Калі дзіцяці спаўняецца два гады і бацькі пачынаюць разам з ім актыўна падарожнічаць, прычым не толькі па Беларусі, калі кожныя выхадныя з году ў год тата і мама знаёмяць яго з чароўным светам музеяў, актыўна наведваюць мастацкія галерэі, выставы, калі на ноч разам з казкамі чытаюць легенды і паданні беларускай сталіцы — кім вырасце дзіця? Правільна: краязнаўцам. Такім жа апантаным і зацікаўленым, як і бацькі. А калі дзіця падрасце, то цалкам магчыма, што па прыкладзе свайго таты таксама напіша краязнаўчы даведнік пра Мінск. Хаця чаму магчыма? Усё гэта чыстая праўда, праўда жыцця краязнаўчай сям’і Хількевіч.
Дзіця — гэта 15-гадовая Лізавета Хількевіч, навучэнка гімназіі № 39, аўтар унікальнага турыстычнага даведніка пра Мінск, разлічанага на дзіцячую аўдыторыю. Тата Лізаветы — вядомы мінскі краязнаўца Уладзіслаў (творчы псеўданім Хрыстафор) Хількевіч, аўтар турыстычнага даведніка “Мінск за адзін дзень”, разлічанага ўжо на дарослую аўдыторыю. Актыўнасць, зацікаўленасць таты натхняе на новыя краязнаўчыя адкрыцці дачку. Дачка сваёй актыўнасцю і зацікаўленасцю натхняе на краязнаўчыя здзяйсненні тату. А вось тату і дачку натхняе слаўнае багатае, таямнічае мінулае Мінска. Дапамагае тату і дачцэ спазнаваць мінулае Мінска мама Юлія. Сямейная краязнаўчая ідылія? Яна самая.
Галоўны краязнаўца ў сям’і — Уладзіслаў Хількевіч. Пра Мінск, яго куточкі, пакручасты лёс беларускай сталіцы ён можа расказваць гадзінамі. Як мінімум, паўтары гадзіны (і гэта толькі па Верхнім горадзе) ён часта праводзіць экскурсіі для сваіх сяброў. Паўтары гадзіны доўжылася і наша з Уладзіславам гутарка ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”, хаця доўжыцца яна магла яшчэ паўтары гадзіны, а потым яшчэ паўтары. Аднак і 90 хвілін цалкам хапіла, каб, па-першае, расказаць нашым чытачам пра малавядомыя старонкі біяграфіі Мінска, па-другое, падзяліцца думкамі адносна папулярызацыі краязнаўства сярод шырокага кола насельніцтва, асабліва навучэнцаў, па-трэцяе, раскрыць сакрэты сямейнага краязнаўчага жыцця і ролі ў гэтым жыцці таты.
Нагодай для сустрэчы стала выданне Лізаветай Хількевіч турыстычнага даведніка “Мая першая кніга пра Мінск”. “Дзіця працавала над праектам амаль чатыры гады. Кожны год узнікалі такія сітуацыі, калі здавалася, што мы знаходзімся ў тупіку, сумняваліся, ці выйдзе кніга. Увесь гэты час я жыў нібыта на маленькай гарачай патэльні, а дзіця падлівала туды алей. Кніжку Ліза пачала пісаць у 11 гадоў, пасля таго як вярнулася з экскурсіі па Нацыянальнай бібліятэцы. “Тата, там такія спецыяльныя вагончыкі, якія ездзяць па сценах і дастаўляюць дакументы! Тата, там усярэдзіне фантаны! Там такая цёплая атмасфера, не падобная на знешне халодны алмаз ведаў!” — захоплена расказвала дачка пасля экскурсіі. А ў яе якраз быў пачатак падлеткавага ўзросту, дзіця шукала сабе занятак. Я і прапанаваў напісаць артыкул пра Нацыянальную бібліятэку, маўляў, ты ездзіла туды — падзяліся ўражаннямі, а лепш падзяліся ўражаннямі пра розныя аб’екты горада, напішы дзіцячы даведнік па Мінску”, — успамінае Уладзіслаў.
