Ад вытокаў да вытокаў

Гэтая незвычайная размова пра вопыт, праблемы і перспектывы развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства праходзіла ў памяшканні рэсурснага цэнтра аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Разам з аўтарамі ўнікальных метадычных матэрыялаў 80-х і нават 20-х гадоў мы абмеркавалі (завочна, канечне, бо наладзіць рэальную гутарку не дазваляюць ні часавыя, ні прасторавыя магчымасці) актуальныя пытанні турыстычна-краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі.

Першыя словы

Быць настаўнікам-метадыстам няпроста, а быць метадыстам-наватарам, метадыстам-пачынальнікам яшчэ складаней. Не ведаеш, якія твае ідэі падтрымаюць калегі, што зацікавіць вучняў, наколькі актуальнымі акажуцца прапанаваныя табой формы і метады работы. У такім становішчы і аказаўся ў пачатку мінулага стагоддзя Мікалай Іванавіч Каспяровіч. Педагог па адукацыі, ён заклаў асновы школьнага турыстычна-краязнаўчага руху. Яго брашура “Краязнаўства” 1929 года, а таксама шматлікія артыкулы ў часопісе “Наш край” сталі галоўным метадычным рэсурсам, настольнай кнігай для настаўнікаў-краязнаўцаў міжваеннага перыяду. Меркаванні, развагі, прапановы Мікалая Іванавіча па пытаннях арганізацыі і дзейнасці краязнаўчых гурткоў, стварэння музеяў, правядзення экскурсій, распрацоўкі маршрутаў па малой радзіме можна і цяпер смела выкарыстоўваць у краязнаўчай рабоце. Яны былі актуальныя ў першай палове ХХ стагоддзя, актуальныя яны і ў пачатку ХХІ стагоддзя. “Школа мае на мэце падрыхтоўку грамадзяніна, які мог бы арыентавацца ў акаляючым жыцці і мог бы мяняць яго на сваю карысць. А падрыхтаваць, навучыць гэтаму можна толькі падчас самой працы вывучэння і даследавання краю, гэта значыць краязнаўчай працы. Школа без краязнаўства немагчыма, як немагчымы непісьменны настаўнік”, — дзеліцца Мікалай Іванавіч. Нават той, хто ніколі не чытаў артыкулы Каспяровіча ў “Нашым краі”, безумоўна, пагодзіцца з думкамі аўтара. У рознай інтэрпрэтацыі яны і цяпер рэгулярна гучаць на краязнаўчых семінарах, канферэнцыях, чытаннях. Важнасць правядзення краязнаўчай работы ў школах бясспрэчная, як бясспрэчнымі з’яўляюцца і наступныя словы Мікалая Іванавіча: “Свой край павінен вывучацца самімі вучнямі, а не шляхам праслухоўвання цыкла лекцый настаўніка аб дадзеным краі, што было б вельмі шкодна сваёй схаластычнасцю”.
Аднадумец Мікалая Іванавіча Г.Аляксандраў (на жаль, архіўныя крыніцы не захавалі яго імя) лічыць, што школьнае краязнаўства не з’яўляецца якой-небудзь спецыяльнай галіной краязнаўчай работы, не мае і адметнага аб’екта вывучэння, яно толькі па-свойму абагульняе здабыты матэрыял. Галоўная задача школьнага краязнаўства — метадычная апрацоўка мясцовага матэрыялу. Школьнае краязнаўства павінна абслугоўваць школу, вырашаць тыя ж самыя задачы, што стаяць перад сучаснай школай. Школьнае краязнаўства метадычна сутыкаецца з усімі дысцыплінамі, якія ўваходзяць у вучэбны план школы, ствараючы новыя магчымасці для іх работы.

