Выйсці ў сукупным гадавым грашовым абароце ад аказання платных экскурсійных паслуг на ўзровень хаця б аднаго мільярда рублёў і пры гэтым не забыць пра ідэалагічны складнік работы ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю: выхаванне грамадзяніна, патрыёта. Шляхі вырашэння названых задач шукалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-нарады, які прайшоў на базе аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і быў прысвечаны пытанням арганізацыі турыстычна-экскурсійнай работы з навучэнцамі. Прыемна, што ў семінары ўдзельнічалі маладыя дырэктары цэнтраў, загадчыкі аддзелаў, экскурсаводы-практыкі, за якімі будучыня дадатковай адукацыі.
За круглым сталом абмяркоўвалася развіццё дзіцяча-юнацкага турызму, гарантаванне бяспекі навучэнцаў пры арганізацыі і правядзенні турыстычна-экскурсійных мерапрыемстваў, стварэнне дзяржаўнага тураператара дзіцяча-юнацкага турызму і ўнясенне прапаноў па комплексным нарматыўна-прававым рэгуляванні яго дзейнасці, распрацоўка парадку наведвання экскурсійных аб’ектаў і праходжання маршрутаў, якія рэкамендаваны навучэнцам для азнаямлення з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання, унясенне змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2007 года “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях”. Праблемнае поле семінара было шырокім, і работа на ім ішла некалькі гадзін. З вялікай колькасці агучаных пытанняў, прапаноў, рашэнняў хацелася б вылучыць адну нязначную, на першы погляд, дэталь, якая, калі добра разабрацца, можа стаць адным з сакрэтаў паспяховай экскурсійнай дзейнасці цэнтраў турызму і краязнаўства.
Усё новае — гэта добра забытае старое. Нам з равеснікамі яшчэ пашчасціла заспець тыя часы, калі за праходжанне пэўнай колькасці маршрутаў па роднай зямлі, выкананне турыстычных нарматываў уручаўся невялікі металічны, бліскучы значок з выявай сіняга неба і белай палаткі “Юны турыст СССР”. Вам не пашчасціла яго атрымаць? Шкада. Калі на грудзі чапляюць гэтую турыстычную (амаль што баявую) узнагароду, то ад паўнаты пачуццяў ты гатовы ў найбліжэйшыя дні не проста абысці, а літаральна абабегчы ўсе куточкі роднай зямлі. Гэта ж якая матывацыя для далейшых турыстычна-экскурсійных здзяйсненняў! Як адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, значок “Юны турыст Беларусі” (абавязкова металічны, бліскучы, крыху цяжкаваты) плануецца прысуджаць навучэнцам, якія, скажам, наведаюць разам з экскурсійнай групай пэўную колькасць раёнаў краіны, азнаёмяцца з іх гісторыка-культурнай і прыроднай спадчынай. Уручэнне такога значка будзе стымуляваць дзяцей на далейшыя экскурсійныя прыгоды. А гэта значыць, што вучань разам з бацькамі пры планаванні чарговай паездкі будзе аддаваць перавагу не турыстычнай фірме, а цэнтру турызму і краязнаўства, дзе яму і была ўрачыста ўручана баявая турыстычная ўзнагарода.
“У нашай краіне развіццю дзіцяча-юнацкага турызму ўдзяляецца вялікая ўвага. Гэтая тэма разглядалася на ўзроўні Савета Міністраў. Яшчэ раней у Міністэрстве адукацыі гаварылася пра неабходнасць стварэння на прыкладзе нашых расійскіх калег каардынацыйнага савета па развіцці дзіцяча-юнацкага турызму. Стварэнне падобнай структуры не знята з парадку дня. Гэта можа быць рэспубліканскі савет дырэктараў цэнтраў турызму і краязнаўства, які будзе збірацца, скажам, раз у квартал і абмяркоўваць актуальныя пытанні развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсійнай дзейнасці. Гэта можа быць рэсурсны цэнтр, створаны на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, дзе будзе акумуляваны лепшы вопыт турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, сабрана інфармацыя пра турыстычна-краязнаўчыя падзеі ў рэгіёнах. Цэнтр можа стаць своеасаблівым банкам даных перадавога метадычнага і практычнага вопыту ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.