Хто ведае, як бы выглядаў гэты даведнік, ці набыў бы ён адметнае, цікавае для дзіцячай аўдыторыі аблічча, калі б за афармленне кнігі ўзяўся дарослы прафесійны мастак. Усё, што ні робіцца, да лепшага. Нейкая невядомая сіла прыцягвала да Уладзіслава мастакоў, якія або браліся за справу і не даводзілі яе да канца, або гаварылі, што зробяць малюнкі, аднак дзесьці праз год-паўтара. У адным з выдавецтваў Лізе самой прапанавалі зрабіць малюнкі.
— Канечне, у нас былі сумненні, — дзеліцца тата. — Ліза ніколі не займалася ў студыі выяўленчага мастацтва, ніколі малюнкамі не захаплялася, у яе ніколі не было любові да малявання. Аднак пагадзілася. Першае, што яна намалявала, — гэта ратушу, на літару “р” (аповед пра Мінск вядзецца ў алфавітнай паслядоўнасці). Першы варыянт выявы ратушы быў выкананы ў стылі дзіцячага прымітывізму (агульныя контуры, некалькі вокнаў), другі варыянт — той, што змешчаны ў даведніку, а трэці быў пад лінейку з роўнымі лініямі і правільнымі вугламі. Спыніліся на другім варыянце. У такім жа стылі пачалі стварацца наступныя малюнкі. Самым складаным было маляваць Нацыянальную бібліятэку і Мінск-Арэну. Гэтыя будынкі хоць і здаюцца простымі, аднак у іх прастаце якраз і заключаецца складанасць. Напрыканцы ў нас былі думкі размаляваць выявы, аднак вырашылі пакінуць гэтае права чытачам. Такім чынам атрымаўся краязнаўчы даведнік-размалёўка.
Складанасці ў пошуку матэрыялаў для даведніка не ўзнікала. У сям’і Хількевіч — вялізны стэлаж матэрыялаў пра Мінск, якія Уладзіслаў збіраў з юнацтва. Да эпохі інтэрнэту гэта былі выразкі і ксеракопіі газетных і часопісных матэрыялаў. Для сяброў Уладзіслава ніколі не ўзнікала пытання, што падарыць яму на дзень нараджэння: вядома, краязнаўчую кнігу пра Мінск. Цяпер, канечне, усё намнога прасцей: некалькі клікаў мышкай — і Google выдае табе патрэбную інфармацыю. Твая задача — яе адфільтраваць і прааналізаваць. А калісьці нашаму герою даводзілася наводзіць будзільнік на 6 гадзін раніцы, каб паглядзець і запісаць на відэакасету тэлеперадачу пра мінулае Мінска.
Каб палюбіць горад, не дастаткова проста прачытаць звесткі пра яго мінулае. Гэтую інфармацыю неабходна прапусціць праз сябе, абысці кожны куточак, кожны завулак, неаднаразова прайсціся па шырокіх сталічных праспектах. “Любоў да Мінска ў мяне ўзнікла дзякуючы аднакурсніку. У канцы 90-х мы пачалі з ім актыўна падарожнічаць. А ў той час Верхні горад, хто памятае, быў агароджаны. Нам было цікава, што там за агароджай. Ішло будаўніцтва Палаца Рэспублікі. Верхні горад быў у зусім іншым стане, чым цяпер. Нам цікава было лазіць па старых будынках, якія разбураліся. Я памятаю, як у дзяцінстве ў будынку касцёла Дзевы Марыі займаўся тэквандо. Выходзім з трэніроўкі, а там бабулі стаяць на каленях і моляцца. Вось так, не з аповеду экскурсаводаў, не з кніжак мы даведваліся, што гэта былы будынак касцёла. Бегаеш, трэніруешся і чуеш песнапенні. Усё гэта бударажыла фантазію. Потым ужо становіцца цікавай гісторыя суседніх будынкаў. Аказваецца, дзіцячая музычная школа калісьці не была школай, там знаходзіўся палац губернатара, а яшчэ раней езуіцкі калегіум, і гэты будынак адзін з самых старых у горадзе. Я ўдзячны аднакурсніку, што ён паказваў мне першыя матэрыялы пра Мінск, першыя кніжкі. А яшчэ я ўдзячны свайму настаўніку гісторыі сярэдняй школы № 54, а цяпер 7-й гімназіі, Максіму Ільічу Голаду. Ліза таксама ўдзячна сваім педагогам, бо любоў дачкі да краязнаўства — гэта не толькі мая, але і іх заслуга”, — расказвае Уладзіслаў.
