“Умець маўчаць, умець слухаць, умець гаварыць”

Героя гэтай паласы многія з вас, напэўна, бачылі на тэлеэкранах і ў YouTube. Двойчы чэмпіён Беларусі і чэмпіён свету па тэлевізійным брэйн-рынгу, уладальнік “Малой Крышталёвай савы” як у тэлегледача, “Малой Крышталёвай савы” як у знаўца і ордэна Гульні беларускага тэлеклуба “Што? Дзе? Калі?”, у 2003 годзе адначасовы пераможца ўсіх індывідуальных і камандных гульняў, па якіх ідуць чэмпіянаты ў краіне, — Яўген Зайцаў. Выхаванцам Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ён знаёмы як трэнер па інтэлектуальных гульнях, студэнтам Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта — як выкладчык. Мы сустрэліся з Яўгенам Валер’евічам за кубачкам кавы і пагаварылі аб сімвалічнасці каманды, нядобрасумленных квізах і белых варонах.

— Яўген Валер’евіч, прыгадайце, як вы пачалі займацца інтэлектуальнымі гульнямі.

— Гэта было ў мае 14 гадоў. Першая гульня здарылася ў лагеры камсамольскага актыву. Кожны вечар нас вучылі рабіць розныя мерапрыемствы, у прыватнасці, была і гульня “Што? Дзе? Калі?”. Мы гулялі дзвюма зборнымі: цотных і няцотных атрадаў. Гэта мне настолькі спадабалася, што ў школе я арганізаваў свой чэмпіянат па ШДК і сфарміраваў зборную, з якой вырасла і да гэтага часу існуе найстарэйшая дзеючая каманда свету па спартыўным ШДК “Умник”. Я выступаю за яе з 1987 года. Потым са знаёмымі з лагернага актыву мы пачалі прапаноўваць пагу­ляць школа на школу, школа на ПТВ. Так адбывалася некалькі гадоў.

У камандзе я быў самым ста­рэйшым, таму школу скончыў раней за іншых. Арганізоўваць гульні стала больш складана, і мы зразумелі, што неабходна нейкім чынам збі­раць аднадумцаў. Адзіным спосабам, які я ўбачыў, было ісці ў школы, весці гуртковую работу і рыхта­ваць дзіцячыя каманды, якія потым вырастуць і стануць часткай клуба. Гэтым і заняўся. Амаль год правёў у бібліятэках, шукаў практыкаванні, плюс вельмі пашанцавала, што ў той момант Барыс Аскаравіч Бурда праехаўся па Беларусі з “інтэлектуальнымі гастролямі”. Ён збіраў школьных арганізатараў, педагогаў і паказваў, як працуе з выхаванцамі ў Адэскім клубе. У канцы 1989/1990 навучальнага года я змог нешта прапанаваць іншым і сабраў сваю першую каманду ў сярэдняй школе № 64 Мінска. Там, дарэчы, трэніраваўся Алесь Мухін. Потым дадалася каманда ў сярэдняй школе № 121.

Справа множылася, коль­касць каманд расла, і гэта прывяло да таго, што ў 1994 годзе мы сустрэліся з яшчэ адной паралельнай галіной. З Наталляй Шышовай, якая да нашай сустрэчы паспела звазіць каманду сярэдняй школы № 51 на тэлевізійны “Брэйн-рынг” у Маскву, мы арганізавалі Мінскі клуб, які пазней назвалі Мінскім клубам каманд інтэлектуалаў. Тады ў нас было 8 каманд, а цяпер, калі верыць Вікіпедыі (а мне вельмі хочацца ёй верыць), гэта найбуйнейшы гарадскі клуб свету па ШДК. У суме ў піку мы аб’ядноўвалі больш за 200 каманд, зараз — больш за 120. З 1996 года клуб супрацоўнічае з Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі і лічыць яго сваім домам.

— Вы былі адным з заснавальнікаў і другім кіраўніком Беларускай лігі інтэлектуальных каманд. Раскажыце, як яна стваралася.

