Прамоўтар, HR-менеджар, вэб-дызайнер, грумер, біяінжынер… Спіс новых прафесій пашыраецца з кожным днём, ускладняючы выбар для абітурыентаў, бо большасць з іх імкнецца выбраць для сябе прафесію, якая будзе актуальнай у будучыні. А самыя важныя і неабходныя прафесіі часта застаюцца па-за ўвагай. Хоць класік і казаў: “Все профессии нужны, все профессии важны”, аднак некаторыя з іх маюць асаблівую значнасць. У Касцюковіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі ўпэўнены: у гэтым спісе заўсёды будуць прафесіі, звязаныя з лясной справай.
Наш клопат
Школьнае лясніцтва “Лясны дазор” працуе ў гімназіі ўжо 12 гадоў. Яго ўдзельнікі — амаль 30 навучэнцаў 8—11 класаў, але сярод вучняў малодшага і сярэдняга звяна кожны чацвёрты рыхтуецца стаць ім заменай, займаючыся ў аб’яднанні па інтарэсах “Юны лесавод” і клубах экалагічнага кірунку. Улічваючы, што ўсяго ў гімназіі 504 навучэнцы, атрымаецца вялікая кагорта лесаводаў.
— Заняткі ў школьным лясніцтве сталі галоўным кірункам пазакласнай работы гімназіі, асабліва ў шосты школьны дзень, — расказвае Антаніна Іванаўна Максімава, дырэктар гімназіі, якая першыя некалькі гадоў была кіраўніком школьнага лясніцтва. — Сёння нашы лесаводы-старшакласнікі не толькі прымаюць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных акцыях, але і ініцыіруюць свае — і ў гімназіі, і ў раёне. Наша гімназія з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў”, мы рэалізоўваем інавацыйны праект “Мадэль арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў мэтах фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў”, і якраз школьнае лясніцтва стала адным з яго кірункаў.
Таццяна Ткачова, выпускніца Касцюковіцкай гімназіі і студэнтка лесагаспадарчага факультэта БДТУ:
— Я з маленства люблю лес, нашу прыроду, таму заняткі ў лесе былі для мяне задавальненнем. Асабліва цікава мне было ў 9 класе самой праектаваць і ствараць наш парк. Тады ж я і вызначылася з прафесіяй. Цяпер я асвойваю спецыяльнасць “Садова-паркавае будаўніцтва і ландшафтнае праектаванне” і ў будучыні мару займацца азеляненнем гарадоў і вёсак прафесійна.
Галоўныя надзеі і Антаніна Іванаўна, і Мікалай Анатольевіч Максімаў — настаўнік біялогіі, які 8 гадоў назад падхапіў кіраўніцтва школьным лясніцтвам, і дырэктар Касцюковіцкага лясгаса С.У.Каваленка ўскладаюць на тое, што для навучэнцаў заняткі не пройдуць бясследна, а стануць першым прафесійным крокам, дадуць ім магчымасць прымераць на сябе “лясныя” прафесіі і ў будучыні стаць прафесіяналамі і працаваць на сваёй радзіме.
Тэрыторыяй, дзе можна прымераць на сябе прафесію ляснічага і адтачыць лесаахоўныя навыкі, для старшакласнікаў сталі 48 га лесу і гадавальніка, замацаваных за гімназіяй. Тут яны саджаюць лес, закладваюць і даглядаюць гадавальнікі, вырошчваюць маладыя саджанцы для азелянення навакольных населеных пунктаў, збіраюць насенне, вывучаюць раслінны і жывёльны свет лесу, помнікі прыроды, вучацца ахоўваць лес і яго насельнікаў, зімой падкормліваюць дзікіх жывёл і птушак. Гэтая тэрыторыя стала і базай для правядзення практычных заняткаў і ўласных даследаванняў. Тут жа гімназісты ладзяць свае тэматычныя святы: “Дзень птушак”, “Дзень Зямлі” і г.д.
Тэрыторыяй для будучых азеляніцеляў і ландшафтных дызайнераў стала прыгімназічная тэрыторыя, дзе ў рамках праекта “Парк нашай мары” па ўласных экскізах яны і ствараюць зялёны аазіс. Прычым яго асновай становяцца не экзатычныя паўднёвыя расліны, а традыцыйныя для Беларусі дрэвы і кусты. Гэты парк стаў не толькі месцам адпачынку для навучэнцаў, тут яны праводзяць і свае назіранні, даследаванні, набываюць першасныя навыкі па доглядзе раслін, увасабляюць ландшафтныя рашэнні, вучацца бачыць прыгажосць навокал.
