Увесь год у цвіценні

Святлана Чырун кіруе ўзорным танцавальным калектывам “Пралесачкі” ў Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці ўжо 46 гадоў. За гэты час яна выхавала не адно пакаленне аматараў руху і беларускай культуры.

Ад баяна да аркестра

Пасля заканчэння 8 класаў у 1971 годзе Святлана Іосіфаўна паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча. У 1974 годзе маладую студэнтку размеркавалі ў Гродзенскі абласны парк культуры і адпачынку загадчыцай дзіцячага сектара, але па сямейных прычынах ёй прыйшлося адмовіцца. Дзяўчына прыехала ў Кобрын і, здаецца, захапіла з сабой удачу. У Доме піянераў якраз было вольнае месца харэографа. Там Святлана Іосіфаўна стварыла свой калектыў. Першае выступленне было ў час святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, і танцавальную кампазіцыю вырашылі назваць “Чырвоны гваз­дзік”. Гэтую назву пераняў і калектыў. У 90-х настаў іншы час, Святлана Чырун пагаварыла з дзецьмі, бацькамі, і разам яны вырашылі перайменавацца. Тады і расквітнелі “Пралесачкі”.

“Першыя заняткі былі хвалюючымі, я крыху перажывала, ці атрымаецца ў мяне быць добрым педагогам і кіраўніком. Але работа пайшла сама сабой, дзеці мяне зразумелі і сталі працаваць, — узгадвае Святлана Іосіфаўна. — Выхаванцаў з кожным годам станавілася ўсё больш. Пры першым наборы ў мяне былі 4 групы, гэта каля 60 чалавек. Цяпер у нас асноўны склад — гэта 4 групы

(74 чалавекі), і плюс 2 групы вядзе малады педагог Юрый Янецкі. Там каля 30 дзяцей”.

Трэніроўкі праходзяць 3 разы на тыдзень і доўжацца 2 гадзіны. Пачынаюцца з паклону, аб’яўлення тэмы, пастаноўкі мэт і задач урока. Далей абавязкова работа каля станка.

У другой палове заняткаў выхаванцы вывучаюць новыя рухі і адпрацоўваюць тое, што ўжо засвоілі.

Святлана Іосіфаўна са смехам і жахам узгадвае, у якіх умовах ім даводзілася трэніравацца ў пачатку яе кар’еры. Доўгая вузкая зала з пячным ацяпленнем, дзе было вельмі холадна і не было станкоў. З музычнага суправа­джэння — адзін баян. Касцюмы шылі з марлі, якую ўручную фарбавалі. “Але гэта ўсё роўна былі сістэматычныя заняткі, карпатлівае адточванне тэхнікі і выканальніцкага майстэрства. Дзеці ўсё роўна выдатна выступалі, ім гэта падабалася, яны станавіліся загартаванымі”, — гаворыць кіраўнік. Цяпер у калектыву шыкоўная зала з добрай падлогай, люстэркамі на сценах, станкамі, прасторай для танцаў. Касцюмы добрай якасці прыемна апранаць, а выступаць можна нават пад аркестр.

Змяніліся з тых часоў і дзеці. Цяпер яны больш смелыя, больш ведаюць, таму што ёсць інтэрнэт. Яны могуць глядзець на іншыя калектывы, параўноўваць, рабіць высновы. Калі “Пралесачкі” едуць на фестываль ці конкурс, выхаванцы паводзяць сябе адказна, хвалююцца, хочуць паказаць сябе лепшым чынам. “Я бачу розніцу і ў бацьках, — зазначае Святлана Чырун. — Іх аб’ядноўвае тое, што яны заўсёды непакояцца за сваіх дзяцей, цікавяцца іх поспехамі. Але мне здаецца, што цяпер бацькі больш занятыя, імкнуцца зарабіць больш грошай. Сямейны матэрыяльны дабрабыт выходзіць на першае месца”.

