Традыцыі нетрадыцыйнай медыцыны

Пра тое, што расліны не толькі радуюць вока, але і лечаць, мы даведваемся яшчэ з маленства, калі па парадзе бацькоў прыкладваем да разбітага калена лісток трыпутніку, а прастуду выганяем чаем з ліпы. Потым мы ўсведамляем, што ў раслінным свеце ёсць сродак ад любой хваробы, толькі вось разабрацца ў ім без інструкцыі складана. Таму, ідучы па самым простым шляху, часцей за ўсё давяраем таблеткам. А вось выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Медунічка” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі з малых гадоў аддаюць перавагу медыцыне, традыцыі якой тысячагоддзямі перадаваліся з пакаленняў у пакаленні і якая пасля росквіту фармацыйнага бізнесу стала чамусьці называцца нетрадыцыйнай.

Зялёная аптэка

Да Святланы Віктараўны Крыкуновай, педагога дадатковай адукацыі палаца, па здаровыя парады на заняткі прыходзіць каля паўсотні дзяцей. “Медунічка” стала першым праектам педагога пасля атрымання дыплома і за 17 гадоў ператварылася з гуртка ў цэлую здароўезберагальную сістэму. Асабліва актыўна тэмай здароўя Святлана Віктараўна займаецца апошнія 7 гадоў. Яе вучэбная праграма ўвайшла ў зборнік праграм экалагічнага кірунку.

“Праграма разлічана на два гады. Першы год мы з дзецьмі вывучаем разнастайнасць лекавых раслін Беларусі, іх уласцівасці і прымяненне пры лячэнні розных захворванняў, гісторыю травалячэння, абрады і традыцыі беларускага народа, звязаныя са зборам і ўжываннем лекавых раслін, гаючую фітатэрапію і інш.,— расказвае Святлана Віктараўна. — Паглыблена вывучаюцца тэмы па будове і значэнні органаў раслін з акцэнтам на іх лекавыя ўласцівасці. Навучэнцы ствараюць “аптэкарскі” агарод і фітабары, а таксама складаюць гербарыі — вызначальнікі народных назваў лекавых раслін, ствараюць лекавыя зборы і іх апісанне, гатуюць адвары, чаі, напары. Праграма другога года прадугледжвае больш паглыбленае вывучэнне і сістэматызацыю лекавых раслін, уключае здароўезберагальныя тэхналогіі, пытанні аховы навакольнага асяроддзя. Вялікая ўвага ўдзяляецца доследнай і даследчай рабоце, стварэнню і абароне праектаў; аказанню дапамогі людзям з выкарыстаннем сваіх ведаў і вопыту (пажылым людзям, ветэранам, дзецям-інвалідам і сіротам). Развіваем і творчыя здольнасці гурткоўцаў: яны выконваюць індывідуальныя творчыя заданні, даследаванні, праводзяць выставы, конкурсы, прэзентацыі”.

У рамках праекта “Мы — за здаровы лад жыцця” на вучэбна-доследным участку выхаванцы “Медунічкі” разам са сваім кіраўніком стварылі “аптэкарскі” агарод, у якім сёння расце больш за 80 відаў лекавых раслін. Гэтыя расліны, высушаныя і завараныя па ўсіх правілах, і напаўняюць штодзень сваім водарам экалагічны аддзел палаца. Тут была створана і гасцёўня “Шлях да здароўя”. Гэта вялікі і прасторны кабінет з фітабарнай стойкай, шафамі з начыннем ад кубкаў да самавара і ўсімі атрыбутамі. Менавіта тут усіх гасцей сустракаюць кубачкам чаю. “Водар лугоў” — такую паэтычную назву атрымаў фітабар. Тут жа праводзяцца тэматычныя гадзіны, віктарыны па здаровым ладзе жыцця, слайд-прэзентацыі, дабрачынныя акцыі і інш.

Шмат духмяных збораў дзеці гатуюць і пасля паходаў на прыроду і экскурсій, падчас якіх не менш важнае значэнне мае і даследчая дзейнасць.

“У паход мы ходзім з вызначальнікамі раслін, каб навучыцца адрозніваць сапраўдныя зёлкі ад ілжывых, вызначаць іх віды, тое, якія часткі раслін можна выкарыстоўваць, а якія іх часткі атрутныя. Вучымся правільна іх збіраць, назіраем, якая глеба і ўмовы ім неабходны. Некаторыя расліны, якіх у нас яшчэ няма, мы акуратна выкопваем з карэньчыкамі і прыносім на свой агарод. Але да гэтага ствараем для іх такую ж глебавую сумесь, якая неабходна ім у прыродзе, такія ж умовы, напрыклад, са-джаем у паўцень ці цень і потым назіраем, як расліна развіваецца, праводзім з ёй доследы”, — гаворыць выхаванка “Медунічкі” Ганна Макаранка.