— Так здарылася, што некалькі энтузіястаў адначасова працавалі ў розных гарадах Беларусі і не ведалі адно пра аднаго. Больш за тое, дзесьці за год да стварэння БЛІК у адной з тэлепраграм беларускага ТБ нават абвясцілі, што ідзе збор, будзе чэмпіянат Беларусі. Я пра гэта не пачуў, а тады лю­дзі якраз пазнаёміліся паміж сабой. Я далучыўся да іх крыху пазней, у кастрычніку 1994 года. Ідэя ўжо даўно лунала ў паветры і была ў галаве ў гомельскага трэнера Леаніда Клімовіча. У студзені 1995 года як трэнер і арганізатар гульняў з Мінска я трапіў на чэмпіянат краіны ў Гомель. Там жа фармальна адбылося арганізацыйнае пасяджэнне, якое дазволіла 6 чэрвеня 1996 года атрымаць рэгістрацыйнае пасведчанне ГА “БЛІК”. Гэта адно з нямногіх грамадскіх аб’яднанняў, дзе няма ні адной штатнай адзінкі. Усё, што робіцца, робіцца выключна на энтузіязме.

Трэнеры і арганізатары турніраў па інтэлектуальных гульнях у Мінску з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

“Неабавязкова быць бясконцым эрудытам або бясконцым генератарам ідэй, каб паспяхова гуляць у ШДК. Можна проста ўмець чуць і ўмець выбіраць”.

— Як атрымалася, што ў вас ёсць “Малая Крышталёвая сава” беларускага тэлеклуба “Што? Дзе? Калі?” і за пытанне, і за адказ?

— Я быў на першым адборы на тэлегульню, але не падышоў у склад каманд. Чатыры гады пісаў туды пытанні і глядзеў гульні, а потым праз дабор трапіў у каманду Фёдара Шведава. У сакавіку 2013 года ўпершыню згуляў за сталом. Склад каманды быў для мяне бясконца сімвалічным. Па-першае, там гуляў Сяргей Капуснікаў, з якім мы былі разам у зборнай Беларусі 1995 года. Па-другое, там гуляла Юлія Бейнер, з якой мы сябруем з 1996 года, прычым сябруем сем’ямі. Па-трэцяе, там гуляў Дзіма Герчыкаў, якога я памятаю яшчэ дзіцем і меў дачыненне да фарміравання яго як гульца. Адзіным чалавекам, якога я амаль не ведаў, быў Жэня Грабоўскі, але ён выдатны. Я ўдзячны лёсу за знаёмства з маім капітанам, таму што мы вельмі хутка зрадніліся і вельмі хутка сталі сябрамі. І бясконца рады, што гуляў у гэтай камандзе. Хоць першапачаткова, калі аб’явілі склад, быў незадаволены, бо мне хацелася трапіць да знаёмага Паўла Малецкага, з якім мы пас­пяхова гулялі ў тэлевізійны брэйн.

— Апошнія некалькі гадоў сталі папулярнымі розныя квізы. Гэта неяк паўплывала на колькасць жадаючых займацца інтэлектуальнымі гульнямі?

— Мне здаецца, што па прычыне з’яўлення квізаў адбыўся адток са спартыўных інтэлектуальных гульняў і натуральны падзел на спорт высокіх дасягненняў і фізкультуру. Затое кожны зараз можа знайсці ў інтэлектуальных гульнях найбольш камфортны для сябе ўзровень. У мяне пытанні да квізаў узнікаюць па іншай прычыне, і яны адносяцца не да тых, хто гуляе, а да тых, хто іх арганізоўвае. За многія дзесяцігоддзі існа­вання інтэлектуальнага руху напрацавана сур’ёзная база заданняў, пытанняў. Яна адкрытая. Ёсць квізы, якія рыхтуюць уласны кантэнт на гульні, гэта прыемна. А ёсць тыя, хто крыніцай, у тым ліку свайго фінансавага даб­рабыту, робяць кантэнт з адкрытых баз. Я таксама часам пагульваю ў квізы (жонка запрашае) і ўжо не раз сутыкаўся з сітуацыяй, калі мне даво­дзілася адказваць на пытанні, напісаныя мною для розных прафесійных турніраў.

— Вы гулец, трэнер, выкладчык ва ўніверсітэце. Што з гэтага вам больш па душы?

— Мне больш за ўсё падабаецца быць дзіцячым трэнерам. Але мы гаворым пра тое, што падабаецца, а гэта ў жыцці з’яўляецца хутчэй далікатэсам. Пры гэтым я ўсведамляю, што з пачатку маёй працы вырасла не адно пакаленне выдатных трэнераў, якія робяць гэта лепш, чым я. Асаблівае шчасце — разумець, што з тваім адыходам любімая справа не згіне.

— Спачатку вы трэніра­валі школьнікаў, потым каля 7 гадоў — студэнтаў, у выніку ўсё ж вярнуліся да падлеткаў. Чаму?

