Каб мары здзяйсняліся

Параалімпійскі спорт набірае абароты. На кожнай Параалімпіядзе нашы спартсмены заваёўваюць цэлы россып медалёў. Не сталі выключэннем і нядаўнія зімовыя старты ў Пхёнчхане. Па выніках Параалімпіяды беларусы занялі 8-е агульнакаманднае месца, заваяваўшы 12 медалёў, 4 з якіх на ліку сённяшняга магістранта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Юрыя Голуба. Сапраўднае ток-шоу прайшло на мінулым тыдні ў родным універсітэце чэмпіёна: рэктарат, выкладчыкі, студэнты ганаравалі знакамітага выпускніка факультэта фізічнага выхавання.

Нарадзіўся ў 1996 годзе ў Глуску. У людзях паважае дабрыню і шчырасць. У дзяцінстве іграў на баяне, потым захапіўся гітарай. Завадатар, вядучы, удзельнік творчых мерапрыемстваў. У літаратуры аддае перавагу вершам Я.Купалы, Я.Коласа, паэзіі замежных аўтараў. Любімы празаічны твор — “Жураўліны крык” Васіля Быкава. Любімы мастацкі фільм — “Сямнаццаць імгненняў вясны”, музыка з гэтай кінастужкі — фаварыт у Юрыя. У 6 гадоў бацька паставіў будучага чэмпіёна Параалімпіяды на лыжы. У школьныя гады выступаў на спаборніцтвах як за родную школу, так і за раённую каманду. У 2014 годзе — наймацнейшы лыжнік Глускага раёна. У 2016 годзе выйграў чэмпіянат Беларусі. У 2017 — бронзавы прызёр параалімпійскага чэмпіянату свету па лыжных гонках і біятлоне ў Германіі. У 2018 годзе заваяваў бронзавы, два сярэбраныя і залаты медаль Параалімпіяды.

Атрымаць аўтограф ад вядомага спартсмена, залатога прызёра Алімпіяды — гэта ўчарашні дзень. Сёння куды больш актуальна зрабіць з чэмпіёнам сэлфі, а потым атрымаць некалькі дзясяткаў, а то і соцень лайкаў. Некалькі тысяч — прыкладна такую колькасць лайкаў набралі фотаздымкі ўдзельнікаў ток-шоу з вядомым лыжнікам і біятланістам Юрыем Голубам, якія ўжо ўвечары 11 мая праз некалькі гадзін пасля сустрэчы разышліся па сацыяльных сетках. Зорка нашага спорту не захварэў на зорную хваробу, хаця ў яго ўзросце ды пасля раптоўнай славы… Юра нікому не адмаўляў, кожнага адорваў сваёй ласкавай усмешкай, ахвотна фатаграфаваўся. Аднак фотасесія — гэта не асноўная мэта сустрэчы. Удзельнікам цікава было даведацца як пра спартыўнае, так і пра творчае, навуковае, асабістае жыццё члена Нацыянальнай зборнай па біятлоне і лыжных гонках.

Усе мэты былі дасягнуты. Ды яшчэ наколькі! Ці думаў нехта са студэнтаў, выкладчыкаў, ідучы на сустрэчу з заслужаным майстрам спорту Рэспублікі Беларусь, што яны трапяць на сапраўдны канцэрт, дзе будзе і якасны гук, і якасны вакал, і якаснае валоданне гітарай, такое ж віртуознае, як і валоданне лыжнымі палкамі або зброяй на агнявых біятлонных рубяжах? Наўрад ці. Як наўрад ці нехта думаў, што залаты чэмпіён Алімпійскіх гульняў, які ўпісаў сваё імя ў спартыўную гісторыю краіны і ўніверсітэта, можа быць настолькі адкрытым і шчырым у зносінах.

— Я цудоўна ведаю, што такое лыжны спорт і што такое біятлон. За лёгкасцю, з якой ён ста яў на п’едэстале і ўсміхаўся, за тымі вынікамі, якія паказаў па Параалімпіядзе, хаваецца каласальная, цяжкая штодзённая праца. Для заняткаў біятлонам патрэбны асаблівы графік, аднак, будучы студэнтам, Юрый амаль ніколі не прапускаў заняткі, сумяшчаў вучобу з сур’ёзнымі трэніроўкамі. Калі падыходзіла Параалімпіяда, то ён узяў акадэмічны адпачынак, аднак заўсёды гатовы вучыцца. На Параалімпіядзе здабыць адзін медаль — гэта поспех, а калі такіх медалёў чатыры — гэта вялізнае дасягненне. Юрый Голуб — наша надзея. Спадзяёмся, яго прыклад будзе стымуляваць нашых студэнтаў для заняткаў біятлонам — надзвычай відовішчным відам спорту, які патрабуе ад спартсмена і фізічнай падрыхтоўкі, і стрэсаўстойлівасці, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

Студэнцкі перыяд — самы светлы, яркі, сонечны ў жыцці чалавека. Так было і ў Юры. Каб даведацца больш поўную інфармацыю пра студэнцкае жыццё спартсмена, на сустрэчу былі запрошаны куратар студэнцкай групы, у якой вучыўся Юра, старшы выкладчык кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін БДПУ імя Максіма Танка Надзея Валер’еўна Курловіч, яе калега Аляксандр Уладзіміравіч Катлоўскі, навуковы кіраўнік Юрыя, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Галіна Аляксандраўна Астапенка, а таксама дэкан факультэта фізічнага выхавання Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч.

