ўдалую форму работы знайшлі ў Магілёўскім раёне, стварыўшы аб’яднанне дэкаратыўна-прыкладнога кірунку ў вёсцы Шчэжар. Менавіта там працуе цяпер Алена Мікалаеўна Мікуліч, якая ў цэлым больш за 20 гадоў займаецца творчасцю з вясковымі дзецьмі. Педагог упэўнена, што іх патэнцыял павінен быць раскрыты.
“Часам бывае крыўдна, калі, прывозячы дзіцячыя работы на выставу, я бачу сумненне ў вачах арганізатараў, маўляў, вясковыя дзеці не могуць так зрабіць, — дзеліцца думкамі Алена Мікалаеўна. — Аднак, справа толькі ў тым, наколькі зацікаўленыя ў такой рабоце самі педагогі. Што вы ўкладваеце ў сваіх выхаванцаў, тое і атрымліваеце ў адказ”.
Працягнулася метадычнае аб’яднанне майстар-класамі выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, знаёмствам з вопытам работы сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Золак”, прафесійнай сустрэчай на выставе “З Вілейкі з любоўю” ў гарадской мастацкай галерэі Шчамялёва. Выніковым мерапрыемствам педагагічнага форуму стала майстэрня “Творчы праект ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — гэта эфектыўна”.