— Змяненні і прагрэс, якія адбываюцца з юным чалавекам ад 13 да 17 гадоў, найбольш заўважныя. Прыемна пры­пісваць сабе некаторую частку заслуг у гэтых зменах, хоць я і разумею, што заслуг гэтых значна менш. Мне здаецца вельмі дакладнай фраза добрага мінскага трэнера Канстанціна Бусава: “Асноўную цэглу ў сцяну, якую будзе ўяўляць сабой чалавек, закладваюць школа, бацькі і г.д. А наша мэта — даць адзін з варыянтаў сувязнага раствору”. Зараз я працую з дзвюма дзіцячымі камандамі.

“Першае, чаму я вучу дзяцей, — усё неабходна браць пад сумненне. Другое — умець маўчаць, умець слухаць, умець гаварыць. Менавіта ў гэтым парадку”.

— А які вы трэнер?

— Я стараюся быць злёгку абстрагаваным і стрыманым, па магчымасці адзначаць нейкія змены, якія адбываюцца з дзецьмі, і не саромецца ім гаварыць, што я гэта бачу. Мне здаецца, што ў кожнага падлетка ў жыцці павінен быць нейкі дарослы (не з бацькоў), якому ён можа безумоўна давя­раць. Ён павінен разумець: што б ні здарылася, чалавек будзе на яго баку. На першым месцы ва ўмовах прыняцця рашэнняў перад бацькамі стаіць страх. Дзіцяці побач патрэбен дарослы, які ад гэтага страху вольны. Я вельмі стараюся быць для дзяцей менавіта такім дарослым. Атрымліваецца ці не — іншае пытанне. Мне здаецца, што ў большасці выпадкаў атрымліваецца.

— У трэнерскай дзейнасці вам дапамагае вопыт уласных гульняў?

— Вядома. Па-першае, калі я гляджу, што адбываецца ўнутры каманды, то разумею, што там адбываецца. Можа, разумею крыху лепш, чым самі дзеці. Па-другое, адна з галоўных рэчаў, якія я стараюся прывіць выхаванцам, — гэта ўменне працаваць у калектыве. З любым чалавекам трэба ўмець працаваць. З любым чалавекам трэба ўмець працаваць ра­зам. У мяне ёсць багаты вопыт супрацоўніцтва з самымі рознымі людзьмі з самымі рознымі характарамі, і я спрабую гэтым вопытам дзяліцца.

— Якія дзеці прыходзяць у інтэлектуальныя гульні? І ці мяняюцца яны з гадамі?

— Дагэтуль людзі, якія шчыра імкнуцца да ведаў, кнігі, а не да даволі свабоднага, геданічнага ладу жыцця, з’яўляюцца для іншых хутчэй белымі варонамі. Для таго каб не з’ехаць са сваёй лініі, ім трэба трымацца разам. Заняткі ін­тэлектуальнымі гульнямі даюць такую магчымасць: тут тое, што яны любяць рабіць, мае каштоўнасць і мэту.

Прынцыповая розніца паміж цяперашнім дзіцячым пакаленнем і пакаленнямі ранейшых часоў — гэта максімальны ўзровень крайнасцей. Калі ў час майго дзяцінства ці дзяцінства маіх першых выхаванцаў з усіх удавалася зляпіць нешта больш-менш кампактнае з пункту гледжання характараў, то цяпер гэта зрабіць больш складана. Калі палічыць сярэдні ўзровень, дзеці па вялікім рахунку не вельмі мяняюцца. Але калі мы гаворым пра дзяцей, якія з’яўляюцца інтэлектуаламі-­адзіночкамі, тымі самымі белымі варонамі, то іх узровень расце вельмі моцна. Роўна як і рэзка падае ўзровень тых, каго калісьці лічылі “камчаткай”. А мяркуюць заўсёды па горшых узорах, па тым, што ў найбольшай ступені кідаецца ў вочы.

Нашы дзеці выдатныя, добрыя, іншая справа, што кожнаму наступнаму пакаленню ўсё цяжэй і цяжэй знаходзіць разуменне ў папярэдняга, паколькі хуткасць змены жыццёвых уяўленняў, цікавасцей павялічваецца з кожным годам. Паглыбляюцца праблемы ва ўзаемаадносінах паміж пакаленнем бацькоў і дзяцей. Дзеці цяпер у большай ступені безабаронныя і самотныя, чым былі мы, яны ў большай ступені здольныя і пад­рыхтаваныя, чым былі мы, і яны ў значна большай ступені жывуць на разрыў душы, чым мы.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Я.В.Зайцава.