Гомельскі кірмаш творчасці і талентаў

Мінулы тыдзень для адукацыйнай сферы быў асаблівым — у краіне праходзіў Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёлета гэтае мерапрыемства было юбілейным, дзясятым па ліку. Усе без выключэння ўстановы дадатковай адукацыі актыўна ўключыліся ў работу. Напярэдадні ў цэнтрах праводзілася сур’ёзная работа па вывучэнні інтарэсаў і патрэб навучэнцаў і іх бацькоў з улікам рэгіянальных асаблівасцей і сацыякультурнага асяроддзя. Калі была неабходнасць, прадумвалася стварэнне новых гурткоў і аб’яднанняў.

Зацікавіць кожнага

Мэта правядзення тыдня — шырокае далучэнне дзяцей і падлеткаў да заняткаў у гуртках, студыях, клубах і аб’яднаннях па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Каб кожны мог зацікавіцца і зразумець, што яму найбольш па душы. У рамках тыдня навучэнцам прапаноўваліся выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, выставы-продажы, майстар-класы, творчыя лабараторыі, канцэртныя, забаўляльныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы. Адна мэта, адна задача, але кожны рэгіён працаваў па сваёй праграме.Вынікі тыдня падводзіліся на Гомельшчыне. Два дні ўстановы дадатковай адукацыі рэгіёна дэманстравалі калегам з іншых абласцей і прадстаўнікам Міністэрства адукацыі сваю работу і дасягненні. У закрыцці мерапрыемства прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.

Лідарград

Месцам сустрэчы дэлегацый стаў манумент дзецям — ахвярам Вялікай Айчынай вайны ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Гэты манумент яшчэ называюць “дзіцячай Хатынню”. Помнік, адкуль нельга пайсці без слёз, але гэта ўжо стала традыцыяй на Гомельскай зямлі: сюды прыязджаюць мноства дэлегацый, каб пакланіцца памяці загінуўшых дзяцей. У часы вайны фашысты адбіралі іх у бацькоў і адпраўлялі ў жудасны донарскі канцлагер. Перадаць тыя цяжкія дні жыцця сваіх равеснікаў ваеннага часу паспрабавалі выхаванцы творчых гурткоў, якія працуюць у Жлобіне.
Далей шлях ляжаў у адну з лепшых у вобласці ўстаноў дадатковай адукацыі — Жлобінскі гарадскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. У мінулым навучальным годзе цэнтр заняў 1 месца ў абласным рэйтынгу ўстаноў дадатковай адукацыі. І гэта не дзіўна, бо “Эўрыка” — гэта не проста калідоры, класы і майстэрні, гэта — скарбніца дзіцячых талентаў. Малому дастаткова проста прыйсці сюды на экскурсію за руку з матуляй ці татам, і яно абавязкова захоча вярнуцца сюды зноў. Пра тое, чаму могуць навучыць педагогі цэнтра, маляўніча расказваюць з парога выставы творчасці выхаванцаў “Эўрыкі”, плакаты, стэнды. А тое, што тут не марна трацяць час, даказваюць заваяваныя на творчых конкурсах дыпломы і ўзнагароды.
Афіцыйна “Эўрыка” — гарадскі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А вось для тых, хто займаецца ў ім, гэта сапраўдная дзіцячая “акадэмія навук”. Неяк дырэктар установы В.М.Мельнікава задумалася над тым, каб ператварыць цэнтр і ўсіх яго наведвальнікаў у адну дружную каманду. Дзеля гэтага, па яе меркаванні, неабходна было прыдумаць для выхаванцаў нейкі стымул. Такім стымулам і стала “акадэмія”. Цяпер тут у залежнасці ад ступені навучання прысуджаюцца званні бакалаўра, магістра і ганаровага члена акадэміі.
Сёння ў гарадскім цэнтры дзейнічае звыш 30 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца больш за тысячу выхаванцаў. Але справа зусім не ў колькасным складніку, тут працуюць не дзеля гэтага. Вышэй за ўсё педагогі на чале з кіраўніком ставяць занятасць дзяцей любімай справай, развіццё іх талентаў і магчымасць дасягаць вышынь. Нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму пасля экскурсіі па цэнтры творчасці, якую правяла дырэктар Вольга Мельнікава, размовы з начальнікам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ігарам Волкавым прадстаўнікі дэлегацый выйшлі на галоўную плошчу горада, дзе разгарнуўся сапраўдны кірмаш творчасці і талентаў: прэзентацыя выстаў дзіцячай творчасці, майстар-класы, тэматычныя праграмы. Тут жа кожны жадаючы мог запісацца ў гурткі і аб’яднанні па інтарэсах.Працавала некалькі секцый, у кожнай з якіх дэманстраваліся творчыя ідэі педагогаў дадатковай адукацыі. Эколага-біялагічныя напрамкі работы дэманстравала “Экалагічная мазаіка”, турыстычна-краязнаўчы профіль, работа турыстычных лагераў былі прадстаўлены ў секцыі “Адкрыты рукзак”. Парадавалі гараджан і гасцей педагогі і выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Тэхнаспорт”, якія далі майстар-клас па абарончым дойлідстве, паказалі рэканструкцыю паветранага бою з удзелам мадэляў — копій ваеннай тэхнікі.
Секцыя “Лідарград” прадэманстравала арганізацыю работы з лідарамі вучнёўскага самакіравання, членамі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Важным момантам стала ўрачыстая лінейка, прысвечаная 25-годдзю Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, а гасцям была дадзена магчымасць завязаць гальштукі новым членам грамадскага аб’яднання.