На працягу навучальнага года па суботах і не толькі для ўдзельнікаў школьнага лясніцтва арганізоўваюцца біяэкскурсіі ў лес, лекцыі ў лесе, майстар-класы, інтэлектуальныя марафоны, экалагічныя святы, экалагічныя акцыі, злёты школьных лясніцтваў, конкурсы даследчых праектаў і інш. Хлопчыкі і дзяўчынкі вырабляюць і развешваюць шпакоўні, ачышчаюць ад смецця крыніцы і малыя рэкі, распрацоўваюць экалагічныя сцежкі, абсталёўваюць месцы адпачынку. Кожны год члены школьнага лясніцтва праводзяць акцыю “Жывая вясна” (назіранні за першымі з’яўленнямі белага бусла, вясковай ластаўкі, стрыжа, зязюлі, грака і іншых птушак), у межах акцыі “Захаваем рэдкіх насякомых” з прыродных матэрыялаў ствараюць шматкватэрныя атэлі для насякомых на тэрыторыі гімназіі.
Школьнае лясніцтва за апошнія некалькі гадоў тройчы станавілася пераможцам абласнога злёту юных лесаводаў. У мінулым годзе яго ўдзельнікі з даследчай работай “Аналіз дынамікі дрэвастояў хвоі звычайнай у зоне выкідаў Беларускага цэментнага завода горада Касцюковічы” сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу “Квітней, мой лес!”, а ў межах рэспубліканскага адукацыйнага праекта “Зялёны ключ” работа школьнага лясніцтва была ацэнена журы як лепшая ў краіне.
Крок у прафесію
Антаніна Іванаўна Максімава, дырэктар Касцюковіцкай гімназіі:
— У ахове лесу галоўнае — зацікавіць. Не збірайце макулатуру — выратоўвайце дрэвы, не прыбірайце смецце за дарослымі — вучыце іх не смеціць, дзеці папрацавалі — дайце ім заслужаную ўзнагароду.
У партнёрстве з Касцюковіцкім лясгасам у гімназіі абсталяваны кабінет школьнага лясніцтва, а ў ім — куток па прафарыентацыі, дзе сабраны матэрыял аб прафесіях лясной гаспадаркі і навучальных установах, дзе можна атрымаць гэтыя прафесіі. У кабінеце ёсць прафесійнае лесавымяральнае абсталяванне, гербарыі, літаратура і вучэбнае абсталяванне, прадастаўленае Касцюковіцкім лясгасам і вырабленае сіламі педагогаў, юных лесаводаў і іх бацькоў. Вучні, займаючыся краязнаўчай дзейнасцю, рэгулярна папаўняюць экспанатамі кабінет школьнага лясніцтва, вывучаюць і даследуюць гістарычную спадчыну малой радзімы, афармляюць альбомы “Птушкі нашай мясцовасці”, “Лекавыя расліны роднага краю”, “Жывёлы нашых лясоў”, арганізоўваюць фотавыставы. Гімназісты выступаюць з тэатралізаванымі паказамі перад навучэнцамі, мясцовым насельніцтвам у межах традыцыйнага тыдня ўстойлівага развіцця, а таксама выдаюць зборнікі апавяданняў і вершаў.
Выбраць жыццёвую дарогу дапамагаюць выпускнікам і сустрэчы з ветэранамі працы, работнікамі лясной гаспадаркі, якія праводзяцца рэгулярна. Часта заглядваюць у гімназію пазнаёміцца з новай зменай і выпускнікі гімназіі, якія яшчэ атрымліваюць адукацыю па лясной справе ці пачалі ўжо працаваць у лясгасе як маладыя спецыялісты. За гады існавання ў гімназіі лясніцтва такіх тут ужо 10 чалавек.
Летам удзельнікі школьнага лясніцтва афіцыйна становяцца работнікамі лясгаса, калі праходзяць адбор у аздараўленчы лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем “Парастак”, працоўная дзейнасць у якім арганізавана па дагаворы з Касцюковіцкім лясгасам.
