Прафесійны ілюстратар, майстар народных інструментаў, педагог Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Міхаіл Чарнадзедаў паказвае сваім выхаванцам, што для любімай справы час заўсёды знойдзецца, а яны вераць, бо пацвярджэнне ў іх перад вачыма. Даведаліся ў майстра, адкуль бярэ пачатак яго любоў да народнай культуры, чаму кропля — добрая форма для акарыны і як балота ўплывае на гук трыснягу.
Шырокія гарызонты
Міхаіл Чарнадзедаў павінен быў стаць будаўніком-інжынерам, але на 3 курсе Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта зразумеў: не яго. І кінуў. Пачаў працаваць у розных газетах мастацкім рэдактарам, з часам зразумеў, што патрэбна адукацыя. Для вучобы выбраў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, факультэт народнай культуры. “Беларуская культура заўсёды была мне блізкая, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. — Мяне выхоўвалі бабулі і дзядулі, пастаянна штосьці расказвалі, паказвалі. Ды і гарадок у нас невялікі, у любы бок пайдзі — лес. Гэта збліжае з роднай зямлёй. Я лічу, калі ты мастак, то павінен сілкавацца ад каранёў, а карані нашы — у народнай культуры”. Свае думкі майстар пацвердзіў у маладосці дыпломнай работай з ілюстрацыямі народнай дэманалогіі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Міхаіл Чарнадзедаў вярнуўся ў Шчучын і 5 гадоў працаваў навуковым супрацоўнікам у Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Затым перайшоў у мясцовы Палац творчасці дзяцей і моладзі. Цяга да педагогікі з’явілася ўжо ў Мінску. “Калі ў Брэсце вучыўся, адчуваў, што не маё, а ў БДПУ быў лепшым студэнтам у групе. Бабуля і мама таксама працавалі педагогамі, гэта перадалося па спадчыне”.
“Народная музыка ідзе ад адчуванняў, настрою, гэта не кампазітарская гісторыя. Вядома, можна запомніць паслядоўнасць дзеянняў, але ў такой музыцы не будзе душы”.
У палацы Міхаіл Міхайлавіч спачатку кіраваў студыяй “Вытокі”, якая пасля невялікага перапынку ператварылася ў студыю “Батлейка”. Чаму не гурток ці аб’яднанне, а менавіта студыя? Бо такі фармат дазваляе пашыраць гарызонты. Хто хоча маляваць — малюе, каму цікавы беларускія народныя інструменты, могуць пайсці ў гэты бок.
“Мне пашчасціла, што ў студыі я маю свабоду дзеянняў. Дзеці глядзяць, чым я займаюся, і так вызначаюцца са сваімі жаданнямі. Калі педагог нічога не робіць, а хоча гэтую адказнасць перакласці на дзяцей, ён, па-мойму, дэградуе і арыентуецца на самае сярэдняе дзіця. Калі педагог гарыць, выхаванцы да яго цягнуцца і ідзе развіццё”.
Форма падаючай кроплі
На факультэце народнай культуры Міхаілу Міхайлавічу пашчасціла з выкладчыкамі. Спецкурс батлейкі вёў Іван Іванавіч Кірчук, лідар этнатрыа “Тройца”. Ён паказваў студэнтам сваю велічэзную калекцыю інструментаў, дазваляў патрымаць іх у руках, пайграць. Тады і зарадзілася цікавасць Міхаіла Чарнадзедава да беларускай музычнай культуры. Інструменты рабіць ён пачаў пазней, у Шчучыне, бо падчас вучобы часу хапала толькі на вучобу. Студэнты і вышывалі, і габелены ткалі, і з саломы плялі, і з гліны ляпілі — усяго патроху.
“У традыцыі нашых продкаў — калядаваць пад акампанемент розных музычных інструментаў. Свістулька як элемент музычнай культуры, таксама прысутнічала. Акрамя іх, беларусы рабілі больш складаныя керамічныя вырабы — акарыны. Свістулька ад акарыны адрозніваецца тым, што ў яе максімум 4 тонавыя адтуліны (часцей 2—3), а ў акарыны іх 8—10.
Іван Кірчук прыносіў нам са сваіх этнаграфічных экспедыцый паламаныя акарыны, таму можна было паглядзець, як яны зроблены. Я распрацаваў сваю форму, якая крыху адрозніваецца ад традыцыйнай, — гэта падаючая кропля. Калі мы вучыліся, мне не спадабалася, што ў акарыну трэба дзьмуць з усіх сіл, толькі тады атрымаецца больш-менш чысты гук. Я зрабіў сваю акарыну такой, што прыгажосць гуку раскрываецца пры нармальным дыханні, а за кошт формы ён атрымліваецца акруглым”, — расказвае педагог.
Для добрага гучання патрэбны ідэальны свісток, гэта дасягаецца дзясяткамі трэніровак. Як гаворыць Міхаіл Міхайлавіч, 200 работ ідуць у сметніцу, 201-я атрымліваецца нармальнай. Гліна для гэтага — цудоўны матэрыял. Не атрымалася, змяў, паспрабаваў зноў. Яшчэ свістулька ці акарына павінны быць такімі, каб дзіця іх у руку ўзяло, а яны не паламаліся, на траву ўраніла, а яны засталіся цэлымі.
