Пра родны край у радзівілаўскіх пакоях

З 3 па 5 красавіка на базе Нясвіжскага і Клецкага раёнаў праходзілі ХІІІ Рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні педагагічных работнікаў, арганізаваныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскім цэнтрам турызму і краязнаўства, упраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама пры падтрымцы Нясвіжскага і Клецкага райвыканкамаў.

 

Рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні з’яўляюцца адметнай падзеяй у педагагічным жыцці краіны, маштабным форумам даследчыкаў роднага краю. “Яны праводзяцца штогод з мэтай абмену паміж настаўнікамі вопытам работы па даследаванні роднага краю, удасканалення грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі”, — адзначыла ў прывітальным слове вядучы спецыяліст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.
Тэма сёлетніх краязнаўчых чытанняў “Краязнаўчы кампанент у сістэме грамадзянскага і патрыятычнага станаўлення асобы” была выбрана невыпадкова. Як адзначыла падчас урачыстага адкрыцця чытанняў (адкрыццё прайшло ў гарадской ратушы Нясвіжа з удзелам намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандра Іванавіча Майсені) начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Наталля Канстанцінаўна Катовіч, менавіта краязнаўства з’яўляецца трывалым падмуркам дзяржаўнай ідэалогіі.
— Нельга не заўважыць, што апошнія дзесяцігоддзі ідзе процістаянне ідэалогій і барацьба за нашу моладзь. На жаль, у соцыуме распаўсюджваецца бездухоўнасць, абыякавасць, пашыраецца брыдкаслоўе. Усім гэтым негатыўным з’явам мы павінны з вамі процістаяць. Якім чынам? Адзін з эфектыўных шляхоў — гэта арганізацыя краязнаўчай работы. У сістэме адукацыі краіны склаліся даўнія традыцыі вывучэння роднага краю. Адпаведная работа вядзецца на ўсіх ступенях навучання, пачынаючы з дашкольнага. Апошнім часам паспяхова развіваецца інавацыйная дзейнасць, многія школы з’яўляюцца тэматычнымі пляцоўкамі. Адным з сучасных інавацыйных праектаў з’яўляецца ўкараненне праграмы “Праваслаўныя святыні Беларусі”. Праект накіраваны не толькі на духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў, але і на пазнанне дзецьмі праваслаўных святынь свайго краю, — паведаміла Наталля Канстанцінаўна.

Пра маштаб і практычную значнасць чытанняў сведчыць як колькасць удзельнікаў, так і тэмы іх выступленняў. Прадстаўлены вопыт краязнаўчай работы самы разнастайны. Сёлетнія выступленні тычыліся і ролі школьнага музея ў фарміраванні патрыятычных пачуццяў у навучэнцаў (пра гэта паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Святлана Вацлаваўна Ненартовіч), і падзей Першай сусветнай вайны (настаўніца гісторыі Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Ірына Іосіфаўна Дубейка), і выкарыстання рэшткаў гісторыка-культурнай спадчыны Бабруйска ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў горада (педагог дадатковай адукацыі Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік” Бабруйска Людміла Мікалаеўна Дабравольская). Усяго сваім вопытам дзяліліся 28 педагогаў, а агульная колькаць удзельнікаў чытанняў складала 85 чалавек.

