Значок за адвагу

На рэспубліканскім семінары, які праходзіў у пачатку навучальнага года для дырэктараў цэнтраў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, разглядаўся шэраг актуальных пытанняў экскурсійнай работы з навучэнцамі. Размова была сур’ёзная, канструктыўная, і пра яе вынікі наша выданне паведамляла ўжо ў адным з вераснёвых нумароў. Вернемся да семінара яшчэ раз і пагаворым на не менш важную, чым аказанне платных экскурсійных паслуг, тэму: заахвочванне лепшых навучэнцаў калісьці папулярнымі, а цяпер амаль што забытымі, металічнымі значкамі.

Семінар — гэта што? Гэта даклады, выступленні, гэта засяроджаныя, удумлівыя твары, гэта прапановы, дыскусіі. А ці можа быць семінар, праграмай якога прадугледжана абмеркаванне сур’ёзных пытанняў, з усмешкамі і вясёлымі тварамі, з успамінамі дзяцінства і юнацкімі марамі? Безумоўна. Асабліва калі мерапрыемства праводзіцца для турыстаў і краязнаўцаў і калі на ім абмяркоўваецца Палажэнне аб значку “Юны турыст Беларусі”. Калі прэзідыум прапанаваў удзельнікам семінара азнаёміцца з чарнавым варыянтам дакумента і ўнесці ў яго ўдакладненні, твары турыстаў упрыгожылі ўсмешкі. У гэтыя хвіліны кожны ўзгадаў далёкае дзяцінства, той радасны момант, калі падчас агульнага пастраення турыстычнага лагера табе надаваўся ганаровы статус юнага турыста СССР і ўручаўся цяжкаваты, металічны, барэльефны, яркі значок з выявай белай палаткі і сіняга неба. Потым ужо, у студэнцкія гады, у перыяд педагагічнай дзейнасці, колькасць падобных значкоў павялічвалася, аднак той першы, нібыта першае каханне, заставаўся самым дарагім і каштоўным. Імгненні яго ўручэння і цяпер, нягледзячы на тое, што прайшло больш за 40 гадоў, добра памятае дырэктар Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска Леанід Леанідавіч Семчанка. Было гэта ў пачатку 70-х, у 2 класе. 15-кіламетровы двухдзённы паход на бераг Дняпра па роднай Рагачоўскай зямлі, начное, употай ад педагога, катанне на чоўне, дзівосныя начныя сілуэты дрэў, самы звычайны батон, які ў паходзе падаўся настолькі смачным, што быў з’едзены літаральна за 10 хвілін, і фінальнае пастраенне турыстычнай групы, падчас якога будучаму кіраўніку турыстычнай Бабруйшчыны была ўручана першая баявая турыстычная ўзнагарода — значок юнага турыста.— У тыя часы мы з сябрамі вельмі сур’ёзна адносіліся да гэтай справы. Кожны імкнуўся атрымаць падобны значок. Для нас быў асаблівы гонар насіць на грудзях металічны, бліскучы знак адрознення. І гэта не дзіўна, бо да яго ўладальнікаў і аднакласнікі, і дарослыя ставіліся з павагай. У каго былі значкі, той лічыўся лепшым, быў сапраўдным аўтарытэтам. Паміж дзецьмі ў гэтым плане была сур’ёзная канкурэнцыя, своеасаблівыя спаборніцтвы. Дарэчы, у тыя часы школьнікі імкнуліся атрымаць значкі не толькі юнага турыста, але і юнага фізіка, юнага хіміка і, безумоўна, значкі за выкананне норм ГПА. У мяне нават захаваўся стары чорна-белы фотаздымак, на якім я ў пілотцы і значках гляджу ў аб’ектыў фотакамеры, — паведаміў Леанід Леанідавіч. Калі для савецкіх школьнікаў вяршыняй мар было атрыманне значка “Юны турыст СССР”, то для дарослых аматараў паходаў і актыўнага ладу жыцця сапраўднай баявой узнагародай лічыўся значок “Турыст СССР”. Для яго атрымання і сапраўды трэба было здзейсніць невялікі подзвіг: пераадолець некалькі ступенных паходаў. Для Леаніда Леанідавіча гэта быў паход па рацэ Паўднёвы Буг, яшчэ на першым курсе геаграфічнага факультэта БДУ. Асабліва ганарыцца педагог значком “Альпініст СССР”. Прыгожы, кругленькі, цяжкаваты, першапачаткова ён даваўся за