Лета з сям’ёй

Сакрэт якаснага летняга адпачынку даволі просты: самыя любімыя, самыя доўгачаканыя канікулы трэба праводзіць з душой (займацца справамі, якія табе па душы, адпачываць там, дзе на душы спакойна). Гэта што тычыцца пытання “Як?”. Не менш важна знайсці правільны адказ і на пытанне “З кім?”. Сакрэт якаснага летняга адпачынку тут таксама даволі просты: самыя любімыя, самыя доўгачаканыя канікулы трэба праводзіць з калегамі, сябрамі, аднак у першую чаргу — з сям’ёй.

Адной з асноўных задач рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць” з’яўляецца арганізацыя якаснага сямейнага адпачынку, стварэнне ўмоў для паўнацэннага сумеснага адпачынку навучэнцаў і бацькоў. Для вырашэння гэтай задачы выкарыстоўваюцца розныя формы работы. Так, калектыў сярэдняй школы № 3 Зэльвы арганізоўвае перасовачныя палатачныя летнікі. “Стомленыя пасля працяглага паходу, але задаволеныя, усе збіраюцца ля вогнішча, і вось тут ужо роўных нашым бацькам няма! Як правільна раскласці вогнішча, прыгатаваць юшку і духмяную гарбату з лясных траў, вучацца ў іх падлеткі”, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Бабарыка.

Бацькі не толькі самыя галоўныя памочнікі для дзяцей, але і прыклад для пераймання, таму, безумоўна, падчас летніх канікул (ды і не толькі летам) нам, дарослым, трэба праяўляць самыя лепшыя якасці характару. Прапаганда здаровага ладу жыцця, захаванне гістарычнай памяці сям’і, папулярызацыя сямейнай творчасці — гэтыя тыя арыенціры, вакол якіх варта арганізоўваць сямейны адпачынак. Як правільна і эфектыўна гэта зрабіць, падкажуць педагогі Віцебскага раёна, ясляў-сада — сярэдняй школы № 44 Магілёва, сярэдняй школы № 34 Мінска, сярэдняй школы № 3 Калінкавіч, Аюцавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Карэліцкага раёна, Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна. Не менш цікавым і карысным будзе знаёмства з вопытам летняга сямейнага адпачынку і нашых сяброў з Азербайджана і Германіі. Летнія канікулы самыя доўгачаканыя для нашых дзяцей. Будзем рабіць усё магчымае, каб лета з сям’ёй стала для іх летам радасці, сяброўства, летам цікавых адкрыццяў і простага сямейнага шчасця.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.