Здароўе зберагу — сабе дапамагу

Акрамя нанясення непапраўнай шкоды здароўю тых, хто курыць, курэнне запавольвае асобасны і маральны рост дзяцей і падлеткаў. Прафілактыка курэння — актуальная тэма. Лічу, што асновы прапаганды здаровага ладу жыцця павінны закладвацца з малодшага школьнага ўзросту. Працуючы больш за 10 гадоў па тэхналогіі “Крок за крокам”, пераканалася ў тым, што педагагічны саюз настаўнікаў і бацькоў — магутная выхаваўчая сіла. Менавіта таму для правядзення гэтай класнай гадзіны была выбрана форма пасяджэння сямейнага клуба.
Мэта: пашырэнне ведаў навучэнцаў пра шкоду курэння, пра каштоўнасныя адносіны да ўласнага здароўя, імкненне да здаровага ладу жыцця.

Задачы: садзейнічаць усведамленню таго, якую шкоду курэнне аказвае на здароўе чалавека, развіццю ўмення крытычна мысліць (уменне прадбачыць вынікі сваіх учынкаў, прагназаваць сітуацыю, пазбягаць неапраўданай рызыкі і г.д.), выхаванню негатыўнага стаўлення да курэння.

Абсталяванне: прэзентацыя “Я здароўе зберагу — сам сабе дапамагу”, камп’ютар, мультымедыйны праектар, праекцыйны экран, анкета для бацькоў, плакат “Курыць — здароўю шкодзіць”.

Форма правядзення: пасяджэнне сямейнага клуба.

Абараніце дзяцей ад тытунёвага дыму

Ход мерапрыемства

І. Уступная гутарка

Настаўнік. Добры дзень, мае дарагія вучні, паважаныя бацькі. Сёння мы зноў сустрэліся на пасяджэнні нашага сямейнага клуба. Якая яго тэма? Аб гэтым вы даведаецеся крыху пазней. А зараз я хачу пагаварыць аб здароўі — самай вялікай каштоўнасці, якая ёсць у чалавека. Пагадзіцеся: яго нельга купіць ні за якія грошы. Толькі здаровы, усебакова развіты, адукаваны чалавек здольны быць сапраўдным творцам уласнага лёсу і лёсу сваёй краіны.

Здароўе на свеце вышэй за ўсё,

Багацці зямлі не заменяць яго!

Здароўе не купіш, ніхто не прадасць,

Што ж трэба рабіць, каб яго захаваць?

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

Як вы думаеце, ці можа чалавек нашко­дзіць свайму здароўю? Як?

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

ІІ. Увядзенне ў тэму

Настаўнік. Сёння ў нас пойдзе су­р’ёз­ная размова пра… А тэму нашай размовы я прапаноўваю вам назваць самім пасля таго, як вы пагледзіце відэаролік з мультыплікацыйнага фільма “Востраў скарбаў”.

(Прагляд відэароліка “Песенька пра шкоду курэння” з мультыплікацыйнага фільма “Востраў скарбаў”.)

Якая тэма сённяшняга пасяджэння сямейнага клуба?

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

Сапраўды, сёння ў нас з вамі пойдзе гутарка пра курэнне. Што вы ўяўляеце, калі чуеце слова “курэнне”?

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

На вашу думку, чаму можна курыць і чаму нельга? Успомніце відэаролік — там быў адказ.

Курэнне выклікае заўчаснае старэнне скуры

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

Прачытаем, што напісана на плакаце. Як думаеце, чаму тут не напісана “Курыць — сябе губіць!”, “Курыць — свайму здароўю шкодзіць!”?

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

Хто з вас даў правільны адказ, мы даведаемся напрыканцы нашага пасяджэння.

ІІІ. Інфармацыйны блок

Настаўнік. У цыгарэце знаходзіцца здробненая трава — тытунь. Але ён не заў­сёды атручваў чалавецтва. Доўгі час людзі не ведалі пра курэнне. Успомніце, калі ласка, адкуль прыйшоў тытунь?

(Адказы прысутных.)