пакарэнне Эльбруса, потым за ўзыходжанне на іншыя высокія пункты вялікай краіны. “Той паход помніцца да дробязей. Было гэта ў гарах Грузіі. Помню, як прачнуліся ў 3 гадзіны ночы, як нібыта першабытныя людзі пачалі прабірацца да заснежанай вяршыні па скалах. Вакол — ні душы, толькі наша турыстычная група, толькі зоркі і вечнасць. Здавалася, што мы не ў гарах на Зямлі, а на паверхні іншай планеты, а можа нават перанесліся з дапамогай машыны часу ў далёкія першабытныя часы. Запомнілася не толькі ўзыходжанне, але і спуск. Мы літаральна беглі за інструктарам да месца базіравання лагера, а потым узмакрэлыя, стомленыя дружна купаліся ў ледзяной рэчцы, — узгадвае педагог. Па словах загадчыка аддзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Васіля Мікалаевіча Канавальчыка, значок “Юны турыст СССР” быў самым пачатковым этапам, самым нізкім разрадам па турызме. Пасля атрымання значка “Турыст СССР” можна было выканаць спартыўныя разрады па ту
рызме і потым паспрабаваць стаць уладальнікам звання і адпаведнага значка “Майстра спорту”. Аднак гэта было для большасці турыстаў нешта завоблачнае, вышэйшае за Эверэст, амаль недасягальнае з-за высокіх нарматыўных патрабаванняў і пэўных нюансаў. “Ці ёсць сэнс аднаўляць значкі? Чаму б і не. Аднак тут важна вызначыцца, за што яны будуць прысуджацца. Прымаць рашэнне аб распрацоўцы і зацвярджэнні значкоў павінна турыстычная грамадскасць краіны. Што тычыцца значка кшталту “Турыст Беларусі”, то гэта прэрагатыва выключна Міністэрства спорту і турызму, а вось зацвярджэнне значка “Юны турыст Беларусі” — гэта ўжо справа сістэмы адукацыі і ў першую чаргу Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства”, — лічыць Васіль Мікалаевіч.
Можна ўвесці некалькі ступеняў значка юнага турыста. Напрыклад, значок першай, самай высокай ступені ўручаць на ўзроўні краіны Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, а другой і трэцяй — на ўзроўні абласцей і раёна. Можна зацвердзіць і значкі за пераадоленне пэўнай колькасці кіламетраў. Напрыклад, заахвоціць навучэнцаў, якія прайшлі 500 км, значком з выявай палаткі і лічбай “500”. “Калісьці ў сваім цэнтры мы рабілі для дзяцей, якія пераадолелі тысячу кіламетраў, спецыяльныя медалі. У нас нават быў клуб навучэнцаў-“тысячнікаў”. У гэтай справе абмежаванняў для творчасці няма”, — адзначыў Леанід Леанідавіч. Згодна з палажэннем, значком “Юны турыст Беларусі” плануецца ўзнагароджваць навучэнцаў, якія дасягнулі 9-гадовага ўзросту і якія прынялі ўдзел на працягу года як мінімум у трох паходах: адным 1-дзённым, двух 2-дзённых (з начлегам у палявых умовах). Рашэнне аб узнагароджанні значком будзе прымацца спецыяльнай камісіяй на падставе выканання навучэнцам вызначаных норм, што будзе пацвярджацца маршрутнымі лістамі або даведкамі, выдадзенымі па выніках удзелу ў паходах адпаведнымі арганізацыямі альбо маршрутна-кваліфікацыйнай камісіяй, а таксама пасля паспяховага праходжання гутаркі па асновах турызму. Права выдаваць значкі будзе нададзена ўстановам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установам агульнай сярэдняй адукацыі, калектывам фізічнай культуры прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Адначасова са значком будзе ўручацца пасведчанне ўстаноўленага ўзору. Эксклюзіўнае права на выраб значка плануецца даверыць Рэспубліканскаму цэнтру экалогіі і краязнаўства. Палажэнне аб значку яшчэ канчаткова не зацверджана, таму кожны можа ўнесці свае прапановы і наконт норм для яго атрымання, і наконт знешняга выгляду гэтай своеасаблівай турыстычнай узнагароды.

У савецкія часы сапраўднага турыста ад аматара адрозніваў значок “Турыст СССР”, які ўпершыню быў уручаны на V злёце турыстаў летам 1939 года. Існаваў цэлы шэраг выпрабаванняў, пераадолеўшы якія можна было атрымаць званне турыста. Гэта і выкананне норм ГПА, і здзяйсненне турыстычных марш-кідкоў мінімум на шэсць сутак, і ўменне карыстацца картай і компасам. Перш чым прэтэндаваць на дарослы значок “Турыст СССР”, неабходна было атрымаць значок “Юны турыст СССР”, які быў зацверджаны 10 красавіка 1954 года. Да здачы нарматываў дапускаліся піянеры з 10 гадоў. Ім трэба было выканаць шэраг заданняў, напрыклад, прадэманстраваць уменне арыентавацца на мясцовасці з дапамогай карты і компаса або без іх, чытаць сляды, правільна выбіраць месца для прывалу і разводзіць вогнішча. Адно з галоўных патрабаванняў — здзейсніць чатыры паходы агульнай працягласцю 48 км хаця б з адным начлегам. Рашэнне аб выдачы значка і адпаведнага пасведчання прымалася саветам піянерскай дружыны. Вядомы такі факт: за 1987/1988 навучальны год у Гомельскай вобласці больш за 53 тысячы школьнікаў выканалі нарматывы на значок “Юны турыст СССР”, а больш за 37 тысяч — на значок “Турыст СССР”.

— На жаль, у пэўны перыяд нашай гісторыі мы страцілі традыцыю ўзнагароджвання лепшых навучэнцаў металічнымі значкамі. Па знешнім выглядзе ж не скажаш, гэты хлопец чэмпіён краіны па шахматах або ён здзейсніў складаны паход. А так, сустракаеш такога хлопца са значком і бачыш, што ў свае 12 гадоў ён заслужыў сапраўднай мужчынскай павагі. Шмат прыкладаў, калі дзеці дабіваюцца высокіх вынікаў у турызме, аднак пра іх дасягненні мала хто ведае. Значкі маглі б стаць добрым інфарматарам і своеасаблівым папулярызатарам турыстычнай справы. Дзецям жа падабаецца ўсё яркае, бліскучае. Нехта задавальняе свае патрэбы ў камп’ютарных гульнях, аднак было б добра, каб гэтыя патрэбы вучні задавальнялі ў змаганнях за значкі. Тут важна наладзіць сістэмную работу, — падзяліўся Леанід Леанідавіч Семчанка.
Рэсурсы заахвочвання — гэта не толькі металічныя, бліскучыя значкі, але і кубкі. Аднак гэта ўжо тэма для асобнай размовы. А правесці гэтую размову на старонках “Настаўніцкай газеты” было б варта. Тым больш што ў нашага выдання ёсць свае турыстычныя традыцыі: у 1987 годзе “Настаўніцкая газета” зацвердзіла пераходны прыз для ўдзельнікаў Рэспубліканскіх турыстычных спаборніцтваў педагагічных работнікаў — спецыяльны кубак. Цікава было б сустрэцца з яго ўладальнікамі і пагутарыць пра турыстычныя баталіі амаль 30-гадовай даўнасці. А што наконт значка юнага турыста, то размова пра яго таксама не заканчваецца. Палажэнне канчаткова не зацверджана, таму кожны можа выказваць прапановы і накіраваць іх у аддзяленне краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва Л.Л.СЕМЧАНКІ.