Сучасная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прадстаўлена 63 установамі турыстычна-краязнаўчага профілю (у тым ліку Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства), што складае 20 працэнтаў ад агульнай колькасці ўстаноў дадатковай адукацыі. Усяго ў сістэме турыстычна-краязнаўчага профілю 1898 аб’яднанняў, у якіх займаецца больш за 25 тысяч навучэнцаў. У мнагапрофільных установах фукцыянуюць 864 гурткі турыстычна-краязнаўчага профілю, якія наведваюць больш за 11 тысяч навучэнцаў. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх тыпаў працуе 2836 турыстычна-краязнаўчых аб’яднанняў, у якіх займаецца больш за 37 тысяч навучэнцаў. Гэтыя высокія паказчыкі не заўсёды сведчаць пра высокі ўзровень правядзення турыстычна-экскурсійнай работы з навучэнцамі. І прычыну гэтага трэба шукаць у недастатковай канкурэнтаздольнасці цэнтраў турызму і краязнаўства на рынку турыстычных паслуг. З мэтай удасканалення арганізацыі турыстычна-экскурсійнай дзейнасці быў распрацаваны шэраг дакументаў, са зместам якіх можна азнаёміцца на сайце аддзялення краязнаўства РЦЭіК. У гэтых дакументах, у прыватнасці, установам адукацыі рэкамендавана пры планаванні экскурсій звяртацца ў рэгіянальныя ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю.
Па даручэнні Адміністрацыі прэзідэнта пад кіраўніцтвам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і пры ўдзеле абласных цэнтраў турыстычна-краязнаўчага профілю быў створаны пералік экскурсійных маршрутаў, рэкамендаваных для абавязковага наведвання навучэнцамі. “Актуальнай з’яўляецца распрацоўка ў кожным рэгіёне даведніка па экскурсійных маршрутах, накшталт таго, што быў створаны ў Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. У гэтым даведніку падрабязна апісана, якія экскурсіі, для якога ўзросту і для засваення якога вучэбнага матэрыялу варта праводзіць. Аднак хто павінен займацца гэтай справай? Ці толькі цэнтры турызму і краязнаўства? Інстытутам, якія займаюцца выданнем вучэбных дапаможнікаў, таксама варта актыўней падключацца”, — падзялілася дырэктар РЦЭіК.
Змест экскурсій павінен адпавядаць зместу вучэбных праграм па прадметах, узроставым і псіхафізічным асаблівасцям навучэнцаў. Педагагічным работнікам прапануецца ў адпаведнасці з гэтым пералікам распрацаваць і зацвердзіць у кіраўніка ўстановы адукацыі план адукацыйных экскурсій і турыстычных маршрутаў на год, паўгоддзе, улічваючы тэрміны вывучэння раздзелаў вучэбнай праграмы, а таксама тэрытарыяльнае размяшчэнне экскурсійных аб’ектаў, працягласць маршрутаў. “Пры складанні плана экскурсійнай паездкі трэба выкарыстоўваць рэгіянальныя турыстычна-экскурсійныя магчымасці, рабіць акцэнт на атрыманні і сістэматызацыі ведаў менавіта па малой радзіме. Найбольш эфектыўна атрымліваць такія веды дазваляюць магчымасці ўстаноў дадатковай адукацыі, якія валодаюць кваліфікаванымі кадрамі, матэрыяльнай базай, сучаснымі методыкамі выкарыстання турызму і краязнаўства ў адукацыйным працэсе”, — адзначыла намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Андрэеўна Жур. Па словах яе калегі Віталя Мікалаевіча Стрыгельскага, адным з галоўных дакументаў, які рэгулюе турыстычна-краязнаўчую дзейнасць, з’яўляецца Інструкцыя аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях. 25 чэрвеня адбылося пасяджэнне міжведамаснага экспертнага каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў, па выніках якога Міністэрству адукацыі было дадзена даручэнне ўнесці змяненні і дапаўненні ў гэтую інструкцыю з мэтай выключэння спрэчных момантаў. У гэты ж дзень адбылася рабочая сустрэча членаў экспертнай групы ў Міністэрстве адукацыі. У склад групы ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў спорту і турызму, аховы здароўя, унутраных спраў, культуры, лясной гаспадаркі, транспарту і камунікацый, Мінскага аблвыканкама і гарвыканкама, БРСМ і ўстаноў дадатковай адукацыі рэспубліканскага падпарадкавання.
