А вакол прыгажосць

Ты малое дзіця, басанож бяжыш праз летняе поле, і твае вочы бясконца чапляюцца за прыгажосць палявых кветак. Васількі, рагулькі, рамонкі выглядаюць з залацістых каласоў, быццам хочуць табе ўсміхнуцца, парадаваць цябе сваімі яскравымі фарбамі і задаць вясёлы настрой на ўвесь дзень.

Гэтая карціна майго вясковага дзяцінства захавалася на ўсё жыццё і адразу ж усплыла, выбралася на паверхню з хованкі ўспамінаў, як толькі мне на вочы трапілі дзівосныя работы выхаванцаў узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Каларыт” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска. Вось што аб’ядноўвае ўсе пакаленні дзяцей, вось што агульнага ёсць паміж намі — мы здольны бачыць прыгажосць.

— Будучыня краіны залежыць ад каштоўнасных арыенціраў, мыслення, паводзін і адносін падрастаючага пакалення беларусаў да сваёй роднай зямлі, народных звычаяў і традыцый, — тлумачыць ідэю стварэння мастацкага праекта педагог дадатковай адукацыі Светлагорскага цэнтра творчасці Алена Рашэцька. — Далучэнне ж да культурных каштоўнасцей — неад’емная частка адукацыйнага працэсу ва ўстановах дадатковай адукацыі.

Насамрэч, народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва нясе ў сабе багаты матэрыял для творчасці. У ім увасобілася жывая душа беларускага народа, яго багаты практычны вопыт і эстэтычны густ. Доўгі час дрэва заставалася амаль адзіным матэрыялам для вырабу розных рэчаў: прылад працы, посуду, элементаў дэкору. Сёння яго ў многім замяніў пластык, зрабіўшы тым самым драўляныя вырабы больш каштоўнымі, а сама мастацкая апрацоўка матэрыялу і канчатковае ўвасабленне стала складаным, працаёмкім рамяством. Раней у сялянскіх сем’ях прыёмы традыцыйных рамёстваў перадаваліся з рук у рукі. Дзеці назіралі за працай дарослых, спрабавалі яе паўтараць і хутка засвойвалі практычныя навыкі. Сучаснасць зрабіла жыццё чалавека прасцейшым, значна палегчыла яго дзейнасць. У гэтых умовах пераемнасць перапынілася. І ўсё ж беларусы імкнуцца захаваць традыцыі, аднавіць адсутнае звяно ў ланцугу пераемнасці рамеснага і мастацкага вопыту. Зноў жа важная роля ў гэтым належыць педагогам-дадаткоўцам.

Праект “А вакол прыгажосць” узнік у Алены Рашэцька якраз як пошук вырашэння праблемы пераемнасці, далучэння дзяцей да народнай культуры. Уявіце сабе звычайную дошку. Нехта бачыць проста распілаваны ствол дрэва. Але ж калі на гэта глядзіць творца, усё імгненна мяняецца, і звычайная дошка ўжо перастае быць проста дошкай, яна ператвараецца ў нейкія вобразы, што ўзнікаюць у галаве майстра, і аднойчы нараджаецца твор — нешта прыгожае, неверагоднае і каштоўнае для знаўцаў мастацтва. Менавіта так з’явіўся праект светлагорскіх творцаў.

Праект уключаў у сябе цыкл тэматычных тэарэтычных і практычных заняткаў, накіраваных на знаёмства навучэнцаў з гісторый і традыцыямі беларускага народнага роспісу па дрэве, а іх вынікам стала стварэнне мастацкай выставачнай экспазіцыі: адзінаццаць драўляных фігур дзяўчат, замацаваных на драўлянай плоскасці, аб’яднаных адной мастацкай канцэпцыяй.

— У беларускім роспісе па дрэве гадамі выпрацоўваліся свае асаблівасці стылізацыі, у якіх выявіліся самабытнае бачанне навакольнай рэчаіснасці народнага мастака, нацыянальныя традыцыі і вопыт многіх пакаленняў, — расказвае кіраўнік праекта Алена Рашэцька. — Кветкавыя ўзоры, птушкі, звяры, насякомыя, чалавек — вось што ляжыць у аснове роспісу. У сваіх работах дзеці адлюстроўвалі ўласнае бачанне навакольнага свету, спрабуючы перадаць яго як мага больш рэалістычна.

Прыгажосць Беларусі сціплая і далікатная, здольная ўзяць у палон кожнага, хто заўважае і шануе зачараванне прыроды. Вядома, у дзяцей гэтыя пачуцці выяўляюцца асабліва яскрава, таму пяцёра выхаванак Алены Алегаўны з задавальненнем прынялі прапанову свайго педагога стаць удзельніцамі праекта. Так Мілена Ярошык, Ксенія Мінава, Сабіна Рашэцька, Ірына і Ксенія Будавей узяліся за справу. У аснову работ дзяўчынак леглі ўспаміны пра летнюю прыгажосць наваколля роднага краю. Колькі разоў назіралі яны за гэтым хараством, што раскінулася вакол іх роднага Светлагорска. І ў кожнай — свая ўлюбёнасць: адзінаццацігадовай Мілене даспадобы рамонкі, а яе равесніцы Ірыне — чырвоныя макі, старэйшых дзяўчат заварожваюць жытнія каласы, блакітныя дываны кветак ільну, ружовая канюшына і палявыя гваздзікі. Недзе сярод гэтай маляўнічай прыроды затаіўся дамашні кот. На іншым малюнку дзяўчына трымае збаночак ці летнюю хусцінку. Гэтыя вобразы склаліся ва ўдзельніц праекта падчас вывучэння асаблівасцей давыд-гарадоцкага роспісу, знаёмства са стылізацыяй кветак і іх каляровым рашэннем, а таксама асабістымі ўспамінамі.

