Там, дзе вучаць “на чалавека”

Калі я спытаю, пра вашага любімага школьнага настаўніка, пра каго вы раскажаце? Пра настаўніка матэматыкі, які ўмеў даступна растлумачыць лагарыфмы і стэрэаметрычныя задачы? Пра фізіка, які адкрыў для вас загадкі вясёлкі, маланкі і законы Ньютана? Пра настаўніка мовы, дзякуючы якому вы навучыліся граматна пісаць? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё, раскажаце пра таго, хто быў для вас сябрам, прыкладам чалавечнасці, справядлівасці. Канечне, імі па сумяшчэнні могуць быць і гэтыя матэматык, фізік, філолаг. Многія навучэнцы і выпускнікі сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова на маё пытанне, нават не задумваючыся, адказваюць аповедам пра свайго настаўніка Юрыя Базыкіна.

Прафесія праз каханне

Юрыя Аляксандравіча я ведаю больш за 13 гадоў. Пазнаёмілася з ім і яго вучнямі, завітаўшы ў Салігорск пасля трыумфу яго праекта “Школьнае Еўрабачанне” (на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ён тады ўзяў гран-пры). Потым і іншыя яго праекты не раз былі сярод лепшых на гэтым конкурсе, а Ю.А.Базыкін як мэтр у арганізацыі суботняга школьнага дня нават быў запрошаны ў склад журы конкурсу. Ёсць на яго рахунку і 1-е месца ў Міжнародным конкурсе педагагічных праектаў “Залатая формула”, дзе журы ў Францыі і Англіі вызначала лепшыя творчыя педагагічныя ініцыятывы з краін свету. Пра так высока ацэненыя яго праекты мы пісалі, але гутарка пра ролю творчасці ў школе і асобу самога настаўніка без меркавання Ю.А.Базыкіна будзе няпоўнай.

Юрый Аляксандравіч выкладае англійскую мову, што лічыць важнай, але не галоўнай сваёй настаўніцкай місіяй. Больш за тое, і настаўнікам ён стаў, можна сказаць, выпадкова. Ён паступаў у педагагічны інстытут, бо туды паступала дзяўчына, у якую ён закахаўся, і на той момант не думаў пра свой прафесійны выбар — проста хацеў быць побач з ёй. Хоць потым яны ні разу нават і не сустрэ­ліся, Юрый Аляксандравіч ні хвіліны ў жыцці не шкадаваў пра свой прафесійны выбар.

Не пашкадаваў ён і пра тое, што першыя 10 гадоў настаўніц­тва прайшлі не ў родным Салігорску, а ў невялікай школе ў Залессі (сучасны пас. Партызанскі) Вілейскага раёна. І сёння ён сумуе па непасрэднасці сельскіх дзяцей: “Гэта фантастыка, калі твой вучань кліча цябе гуляць у футбол, кідаючы бульбіну ў акно інтэрната, ці калі бяжыш у аўталаўку па хлеб, а перад табой расступаецца чарга. Я ніколі не забуду імпэт у дзіцячых вачах, калі мы ставілі там першыя свае пастаноўкі, не забуду нашы паездкі на бульбу, шматдзённыя паходы, як мы елі з аднаго кацялка, танцавалі на адной танцпляцоўцы, — настальгіруе Юрый Аляксандравіч. — Там ты не схаваешся ў сваёй кватэры і не вый­дзеш на вуліцу “высокім дзядзькам са строгім поглядам”. Паспрабуй скрывіць душой — хіба атрымаецца? Вось таму мне цяжка было рашыцца вярнуцца ў горад. Была асцярога сярод калег сустрэць “высакалобых вучоных”, мне хацелася б утры­маць у сабе, не разгубіць у гарадскіх буднях, у манатоннасці, у працоўным графіку ад званка да званка тое адчуванне радасці, непаўторнасці кожнай сустрэчы з дзяцінствам, з дзецьмі, якое не пакідала мяне ў Залессі. Мне не хацелася страціць у настаўніцтве шчырасць”.

Але нездарма кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца. Прывіццё гэтай шчырасці, адкрытасці дзецям і стала для настаўніка жыццёвай справай.

Не веды, а выхаванне

Рэпетыцыяй сённяшніх настаўніцкіх будняў для Юрыя Аляксандравіча былі яго студэнцкія гады, напоўненыя творчасцю і юнацкім запалам.