Часам Міхаіл Чарнадзедаў эксперыментуе і робіць інструменты з нетрадыцыйных матэрыялаў. Напрыклад, з гліны ляпіў дудачкі і флейты, хаця часцей яны драўляныя. Яму было цікава, што памяняецца ў гучанні. Розніца сапраўды ёсць, але на словах яе не апісаць, лепш пачуць ужывую.
Майстар-клас па стварэнні акарыны ад Міхаіла ЧАРНАДЗЕДАВА:
“Перад тым як рабіць акарыну, трэба навучыцца рыхтаваць гліну, паспрабаваць ляпіць цацкі. Гэта зойме каля пяці заняткаў. Пачынаем працэс лепкі з таго, што гліну ператвараем у своеасаблівае гняздзечка, шкляначку. Нам трэба зрабіць полы прадмет з таўшчынёй сценак 5—6 мм, бо гліна пры ўсыханні становіцца крыху меншай і для абпалу гэта аптымальны варыянт таўшчыні. Калі зрабіць танчэй, яна будзе занадта крохкая. Надаём прадмету форму кроплі, робім яго герметычным. Потым можна прымацаваць ножкі, галаву, крылцы, і атрымаецца жывёла.
Каб зрабіць якасны гук, трэба мець спецыяльна падрыхтаваныя плоскія палачкі. Пажадана, каб яны адрозніваліся па памеры. Самымі тоўстымі мы будзем працаваць з глінай, якая не засохла. Тонкімі — у працэсе высыхання, каб вычышчаць адтуліну.
Бяром палачку і робім паглыбленне па сценцы, не прабіваючы камеры. Адным рухам, хутка, упэўнена. Палачку адразу не дастаём, а пакідаем: дрэва павінна ўзяць крыху вільгаці з гліны. Калі мы адразу яе выцягнем, то чысціня канала парушыцца, а ад яе залежыць якасць гуку. Іншая палачка рассячэ наша паглыбленне на канцы. Затым павольна дастаём палачку з паглыблення. Цяпер у нас ёсць адтуліна для паветра, засталося зрабіць адтуліны ў поласці, камеры для здабывання гуку — 8—10 штук. Тут важна не спяшацца, даць гліне паціху падсыхаць.
Як скончылі, пакідаем выраб сохнуць на паліцы каля тыдня, потым можна дачысціць і адпраўляць у печ. Калі гук адразу не атрымаецца, практыка ўсё выправіць”.
Аб’яднацца ў ансамбль
Акарына — далёка не адзіны народны інструмент, які цікавіць майстра. На занятках і па-за імі ён стварае жалейкі, “шум дажджу”, дыджарыду.
“Жалейкі раблю з трыснягу. Дапамог інтэрнэт: знайшоў некалькі ролікаў, паглядзеў, потым патрымаў у руках чужыя інструменты. Спачатку не атрымлівалася, але з часам разумееш, як усё рабіць хутка і проста, — гаворыць Міхаіл Чарнадзедаў. — На балоце трыснягу шмат, хаджу па яго туды. На гучанне ўплывае ўсё: дзе ён рос, колькі вады ўзяў, як высах, які быў год. Аднойчы я задаўся мэтай знайсці трыснёг аднаго дыяметра, памеру, каб усе жалейкі гралі на адным ладзе. Знайшоў, зрабіў ідэнтычныя адтуліны, але ўсё роўна кожная гучала па-свойму”.
Жалеек чым больш зрабіць, тым лепш. Калі дзіця цэлы дзень будзе граць на адной, яна ад вільгаці разбухне і можа лопнуць. Правільны падыход — перыядычна мяняць інструмент.
Знайшоў прымяненне Міхаіл Міхайлавіч нечакана і баршчэўніку. З яго можна зрабіць інструмент, які паэтычна называецца “шум дажджу”. Ён уяўляе сабой закрытую на канцах полую трубу, унутры якой па ўсёй даўжыні ёсць перагародкі. Іх запаўняюць сыпучым матэрыялам — пяском, крупамі, бісерам і г.д. Пры пераварочванні напаўняльнік перасыпаецца і імітуе шум дажджу.
“Я прынясу ў майстэрню баршчэўнікаў штук 40, дзіця сядзіць, робіць, у яго атрымліваецца шумоўка. Збіраць баршчэўнік трэба па вясне, калі ён перазімаваў і высах, тады расліна не будзе пячы.
Зараз я захварэў духавым музычным інструментам абарыгенаў Аўстраліі — дыджарыду. Паспрабаваў яго зрабіць з баршчэўніку, атрымалася”.
Традыцыйна дыджарыду вырабляюць з эўкаліпту. Падчас засушлівага перыяду тэрміты з’ядаюць яго мяккі асяродак, і ўнутры атрымліваецца поласць. Аўстралійскія абарыгены знаходзяць такія ствалы, ссякаюць, выбіваюць з іх пацяруху і вырабляюць муштук з пчалінага воску. Потым упрыгожваюць малюнкамі, часта татэмнымі. Даўжыня інструмента складае 1—3 м.
“Я мару, каб прафесійны музыкант займаўся з дзецьмі. Інструменты ў нас ёсць, іграць выхаванцы на аматарскім узроўні ўмеюць, патрэбны хтосьці, хто разумее, як гэта аб’яднаць. А я працягну займацца тэхнічнай часткай”.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Яўгена ЧЫКАЛЯНКОВА.