Першыя крокі

Гэта цяпер турыстычна-краязнаўчая справа крочыць па краіне сямімільнымі крокамі (функцыянуюць дзясяткі ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, працуюць сотні гурткоў, у якіх займаюцца тысячы навучэнцаў), а ў 20-я гады гэтыя крокі былі значна карацейшымі, няўпэўненымі. І першымі іх рабілі вучні Навікоўскай, што на Віцебшчыне, і Ленінскай, што на Мазыршчыне, школ. Рабіліся гэтыя крокі, канечне, з памылкамі, аднак той факт, што вучні разам з настаўнікамі стварылі даследчыя работы па гісторыі, сучаснасці, прыродзе роднага краю, заслугоўвае ўвагі. Нядзіўна, што ён стаў асновай для напісання Мікалаем Іванавічам Каспяровічам у “Нашым краі” (№ 12, 1926 год) артыкула “Першыя крокі школьна-краязнаўчай працы”. Аўтар падрабязна прааналізаваў гэтыя работы, акцэнтаваў увагу на памылках. Дзесьці аналіз быў занадта крытычным, аднак рабіўся ён не дзеля крытыкі, а дзеля папулярызацыі краязнаўчай справы сярод вучняў. “Першыя вядомыя нам крокі школьна-краязнаўчай працы цяжкія, у іх ёсць памылкі, але за імі будучыня, гэта будзе шырокі шлях для ўсіх школ”, — адзначыў Мікалай Іванавіч падчас незвычайнай гутаркі.
У наш час створаны рэкамендацыі па вывучэнні роднага краю, назапашаны вялікі вопыт. Навікоўскія ж і ленінскія вучні былі першапраходцамі. Аўтары работы “Наш хутар Леніна” адзначаюць, што свой хутар яны даследавалі цэлы год. На аснове аповедаў дзядуляў і бабуль быў вызначаны час заснавання хутара, яго першыя насельнікі, паходжанне назваў урочышчаў. Усе дзеці перамалявалі план хутара 1769 года. “Па апавяданнях старых людзей высветлілі ролю паноў і шляхты, мяшчан і сялян. Пасля таго як перайшлі да ролі капіталізму, мы зрабілі экскурсію на фабрыку “Чырвоны Кастрычнік”, якую доўга і падрабязна вывучалі. У сувязі з экскурсіяй высветлілі, калі пачалі засноўвацца фабрыкі ў Беларусі, значэнне прыгону і распрыгоньвання сялян. Уся праца рабілася індывідуальна і калектыўна. Гэтаксама была прапрацавана на падставе запісаў і аповедаў і рэвалюцыя Лютаўская і Кастрычніцкая. Шмат часу аддалі Грамадзянскай вайне. Тут ужо ў саміх дзяцей быў невычэрпны запас успамінаў. Усе аповеды дакладна правяраліся, на лекцыі запрашаліся ўдзельнікі таго ці іншага здарэння і толькі пасля гэтага на занятках па рускай мове калектыўна запісваліся ў сшыткі. Такім чынам у кожнага вучня склалася гісторыя хутара Леніна,” — адзначана ў рабоце.

Г.Аляксандраў (1926 год): “Краязнаўчая справа на месцах павінна быць прасякнута краязнаўчым духам, не абмяжоўвацца перапісваннем матэрыялаў з цэнтра. Трэба друкаваць даведнікі і іншыя дапаможнікі. Гэтыя выданні павінны не толькі насіць афіцыйны характар, а ў першую чаргу абслугоўваць мясцовую школу. У агульны план падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі настаўнікаў неабходна ўключыць метадычна-краязнаўчую дысцыпліну ў якасці асобнай дысцыпліны ці спецыяльнага курса ў адпаведных навучальных установах. Важна, каб настаўнік у сваёй працы меў магчымасць азнаёміцца са школьна-краязнаўчай літаратурай, колькасць якой з кожным днём павялічваецца”.

Асабліва Мікалай Іванавіч захапляецца комплекснай работай навікоўскіх школьнікаў і нават прыводзіць з яе вытрымкі, каб паказаць вобразнасць, сакавітасць мовы, а значыць, і высокі ўзровень даследавання: “Жняя трымае серп у правай руцэ, а левай рукой бярэ жменю жыта, адрэжа сярпом і зробіць з першай жмені вязьмо, пакладзе яго на зямлю, а на яго потым кладзе жмені, пакуль не нажне сноп — тады сярпом накрыюць сноп, возьмуць яго на калена і вяжуць, звязаўшы, на зямлю кладуць. За тыдзень жыта зжата і пастаўлена ў бабкі…” На думку Мікалая Іванавіча, гэтае свежае, падрабязнае апісанне вучня 2 групы пакідае далёка за сабой мову калектыўнай работы вучняў 4 групы Ленінскай школы.