“Можна проста гуляць па Мінску, а можна ўзяць экскурсію па сталіцы. Аднак у якой бы форме ні праходзіла прагулка, табе заўсёды будзе ўтульна і цікава ў гэтым горадзе. Мінск валодае незабыўнай атмасферай: у ім ты зможаш адпачыць у зялёных парках і ўбачыць гістарычныя помнікі, наведаць цырк, тэатр або музей”. Да гэтых слоў Лізы пра родны горад хочацца дадаць яшчэ і такія: Мінск — таямнічы горад. Кожны будынак, асабліва ў Верхнім горадзе, унікальны. Гэта горад-айсберг, горад-таямніца. Вядомыя містычная Рыга, містычная Прага, праводзяцца экскурсіі па містычным Санкт-Пецярбургу. Мінск таксама містычны. Тут таксама ёсць свае прывіды, свае таямнічыя супадзенні, цэлая сістэма падземных хадоў.
Як і кожны мінчанін, Уладзіслаў таксама мае сваё любімае месца ў горадзе. Знаходзіцца яно ў Верхнім горадзе. Гэта невялікі кавалак зямлі паміж гандлёвымі радамі і адноўленым будынкам царквы Святога Духа, адкуль не бачна ніводнага будынка ХХ стагоддзя. Там Мінск ХІХ, XVIII, XVII стагоддзяў. Па словах Уладзіслава, для многіх Мінск — гэта шок, асабліва для расіян. Яны здзіўляюцца, што гэта сучасны еўрапейскі горад. Для заходніх еўрапейцаў знаёмства з Мінскам — гэта таксама шок, асабліва калі яны ідуць па праспекце Незалежнасці і любуюцца будынкамі, узведзенымі ў стылі “сталінскі ампір”.
“А ўявіце, як на гэтыя будынкі будуць глядзець турысты праз 100, 300 гадоў. Па-добраму зайздрошчу тым калегам, якія будуць у гэты час весці экскурсіі, пісаць кнігу пра Мінск ХХІІ або XXV стагоддзя. Часам цікаўлюся ў Лізы, наколькі добра ведаюць Мінск яе аднакласнікі. Яна, напрыклад, прапаноўвае ім сустрэцца ля ратушы, а яны пытаюцца, дзе гэта. Як бы крыўдна ні гучала, аднак большасць дзяцей і бацькоў, асабліва новых мінчан, не асабліва цікавяцца мінулым Мінска. Здаецца, інфармацыі ў інтэрнэце дастаткова, аднак ці то перанасычанасць гэтай інфармацыяй, ці то проста абыякавасць з’яўляюцца прычынай таго, што мінчане пакуль не так актыўна, як бы нам, краязнаўцам, хацелася, вывучаюць горад. У інтэрнэце можна знайсці шмат чаго карыснага, можна спампаваць практычна любую кнігу, можна падарожнічаць, удзельнічаць у анлайн-экскурсіі. Аднак, на жаль, краязнаўчыя сайты не карыстаюцца вялікай папулярнасцю”, — гаворыць Уладзіслаў.
Наконт папулярнасці і піяру. Уладзіслаў — вядомы мінскі краязнаўца, аднак пра вядомых мінскіх педагогаў-краязнаўцаў ён, як высветлілася, не чуў. Гэта не гаворыць пра тое, што Уладзіслаў не цікавіцца дасягненнямі сваіх калег, наадварот, кожная знаходка, кожная кніжка, кожны краязнаўчы даведнік не застаюцца па-за яго ўвагай. Ліза і яе тата, канечне, малайцы. Аднак колькі да сённяшняга часу застаецца невядомых шырокаму колу грамадства імён настаўнікаў, якія кожны дзень са сваімі навучэнцамі вядуць карпатлівую краязнаўчую работу.
Спадзяёмся, размова з Уладзіславам аказалася карыснай не толькі для чытачоў “Настаўніцкай газеты”, але і для самога героя, бо падчас нашай гутаркі яго нататнік папоўніўся спісам з некалькіх імён сталічных педагогаў — даследчыкаў мінулага Мінска.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА,
малюнкі Лізаветы ХІЛЬКЕВІЧ.