Першы тытунь у многіх краінах быў сустрэты не вельмі ветліва. За курэнне сур’ёзна каралі: ад палачных удараў і лупцоўкі пугай, да адразання носа і вушэй. Гандляроў тытунём чакала смяротнае пакаранне. Але паступова забароны на курэнне адмяняліся ў розных краінах. З гадамі да шкоднай звычкі далучыліся мужчыны, жанчыны, маладыя людзі, падлеткі і нават дзеці. Узнікла мода на курэнне: цыгарэты, маўляў, дзяўчатам надаюць асаблівую элегантнасць, а юнакам — мужнасць. Прыналежнасцю некаторых тэле- і кінагерояў стала цыгарэта.

На жаль, чалавек не заўсёды задумваецца аб тым, што яго чакае ў будучыні. Дык шкодна курэнне ці не? Давайце запытаем медыцынскага работніка.Медыцынскі работнік. Медыцынскія работнікі адзінадушныя: курэнне шкоднае! Як для чалавека, так і для жывёл! Вераб’і і галубы гінуць, калі да іх дзюбы ўсяго толькі паднесці шкляную палачку, змочаную
нікацінам. Трус гіне ад 1/4 кроплі нікаціну, сабака — ад 1/2. Для чалавека смяротная доза складае 2—3 кроплі. А калі перавесці ўсё гэта на цыгарэты, то для дарослага чалавека адзiн пачак, выкураны за адзін прыём, смяротны, для дзяцей — паўпачка! І гэта было даказана мноствам фактаў.

Аднойчы ў Францыі, у Ніцы, у выніку конкурсу “Хто больш выкурыць” двое пераможцаў, якія выкурылі па 60 цыгарэт, памерлі, а астатнія ўдзельнікі з цяжкім атручэннем трапілі ў бальніцу. Тыя, хто курыць, атручваюць свой арганізм, і больш за ўсё лёгкія. У чалавека, які не курыць, лёгкія ружовыя, а ў таго, хто доўгі час курыць, яны становяцца шэрымі ад шкодных рэчываў. Курцам цяжка дыхаць, яны шмат кашляюць, часцей і даўжэй хварэюць, становяцца інвалідамі і раней паміраюць.

Курэнне — прычына сардэчна-сасудзістых і ракавых захворванняў

Калі чалавек пачынае курыць у 9—12 гадоў, то ў яго рэзка запавольваецца рост, дрэнна развіваецца памяць і ўвага, ён часта памыляецца. Устаноўлена, што людзі, якія пачалі курыць да 15-гадовага ўзросту, паміраюць ад раку лёгкіх у 5 разоў часцей, чым тыя, хто пачаў курыць пасля 25 гадоў. У тых, хто курыць, у 13 разоў часцей выяўляюць стэнакардыю, у 12 разоў — інфаркт міякарда, у 10 разоў — язву страўніка і ў 30 разоў — рак лёгкіх. Курэнне ў два разы больш небяспечнае для арганізма, які расце, чым для дарослага. Курэнне школьнікаў запавольвае іх фізічнае і псіхічнае развіццё. Стан здароўя, падарваны курэннем, не дазваляе выбраць род заняткаў даспадобы, дасягнуць поспеху. Цыгарэты і школьнік несумяшчальныя.

Настаўнік. Вось як вашы бацькі адказалі ў анкетах на пытанні “Калі (у якім узросце або класе) вы пачалі курыць?” і “Што вы тады адчулі?”.

(Зачытваюцца адказы з анкет.)

Медыцынскі работнік. Сапраўды, пры першым курэнні ў чалавека звычайна пяршыць у горле, пачашчана б’ецца сэрца, у роце — непрыемны смак, у вачах цямнее, галава пачынае кружыцца… І гэта невыпадкова. Так арганізм чалавека змагаецца з атрутай і сігналізуе гаспадару: “Не губі сябе! Ніколі не спрабуй больш!”