Першыя праграмы

Выдатным метадычным дапаможнікам для настаўнікаў-краязнаўцаў таго часу была падрабязная “Праграма вывучэння мястэчак”, складзеная Г.Аляксандравым і надрукаваная ў № 2 “Нашага краю” за 1928 год. На думку аўтара, вывучэнне мястэчка цікавае па трох прычынах: разнастайнасць заняткаў яго насельніцтва, павольны тэмп развіцця, нацыянальны склад. “У мястэчках перакрыжоўваюцца самыя разнастайныя эканамічныя і нацыянальныя інтарэсы, а ў нас зусім няма матэрыялаў, якія характарызавалі б гэтае скрыжаванне горада і вёскі, яўрэйскай і беларускай культуры”, — адзначае Аляксандраў. Праграма вывучэння мястэчка складалася з 10 раздзелаў: агульнае палажэнне і выгляд мястэчка, яго гісторыя, насельніцтва, эканоміка, мястэчка як адміністрацыйны цэнтр, асвета ў мястэчку, дабрабыт і санітарнае становішча мястэчка, яго палітычныя і грамадскія арганізацыі, быт і культура, біяграфіі мясцовых дзеячаў і ўраджэнцаў.
Для зручнасці вывучэння ў канцы артыкула змяшчаюцца дадатковыя метадычныя крыніцы, даюцца метадалагічныя і метадычныя парады. Аляксандраў адзначае, што пры вывучэнні мястэчка і яго асаблівасцей патрэбны дынамічны падыход, немагчыма абмяжоўвацца толькі апісаннем, неабходна знайсці гістарычныя карані характэрных момантаў эканомікі і культуры мястэчка. Нельга таксама абмяжоўвацца адным мінулым, неабходна дэталёвае вывучэнне сучаснага стану і перспектыў развіцця асобнага мястэчка. Ці можна выкарыстоўваць гэтыя парады сучасным настаўнікам і вучням пры даследаванні вёскі, аграгарадка, невялікага райцэнтра? Безумоўна.

Першыя музеі

Калі б удалося пагутарыць з Мікалаем Іванавічам у рэальнасці, то, безумоўна, ён бы парэкамендаваў кожнаму педагогу-краязнаўцу ХХІ стагоддзя артыкул Г.Аляксандрава “Чарговыя задачы школьнага краязнаўства”, які быў змешчаны ў часопісе “Наш край” (№ 10—11, 1926 год). Адной з асноўных задач краязнаўчага руху ў школах аўтар бачыць стварэнне мясцовых краязнаўчых музеяў. “Неабходна вызваліцца ад распаўсюджанага меркавання, што мясцовыя музеі толькі месца захоўвання аб’ектаў, якія прызначаны для выпадковага агляду выпадковымі наведвальнікамі. Такі музей павінен утрымліваць у сабе аб’екты і матэрыялы, якія ўсебакова характарызуюць жыццё раёна. У такім музеі школа знойдзе мясцовы матэрыял для сваёй працы”, — лічыць Аляксандраў.

М.Каспяровіч (1929 год): “Увесь багаж вандроўніка павінен змяшчацца ў экскурсійным мяшку, які павінен важыць менш за 4 кілаграмы. У мяшку карысна мець карту, компас, бялізну, ручнік, грэбень, кавалак мыла, зубную шчотачку, запасную пару сандаляў, ніткі і іголку, нож і лыжку, кубак ці кацялок, паперу і алоўкі, бінокль, лёгкі фатаграфічны апарат, кавалак шпагату, запалкі, гарбату і трошкі цукру. Самым жа неабходным з’яўляецца крыху карацейшая за два метры палка з падзеламі на дэцыметры, сантыметры (частка) і міліметры (частка). Ёй можна будзе мераць усё патрэбнае і на яе абапірацца. Акрамя таго, праз дзень-два вандроўнік навучыцца больш чым 1001 спосабу выкарыстання палкі”.