Прагулка па экалагічнай сцяжынцы

Шлях са Жлобіна да Гомеля ў сотню кіламетраў праехалі непрыкметна. Дзяліліся ўражаннямі і думкамі, абмяркоўвалі магчымасці. І вось з трасы картэж звярнуў налева і спыніўся на лясной дарозе. Тут бярэ пачатак экалагічная сцяжынка. Што гэта такое? Гэта вынік сумеснай працы сярэдняй школы № 69 Гомеля і Макееўскага лясніцтва ў рамках арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў, прымянення на практыцы атрыманых імі ведаў па экалогіі, біялогіі, геаграфіі, хіміі, фізіцы. Сцяжынка праходзіць праз змешаны лес і знаёміць наведвальнікаў з ляснымі экасістэмамі, відавой разнастайнасцю раслін і жывёл, а таксама з вынікамі ўздзеяння на іх антрапагенных фактараў.
Каб прайсці кольцападобную сцяжынку працягласцю больш як тры кіламетры, неабходна было мець не толькі час, але і належны абутак і адзенне, таму арганізатары вырашылі, што гасцям хопіць усяго некалькіх соцень метраў. Гэтага хапіла, каб прадставіць самыя цікавыя напрамкі работы Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства, абласнога эколага-біялагічнага цэнтра і яго двухгадовай вочна-завочнай экалагічнай школы — цікавага аб’яднання па інтарэсах, арганізаванага па сістэме завочнай формы навучання.
Паступіць у такую школу можа кожны навучэнец старшых класаў, неабходны толькі цікавасць да экалогіі і біялогіі і жаданне займацца даследчай дзейнасцю. На працягу года выхаванцы атрымліваюць на электронны адрас вучэбныя матэрыялы і выконваюць заданні, раз у тыдзень яны могуць атрымаць анлайн-кансультацыю ад свайго выкладчыка. А замацоўваецца ўсё на сесіі, якая праходзіць падчас канікулаў: юнакі і дзяўчаты прыязджаюць у Гомель, дзе іх чакаюць заняткі з выкладчыкамі экашколы, устаноў вышэйшай адукацыі і супрацоўнікамі навуковых устаноў, а таксама практычныя работы і цікавыя экскурсіі. Вынікі такой работы дэманстраваліся прама на лясной сцяжынцы, дзе разгарнулася сапраўдная аптэка лекавых траў, травяных збораў і гарбаты. Гасцінныя эколагі запрасілі ўсіх да стала, на якім пыхкаў стары самавар — асабістая рарытэтная рэч дырэктара эколага-біялагічнага цэнтра Алены Ранько. Выхаванцы цэнтра паспрабавалі вярнуць усіх да спрадвечных традыцый харчавання і лячэння з дапамогай тэатралізаванага лялечнага прадстаўлення “Экатэатр”.
Тут жа, на ўлонні лясной прыроды, гасцям расказалі пра рэалізаваны ў вобласці вучнёўскі тэлепраект “Экашкола”, прадэманстравалі элементы ландшафтнага дызайну “Рутарый”, а выхаванцы і трэнеры Цэнтра турызму і краязнаўства паказалі навыкі скалалажання.