Дзеці пачынаюць танцаваць у “Пралесачках” з 5 гадоў, а заканчваюць у 17—18. Былі выпадкі, што юнакі, якія паступілі ў каледжы, прыходзілі на заняткі, таму што вучыліся ў Кобрыне. Раней з выхаванцамі, акрамя Святланы Іосіфаўны, працавала балетмайстар Таццяна Капуза. Балетмайстар вядзе свае заняткі, выконвае ўказанні педагога-харэографа, працуе над тэхнікай, выразнасцю выканальніцкага майстэрства, можа ставіць уласныя работы. Педагог працуе па сваёй праграме. Немагчыма ўявіць трэніроўкі без акампаніятара Валянціны Міхайлаўны Асаёнак.

Сваё — бліжэй

У рэпертуары калектыву народна-сцэнічныя танцы і танцы, пастаўленыя на мясцовым матэрыяле. Вялікую ўвагу ўдзяляюць фальклорным танцам вёсак Кобрынскага раёна. Святлана Чырун сама і разам з выхаванцамі ездзіла ў экспедыцыі, шукала бабуль і дзядуляў, якія маглі нешта расказаць ці нават паказаць. Разам яны вучылі танцы, а потым паўтаралі для ўсіх на занятках. Вынікам стала даследчая работа, дзе захоўваюцца звесткі пра танцы і людзей, якія пра іх расказалі. “У асноўным нас сустракалі з радасцю. Мы тлумачылі, што будзем выконваць гэтыя танцы, будзем згадваць іх імёны і прозвішчы, таму яны з задавальненнем размаўлялі. На аснове гэтых танцаў мы ствараем кампазіцыі ці ўстаўляем іх часткі ў іншыя работы”, — гаворыць педагог.

Захавальнікі беларускай культуры падзяліліся з гасцямі яшчэ і традыцыйнымі касцюмамі Кобрынскага раёна. У калекцыі “Пралесачак” ёсць сапраўдныя андаракі і вышыўкі. Некаторыя дзеці са сваімі бацькамі самі вышывалі касцюмы па схемах бабуль.

Сярод розных рэгіёнаў ёсць падобныя танцы па музыцы і рухах, той жа падыспан, кракавяк, лысы, але ёсць і асаблівыя. На­прыклад, у Кобрынскім раёне да 1945 года існаваў танец “Цырульнік”. Зімовымі доўгімі вечарамі моладзь збіралася, спявалі песні, танцавалі. У вёсцы Рынкі кожная падобная вечарына пачыналася з танца “Цырульнік”. Гэта жартоўны танец, які паказвае, як да цырульніка прыйшоў наведвальнік, як ён таго стрыг і г.д. Гэта быў смешны, жартоўны танец, які зараджаў і настройваў усіх на весялосць. У ім удзельнічалі ўсяго два чалавекі. Пасля 1945 года гэтыя танцоры з’ехалі ў Польшчу, з таго часу танец знік. Гэтую гісторыю Святлане Іосіфаўне расказала ў мінулым жыхарка вёскі Рынкі Вера Якаўлеўна Ганько. Яна ж дала інфармацыю пра польку з адкідам нагі. Яе ў гэтую вёску прывёз мужчына, які пераехаў з Польшчы. Так у рэпертуары “Пралесачак” з’явіліся два адметныя нумары.

Вялікая ўдача

Калектыву не ўдалося схавацца ад каранавіруса, які ўсё ж змог унесці свае праўкі ў жыццё кобрынскіх танцораў. На трэніроўкі прыходзіла менш дзяцей, прыйшлося адмовіцца ад штогадовага справаздачнага канцэрта, які звычайна праходзіць у маі ў Палацы культуры. Гэта для педагога адно з самага крыўднага, бо выступлення “Пралесачак” у родным горадзе чакаюць многія. На фестывалях калектыў цяпер з’яўляецца толькі анлайн. Паспелі паўдзельнічаць ужо ў двух. “У верасні праходзіў 9 Міжнародны фестываль-конкурс “Зоркі Таўрыды”. Мы дасылалі заяўку, потым відэа з танцавальнай кампазіцыяй “Прывітальная”, журы гэта ацэньвала, — тлумачыць Святлана Чырун. — Па выніках мы атрымалі дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі “Народны танец” ва ўзроставай катэгорыі 11—13 гадоў. Яго даслалі па пошце. Гэтую ж кампазіцыю ў жніўні прадставілі на Міжнародны фестываль-конкурс “Таленты Украіны” і атрымалі гран-пры. Зараз удзельнічаем у трэцім анлайн-конкурсе, але вынікаў пакуль не ведаем, чакаем”.