На думку Мікалая Каспяровіча, музей не павінен быць бязладным складам нейкіх рэчаў, зборам толькі рэдкіх, незвычайных экспанатаў. У ім павінны захоўвацца рэчы і са звычайнага, штодзённага жыцця, такога прывычнага і непрыметнага для нас, якое мы, бадай, зусім не ўмеем заўважаць. Пры размяшчэнні музейнага матэрыялу, канечне, трэба захоўваць наступныя прынцыпы: дакладнасць, навуковасць і планавасць. Актуальным з’яўляецца пытанне выбару і абсталявання памяшкання для экспанатаў. Добра, калі знойдзецца пакой. А калі яго няма? Тады, як лічыць Мікалай Іванавіч, давядзецца задаволіцца сценамі хаты-чытальні, школы ці іншай установы. Краязнавец рэкамендуе праз усю сцяну прыбіць паліцу са звычайнай дошкі, а калі яе не хопіць, дык другую, і гэтак далей. 2—4 паліцы на 2—3-х сценах на першы час хопіць, а там, можа, знойдзецца і лепшы прытулак. Экспанаты могуць ляжаць і ў іншым месцы, а на паліцах можа арганізоўвацца толькі выстава на тую ці іншую тэму. Да кожнай рэчы павінна быць прымацавана картка з мясцовай і літаратурнай назвай рэчы, а таксама на латыні, з указаннем, адкуль, кім і калі гэтая рэч узята, хто яе зрабіў, а таксама нумара каталога.

Першыя экскурсіі

Неабходнасць распрацоўкі экскурсійных маршрутаў па малой радзіме, больш актыўнай экскурсійнай дзейнасці цэнтраў турызму і краязнаўства рэгулярна падкрэсліваецца на рэспубліканскіх, абласных, раённых семінарах. Аднак гэтая тэма не новая. Пра яе важнасць гаварылася яшчэ ў 20-я гады. Па словах Мікалая Іванавіча, ужо нават у цэнтральных камсамольскіх і іншых газетах пачаліся гаворкі пра неабходнасць арганізацыі вандровак. Шэраг устаноў у цэнтры і на месцах звярнуўся да краязнаўчых аб’яднанняў з просьбай даць адказ на пытанні, звязаныя з арганізацыяй экскурсій і вандровак.
“Спосаб вандроўкі можа быць дваякі: пехатой і чоўнам. Апошні будзе магчымы не ўсюды. Веласіпед, коні і да таго падобнае можна таксама выкарыстоўваць як выключэнне. Агульныя правілы гігіены, людскіх узаемаадносін, краязнаўчай працы вядомыя, а ўсіх канкрэтных выпадкаў не прадугледзіш. Адно не трэба забывацца: трымаць цесную сувязь з мясцовымі краязнаўцамі на сваім шляху, прычым пажадана адрасы іх ведаць раней і папярэдзіць пісьмова аб сваёй вандроўцы. Арганізацыя падарожжаў — справа больш складаная, чым арганізацыя вандраванняў. Тут трэба асаблівую ўвагу звярнуць на падбор складу падарожнікаў, маршрут, падрыхтоўку да падарожжа і інш. У першую чаргу трэба дакладна вызначыць мэту дадзенага падарожжа і яго маршрут”, — рэкамендуе краязнавец.
У тыя часы, як адзначае наш суразмоўца, кожнае лета, кожную вясну і восень экскурсійны рух стыхійна ахопліваў шырокія масы. Вядома, напрыклад, калі малады віцебскі краязнавец Марыновіч са сваім сябрам выйшлі з Віцебска ранняй вясной 1925 года, а вярнуліся ўвосень, прайшоўшы па БССР каля 800 вёрст пехатой, прычым у іх з сабой нічога не было, акрамя дакументаў і запісных кніжак. “Вандраванне прыняло вялікія памеры, але амаль што палова выпадкаў сарвалася праз адсутнасць належнай арганізацыі гэтай справы. Запланаваныя экскурсіі не заўсёды ажыццяўляюцца. Значны лік экскурсій з вучнямі становіцца звычайнай прагулкай. Галоўная прычына, нягледзячы на ўсе нашы дасягненні, заключаецца ў адсутнасці экскурсійнага рэспубліканскага цэнтра і адпаведнай практычнай літаратуры. Галоўная бяда ў тым, што няма літаратуры, якая б дапамагала вырашэнню пытання, куды вадзіць экскурсіі школьнікаў і што аглядаць”, — адзначыў краязнавец. Канечне, з таго часу сітуацыя змянілася кардынальным чынам. У 1953 годзе была створана Рэспубліканская экскурсійна-турыстычная станцыя, наладжана актыўная выдавецкая дзейнасць, выдадзены дзясяткі зборнікаў з падрабязным апісаннем маршрутаў (напрыклад, “Школьныя турыстычныя маршруты па Беларусі” 1969 года, “Маршрутамі народнай славы” 1984 года, “Маршрутамі пазнання і выхавання” 2001 года), супрацоўнікамі аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства створаны электронны каталог маршрутаў па родным краі, з якім можна азнаёміцца на сайце ўстановы.