Дзеці праводзяць шмат даследаванняў, лабараторных работ пасля такіх паходаў у лес і на палі. Напрыклад, вывучаючы гаючыя ўласцівасці раслін, яны выкарыстоўваюць эфірнае масла з лістоў мацярдушкі, ружы, хвойных раслін, даследуюць розныя органы раслін на ўтрыманне ў іх карысных рэчываў, алкалоідаў і дубільных рэчываў, каратыноідаў, крухмалу.

Акрамя паходаў на прыроду, дзеці наведваюць экскурсіі ў аптэкі горада, у батанічны сад і музеі прыроды горада, сустракаюцца з народнымі лекарамі і фармацэўтамі, пра медыцынскі аспект травалячэння гутараць з урачамі.

Чайныя сакрэты

Праграмай прадугледжана выкарыстанне толькі тых лекавых раслін, якія не маюць медыцынскіх проціпаказанняў, не выклікаюць алергіі. За напаўненне заварнікаў толькі імі адказваюць у тым ліку і дацэнты кафедры фармакагнозіі і батанікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ордэна Дружбы народаў і кафедры батанікі ВДУ.

“Цяпер можна купіць любую чайную сумесь, нават самую экзатычную, але ў Беларусі расце велізарная колькасць карысных духмяных і экалагічна чыстых раслін, якія выдатна заменяць і дапоўняць прывазныя чаі, — расказвае, напаўняючы заварнік духмянымі лісточкамі, Іван Раманаў. — Травяныя чаі гатуюцца з лісця, кветак, пладоў, каранёў раслін. Яны не ўступаюць чаям любых гатункаў па смаку, колеры, водары. Галоўнае — у іх няма кафеіну, які ўзбуджае нервовую сістэму. У раслінах шмат біялагічна актыўных рэчываў, што дабратворна ўплываюць на арганізм чалавека. Калі ў вас няма апетыту, выпіце перад ежай чай з палыну (праўда, ён горкі, затое дзейсны). Калі вы не можаце заснуць, выпіце на ноч чай з мелісы або рамонку аптэчнага. Калі апатыя перашкаджае падрыхтавацца да заняткаў ці да экзамену, выпіце танізуючы чай са зверабоем, шалфеем, размарынам. Калі ў канцы зімы ці вясной вас часта даймае слабасць, млявасць, папіце вітамінны чай, у аснове якога шыпшына, ліст абляпіхі, чорнай парэчкі”.

Тэрапія: ад мядовай да крапіўнай

Гурткоўцы, працуючы з калекцыяй лекавых раслін, рыхтуюць запасы не толькі для фітабара. У прыватнасці, тут вельмі папулярны фітадыеты, і правільным харчаваннем асабліва заклапочаны дзяўчаты.

Святлана Віктараўна расказвае ім, што, калі хочацца быць здаровымі і стройнымі, пачынаць трэба з асновы рацыёну — выключыць з яго тыя прадукты, якія шкодзяць здароўю, і дабавіць тыя, якія яго паляпшаюць. “Чым карысны збожжавыя? Як правільна гатаваць, каб у прадуктах захоўвалася больш карысных рэчываў? Чаму аддаць перавагу — варцы ці смажанню? Як піць сокі, каб не нашкодзіць здароўю? Дзецям усё гэта трэба патлумачыць, паказаць, як гатаваць, і даць прадэгуставаць”, — гаворыць Святлана Віктараўна.

Дзяўчаты з задавальненнем гатуюць і дэгустуюць у сваёй утульнай гасцёўні. Зімой у кашы дабаўляюць пару лыжачак лета — розныя віды варэння і замарожаныя ягады. Вясной вараць супчыкі, напрыклад, са шчаўя, гатуюць бутэрброды з пякучай крапівой і іншымі дзікарослымі лекавымі раслінамі.

Асаблівае месца ў шафе з салодкімі прысмакамі і варэннем займаюць баначкі з мёдам — пачастункі з пасекі Святланы Віктараўны, заўзятага пчаляра. Акрамя мёду, дзеці вельмі любяць пяргу, якая ў адрозненне ад іншых прадуктаў пчалярства не выклікае алергіі і поўнасцю засвойваецца арганізмам. Спектр захворванняў, якія паспяхова лечацца пяргой, вельмі шырокі. Усё гэта толькі маленькая частка ведаў выхаванцаў, бо яны рэалізоўвалі праект па апітэрапіі “Пчолы — крылатыя працаўніцы” і збіралі калекцыю “Прадукты пчалярства”.