Для сваіх даследаванняў педагогі выбіраюць не толькі распаўсюджаныя тэмы, але і спецыфічныя. Так, настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча Мікалай Васільевіч Півавар паведаміў пра выкарыстанне геральдыкі ў працэсе выхавання навучэнскай моладзі, а педагог дадатковай адукацыі з сярэдняй школы № 2 Нароўлі Васіль Васільевіч Чайка расказаў пра дасягненні ў рабоце па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Цэнтральнай тэмай любых краязнаўчых чытанняў з’яўляецца тэма адкрыццяў. У Мінскай вобласці, сёлетняй гаспадыні чытанняў, найбольш значным адкрыццём, а дакладней папаўненнем, стала з’яўленне на свет новага, 15 па ліку, турыстычна-краязнаўчага цэнтра. Адбылася гэтая падзея ў Дзяржынску. Наогул, у развіцці турыстычна-краязнаўчай справы Мінская вобласць з’яўляецца адзінай, якая пайшла па шляху эксперыменту. У свой час у рэгіёне правялі аптымізацыю, скараціўшы шэсць профільных цэнтраў і стварыўшы Мінскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр — своеасаблівы холдынг.
— Добра ці дрэнна было зроблена? І да сённяшняга часу гэтае пытанне абмяркоўваецца ў педагагічным асяроддзі, — паведаміла дырэктар Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Лілія Уладзіміраўна Янкоўская.
Турыстычна-краязнаўчая работа ў вобласці актыўна развіваецца, што пацвярджае дзейнасць 863 аб’яднанняў па інтарэсах адпаведнага профілю, якімі ахоплена больш за 12 тысяч навучэнцаў. Уся гэтая вялікая армія юных турыстаў і краязнаўцаў Міншчыны не толькі актыўна даследуе гістарычныя, прыродныя, культурныя адметнасці малой радзімы, але і ўдзельнічае ў мерапрыемствах, характэрных толькі для Мінскай вобласці. Найбольш папулярным з’яўляецца штогадовая эстафета “Сто турысцкіх дарог”, якая перадаецца ад раёна да раёна і пралягае па загадзя распрацаваных маршрутах: праз музеі, помнікі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны.
— Мы ахвотна падзелімся з нашымі калегамі з іншых рэгіёнаў вопытам правядзення эстафеты. Для тых, хто пажадае, раскажам і пра абласны конкурс фотаздымкаў і відэафільмаў, а таксама конкурс аўтарскай песні, — адзначыла Лілія Уладзіміраўна.
Адметныя мерапрыемствы праводзяцца не толькі ў Мінскай вобласці. На Гомельшчыне такой падзеяй становіцца абласная турыяда, на Брэстчыне праводзіцца краязнаўчая алімпіяда, а для юных краязнаўцаў з Гродзеншчыны — конкурс “Галасы гісторыі”.

Па словах загадчыка аддзела краязнаўства Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Алы Мікалаеўны Рудской, для таго каб актывізаваць краязнаўчую работу на Гродзеншчыне, далучыць навучэнцаў да комплекснага і сістэматычнага вывучэння роднага краю і рэгіёна, яшчэ ў 1997 годзе ў рамках Усебеларускай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі “Наш край” быў прапанаваны абласны краязнаўчы конкурс “Галасы гісторыі”. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства і Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Ідэю правядзення падтрымалі абласныя ўпраўленні адукацыі і культуры, іншыя ўпраўленні і аддзелы, грамадскія арганізацыі. Новы імпульс развіцця конкурсу надала рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Традыцыйна “Галасы гісторыі” праходзяць на працягу чатырох месяцаў — з лютага па май, аднак падрыхтоўка да конкурсу пачынаецца ва ўстановах адукацыі яшчэ ў верасні. Кіруюць конкурсам абласны і раённыя аргкамітэты, распрацоўваецца палажэнне. Існуюць пэўныя патрабаванні да катэгорыі канкурсантаў. Гэта павінны быць навучэнцы 8 — 10 класаў, удзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах краязнаўчага кірунку. У склад каманды павінна ўваходзіць шэсць чалавек.

Актыўна краязнаўчая работа развіваецца не толькі ў вёсках, невялікіх райцэнтрах, але і буйных гарадах, у тым ліку і Мінску. Аднак, у адрозненне, скажам, ад вёскі, краязнаўчая работа ў вялікім горадзе мае адметнасці. На думку кіраўніка народнага музея сярэдняй школы № 90 Мінска Станіслава Браніслававіча Холева, існуюць пэўныя цяжкасці пры вывучэнні вялікага горада. Нават даросламу чалавеку, не гаворачы пра школьнікаў, немагчыма ахапіць усё, што знаходзіцца на яго тэрыторыі: насычаную гісторыю, сотні назваў вуліц, завулкаў і праспектаў; мноства цікавых для даследавання аб’ектаў; тысячы людзей са сваімі адметнымі, унікальнымі лёсамі, якія могуць стаць асновай для сцэнарыя самага захапляльнага фільма.
— Таму ў жыцці мінчан малая радзіма — гэта той раён, дзе яны жывуць, працуюць і вучацца, які ім больш знаёмы, дарагі і блізкі, больш цікавы для падрабязнага вывучэння. Цэнтр горада з’яўляецца агульным для ўсіх, а свой раён ці мікрараён выступае ў якасці малой радзімы. І тут важнымі для вывучэння будуць усе аб’екты: кожная вуліца ці завулак, нават самыя нязначныя помнікі гісторыі і архітэктуры, прадпрыемствы, арганізацыі, падрабязная гісторыя гэтых мясцін. Для маіх вучняў такой малой радзімай з’яўляецца Кастрычніцкі раён Мінска, — адзначыў Станіслаў Браніслававіч.

