Калі гутарка заходзіць пра сучасных школьнікаў, асабліва балючая тэма для педагогаў і бацькоў — гэта чытанне. Неаднойчы чула ад знаёмых настаўнікаў меркаванне, што дзеці не чытаюць зусім, а калі чытаюць, то не тое. Нават калі прапанаваць ім вартыя ўвагі кнігі класікаў, дзеці не ўнікаюць у змест гэтых твораў. Так і ўзнікла ідэя абмеркаваць, як насамрэч цяпер чытаюць падлеткі, як настаўнік можа паўплываць на гэты працэс і ўвогуле як мяняецца стаўленне да інфармацыі ў пакалення Z.
Гэтыя пытанні мы задалі Алене Іванаўне ВОЛКАВАЙ, настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова. Алена Іванаўна — настаўнік-метадыст, адзін з арганізатараў алімпіяды па чытацкай кампетэнтнасці “Чытач+”, а зараз займаецца пытаннямі выхавання медыяпісьменнасці ў рамках новага інавацыйнага праекта.
— Алена Іванаўна, у сваіх праектах вы спалучаеце камп’ютарныя тэхналогіі і чытанне — паняцці, якія звычайна супрацьпастаўляюцца адно аднаму. Як вы прыйшлі да такой ідэі?
— Я даўно адчула, што дзеці змяніліся, што яны інакш успрымаюць інфармацыю і працаваць з імі як раней ужо немагчыма. Але мы не адменім прагрэс. Калі можна правесці такую аналогію, то ўявіце, што мы паспрабуем з аўтамабіляў перасадзіць людзей на конныя павозкі, бо машыны шкодзяць экалогіі. Так і з дзецьмі: мы не перавучым іх успрымаць інфармацыю гэтак жа, як мы. Нам трэба зыходзіць з таго, што ёсць, і шукаць новыя спосабы ўцягваць вучняў у адукацыйны працэс.
Я лічу, што праблема саперніцтва інтэрнэту і кнігі ёсць, але гэта наша праблема, праблема настаўнікаў, а не дзяцей. Гэта мы павінны ўладкавацца ў іх свет, каб перадаць, чым так важнае чытанне. Каб яны чыталі ўзорныя тэксты, нам трэба дадаткова прыкладаць намаганні.
— А як менавіта змяніліся дзеці? Звычайна гавораць пра кліпавае мысленне, непрызнанне аўтарытэтаў, пэўную абыякавасць да адзнак. Так і ёсць?
— Абыякавасць да знешняй ацэнкі сапраўды ёсць. Мне падаецца, яна звязана з тым, што сённяшнія дзеці раней перастаюць абапірацца на меркаванні бацькоў і пачынаюць прымаць рашэнні самастойна. Але яны не абыякавыя да ўрока, яны проста вырашаюць, што для іх важна. Падчас заняткаў можна пачуць пытанне: “Навошта нам гэта рабіць?”. І калі ў настаўніка не знойдзецца пераканаўчы адказ, то прадмет акажацца па-за межамі ўвагі. У дзяцей зараз няма той адназначнай павагі да кожнага дарослага. Раней настаўнік валодаў сілай ведаў, а цяпер многія вучні могуць, дзякуючы даступнай інфармацыі, знайсці і расказаць больш і цікавей.
Наконт кліпавага мыслення таксама згодна. Дзеці не ўмеюць канцэнтравацца. Змена відаў дзейнасці сёння патрэбна, як ніколі: калі ў межах урока вучні не пераключаюцца, то яны проста выпадаюць з працэсу. Адсюль ідэя больш візуалізаваць: маляваць, дэманстраваць відэа. Ім так прасцей успрымаць інфармацыю.
— Як з-за гэтага змяніліся вашы ўрокі?
— Каб прыцягваць увагу вучняў, я стала выкарыстоўваць розныя тэхнічныя сродкі. Інструментаў зараз вельмі многа. Напрыклад, калегам, хутчэй за ўсё, знаёмы сэрвісы для складання тэстаў і віктарын Kahoot, Quizizz. Не так даўно мне падказалі адукацыйную пляцоўку Learnis, якую стварыў педагог — лаўрэат конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2018” (Максім Юр’евіч Новікаў. — Заўв. аўт.). Гэта гульня ў жанры квестаў “выйдзі з пакоя”: вучні павінны адказаць на пытанні настаўніка, каб знайсці ключ і выбрацца з віртуальнага пакоя. Мы такім чынам паўтарылі з сямікласамі літаратуру, прачытаную ў мінулым годзе. Яны адгадвалі аўтараў і тэксты, а ў канцы павінны былі па формуле рашыць задачу — я задзейнічала міжпрадметныя сувязі.
— Але ж яны, калі верыць шматлікім скаргам, не чытаюць?
— Сучасныя школьнікі чытаюць шмат тэксту, і ён не заўсёды такі дрэнны. Ім цікава чытаць сучасную літаратуру: дзяўчынкам — раманы ў стылі “Вінаваты зоркі”, хлопчыкам — фантастыку. Проста яны чытаюць не тыя тэксты, якія мы лічым узорнымі. А каб змяніць гэта, трэба перш за ўсё адмовіцца ад аналізу “Што ж хацеў сказаць аў тар?” і арганізоўваць гутарку пра класічны твор так, каб ім зацікавіць.