— Мне вельмі спадабалася працаваць разам з усімі над гэтым праектам, — дзеліцца сваімі пачуццямі Мілена Ярошык. — Было дружна, мы дапамагалі і падказвалі адна адной.

— Уся праца над праектам была цікавай, але роспіс лялькі мне асабліва спадабаўся, — кажа Ірына Будавей. — Афармляючы фарбамі агульны фон, які стаў сукенкай для лялькі, я магла выказаць тое, што ў мяне на душы. Так атрымалася сукенка з белымі рамонкамі і жоўтай піжмай.

Зразумела, што роспіс лялек для праекта — гэта не ўрок малявання. Тут дазвалялася свавольнічаць, але нельга было адыходзіць ад пэўных патрабаванняў. Стылізацыя дэкаратыўнага малюнка ажыццяўлялася з улікам эстэтычных патрабаванняў, мастацкіх традыцый і асаблівасцей матэрыялу, з якога зараджаўся выраб. Як майстар Алена Рашэцька сцвярджае, што падчас формаўтварэння менавіта матэрыял падказвае і вызначае тую ці іншую ступень абагульнення формы дэкаратыўнага ладу. Улічваючы ўскладненне формы краю плоскай драўлянай паверхні, ствараецца той ці іншы малюнак на плоскасці. Падказваючы і вызначаючы ступень абагульнення формы, матэрыял нібы закладвае асноўныя прынцыпы стылізацыі.

Калі прыгледзецца да драўляных фігур, можна заўважыць, што на некаторых з іх пры падрыхтоўцы матэрыялу для работы была пакінута кара дрэва. Гэты прыём дзіўна выліўся ў частку вобраза, стаўшы элементам доўгіх валасоў дзяўчат і задаўшы пэўную стылізацыю самой фігуры і будучыні дэкаратыўнага малюнка.

Можна лёгка ўявіць сабе эмоцыі дзяцей на працягу ўсёй працы над роспісам фігур. Спачатку перад імі проста апрацаваны кавалачак дрэва. Але вось да яго дакранаецца аловак, з’яўляюцца лёгкія абрысы твару і рук, потым сукенак — і перад вачыма паўстаюць дзявочыя фігуры. Цяпер надыходзіць самы адказны момант. Якой будзе беларуская прыгажуня, залежыць ад назапашанага на занятках выхаванцамі студыі “Каларыт” матэрыялу, ад іх асабістага ўспрымання і вобразнага мыслення. Асаблівыя ж пачуцці агортваюць удзельніц праекта пры нараджэнні канчатковага прадукту. Цяпер яны адчуваюць цэласнасць усёй працы, тэарэтычнай і практычнай.

— Праца над праектам была пазнавальнай і цікавай, — аналізуе юная творца Ксенія Мінава. — Мы вывучалі разнастайнасць палявых кветак Светлагорскага раёна і перадавалі іх прыгажосць, распісваючы драўляныя фігуры лялек. Пры гэтым было важна не парушаць правілы роспісу па дрэве, закладзеныя яшчэ нашымі продкамі.

Такім чынам, мастацкі праект “А вакол прыгажосць” не толькі дэманструе творчыя магчымасці навучэнцаў, раскрывае іх навыкі і ўменні ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пры ажыццяўленні задуманага абагульненае бачанне натуральнага аб’екта праходзіць праз усе працэсы пазнавальнай дзейнасці дзяцей: успрыманне, мысленне, памяць, уяўленне, а таксама дае магчымасць глыбей зразумець своеасаблівасць нацыянальнай культуры беларускага народа.

— Работы, створаныя дзіцячымі рукамі, адлюстроўваюць унутраны свет маленькіх творцаў і закладваюць аснову для далейшай пераемнасці культурных традыцый і каштоўнасцей, — падводзіць вынікі работы над праектам яго кіраўнік А.А.Рашэцька. — Непасрэдна педагогу зварот да мастацкай спадчыны дапамагае вырашаць асноўныя адукацыйныя задачы, сярод якіх фарміраванне духоўна багатага, інтэлектуальна развітога пакалення з высокім творчым патэнцыялам і ўнутранай культурай, далучэнне да народнай культуры, выпрацоўка грамадзянскай пазіцыі, павагі да нацыянальных традыцый.

Выставачная экспазіцыя “А вакол прыгажосць” прыцягвае позірк сваёй яскравасцю, россыпам кветак на доўгіх сукенках, знаёмымі з дзяцінства пейзажамі. Але ж ёсць у гэтым і іншая каштоўнасць — сама ідэя стварэння такога неардынарнага творчага праекта. Магчыма, Светлагорскі цэнтр творчасці стане для кагосьці натхняльнікам на новыя цікавыя і непаўторныя мастацкія рашэнні.

Наталля ЛУТЧАНКА.