— Для дзяцей гэта магчымасць не толькі падзарабіць (за месяц каля 300 рублёў), але і паглыбіцца ў спецыфіку прафесіі, паглядзець на яе знутры. Напрыклад, на летніх зменах па даручэнні старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Д.В.Малашанкі і дырэктара лясгаса С.У.Каваленкі для навучэнцаў школьнага лясніцтва работнікі Касцюковіцкага лясгаса праводзілі прафарыентацыйныя экскурсіі. Хлопчыкі і дзяўчынкі назіралі за тэхналагічным працэсам лесанарыхтоўкі, знаёміліся з умовамі працы рабочых, а таксама з прынцыпам работы сучасных шматаперацыйных лесанарыхтоўчых машын. У нашым лясгасе працуюць харвестары, форвардары, сартыментавозы і іншая тэхніка, а спецыялісты, якія могуць на ёй працаваць, у Касцюковічах на вагу золата. Таму такі ход апраўданы: дзеці ў захапленні ад сучаснай тэхнікі, і гэта яшчэ адна нагода сур’ёзна разглядзець гэтую прафесію, — гаворыць кіраўнік гімназічнага лясніцтва М.А.Максімаў.
Гэтым летам у лагеры рэалізоўваўся праект, прымеркаваны да Года малой радзімы — “Парастак: сцежкі новых адкрыццяў”. Яго ўдзельнікі ўключаліся ў розныя працоўныя справы, мерапрыемствы, выконвалі творчыя і даследчыя заданні.
— Нам, даследчым групам, на працягу змены трэба было прайсці тры сцежкі: сцежку даследаванняў, сцежку прафесійных навыкаў і сцежку карысных спраў для сваёй малой радзімы. Адпраўляючыся штодня ў працоўнае падарожжа, мы бралі з сабой фотаапараты і рабілі фотаздымкі тых месцаў, дзе пабывалі, птушак, насякомых, раслін, якіх вывучалі, працоўных поспехаў. Напрыклад, мы хадзілі ў тэматычны турпаход “Крыніцы Касцюкоўшчыны” па маршруце Касцюковічы — Прусіна — Фёдараўка — Касцюковічы і добраўпарадкоўвалі там крыніцы. Потым з фотаздымкаў мы рабілі лісточкі вялікага дрэва, рыхтавалі творчыя прэзентацыі кожнай сцежкі. У канцы жніўня прэзентавалі свой праект у “Зубраняці” на фестывалі аздараўленчых лагераў “Летні маршрут: малая радзіма”, — расказвае 10-класнік Уладзіслаў Германаў.
Пазнаёміўшыся з усімі напрамкамі лясной справы, упэўніўшыся, наколькі глыбокай стала прафарыентацыя ў гімназіі, паглядзеўшы, з якім імпэтам бяруцца за любую справу школьнікі, я папрасіла Антаніну Іванаўну падзяліцца, у чым сакрэт такой непадробнай дзіцячай зацікаўленасці. Бо, як ні кажы, лясная справа няпростая, асабліва ў плане фізічнай нагрузкі.
— Сёння мы занадта ўжо аберагаем нашых дзяцей ад працоўнага навучання, ад спраў на карысць прыроды. І чым больш мы будзем іх абараняць ад працы, тым больш актуальнай будзе праблема гульнявой залежнасці і празмернага захаплення сацсеткамі, — гаворыць дырэктар гімназіі. — Так, тут галоўнае — матывацыя, падача. Не збірайце макулатуру — захоўвайце дрэвы. Нецікава збіраць і лічыць вагу прынесенай макулатуры, а вось спаборнічаць з іншымі класамі ў колькасці выратаваных дрэў — справа іншая. Тое ж і з прыбіраннем тэрыторый. Я супраць таго, каб рабіць дзяцей прыбіральнікамі. Няхай яны лепш прыдумваюць, як творча данесці да дарослых, да мясцовых жыхароў сваё стаўленне да пакінутага імі смецця на беразе ракі ці ў лесе. Што б ні казалі, метад “яйка вучыць курыцу” працуе. Важная і фінансавая падтрымка. Касцюковіцкі лясгас шчодры да тых, хто працуе летам у лесе фізічна, а таксама разумова на працягу года, прывозячы ўзнагароды за свае “лясныя” даследаванні.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва гімназіі.