Эра тэхналогій

Завяршаўся першы дзень выніковай работы Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Гомельскім прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання. Тут адкрыў свае дзверы “Інапарк”, у якім дэманстраваліся папулярныя гурткі і аб’яднанні тэхналагічнага кірунку, якія паспяхова працуюць і развіваюцца пры абласным цэнтры тэхнічнай творчасці. Галоўная задача такіх цэнтраў сёння — выяўленне і развіццё вучнёўскага патэнцыялу ў сферы тэхналогій новага пакалення сродкамі тэхнічнай творчасці. Да гэтага ў сучасных дзяцей — ад самых малодшых да старшакласнікаў — вялікі непадроблены інтарэс. Такі вынік можна было рабіць, назіраючы за заняткамі ў рамках праекта “Дзіцячы цэнтр навуковых адкрыццяў”.
Як расказала дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік, гэты праект — пляцоўка па навучанні дзяцей навыкам прымянення тэарэтычных ведаў на практыцы, а таксама прафарыентацыі моладзі. Юныя тэхнікі прадэманстравалі работу ў навукова-даследчай лабараторыі “КулібінГрад”, электронныя канструктары і мабільныя лабараторыі. Цікава, што заняткі з дзецьмі праводзяць юнакі — студэнты тэхнічных універсітэтаў Гомельшчыны. Яны — педагогі дадатковай адукацыі, і яны зацікаўлены ў тым, каб перадаць свае веды малодшым. Было вельмі прыемна назіраць, як навучэнцы адзін за адным падзывалі да сябе маладых настаўнікаў, прасілі нешта растлумачыць ці дапамагчы. Згадзіцеся, прыцягненне моладзі да педагагічнай дзейнасці ва ўстановах дадатковай адукацыі — гэта даволі важны момант у рабоце цэнтраў творчасці. І нават калі, скончыўшы ўніверсітэты, хлопцы не застануцца ў гэтай сферы, ім на змену прыйдуць іншыя. Так і будзе, бо справа ўжо нала-джана, і ў хуткім часе гэта ператворыцца ў своеасаблівую традыцыю.Інтарэс выклікала таксама выстава па робататэхніцы, дзе былі прадстаўлены работы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Хто ведае, магчыма, у недалёкай будучыні разумныя машыны, створаныя рукамі каго-небудзь з гэтых выхаванцаў, стануць звычайнасцю ў нашым штодзённым жыцці і будуць мець добры попыт. У наш век імклівага развіцця тэхналогій гэта не выключана.
А пад заслону ўсіх гасцей запрасілі ў музей энергазберажэння — сапраўднае дзецішча ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Ён пачынаўся са старой лямпачкі і керагаза, а пераўтварыўся ў вучэбны цэнтр, дзе раскрываецца значэнне энергіі для жыцця і развіцця грамадства, дэманструюцца спосабы яе атрымання, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання, вывучаюцца альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

