Веласіпед для многіх ужо стаў неад’емнай часткай жыцця. А летам, калі пячэ сонца, магчымасць прамчацца з ветрыкам цяністымі дарогамі — асалода. Для ўсіх прышкольных летнікаў Гомельскай вобласці ў гэтым сезоне веласіпед стаў сімвалам лета, а яго наяўнасць — магчымасцю далучыцца да абласнога экалагічнага творчага праекта “Лета з ветрыкам”.
Лету не стамляюцца спяваць дыфірамбы паэты, спевакі, мастакі… Але ніхто так не цэніць летнія бесклапотныя дзянькі, як школьнікі. Крыху адаспаўшыся ў першыя дні канікул, яны разам са сваімі педагогамі з галавой акунуліся ў лета. Сённяшні наш дадатак прысвечаны якраз гэтай тэме. Адгортваеце старонку, каб адчуць сапраўдны адпачынак. Тут і далёкія вандроўкі, і дваровыя гульні, і подых ветру на твары, і пырскі вады, і блакіт Нарачы, і рыбацкі запал… Зазірнём і ў летнікі, на прышкольныя ўчасткі, на эксперментальныя пляцоўкі. Палітра лета заўсёды такая — яркая, насычаная і аздобленая дзіцячым смехам і добрым настроем.
У экалагічным творчым праекце “Лета з ветрыкам” прымаюць удзел калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, выхаваўча-аздараўленчых устаноў, на базе якіх арганізавана работа летнікаў. Праект рэалізуецца ў трох намінацыях, сувязным звяном якіх з’яўляецца самы экалагічны транспартны сродак. Першая — “Насустрач лету — на веласіпедзе!”— гэта конкурс відэаролікаў з велапрагулак з наведваннем прыродных і гістарычных славутасцей малой радзімы.
“У цэнтр увагі відэааператараў могуць трапіць вадаём ці крынічка, векавыя дрэвы-асілкі, рэдкія расліны, якія сустракаюцца толькі ў іх мясцовасці. Можа, тэрыторыяй здымкаў стане старадаўні парк, стары яблыневы сад пры былой панскай сядзібе ці школьная алея — падарунак ад першага выпуску. Тут мы не абмяжоўваем у тэматыцы аўтараў ролікаў. Галоўнае, каб гэта было падарожжа, якое можна здзейсніць на веласіпедах”, — тлумачыць ідэю Раман Фёдаравіч Хлебін, метадыст Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Веласіпед для многіх ужо стаў неад’емнай часткай жыцця. А летам, калі пячэ сонца, магчымасць прамчацца з ветрыкам цяністымі дарогамі — асалода. Для ўсіх прышкольных летнікаў Гомельскай вобласці ў гэтым сезоне веласіпед стаў сімвалам лета, а яго наяўнасць — магчымасцю далучыцца да абласнога экалагічнага творчага праекта “Лета з ветрыкам”.
Не менш арыгінальнай абяцае быць і другая намінацыя — “Экавелапаркоўка”. “Зараз ужо абавязковае патрабаванне да ўстаноў адукацыі — арганізацыя месцаў для паркоўкі веласіпедаў. Найчасцей яны ўяўляюць сабой металічную канструкцыю — сумную і нецікавую. Мы ў межах нашага праекта прапануем стварыць экалагічную паркоўку, якая б радавала вока і сваім выглядам гаварыла пра экалагічнасць і заклікала ёй скарыстацца (а для гэтага, канечне, трэба перасесці не веласіпед). Для такога прыстасавання можна выкарыстоўваць і метал, і дрэва, і іншыя прыродныя і нават другасныя матэрыялы. Важна, каб такая паркоўка была не толькі арыгінальнай, але і практычнай, функцыянальнай, каб упісвалася ў ландшафтнае афармленне прышкольнай тэрыторыі. Можа, нехта прыдумае, як выкарыстаць для паркоўкі карчагу ці паваленае дрэва цікавай формы. А можа, гэта будзе, наадварот, вельмі тэхналагічная штука, і яе аўтары прыдумаюць, як надаць ёй функцыі зарадкі для тэлефона ці стварыць асвятленне на сонечных батарэях”, — падкідвае ідэі Р.Ф.Хлебін.
Кветкавую тэму працягне трэцяя намінацыя — “Букет веласіпедысту”. Памятаеце, як было ў А.Барыкіна: “Я буду долго гнать велосипед. В глухих лугах его остановлю. Нарву цветов и подарю букет той девушке, которую люблю”? Менавіта гэтыя радкі натхнілі арганізатараў на гэтую творчую намінацыю. Па іх словах, аўтарамі могуць стаць не толькі навучэнцы адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах, але і тыя, хто ўпершыню выпрабоўвае сябе ў гэтым кірунку. Магчыма, гэтая намінацыя зацікавіць фларыстыкай тых, хто раней ёй не захапляўся.
“Букет веласіпедысту” — гэта букет для веласіпедыста ці веласіпедысткі, аднаго позірку на які было б дастаткова, каб адчуць веласіпедную тэматыку. Можа, гэта будзе каркасны букет у выглядзе веласіпедыста ці абыграныя кветкамі асобныя элементы веласіпеда — тут абмежаванняў няма. Работы мы чакаем у выглядзе калажаў — фота самога букета і асобных яго элементаў”, — адзначылі ў экацэнтры.
У першую чаргу мы традыцыйна чакаем бачыць сярод удзельнікаў тых, хто адпачывае ў профільных экалагічных лагерах. Хаця колькасць такіх летнікаў апошнія гады расце і яны набываюць усё большую папулярнасць, сёлета мы паспрабавалі сваімі намінацыямі зацікавіць не толькі іх, але і турыстаў і тэхнікаў.
Вынікі праекта “Лета з ветрыкам” будуць падведзены ў верасні, падчас акцыі “Дзень без аўтамабіля”. У гэты ж дзень пройдзе вялікі абласны экалагічны фестываль “Экапраекцыя” з яго опэн-эйрам, спаборніцтвамі па плогінгу, чэмпіянатам па фотабёрдынгу і мноствам іншых экаактыўнасцей.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Марыны ПІМЯНОЎСКАЙ.