Банальны метад — чытаць разам. Можа падацца, што дзеці чытаюць кніжку гэтак жа, як мы. Бачаць тыя ж самыя словы і разумеюць іх гэтак жа. У іх іншы вопыт і погляд. Калі мы чытаем тэкст у класе, я задаю пытанні “Як ты гэта зразумеў?”, “Пра што тут?”, расстаўляю акцэнты на старонцы. І гэта цікава. Аказваецца, што Гогаль — гэта смешна, а “Капітанская дачка” месцамі напісана з гумарам, хаця да гэтага дзеці не адчувалі пушкінскай іроніі. Таму першая парада і бацькам, і настаўнікам — чытаць разам.
— Але ўрок доўжыцца толькі 45 мінут. Ці шмат атрымаецца прачытаць?
— Прыходзіцца вынаходзіць іншыя, больш сучасныя метады. Напрыклад, я асцярожна спрабую прымяняць змешанае навучанне. Калі мы чыталі “Бацькі і дзеці”, я змагла паглыбіць вучняў у тэкст з дапамогай добрай экранізацыі. Ёсць сэрвіс edpuzzle. com, дзе можна зрабіць інтэрактыўнае відэа — уставіць у яго заўвагі, пытанні ці нават тэсты. Я ўзяла беларускі чатырохсерыйны фільм, якасны, блізкі да тэксту, і зрабіла з яго некалькі ролікаў, у якія ўставіла свае заўвагі. Атрымалася амаль сумеснае чытанне ў класе. І хаця гэта ўжо відэа, аўтары асцярожна ставіліся да тэксту, таму яго можна выкарыстоўваць. Каб звярнуць увагу на пэўныя дэталі, а таксама прымусіць зазірнуць у кнігу, я ўстаўляла нават банальныя пытанні па фактах з кнігі, напрыклад, “Хто зараз увойдзе ў пакой?”. Каб адказаць на яго, трэба адкрыць тэкст: пакуль не будзе правільнага адказу, відэа не пойдзе далей.
— Яшчэ адна праграма ў скарбонку педагогаў! Можаце прывесці больш прыкладаў з урокаў?
— З пяцікласнікамі я праводзіла вэб-квест. Каб навучыцца ўважліва чытаць казкі, мы пазнаёміліся з Пропам (Уладзімір Якаўлевіч Проп — савецкі фалькларыст, аўтар кнігі “Марфалогія казкі” — Заўв. аўт.). Дзеці малявалі структурныя схемы казкі, і атрымліваліся коміксы з героем, антаганістам, памочнікам, дарыльшчыкам і г.д. І ўсё гэта вэб-квест, у якім каманды спаборнічаюць паміж сабой, каб знайсці сакрэтнае слова і перамагчы.
У старшых класах я з дзецьмі актыўна працую ў Google-класе. Для гэтага перш за ўсё рыхтую бацькоў: многія з іх лічаць, што інтэрнэт шкодны, і гэты стэрэатып нялёгка разбурыць. Таму на бацькоўскім сходзе я паказваю, як выглядае Google-клас, і тлумачу, для чаго ён патрэбны. Бацькі даюць пісьмовую згоду, і пасля я прапаную дзецям выканаць заданні і папрацаваць з тэкстам анлайн.
Напрыклад, у Google-дакуменце мы чытаем і разбіраем вершы, у якіх сэнс не на паверхні, а патрабуе расшыфроўкі. У такім дакуменце вучні і настаўнік могуць пісаць бясконца многа каментарыяў. Гэта адбываецца аднамомантна: я ім задаю пытанні, яны пачынаюць над імі думаць, дабаўляць аргументы з гіперспасылкамі на дадатковыя матэрыялы, спрачацца. Атрымліваецца такое пісьмовае абмеркаванне, якое дапамагае зразумець верш.
У гэтай работы шмат плюсоў. У адрозненне ад вуснай гутаркі, тут усё захоўваецца. Можна вярнуцца, перачытаць, працягнуць спрэчку. Самі дзеці больш любяць пісаць, чым гаварыць. А калі яны пішуць настаўніку, ды яшчэ і разважаюць на складаную тэму, гэта патрабуе фармулявання думак не менш, чым дыскусія ў класе.
У канцы я прапаную творчую работу: падабраць калаж, музыку да верша — такія заданні зараз і ў падручніках ёсць. Аднойчы дзяўчынка нават падрыхтавала чытанне верша пад музыку і склала з малюнкаў відэа.
Адразу хачу папярэдзіць, што гэта не гатовыя рэцэпты, бо, па-першае, трэба арыентавацца на інтарэсы і ўзровень падрыхтоўкі вучняў, а па-другое, у кожнага настаўніка свае прыёмы. Нават калі вы возьмеце добры чужы ўрок, вы не зможаце яго правесці.
— Вы выкарыстоўваеце новыя тэхналогіі не толькі на ўроках. Раскажыце, калі ласка, пра алімпіяду для чытачоў.
— Алімпіяда вырасла з чытацкага клуба, які мы арганізавалі ў школе. Мы распрацавалі інавацыйны праект, захацелі паставіць сеткавыя тэхналогіі на службу чытанню. У гэтым мне дапамаглі “Купалаўскія праекты” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Там я даведалася, што такое сеткавы праект, як правільна да яго падыходзіць з пункту гледжання метадычнай арганізацыі, як ацэньваць тое, што адбываецца з вучнямі на кожным этапе. Усё гэта мы ўлічвалі, калі стваралі алімпіяду “Чытач+”, у якой вучні спярша чытаюць, а пасля праходзяць тэсты, аналізуюць і творча перапрацоўваць творы.
Алімпіяда прайшла ўжо двойчы. У мінулым годзе мы зрабілі яе тэматычнай — па канцэпцыі “Чытач + прафесія”. Алімпіяда была звязана з прафарыентацыяй. Мы прапанавалі школьнікам пачытаць “Атлас новых прафесій” і паразважаць аб працы будучыні, прапанаваць свае прафесіі. Зараз плануем алімпіяду трансфармаваць у “Чытач + медыя”. Будзем працаваць на выхаванне медыяпісьменнасці і фарміраванне навыкаў стварэння кантэнту. Гэта актуальна, бо сёння многія дзеці — блогеры, але якасць іх кантэнту часта пад пытаннем.
— Вось мы і закранулі тэму медыяпісьменнасці. Як вы перайшлі ад чытання літаратуры да аналізу і стварэння кантэнту?
— Ёсць праблема вялікага патоку тэксту, інфармацыі. Калі дарослыя збольшага могуць крытычна ставіцца да яе, то дзеці не ўмеюць арыентавацца ў гэтым моры інфармацыі. На дадзеную тэму ўжо былі інавацыйныя праекты. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі нават падрыхтаваны дапаможнік “Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў”, дзе тлумачыцца, як на розных прадметах займацца выхаваннем медыяпісьменнасці.
Але мы падышлі да гэтай тэмы па-іншаму: з боку фарміравання метапрадметных кампетэнцый — тых навыкаў, якія спатрэбяцца нашым нашчадкам, каб іх не перамаглі робаты. Гэта крэатыўнасць, крытычнае мысленне, калабарацыя, камунікацыя — усё тое, што адрознівае чалавека ад штучнага інтэлекту.
У гэтым годзе мы пачалі новы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе арганізацыі і функцыянавання медыяцэнтра ўстановы адукацыі”. У яго аснове не толькі медыяпісьменнасць, але і медыядзейнасць. Мы плануем ствараць з дзецьмі ўласны кантэнт і праз гэта фарміраваць і крэатыўнасць, і навыкі калабарацыі.
— Што плануеце ажыццявіць у рамках праекта?
— Мы плануем наладзіць работу адразу некалькіх аб’яднанняў па інтарэсах. Сярод іх — “Мультымедыйная журналістыка”, у якой дзеці навучацца складаць тэксты і дапаўняць іх фотаздымкамі, відэа, аўдыя, тэстамі і гульнямі — запатрабаванымі мультымедыйнымі фарматамі.
Цікавімся і школьным тэлебачаннем. Звычайна школьны канал — гэта проста навіны з жыцця вучняў, а мы хочам зрабіць тэлебачанне карысным для адукацыйнага працэсу. Сёння якраз запатрабаванае з’яўляецца змешанае навучанне, для якога патрэбны адукацыйныя ролікі. Настаўнікі або бяруць іх у сетцы, або запісваюць самі. А чаму б не даверыць гэта дзецям? Зразумела, пад кіраўніцтвам дарослых.
— Адначасова ў вас у школе з’явяцца і заняткі па робататэхніцы і праграмаванні? Як выхаванне медыяпісьменнасці звязана са STEAM-адукацыяй?
— Так, год назад мы сталі пераможцамі конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе” асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, і цяпер у нас нарадзіўся такі “монстр” — STEAM-медыяцэнтр (смяецца). У ім будуць і LEGO, і робататэхніка, і візуальнае праграмаванне. Але да іх цудоўна далучаецца медыядзейнасць — тэхналогіі і навука цесна з ёй звязаны.
Калі вы ведаеце абрэвіятуру STEAM-медыяцэнтр, магчыма, чулі і пра STREAM? Так называюць праекты, у якія дабаўляецца яшчэ адзін кампанент — літара R азначае reading & writing (чытанне і пісьмо). Мы плануем правесці ў школе тыдзень STREAM — паглядзім, як у нас атрымаецца злучыць незлучальнае.
У аснове работы праекта і STEAM-медыяцэнтра — тое самае фенаменалагічнае навучанне, калі мы разглядаем з’яву рэчаіснасці з пункту гледжання розных навук. Не проста аб’ядноўваем у ёй усе навукі і ствараем штучныя сувязі, а менавіта зыходзім са з’явы.
— Жадаем поспехаў новаму STEAM-медыяцэнтру і будзем з цікавасцю сачыць за яго развіццём. Дзякуй за гутарку!
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва А.І.ВОЛКАВАЙ