Што да калекцый, то іх дзеці сабралі шмат. Гэта калекцыя гаючых зёлак, засушаная калекцыя лекавых раслін, араматычныя сашэ, калекцыя раслін для гідратэрапіі, калекцыя засушаных снапочкаў з лекавых раслін і інш.

Расказваць пра гэтыя калекцыі юныя фітатэрапеўты і іх настаўнік могуць бясконца. І гэта сапраўды цікава — пазнаваць сакрэты, скажам, ароматэрапіі, тое, як уплываюць на здароўе розныя віды фітамасел. Безумоўна, тэорыя заўсёды пацвярджаецца практыкай. Пасля напружанага працоўнага і вучэбнага дня юныя ароматэрапеўты распальваюць аромалямпу, капаюць у яе кропельку карыцы ці імбіру, базіліку — і стомленасць як рукой здымае. Узбадзёрыць дзяцей у дажджлівы, хмуры дзень дапамагае чабор, размарын ці маяран. Лаванда, рамонак, размарын, ружа, меліса здымаюць стрэс пасля кантрольных, а водар перцавай мяты вяртае яснасць думкам і паляпшае памяць.

А вось веды па гідратэрапіі і прыгатаваныя зборы дзяўчаты прымяняюць дома: рэцэпты адвараў для прыгажосці цела і валасоў перакачоўваюць з іх блакноцікаў у ванны ці ў лазні. Дзеці і бацькам аўтарытэтна расказваюць, што венік з палыну дапаможа пры захворваннях страўнікавай сістэмы, а некалькі сцёблаў крапівы ў бярозавым ці дубовым веніку здымуць боль у суставах, хвойныя галінкі адказваюць за здароўе дыхальнай сістэмы. Умеюць дзяўчаты гатаваць і крэмы, маскі для твару і цела, ведаюць, што перад парыльняй карысна выпіць кубачак чаю, што паспрыяе раскрыццю пор і выхаду шлакаў.

У гэтыя вясновыя дні ў выхаванцаў “Медунічкі” і іх калег-эколагаў з установы работа асабліва кіпіць. Яны штогод вырошчваюць некалькі тысяч каліў расады лекавых і кветкавых культур для “аптэкарскага” агарода, кветнікаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, для рэалізацыі насельніцтву, сеюць пакаёвыя лекавыя расліны для інтэр’ераў кабінетаў і папаўнення калекцый устаноў адукацыі вобласці. Таксама з алоўкамі ў руках яны спаборнічаюць у ландшафтным майстэрстве, рыхтуючы свае планы пляцовак для сеансаў ароматэрапіі, гаючых газонаў, эскізаў хатніх куточкаў лекавых раслін.

“Я імкнуся раскрыць усю значнасць лекавых раслін для захавання і аднаўлення здароўя чалавека, а таксама паказаць выкарыстанне такіх спосабаў аздараўлення, як ароматэрапія, казкатэрапія, гідратэрапія, музыкатэрапія, — гаворыць Святлана Віктараўна. — Лекавыя расліны заўсёды былі крыніцай жыцця, ежы і здароўя. Многія з іх прайшлі шматвекавую праверку і складаюць бясцэнны фонд сучаснай фітатэрапіі. Курс праграмы пашырае і паглыбляе веды і ўменні вучняў па біялогіі, экалагічнай культуры, спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця, а яе рэалізацыя спрыяе выхаванню ў вучняў беражлівых адносін да прыроды, любові да роднага краю, фарміраванню экалагічнай культуры, прывіццю навыкаў здаровага ладу жыцця”.

Аб правільнасці выбранага шляху гавораць шматлікія перамогі гурткоўцаў на конкурсах экалагічнай і творчай накіраванасці, у прыватнасці Рэспубліканскага аграбіялагічнага конкурсу “Юны натураліст”. Юныя фітатэрапеўты прынялі ўдзел і ў свяце ўраджаю “Юнацкія Дажынкі”, у тыдні інфармацыі па экалогіі “У гармоніі з прыродай”, у акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. На працягу шасці гадоў яны прымаюць удзел у кірмашы-выставе “Віцебшчына — за здаровы лад жыцця”. Шмат узнагарод і ў Святланы Віктараўны. Напрыклад, яна была пераможцай абласнога і дыпламантам рэспубліканскага этапу конкурсу “Лепшы педагог года дадатковай адукацыі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.