Пасля разгляду інструкцыі і яе аналізу паступіла некалькі прапаноў. У прыватнасці, праводзіць экскурсійную дзейнасць у адпаведнасці з падрыхтаваным Міністэрствам адукацыі сумесна з іншымі міністэрствамі і ведамствамі пералікам экскурсійных аб’ектаў. Увесці больш дакладнае размежаванне паняццяў “суправаджальнік” і “кіраўнік турыстычнай групы”, вызначыць адрозненні экскурсій па іх значнасці (рэспубліканскі, рэгіянальны і раённы ўзровень), па характары арганізацыі (планавыя, пазапланавыя, самастойныя), узроўні адказнасці суб’ектаў турыстычнай індустрыі і парадку арганізацыі, а таксама механізмы міжведамаснага ўзаемадзеяння.
З мэтай удасканалення экскурсійна-масавай работы ў Гродзенскай вобласці быў створаны алгарытм кантролю экскурсійнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, вызначаны пералік дакументаў, якія дастаўляюцца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму для экскурсійных паездак. Па словах дырэктара Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Андрэя Юр’евіча Луніна, алгарытм уключае наступныя этапы: назначэнне ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму работніка, які адказвае за кантроль экскурсійнай дзейнасці навучэнцаў; пісьмовая заява класнага кіраўніка на імя дырэктара ўстановы адукацыі аб дазволе здзяйснення экскурсіі з указаннем маршруту, тэрмінаў паездкі, графіка руху, колькасці навучэнцаў і пры наяўнасці заявы бацькоў.
“Прачытаўшы план семінара, я ў думках пералажыў пытанне стварэння пэўнай структуры, якая будзе займацца экскурсійнай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі, на Салігорскі раён. Калі ўвесь аб’ём экскурсій пойдзе на наш цэнтр, то ці зможам мы з ім справіцца? Супрацоўнікі нашага цэнтра за мінулы навучальны год арганізавалі 74 экскурсіі, у агульнай колькасці перавезлі больш за 3 тысячы дзяцей. Ці зможам мы пры тым штатным раскладзе, які існуе ў нас, цалкам заняць нішу на рынку турыстычна-экскурсійных паслуг для навучэнцаў?” — падзяліўся намеснік дырэктара Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Мінскай вобласці Эдуард Вітальевіч Корбут.
Пытанне кадравага забеспячэння ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму, асабліва маладымі педагогамі, з’яўляецца актуальным. Не сакрэт, што галоўная прычына крыецца ў невысокім узроўні заработнай платы пры вялікай педагагічнай нагрузцы і адказнасці за жыццё дзяцей падчас экскурсій. Не прываблівае маладых спецыялістаў і непрацяглы адпачынак педагогаў дадатковай адукацыі. Акрамя таго, у краіне яшчэ не выпрацавана належная сістэма падрыхтоўкі педагогаў для сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялістаў, якія б змаглі задаволіць патрэбы турыстычнага рынку ў сферы адукацыі па арганізацыі пазнавальнага, экалагічнага, рэкрэацыйнага турызму, арганізатараў экскурсійнага абслугоўвання навучэнцаў з улікам іх узроставых асаблівасцей. І ўсё ж нават гэтыя традыцыйныя для сістэмы дадатковай адукацыі праблемы можна вырашаць. Выдатным прыкладам з’яўляецца дзейнасць карыфеяў турыстычна-экскурсійнай дзейнасці — Слуцкага цэнтра турызму і Клімавіцкага цэнтра творчасці.