“Хоць для большасці людзей 90-я гады былі самымі складанымі, для нас жа, студэнтаў, — самымі лепшымі. Мы пісалі вершы, праводзілі паэтычныя батлы, ладзілі канцэрты гітарнай музыкі, малявалі плакаты і інш. Гэта былі гады кахання, любові, творчасці. Я тады напісаў свае першыя апавяданні, першыя вершы, выдаў першыя кнігі, напісаў першыя песні, мы знялі свае першыя кліпы — усё было ўпершыню. Менавіта тады і быў зададзены той вектар, у якім я і сёння лячу. Усё тое, чаму я вучыўся ў студэнцтве, чым жыў, — гэта прыйшлося вельмі дарэчы ў школе”, — дзеліцца педагог.

Галоўнай памочніцай у яго была і застаецца сцэна. І падчас падрыхтоўкі да выхаду на яе, і ўжо на самой сцэне адбываюцца галоўныя метамарфозы з дзецьмі.

Ніна Міхайлаўна Каляда, выпускніца Залесскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна, настаўніца:
“Юрый Аляксандравіч сваім з’яўленнем змяніў нашу школу і прафесійны лёс многіх з нас. Я, як і мама, стала настаўніцай малодшых класаў, але другую спецыяльнасць — “Выяўленчае мастацтва” атрымала, дзякуючы яму. Ён цудоўна маляваў, пасля педагагічнага інстытута скончыў яшчэ і Завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве. Калі я ўжо сама стала педагогам, змагла з прафесійнага пункта погляду ацаніць, наколькі ўдалымі былі ўсе яго педагагічныя методыкі. Часткай навучання былі тэатральныя пастаноўкі, песні пад гітару, паходы, падарожжы, нават кулінарныя ўрокі. Яшчэ і сёння мы, выпускнікі, падтрымліваем сувязь з Юрыем Аляксандравічам, успамінаем тыя школьныя гады”.

Галоўны прынцып Ю.А.Базыкіна і ўсіх яго праектаў шостага школьнага дня — “Школьнае Еўрабачанне”, “Імёны”, “Добры вечар!” і іншых — зрабіць дзяцей не выканаўцамі, а творцамі. Таму ўсе яны ішлі пад слоганам “Мы аўтары”.

Яшчэ і сёння ідэя яго “Еўрабачання”, падхопленая калегамі пасля перамогі праекта, жыве ў школах краіны — пераможцамі становяцца лепшыя школьныя вакалісты і танцоры. “Імёны” — гэта цыкл з шасці тэматычных праектаў, прысвечаных вялікім творцам Беларусі і свету. Дзеці паглыбляліся ў атмасферу мінулых эпох і розных культур, а потым стваралі на сцэне свой аўтарскі твор, увасабляючы свае ўражанні і думкі і аздабляючы іх песнямі і танцамі, дэкламацыяй і акцёрскім майстэрствам.

Юрый Аляксандравіч БАЗЫКІН:
“Для мяне мой вучань — гэта ўвесь свет. І няважна, бу­дзе мой выпускнік выдатнікам ці не. Куды важней, якім чалавекам ён стане, колькі ў ім будзе альтруізму, дабра, міласэрнасці. Хіба можна паставіць веды побач з прывітым паняццем шчасця, кахання, дружбы, культурнай гутаркі? Толькі на гэтым трымаецца свет”.

Адным з самых значных праек­таў, якія аб’яднаў і дзяцей, і настаўнікаў школы, стаў “Добры вечар!”. Да кожнага шоу яны сваім вялікім аўтарскім калектывам пісалі п’есы, вершы, падводкі, музычныя творы, ставілі харэаграфічныя нумары, усё здымалі на відэа, рабілі мантаж… Кожны жадаючы мог напісаць маналог або дыялог для пэўнай сцэны, прапана­ваць рэпліку, паспрабаваць напісаць цэлую мізансцэну, змяніць сцэнічны вобраз, манеру выканання і г.д. Усе п’есы — і адаптаваныя і арыгінальныя — “Раскажы мне пра лета”, “Хлестакоff”, “Мы вернемся!”, “Лузеры”, “Трынаццаты подз­віг Геракла”, “Каштанавы лес” — гэта калектыўнае аўтарства, гэта “Мы — аўтары!”.

Каб навічкі ці тыя, хто асвойваў новы для сябе кірунак, адчувалі сябе больш упэўнена, у кожнага быў куратар з ліку ці настаўнікаў, ці навучэнцаў: харэографы, якія дапамагалі ставіць танцы, пісьменнікі, якія маглі даць слушную параду ў напісанні вершаў, дыялогаў, маналогаў і інш.