Настаўнік. А калі за адной цыгарэтай рушыць услед другая, то арганізм перастае супраціўляцца: чалавек прывыкае да курэння, а потым ужо і кінуць цяжка. Вось што адказалі бацькі на пытанне “Ці спрабавалі вы кінуць курыць?”.

(Зачытваюцца адказы.)

Медыцынскі работнік. Адвыкаць трэба! Навукоўцы і ўрачы даказалі, што чалавек, які курыць, скарачае сабе жыццё, раней памірае, часцей хварэе, ды і выглядае непрывабна: жоўтая скура, жоўтыя зубы і пальцы, кашаль і сіплы голас, пастаянны пах тытуню. А што адбываецца з людзьмі, якія не кураць самі, але знаходзяцца побач з тымі, хто курыць? Як вы думаеце?

(Адказы навучэнцаў і бацькоў.)

Чаму? Аказваецца, і на гэта вучоныя далі адказ. Гэтыя людзі — мы з вамі — становімся ў такім выпадку пасіўнымі курцамі. Калі курэц некалькі разоў набярэ ў рот дым ад цыгарэт і выдыхне яго на чыстую сурвэтку, то на белай тканіне ўтвараецца карычневая пляма. Гэта тытунёвы дзёгаць — яд, які змяшчаецца ў дыме. І, напрыклад, калі памазаць трусу вушы гэтым дзёгцем, ён захварэе і памрэ.

Курэнне падчас цяжарнасці шкодзіць вашаму дзіцяці

А гэта значыць, што цыгарэтны дым небяспечны для здароўя не толькі тых, хто курыць, але і тых, хто дыхае гэтым дымам. Вось чаму нельга знаходзіцца ў памяшканні, дзе кураць, і трэба старацца хутчэй яго праветрыць.

Цяпер вы самі можаце зрабіць вывад.

Ці карысна курэнне дзецям?

(Адказы бацькоў.)

Ці карысна курэнне дарослым?

(Адказы дзяцей.)

  1. Гульнявыя заданні
  2. Права выбару

Настаўнік. А зараз заданне. Я прачытаю вам урывак з аповесці-казкі Аляксандра Курляндскага “Ну, пачакайце! Або двое на аднаго”, а кожная сям’я прыдумае свой працяг гэтай гісторыі.

“Аднойчы Зайчык вырашыў пасябраваць з Ваўком. Купіў яго любімыя цыгарэты з аднагорбым вярблюдам.

Працягнуў і сказаў:

— Курыце. Гэта вам.

Воўк цыгарэты ўзяў. Закурыў. А потым нядобра зірнуў на Зайчыка:

— А ты ведаеш, што курыць шкодна?

— Ведаю, — сказаў Зайчык.

— Ведаеш, а мне падсоўваеш. Хочаш атруціць?

— Што вы? — сказаў Зайчык. — Я хачу з вамі сябраваць.

Воўк усміхнуўся:

— Тады на, куры. (Працягнуў Зайчыку пачак.)

— Мне рана курыць, — сказаў Зайчык. — Мне мама не дазваляе.

— Я дазваляю, — сказаў Воўк. — Так і перадай маме”.

Што трэба было рабіць Зайчыку?

Настаўнік (пасля выканання задання). Што зрабіў Зайчык?

(Кожная сям’я зачытвае свой працяг казкі. Кожны варыянт абмяркоўваецца.)

Настаўнік (знаёміць прысутных з працягам аповесці-казкі).“Зайчык узяў цыгарэтку.

Воўк пстрыкнуў запальнічкай. Паднёс язычок полымя да твару Зайчыка:

— Давай, давай. Куры!

Зайчык зацягнуўся густым з’едлівым дымам. Унутры ў яго быццам выбухнула бомба.

Ён кашлянуў. Цыгарэта стрэліла з рота, быццам ракета з пускавой устаноўкі.

Воўк закрычаў, скідаючы з сябе яе падпаленыя абломкі.

Курэнне выклікае моцную залежнасць. Не пачынайце курыць!

Больш Зайчык не спрабаваў заводзіць сяброўства з Ваўком. Як убачыць яго прыгорбленую постаць, ногі ў рукі — і поўны наперад!”

