Вам даручылі — вось і выхоўвайце

Сацыялагічнымі даследаваннямі даказана, што ўплыў сям’і на дзіця мацнейшы за ўплыў школы, сродкаў масавай інфармацыі, вуліцы. Гэты факт не можа не цікавіць школу. Відавочнай стала неабходнасць змяніць адносіны ўстановы адукацыі і сям’і.
Партнёрскім адносінам трэба будзе вучыцца як педагогам, якія часта лічаць сябе носьбітамі ісціны, так і бацькам, дзеянні якіх ляжаць паміж палюсамі “мы вам даручылі, вось і выхоўвайце” і “дайце мне параду на кожную хвіліну маіх зносін з дзіцем”.

Сёння ніхто не сумняваецца ў тым, што вучэбны і выхаваўчы працэс — адзінае цэлае. У бацькоў і педагогаў адна мэта — выхаваць чалавека, які будзе валодаць такімі якасцямі, як грамадзянскасць, патрыятызм, маральнасць, духоўнасць, крэатыўнасць і г.д. І поспеху на гэтай ніве можна дасягнуць толькі пры сістэматычным узаемадзеянні сям’і і школы.
Бацькоў неабходна далучаць да ўдзелу ў школьных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах, у кіраванні школай праз папячыцельскі савет і класныя бацькоўскія камітэты. Так, на працягу апошніх двух гадоў у нашай установе адукацыі бацькі з’яўляюцца членамі агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці юных талентаў “Зорная ростань”, прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні Дзён здароўя, афармленні сямейных фотавыстаў, падрыхтоўцы навагодніх свят. Найбольшага эфекту дасягаюць мерапрыемствы, у якіх бацькі прымаюць непасрэдны ўдзел. Увайшло ў традыцыю правядзенне малых спартыўных алімпійскіх гульняў з бацькамі.
Шырока практыкуецца ў нашай школе і такая форма работы, як педагагічныя кансультацыі дома, у школе. Тэматычныя і індывідуальныя кансультацыі праводзяцца па запытах бацькоў, калі яны сутыкаюцца з праблемай у выхаванні дзіцяці, якую самастойна вырашыць не могуць. Кожная кансультацыя прадугледжвае не толькі абмеркаванне праблемы, але і практычныя рэкамендацыі па яе вырашэнні.
Бацькоўскі сход на працягу многіх гадоў застаецца адной з найбольш распаўсюджаных форм работы з бацькамі. Тут сустракаюцца два бакі, якія ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе, — педагогі і бацькі — для таго, каб выслухаць адно аднаго і абмеркаваць асноўныя праблемы трэцяга, самага галоўнага боку — дзяцей. Гэтая акалічнасць накладае вялікую адказнасць на класнага кіраўніка на ўсіх этапах падрыхтоўкі, правядзення і асэнсавання бацькоўскага сходу.
Ад узгодненасці дзеянняў школы і сям’і ў многім залежыць выніковасць і эфектыўнасць працэсу выхавання. У цяперашні час пытанне абароны правоў дзяцей, прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва, безнагляднасці і правапарушэнняў набыло асаблівую вастрыню ў нашым грамадстве. Асаблівую ўвагу мы звяртаем на своечасовяе выяўленне і ўмяшаннеі ў праблемы і цяжкасці сям’і. Сацыяльна-псіхалагічная служба стала неад’емным кампанентам сістэмы адукацыі.
Пры правядзенні псіхолага-асветніцкай работы выкарыстоўваюцца лекцыі, гутаркі, семінары, выставы псіхалагічнай літаратуры, прагляд і абмеркаванне кіна- і відэаматэрыялаў і іншыя формы работы. Сацыяльны педагог школы рэгулярна праводзіць факультатыўныя заняткі ў 11 класе “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”. Адным з напрамкаў работы з сям’ёй з’яўляецца практычны ўдзел бацькоў у фарміраванні навыкаў ЗЛЖ, падрыхтоўка пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў, арганізацыя паходаў і экскурсій, спартыўных мерапрыемстваў. Бацькі становяцца непасрэднымі ўдзельнікамі школьных, класных спраў і саюзнікамі педагога ў выхаванні дзяцей.
Выхаванне дзяцей — цяжкая і складаная справа, якая патрабуе ад бацькоў і педагогаў не толькі любові да дзяцей, але і адказнасці, вытрымкі, цярплівасці і ўмення адмовіцца ад сваіх асабістых інтарэсаў. Прыцягваючы бацькоў уключыцца ў выхаванне дзіцяці, мы выконваем агульную высакародную справу — дапамагаем яму заняць дастойнае месца ў грамадстве.

Ларыса ХАМІЧЭНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова.