Былыя франтавікі, партызаны, удзельнікі і сведкі Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, імкліва адыходзяць ад нас. Сёння кожная сустрэча з такімі людзьмі — незабыўная, на вагу золата. У пачатку кастрычніка вучні Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна сустрэліся з Уладзімірам Іосіфавічам і Леанілай Ігнацьеўнай Мармыш. Гэтым людзям ёсць што расказаць маладому пакаленню, ёсць чым падзяліцца.
Уладзімір Іосіфавіч нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Гузкі Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Быў адзіным сынам, бо старэйшая сястра памерла маленькай. Трагічна загінуў на чыгунцы і бацька, якога Уладзімір Іосіфавіч нават не памятае. Маці працавала найміткай, а калі сыну споўнілася 7 гадоў, аддала яго пасвіць кароў. Так хлопчык на працягу васьмі гадоў зарабляў сабе на хлеб. За гэты час ён на выдатна скончыў два класы польскай школы, а затым вучыўся ў школе ў вёсцы Орлі. Штодзённа хадзіў 7 кіламетраў — настолькі было моцным жаданне вучыцца. Паспеў скончыць 4 класы, як пачалася вайна.
Калі тэрыторыя Дзятлаўшчыны была акупіравана, хлопцу было ўсяго 16. З пачаткам дзеянняў партызанскай брыгады ён стаў яе сувязным. Сваю службу сувязнога Уладзімір Іосіфавіч лічыць больш небяспечнай, чым службу на фронце. На полі бою можна было хутка загінуць, а калі сувязнога лавілі, то расправа была жорсткай. У 1944 годзе Уладзіміра Мармыша прызвалі на фронт. Трымаў абарону на Вісле. Страляць добра не ўмеў, і прыйшлося вучыцца ў час бою. Было страшна, але хацелася перамагчы. Падчас аднаго з абстрэлаў хлопца кантузіла і раніла ў нагу. Месяц прабыў у шпіталі. Пасля выпіскі 20-гадовага Уладзіміра адправілі вучыцца ў школу падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, а затым у якасці старшага сяржанта адправілі зноў на фронт. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы, фарсіраванні Одэра і Шпрэе, у баях за ўзяцце Берліна.
Перад адыходам на вайну Уладзімір даў сабе слова: “Калі выжыву, буду працаваць дзень і ноч”. Так і здарылася. Вярнуўшыся ў родную вёску, замест хаты знайшоў папялішча. Вось так, з рэчмяшком і хворай маці на руках, пачаў будаваць мірнае жыццё. У 1951 годзе маці не стала. Яшчэ да яе смерці хлопец сустракаўся з дзяўчынай Лёляй. У 1952 годзе ў ліпені маладыя распісаліся. Жылі вельмі цяжка, прыходзілася шмат працаваць, і жонка яшчэ была хворая. Дапамогі чакаць не было адкуль. Маладая пара не апусціла рукі. Уладзімір Іосіфавіч вылечыў жонку, у іх нарадзіліся Юрый, Наталля і Тамара, з’явілася і сваё сямейнае гняздо — дом на станцыі Скрыбаўцы Шчучынскага раёна, у будаўніцтва якога Уладзімір Іосіфавіч уклаў усю душу, аддаў шмат сіл. Каля хаты было 50 сотак зямлі, якія ніколі не пуставалі. Сёння ў вялікай сям’і Мармыш трое дзяцей, восем унукаў і пяць праўнукаў. Уладзімір Іосіфавіч і Леаніла Ігнацьеўна жывуць у Пагародне ў дачкі Наталлі, якая хоць і на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць у дзіцячым садку. Наколькі гэтыя людзі любяць жыццё, не скарыліся перад цяжкасцямі! З твараў ніколі не сыходзіць усмешка, і гэта дае нам, маладым, таксама сілы рабіць
дабро.
У 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Леаніле Ігнацьеўне 22 кастрычніка споўніцца 90 гадоў, а Уладзіміру Іосіфавічу 5 лістапада — 95. Ужо 67 гадоў разам. Сваё абяцанне салдат выканаў. Яго жыццё — гэта прыклад падрастаючаму пакаленню: трэба жыць для таго, каб працаваць. Працай і прыкладам праслаўляць і ўмацоўваць сваю мірную дзяржаву, бо няма нічога ў свеце даражэйшага за мір.
Ганна ШЧЫГЛО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.