Праект “Добры вечар!” трапіў у лік прызёраў на апошнім Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, а самі творы, напісаныя дзецьмі і педагогамі падчас праекта, сталі лепшымі на Рэспубліканскім конкурсе распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэатра, які Міністэрства адукацыі праводзіла два апошнія гады. У 2020 годзе ў лік пераможцаў у намінацыі “Арыгінальны драматургічны матэрыял для дзіцячага тэатра” трапіла п’еса “Мы вернемся!”.

Адна з самых важных тэм для школы — дзеці і інтэрнэт. “Сёння нашы дзеці ў рэжыме non-stop жывуць у лічбавай прасторы. Хоць лічбавізацыя, інфарматызацыя і іншыя ў трэндзе і паўсюдна гучыць “мы павінны ісці ў нагу са светам”, “быць сучаснымі і не адставаць”, але маё глыбокае перакананне — не заўсёды гэта добра. Колькі пакаленняў дзяцей, якія самастойна думаюць, ствараюць, чытаюць і аналізуюць, трэба “страціць”, каб гэта зразумець? Дзеці ўжо залежныя, скалечаныя даступнасцю сеткі, безнагляднасцю ў доступе да разнастайнага кантэнту. Таму, мабыць, апошняй нашай працай быў спектакль “Каштанавы лес” — п’еса-антылічба, праект пра дзяцей “каштанавага лесу”, якія супрацьстаяць уздзеянню “лічбы”, якія проста не могуць гэтым дыхаць, таму сустракаюцца ў сваім “лесе”, каб чытаць адзін аднаму вершы, глядзець у вочы адзін аднаму, спрачацца і любіць, быць сабой”, — гаворыць настаўнік.

Серыял замест лекцый

З-за эпідэмічнай сітуацыі Юрый Базыкін і ўся яго творчая каманда вымушаны змяніць фармат і цяпер пачынаюць здымаць серыял пра жыццё школьнікаў. Ужо знялі трэйлер Red Lines (ёсць на YouTube), які паспеў заінтрыгаваць гледачоў і прымусіў з нецярпеннем чакаць прэм’еры.

“Гэта будзе серыял пра нас, — гаворыць Юрый Аляксандравіч і тлумачыць ідэю: — Усё наша жыццё складаецца з чырвоных ліній. Бывае, мы іх пераходзім, пра што часам шкадуем, а часам і не шкадуем. Чырвоныя лініі — гэта тыя рысы, якія пераходзіць не варта ні дзецям, ні педагогам, ні бацькам. Лёгка пакрыўдзіць словам, учынкам, павышаным тонам. Чырвоныя лініі ўзнікаюць паміж дзецьмі, калі ў іх пачынаюцца рамантычныя адносіны, калі разладжваецца дружба, калі ўмешваюцца бацькі. Чырвоныя лініі рэгулююць наша жыццё, але мы павінны навучыцца жыць побач і з імі. І не проста жыць, не проста сядзець пад прэсам правіл, законаў, інструкцый, а ў поўным сэнсе слова жыць: расці, развівацца, сталець, паважаючы адно аднаго, вырашаючы канфлікты ў дыялогах, учынках.

Цяпер у мяне 8 клас. Было б здорава здымаць серыял да самага выпуску, каб паказаць не толькі эвалюцыю дзіцячага акцёрскага майстэрства, але і поглядаў на жыццё, адносін адно да аднаго, моды, лексічнага напаўнення дыялогаў, маналогаў. Гэта як назіранне за дзецьмі ў аб’ектыў. Сцэнарыі першых серый ужо напісаны, але гэта “рыба”, прыкладны кірунак. Што будзе ў аб’ектыве камеры — вырашаюць толькі дзеці”.

WEAREONE, ці Быць як адно

Гэта слова блізкае для кожнага навучэнца “пяцёркі”, кожнага, хто побач з Ю.А.Базыкіным. Хоць гучны вынік з конкурснымі ўзнагародамі маюць усе без выключэння творчыя ініцыятывы Юрыя Аляксандравіча, гэта ніколі не было яго мэтай.