Роднаму гораду на росквіт

Другі дзень выніковай работы рэспубліканскага тыдня супаў са святкаваннем Дня горада, а таму маштабы як прэзентацыі саміх устаноў дадатковай адукацыі, так і ўдзельнікаў выраслі ўдвая.
З самай раніцы ў скверах, на плошчах і цэнтральных вуліцах разгарнуліся выставы. Дэлегацыі, якія прыбылі ў абласны цэнтр у рамках Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі, пачалі сваё шэсце ад аднаго са сквераў па вуліцы Савецкай. Тут быў пабудаваны горад будучага, па якім хадзілі яго жыхары ў дзівосным адзенні, а гурткоўцы з розных устаноў адукацыі дэманстравалі касмічнае макетаванне, архітэктурнае мадэляванне, створаныя ў тэатрах мод калекцыі і многае іншае.
Самае галоўнае відовішча чакала ў цэнтральным парку. Уздоўж паркавых сцяжынак у гэты дзень адкрыліся сапраўдныя майстэрні: ткацтва, саломапляцення, керамікі, разьбы па дрэве і мноства іншых. Майстры — педагогі дадатковай адукацыі і іх выхаванцы з розных раёнаў Гомельшчыны. Акрамя таго, дэманстраваліся школьныя музеі ў мініяцюры, некаторыя з іх здзіўлялі незвычайнасцю і каштоўнымі экспанатамі.
— У вобласці створаны добрыя ўмовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў і самарэалізацыі асобы, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. — Тут, несумненна, ведаюць, як зацікавіць дзяцей, прыцягнуць іх да розных відаў дзейнасці. Віктар Віктаравіч таксама сказаў, што ён упэўніўся ў запатрабаванасці ўстаноў дадатковай адукацыі — пра гэта сведчыць тое, як шмат дзяцей і бацькоў праяўлялі інтарэс да работы гурткоў. А на пытанне журналістаў мясцовых сродкаў масавай інфармацыі “Як выглядае Гомельская вобласць у плане дадатковай адукацыі на фоне краіны?” намеснік міністра запэўніў, што Гомельшчына — адна з лепшых абласцей. “Ёсць розная сістэма ацэнкі работы ўстаноў дадатковай адукацыі, у тым ліку — узнагароды на міжнародных конкурсах, і Гомельская вобласць тут на лідарскіх пазіцыях. Сакрэт поспеху — у педагогах і беражлівых адносінах да традыцый”, — адзначыў ён.
Сярод разнастайнасці выстаў і прэзентацый вылучаўся сацыяльна-педагагічны праект “Цэнтральны герой” па рабоце з падлеткамі падуліковай катэгорыі. Гэты праект рэалізоўваўся на працягу мінулага навучальнага года ў Рэчыцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. 15 дзяцей, якія патрабавалі павышанай педагагічнай увагі, наведвалі аб’яднанні па інтарэсах і мерапрыемствы, якія праводзіліся ў цэнтры, а таксама працавалі з педагогам-псіхолагам. Вынік — пяцёра дзяцей былі датэрмінова зняты з уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргея Парошына, у гэтым годзе плануецца распаўсюдзіць такі вопыт на ўсе раёны вобласці.