“Хачу засяродзіць вашу ўвагу, паважаныя калегі, на пытаннях матывацыі. Сёння трэба імкнуцца разлічваць на свае сілы і фінансавыя магчымасці на ўдасканаленне матэрыяльнай базы цэнтра, матэрыяльнае стымуляванне педагогаў, правядзенне турзлётаў”, — падзяліўся дырэктар Слуцкага цэнтра турызму Уладзімір Андрэевіч Паздзерын. Наколькі гэта атрымліваеца ў слуцкіх турыстаў, думаю, ведаюць многія дырэктары ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Экскурсійную дзейнасць Слуцкага цэнтра турызму часта ставяць у прыклад. І гэта правільна, бо калі, напрыклад, за 2004 год сукупны грашовы абарот ад экскурсійнай дзейнасці цэнтра склаў усяго 8 млн, то ўжо за 2014 — 2 млрд 350 млн рублёў. “У экскурсійным аддзеле нашага цэнтра працуюць 5 чалавек. У кожнага з іх пазабюджэтныя стаўкі. Плюс даплаты, якія мы можам рабіць, ажыццяўляючы экскурсійную дзейнасць. Для павышэння канкурэнтаздольнасці цэнтраў турызму, стварэння роўных умоў у канкурэнтнай барацьбе з прыватнымі турфірмамі неабходна ўдасканаліць сістэму падаткаабкладання”, — лічыць Уладзімір Андрэевіч.
Клімавіцкі цэнтр творчасці экскурсійнай дзейнасцю займаецца з 2005 года. За гэтыя гады, па словах яго дырэктара Рэгіны Яўгенаўны Аляксеенка, давялося прайсці праз многае. Экскурсійную дзейнасць пачынаць было складана, паколькі на той час нарматыўна-прававое поле ў сферы турызму было не настолькі дасканалым. Турфірмы неахвотна дзяліліся сакрэтамі сваёй работы, даводзілася звяртацца да калег. Нярэдка здараліся непрыемныя моманты ў супрацоўніцтве з турфірмамі, калі тыя проста за некалькі дзён да пачатку заказанага аўтобуснага тура адмаўлялі ў аказанні паслугі або прадастаўлялі транспарт, які ламаўся праз некалькі гадзін паездкі.
У Клімавіцкім цэнтры творчасці склалася свая сістэма турыстычна-экскурсійнай работы. Асноўныя яе прынцыпы наступныя: у кожным гора-дзе свой мясцовы экскурсавод, прычым з сістэмы адукацыі. “Цяпер у нас не здараюцца ляпы накшталт таго, калі экскурсавод, а быў ён не мінчанінам, паказаў нам на будынак ГУМа і сказаў, што гэта мастацкі музей. Мы жывём ад абласнога цэнтра Магілёва і ад Мінска на далёкай адлегласці. Таму, калі мы вывозім дзяцей у сталіцу, нам неабходна пабываць і ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і ў аквапарку, і ў заапарку, і заехаць у гіпермаркет. Нам лягчэй было пачынаць, бо нас падтрымліваў райвыканкам, якому патрэбны былі канкрэтныя паказчыкі аказання турыстычных паслуг. Цяпер працаваць намнога прасцей, бо створаны Закон аб турызме, Інструкцыя аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях”, — падзялілася Рэгіна Яўгенаўна.
Новы час дыктуе новыя ўмовы працы. Калі некалькі гадоў назад толькі пачыналіся размовы пра неабходнасць аказання цэнтрамі турызму і краязнаўства экскурсійных паслуг, то сёння акцэнт робіцца на ўдасканаленні гэтай работы, на неабходнасці барацьбы за кліента. А гэтым кліентам, як бы парадаксальна ні гучала, з’яўляюцца нашы ж выхаванцы. Як прыцягнуць іх да заняткаў у гуртках, мы ведаем, а вось як зацікавіць нашай экскурсіяй, як канкурыраваць з турфірмамі, якія ў апошні час выраслі нібыта грыбы пасля цёплага дажджу, як распрацаваць якасны турыстычны прадукт — гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.