“Усе нашы праекты — гэта ў першую чаргу магчымасць быць разам, быць як адно, — гаворыць ён. — Гэта WEAREONE я б напісаў не толькі на дзвярах кабінета, але і школы, на дзяржаўных межах, на парадным ганку нашай планеты. Мне заўсёды хацелася, каб клас за гады вучобы стаў адным цэлым, дзе б нават пасля выпуску заставаліся ўзаемападтрымка, узаемадапамога, узаемасаграванне паміж дзецьмі. Не заўсёды гэта атрымліваецца: часцей утвараюцца групы дзяцей, якія моцна трымаюцца адно аднаго. А цэлы клас пакуль толькі мая мара, але я да гэтага імкнуся. Па-другое, я стараюся навучыць дзяцей быць творцамі. Для мяне важна бачыць, што мае выпускнікі пачынаюць тварыць самастойна ўжо і па-за сценамі школы. Шмат у нас нацэлена на тое, каб выгадаваць карыстальніка: часта мы бачым, калі ў пазаўрочнай дзейнасці дзеці проста выконваюць тое, чаго хо­чуць ад іх настаўнікі — дзецям далі тэкст, і яны яго чытаюць. Можа, камусьці і прыносяць такія мерапрыемствы задавальненне, але я лічу, што нічога не заменіць дзіцяці ўражанняў, напрыклад, ад прачытання на публіцы ўласнанапісанага верша. Адна з нядаўніх маіх выпускніц — Насця Марушка — паказала мне свае вершы. Можа, яны яшчэ і не зусім сталыя, можа, і лексіка праставатая, і метафар малавата, але яна зрабіла гэта сама. І такія спробы, лічу, важна падтрымаць.

Валерыя КАЛЕСНІКАВА, студэнтка МДЛУ:
“Урокі, вучоба асабліва не запамінаюцца, а застаецца ў памяці назаўсёды якраз школьнае жыццё па-за імі. Субота ў нас была любімым днём. Мы збіраліся разам, адпачывалі, смяяліся, даведваліся пра новае і атрымлівалі асалоду ад таго, што рэалізоўваліся як акцёры, вакалісты, танцоры. З іншым педагогам многія з нас проста пасаромеліся б спрабаваць сябе ў нечым новым, а з Юрыем Аляксандравічам мы смела ішлі на сцэну. Ён вучыў нас зносінам, вучыў знаходзіць выйсце са спрэчных сітуацый, канфліктаў, вучыў заўсёды быць на пазітыве. Ён наш былы класны кіраўнік, але сябар назаўсёды. Менавіта Юрый Аляксандравіч паспрыяў і майму прафесійнаму выбару. Дзякуючы яму, я трапіла ў лік прызёраў рэспубліканскага конкурсу “Піянер года Беларусі” і мяне як лаўрэата конкурсу запрасілі ў 9-дзённую паездку ў Кітай. Тая паездка для мяне была вызначальнай: цяпер я студэнтка МДЛУ і вывучаю англійскую і кітайскую мовы.”.

Я ніколі спецыяльна пэўныя якасці не развіваю: не стаўлю сабе такой задачы. Я працую з тым, каго бачу зранку ў актавай зале. Часам бывае, што першы раз некага з дзяцей даводзіцца папрасіць прыйсці. Але я ўпэўнены, што другі раз дзіця ўжо само прыйдзе. Мы аб’ядноўваем усе класы — і малодшыя, і старшыя. І хоць першакласнікі спачатку толькі мікрафоны выносяць ці афішы расклейваюць, але яны ўжо ў справе, ужо разам з намі. Так і ўтвараюцца гэтыя ніці — дзеці добра ведаюць адно аднаго, сябруюць, нягледзячы на розніцу ў 5 ці нават у 10 гадоў. Гэтай бесперапыннай сувяззю паміж усімі наша школа і моцная. І доўгія гады дзеці разам. Калі прыходзяць выпускнікі, яны адчуваюць сябе легендамі. Рэдка калі творчасць яны выбіраюць сваёй прафесіяй, але адчуванне творчасці ў любой іншай справе, можа, нават і больш каштоўнае. Гэта такая эстафетная палачка, якую старэйшыя перадаюць малодшым. І гэтым шчаслівыя і дзеці, і мы, педагогі”.

Салігорская пятая школа — гэта ўнікальная творчая пляцоўка. Такіх у краіне, бадай, больш няма. Трынаццаць гадоў яна — лідар у рэспубліцы ў творчым плане, пры змене пакаленняў тут не зніжаецца ўзровень, прыдумляюцца і рэалізоўваюцца ідэі, аўтарскія метады. Нездарма яе навучэнцы і выпускнікі кажуць, што ў іх школе ўнікальны профіль — тут вучаць “на чалавека”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Ю.А.Базыкіна.