Падводзім вынікі

За тыдзень, на працягу якога ўстановы дадатковай адукацыі прадстаўлялі сваю работу, было шмат убачана і пачута. Шырока прадставілі сваю дзейнасць гамяльчане. Але ж рэспубліканскае мерапрыемства патрабуе не толькі дэманстрацыі работы і перадачы вопыту. Неабходна падводзіць вынікі і ставіць пэўныя задачы на навучальны год.
Абмяркоўваць пытанні прадстаўнікі Міністэрства адукацыі на чале з намеснікам міністра В.В.Якжыкам, кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і ўстаноў дадатковай адукацыі з усіх абласцей сабраліся на пленарнае пасяджэнне, якое праходзіла ў сценах Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Як адзначыў у сваім выступленні намеснік міністра адукацыі, наша краіна — адна з нямногіх на постсавецкай прасторы, якая змагла захаваць і развіць установы і саму сістэму дадатковай адукацыі. Сёння ў краіне налічваецца 318 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якіх займаецца звыш 380 тысяч чалавек. Фактычна кожны трэці навучэнец наведвае гурткі і аб’яднанні па інтарэсах. Што датычыцца непасрэдна Гомельшчыны, ахоп дзяцей аб’яднаннямі па інтарэсах складае амаль 96%.
Чаму так важна прыцягваць школьнікаў да заняткаў у гуртках? Па-першае, гэта прамы шлях раскрыцця здольнасцей і талентаў дзіцяці. Па-другое, калі дзіця занята справай, у яго не застаецца часу на бадзянне па вуліцы. Такім чынам, установам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі належыць важная выхаваўчая роля. Менавіта таму дзяржава падтрымлівае развіццё гэтай сістэмы і прадугледжвае яе фінансавае забеспячэнне. Так, у 2015 годзе на адукацыю выдзелена больш за 43 млрд рублёў, у тым ліку выдаткі на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі складаюць 2 млрд 266 млн рублёў, або 5,3% і 0,26% ад ВУП. Нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго навучэнца ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі зараз складае не менш як 600 тысяч рублёў у год.Зразумела, бюджэтных сродкаў не хапае, таму па-ранейшаму застаецца актуальным развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў. Наогул, нявырашаных да канца пытанняў хапае, і яны заўсёды будуць узнікаць, паколькі час не стаіць на месцы, і заўсёды ўзнікаюць новыя патрэбы.
— Мы не пакідаем установы і педагогаў адзін на адзін з гэтымі пытаннямі, — падкрэсліў В.В.Якжык. — Зараз Міністэрствам адукацыі распрацавана Канцэпцыя Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя Беларусі 2016—2020”, у якую ўключана падпраграма “Развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Яна адлюстроўвае пытанні ўдасканалення сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: кадравага і метадычнага забеспячэння, павышэння якасці і даступнасці дадатковай адукацыі, увядзення дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў i іншыя пытанні.
Выступаючы перад прысутнымі, намеснік міністра звярнуў увагу на тое, што важным аспектам дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца арганізацыя шостага школьнага дня як арганічнай часткі цэласнай адукацыйнай сістэмы. Адной з задач устаноў дадатковай адукацыі ў новым навучальным годзе Міністэрства адукацыі ставіць неабходнасць стварыць рэгіянальныя мадэлі выхаваўчай работы ў суботні дзень, а каардынатарамі арганізацыі шостага школьнага дня якраз выступяць ўстановы дадатковай адукацыі.
Цікавую заўвагу выказаў Віктар Віктаравіч адносна экскурсій для навучэнцаў. Здавалася б, усё зразумела: установы турыстычна-краязнаўчага профілю з’яўляюцца непасрэднымі арганізатарамі і каардынатарамі экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці. Гэта асабліва важна таму, што ў такіх установах працуюць педагогі, і яны разумеюць: змест экскурсій павінен быць інтэграваным з агульнаадукацыйнымі прадметамі і адпавядаць узроставым і псіхафізічным асаблівасцям навучэнцаў. Тым не менш некаторыя школы звяртаюцца з такімі пытаннямі да турыстычных фірм, якія, зразумела, не ўлічваюць ні адукацыйную праграму, ні ўзрост дзяцей.
У ліку задач, якія ставяцца перад установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на 2015/2016 навучальны год, таксама значыцца ўкараненне інавацыйных форм работы з навучэнцамі, захаванне і развіццё народнай творчасці, развіццё сучаснай тэхнічнай творчасці, пашырэнне напрамкаў супрацоўніцтва з установамі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі.
— Сёння мы павінны не проста захаваць сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а правільна вызначыць вектары і перспектывы ўдасканалення яе дзейнасці ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, — такімі словамі завяршыў сваё выступленне намеснік міністра адукацыі.
Урачыстае закрыццё Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшло ў Калоннай зале палаца Румянцавых і Паскевічаў. Гасцей чакаў сапраўдны баль далёкага ХVІІІ стагоддзя. Сустракаў іх у прыгожым палацы сам граф Румянцаў з жонкай, а дамы і кавалеры кружыліся і скакалі ў віхуры танцаў мінулых стагоддзяў. Хаця ўсё было на дзіва праўдападобна, на самай справе гэта была прэзентацыя грамадзянска-патрыятычнага праекта абласнога савета старшакласнікаў па адраджэнні і захаванні танцавальнай культуры мінулага “Цуды на паркеце: нашчадкі традыцый”.
Вось так Гомельшчына паказала сваю работу па развіцці творчых талентаў дзяцей, а эстафету прыняла Магілёўская вобласць, якая прадэманструе свае дасягненні на Рэспубліканскім тыдні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў наступным годзе.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.