Настаўнік. Чаму нас вучыць гэтая казка?

(Адказы навучэнцаў і іх бацькоў.)

  1. Ролевая гульня для школьнікаў

Настаўнік. Дзеці, зараз я раздам вам лісты, на якіх надрукаваны розныя жыццёвыя сітуацыі. Ваша задача — прачытаць сітуацыю і даць пераканаўчую адмову таму, хто прапаноўвае курыць. Будзьце, калі ласка, уважлівымі. Вашы бацькі сочаць за правільнасцю выканання заданняў.

Сітуацыя 1. Міша прыйшоў на дзень нараджэння да аднакласніка. Там ужо сабраліся аднагодкі. Саша дастаў з кішэні цыгарэты і прапанаваў пасваволіць. Пеця ахвотна пагадзіўся (маўляў, падумаеш, адзін раз), а Міша рашуча адмовіўся…

Сітуацыя 2. Хлопцы, якія жылі ў адным доме, вырашылі пакатацца з горкі. Саша зайшоў за Андрэем, затым разам яны накіраваліся за Сярожам і Віталікам. Віталік чамусьці доўга поркаўся ў сваім пакоі, а калі выйшлі на вуліцу, сказаў: “А што я прынёс!” — і да­стаў схаваныя цыгарэты. “Нічога сабе!” — захапіўся Андрэй. Сярожа сумеўся, а Саша рашуча заявіў: …

Сітуацыя 3. На вуліцы да цябе падыхо­дзіць старэйшы сусед. Ён працягвае цыгарэту і кажа: “На, пакуры. Ты ж ужо немаленькі”.

Што ты зробіш?

(Адказы навучэнцаў, абмеркаванне сітуацый.)

Настаўнік. Уменне адмовіцца ад прапанаваных цыгарэт — гэта паказчык вашай даросласці, вашай самастойнасці. Калі вы адмовіцеся ад курэння, то можаце сабой ганарыцца. Значыць, у гэтым жыцці вы дасегняце самага лепшага.

  1. Вынік

Настаўнік. Падвядзём вынік пасяджэння сямейнага клуба. Давайце яшчэ раз прачытаем, што напісана на плакаце. (“Ку­рыць — здароўю шкодзіць!”.)

Як думаеце, чаму тут не напісана “Ку­рыць — сябе губіць!”, “Курыць — свайму здароўю шкодзіць!”? Давайце адкажам.

(Адказы навучэнцаў і бацькоў.)

Настаўнік (падводзіць вынік). Курэц губіць не толькі сваё здароўе, але і шко­дзіць здароўю навакольных людзей, якія з’яўляюцца ў гэтым выпадку пасіўнымі курцамі, удыхаючы атруту. Менавіта таму гавораць, што курыць — здароўю шкодзіць!

Творчая работа для ўсіх удзельнікаў пасяджэння сямейнага клуба

Настаўнік. Мы падышлі да самага адказнага задання. Для яго выканання трэба спачатку адгадаць анаграмы, а затым стварыць праект, які будзе накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця.

ДАЧПАКАНЫ (адпачынак) ЕЎЗРАДО (здароўе), РАУТЬЛІФЗУК (фізкультура), ЛЕПАРНІВЬА АНХАЧНЕРАНВ (правільнае харчаванне) ЫРМЭЖ НЯД (рэжым дня).

(У выніку сумеснай працы атрымалася лістоўка.)

Настаўнік. Заканчваецца пасяджэнне сямейнага клуба. Я хачу падзякаваць усім, хто наведаў яго. Паважаныя бацькі, а што вы пажадаеце нашым дзецям? Дзеці, што вы пажадаеце вашым бацькам?

Настаўнік. Здароўе — бясцэнны дар, які дадзены прыродай толькі раз! А здаровы лад жыцця — шлях да шчасця, дабрабыту і росквіту!

Дзякуй за работу!

Склала Алена КЛЕЯНКОВА,
настаўніца пачатковых класаў
Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.