Галоўная педагагічная альма-матар краіны ганарыцца сваім студэнтам, магістрантам, як ганарыцца сваім універсітэтам і сам Юра. Яшчэ б! Па выніках мінулагодняй універсіяды БДПУ заняў 4-е агульнакаманднае месца з 51 універсітэта краіны. Што тычыцца паступлення Юры ў БДПУ, то яно, можна сказаць, было выпадковым. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 Глуска хлопец спачатку збіраўся паступаць на інжынера, потым паехаў у БДУФК, аднак не прайшоў там па зроку і вырашыў ісці ў педагагічны. Аднак выпадковага, як вядома, нічога не бывае. Невядома, як бы склалася студэнцкае жыццё спартсмена, калі б ён вучыўся ў іншай установе, і як бы склалася спартыўнае жыццё Юрыя Голуба, калі б аднойчы раніцай на лыжаролернай трасе яго не заўважыў трэнер Міхаіл Васільевіч Лебедзеў.

— Сустрэча з трэнерам была выпадковай і лёсавызначальнай. У 2015 годзе я вучыўся на другім курсе. Заняткі праходзілі ў другую змену, таму раніцай, як звычайна, я паехаў на лыжаролерную трасу. Быў у акулярах. Мабыць, гэтая акалічнасць падштурхнула пад’ехаць да мяне Міхаіла Васільевіча. Ён спытаў, ці ведаю я, што такое параалімпійскі спорт. Так завязалася размова. Шчыра кажучы, пра параалімпійскі спорт я не думаў, аднак трызніў прафесійным спортам. Можна сказаць, што мары мае збыліся. Параалімпійскі спорт, у прыватнасці біятлон і лыжныя гонкі, мае свае асаблівасці. Спартсмен са слабым зрокам (у такіх людзей зусім іншая рэакцыя і яны па-іншаму ўспрымаюць рэльеф) не сам пераадольвае дыстанцыю, яго вядзе гайд або спартсмен-лідар. Як правіла, гайды — гэта таксама прафесійныя спартсмены. Яны папярэджваюць пра небяспечныя ўчасткі, татальна сляпыя спартсмены нават бяруцца за палку свайго напарніка пры неабходнасці. Каб працаваць у спорце ў пары, у рэальным жыцці трэба падтрымліваць з гайдам сяброўскія адносіны, — адзначыў Юрый.

Захапленне жыцця ў Юры — гэта не толькі спорт, але і музыка. Дома ў яго захоўваецца 5 электрагітар, 2 акустычныя і адна маленькая гавайская. Што тычыцца музыкі, то тут наш герой шматгранны. Ён можа слухаць як рок, рок-н-рол, так і блюз, джаз, класіку. Для яго галоўнае, каб музыка была жывой. Музычны слых дапамагае не толькі напаўняць вольны час, праводзіць яго з карысцю, але і паспяхова пераадольваць біятлонныя дыстанцыі, паколькі страляюць спартсмены са слабым зрокам на гук. Як і ў спорце, у музыцы трэба пастаянна вучыцца і ўдасканальвацца. Для Юры гэта звычайная справа. Рэгулярныя трэніроўкі чаргуюцца з ігрой на гітары, баяне, барабанах і, безумоўна, з вучобай у магістратуры. Цяпер Юрый Голуб працуе над навуковай работай “Удасканальванне каардынацыйных здольнасцей лыжнікаў-гоншчыкаў з парушэннем зроку 16—17 гадоў”.

Як адзначыў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі біятлона Ігар Ніканавіч Кузняцоў, біятлон — гэта той від спорту, дзе актыўна ўкараняюцца навуковыя распрацоўкі і дасягненні, таму тэма навуковай работы Юрыя сапраўды актуальная. Ды і параалімпійскі спорт набірае абароты. “Юрый — член нацыянальнай зборнай, у яго вялікія нагрузкі, практычна штодзённыя трэніроўкі. Тым не менш ён паспяхова вучыцца ў магістратуры. Ён прыклад і ў плане вучобы. Адказны, мэтанакіраваны, разумее, што гады вучобы ва ўніверсітэце трэба выкарыстоўваць па максімуме, бо гэта карысна для будучай прафесійнай дзейнасці. Прафесійныя веды, якія ён цяпер атрымлівае, абавязкова спатрэбяцца”, — адзначыў Аляксандр Іванавіч Жук.

Прыемным момантам сустрэчы сталі падарункі. У музей універсітэта Юра падарыў майку з нумарам 127, пад якім ён заваяваў сярэбраны медаль Параалімпіяды. Шмат падарункаў для Юры падрыхтаваў і родны ўніверсітэт, а таксама федэрацыя біятлона. Аднак галоўны падарунак ад Юры быў у самым канцы сустрэчы. Гэта канцэрт, падчас якога спартсмен паказаў сваё віртуознае валоданне гітарай. Больш за дзве гадзіны Юра адказваў на шматлікія пытанні, дзяліўся сваімі думкамі, сакрэтамі спартыўных перамог. І ўсё ж галоўная перамога, якую ён здзяйсняе кожны дзень, — гэта перамога над сабой. Юра любіць марыць і да сваіх мар мэтанакіравана рухаецца. Мары здзяйсняюцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.