Каб лепш убачыць карту перамог “Пралесачак”, трэба ўзгадаць конкурсы, якія адбываліся ўжывую. Сярод іх — Міжнародны фестываль нацыянальных культур “Саюз непарушны” (Расія), фестываль-конкурс харэаграфічнай і вакальна-харавой творчасці “Равеснік”, Міжнародны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Мы ра­зам”, Міжнародны фестываль “Сокальскія ўзоры” (Украіна), Міжнародны дзіцячы фестываль “Сонца — радасць — прыгажосць” (Балгарыя). Па-за рамкамі конкурснай праграмы кобрынскіх танцораў запрасілі выступіць у Грэцыі. Куды б яны ні ездзілі, стараюцца не ўпусціць шансу пазнаёміцца з мясцовасцю. Можна схадзіць на аглядную экскурсію, прагуляцца па знакамітых вуліцах, нават падняцца ў горы.

Многія былыя выхаванцы Святланы Іосіфаўны, ці то натхніўшыся ёю, ці то шчыра палюбіўшы танцы, звязваюць з імі жыццё. Яны заканчваюць каледжы мастацтваў і ўніверсітэты культуры, выбіраюць творчую работу. 37 выхаванцаў калектыву сталі прафесійнымі харэографамі. Выпускнікі ансамбля паспяхова працуюць у дзяржаўным ансамблі танца “Харошкі”, заслужаным калектыве Рэспублікі Беларусі ансамблі танца, музыкі і песні “Белыя росы”, у школах мастацтваў.

Кожныя 2 гады ў Брэсцкай воб­ласці праходзіць фестываль фальк­лорнага мастацтва “Радавод”. Туды з’язджаюцца лепшыя музыканты, вакалісты, танцоры і майстры рэгіёна і госці з іншых краін.“Пралесачкі” — частыя ўдзельнікі фестывалю. Максімальная колькасць узнагарод, якую яны прывозілі з конкурсу, — 16.

“З выпускнікамі мы падтрымліваем сувязь. Яны часта прыязджаюць, дзеляцца сваімі поспехамі, расказваюць пра жыццё. Многія прыводзяць у калектыў ужо не толькі сваіх дзяцей, але і ўнукаў, пляменнікаў, сясцёр, братоў. Маім першым выпускнікам ­зараз каля 55—56 гадоў. Я прыйшла працаваць у 18, а ім тады было каля 9”, — прыгадвае педагог.

Столькі часу аддаць адной справе і дагэтуль атрымліваць ад яе асалоду — вялікая ўдача. Хаця Святлана Іосіфаўна тлумачыць гэта любоўю да прафесіі. Без танцаў яна сябе не ўяўляе. Аднак заўважае, што, калі б не падтрымка маці, якая аддала яе ў танцы насуперак бацьку, і мужа, мабыць, жыццё склалася б інакш.

“Любоў да танца ў мяне з’явілася ў дзяцінстве, калі ў 7 гадоў мама прывяла мяне ў танцавальны гурток у Дом піянераў Кобрына. Мы вучылі розныя танцы, але ў асноўным дзіцячыя. Маім першым настаўнікам стала Дзіна Пятроўна Луферава, найпрыгажэйшая жанчына, у якую былі ўлюблёныя ўсе выхаванцы. Напэўна, яна і адыграла сваю ролю ў маім прафесійным выбары. Тады я вырашыла, што стану педагогам. І пачала гаварыць усім, што буду вучыць дзяцей танцаваць”.

Вось так адзін чалавек, не ведаючы таго, натхняе іншага. А потым той, напоўнены любоўю да сваёй справы, перадае гэта далей. Мы працягваемся ў нашых дзецях. І выхаванцах.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва калектыву.