Усе вышэйназваныя тэмы даследаванняў — гэта, так бы мовіць, працяг краязнаўчай работы, а ў самым пачатку даследаванняў знаходзіцца сям’я. На думку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Вілейкі Аксаны Тадэвушаўны Паўлоўскай, актуальнасць вывучэння гісторыі сям’і, сваёй радаслоўнай тлумачыцца неабходнасцю ўмацавання сямейных каштоўнасцей. Работу па сямейным краязнаўстве можна паказаць у выглядзе дрэва жыцця. Вырошчваецца гэтае дрэва шляхам вывучэння навучэнцамі мінулага Бацькаўшчыны, падарожжаў па славутых мясцінах, знаёмства з сямейнымі архівамі.
Адпаведную работу Аксана Тадэвушаўна прапаноўвае падзяліць на два вялікія этапы. Першы этап “Традыцыйная культура роднага краю (Вілейшчыны)” накіраваны на дзейнасць навучэнцаў 5—7 класаў. Падчас гэтага этапу работа ў гімназіі была арганізавана ў чатырох мікрагрупах (3-4 навучэнцы) з выкарыстаннем праектнай тэхналогіі. Усе групы даследавалі праблемы традыцыйнай культуры Вілейшчыны. Першая група працавала па тэме “Ручнік”. Такім ручніком стала радавое дрэва, дзе карані — гэта веды школьнікаў па гісторыі свайго краю, кветкі — падарожжы па родным краі, ствол — сямейныя традыцыі, галінкі — гісторыя кожнай сям’і, а крона — стварэнне радавых дрэў і сямейных летапісаў кожнага навучэнца. Другая група распрацоўвала цікавыя маршруты паходаў, завочных экскурсій, трэцяя займалася пошукам цікавых фактаў па гісторыі краю. Навучэнцы чацвёртай групы вывучалі сямейныя традыцыі, у выніку чаго разам з класным кіраўніком складалі сцэнарыі тэатралізаваных паказаў, размяркоўвалі ролі, падбіралі касцюмы, рэквізіты да свята. Праграма заняткаў разлічана на два гады.
— Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на падрыхтоўку вечароў памяці. Гэта можа быць тэатралізаваны паказ “Дзяды”. Свята лепш праводзіць увечары, калі сям’я традыцыйна збіралася за сталом і ўзгадвала сваіх продкаў. На дошцы варта размясціць плакаты, якія адлюстроўваюць сэнс свята, і фотаздымкі родных, якія памерлі. З аднаго боку класа расставіць сталы, а на іх пакласці сямейныя летапісы. На сценах развесіць радаводы навучэцаў, а пасярод класа паставіць парту, якая сімвалізуе стол, за якім паміналі продкаў. Напярэдадні вечара памяці бацькі і дзеці могуць азнаёміцца з летапісамі і радаводамі навучэнцаў класа. Свята ілюструецца слайдамі. Яшчэ адным варыянтам правядзення вечара памяці можа быць бацькоўская гасцёўня “Сямейныя традыцыі. Мой радавод”. Мерапрыемства пабудавана ў выглядзе падарожжа па старонках своеасаблівай кнігі “Мой радавод”, — паведаміла Аксана Тадэвушаўна.

Чытанні з’яўляюцца не толькі месцам сустрэч педагогаў-краязнаўцаў, але і своеасаблівай пляцоўкай, на якой настаўнікі дзеляцца вопытам даследавання малой радзімы, абмяркоўваюць актуальныя пытанні развіцця школьнай краязнаўчай работы. Падчас чытанняў вызначаюцца і кірункі будучых даследаванняў. Як адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Сцяфанавіч Мітраховіч, наступны год, калі пройдуць XIV краязнаўчыя чытанні, будзе юбілейным. Менавіта ў 2014 годзе Беларусь будзе святкаваць 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а яшчэ праз год і 70-годдзе Вялікай Перамогі. Таму асноўны ўхіл у рабоце па даследаванні роднага краю трэба рабіць на ваеннай тэматыцы. Спрыяць гэтаму будуць і адпаведныя конкурсы, што праводзіць Міністэрства адукацыі разам з Рэспубліканскім цэнтрам турызму і краязнаўства.

Ігар ГРЭЧКА.

hrechka@ng-press.by

Фота аўтара.