Новыя формы

Калі 20-я гады — гэта вытокі школьнай турыстычна-краязнаўчай справы, то 80-я гады — пік яе развіцця. Пра гэты перыяд педагогі-турысты і педагогі-краязнаўцы старэйшага пакалення ўзгадваюць з асаблівай цеплынёй. Менавіта ў гэты час у 1989 годзе выходзіць брашура яшчэ аднаго ўдзельніка нашай размовы, метадыста Рэспубліканскай станцыі юных турыстаў, заслужанага настаўніка БССР Валянціны Дзям’янаўны Шалуха “Дарогамі роднага краю”, дзе яна як куратар Гомельскай абласной станцыі юных турыстаў расказвае пра вопыт яе дзейнасці. Зерне добрых пачынанняў, пасаджанае Мікалаем Іванавічам і яго аднадумцамі ў 20-я гады, у канцы 80-х дало багаты ўраджай. Многія лічаць гэты час эталонам развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, да якога неабходна імкнуцца, безумоўна, з улікам сучасных тэндэнцый і асаблівасцей функцыянавання сістэмы адукацыі.
Узяць для прыкладу курсы павышэння кваліфікацыі. Як і цяпер, гэта была распаўсюджаная з’ява, аднак з пэўнымі адметнасцямі. Гомельская абласная станцыя юных турыстаў сумесна з упраўленнем і аддзелам народнай адукацыі сістэматычна праводзіла абласныя, занальныя, раённыя і гарадскія семінары для настаўнікаў-краязнаўцаў, турыстычных арганізатараў школ, кіраўнікоў турыстычных паходаў, гурткоў, экспедыцыйных атрадаў і пошукавых груп, арганізатараў пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы апорных школ па турызме і краязнаўстве, начальнікаў раённых і гарадскіх штабоў экспедыцыі “Мая Радзіма — СССР”, загадчыкаў, інструктараў-метадыстаў дзіцячых турыстычных баз, педагогаў-арганізатараў ЖЭСаў. А з 1981 года ў красавіку — кастрычніку разам з абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў нават курсы па падрыхтоўцы інструктараў школьнага турызму. Праграма разлічана на 110 гадзін. Пасля яе засваення слухачы адпраўляліся ў паход першай катэгорыі складанасці. Такім чынам, было падрыхтавана каля 500 інструктараў школьнага турызму, большасць з якіх працавалі ў школах турыстычнымі арганізатарамі: кураўнікамі вучнёўскіх паходаў і экспедыцый, пошукавых і экспедыцыйных атрадаў, былі суддзямі на турыстычных спаборніцтвах.
Своеасаблівыя курсы (турыстычны ўсенавуч) былі арганізаваны і для звычайных настаўнікаў і вучняў. Па словах Валянціны Дзям’янаўны, гэта быў эксперымент, які праводзіўся з 1987 года пры ўзгадненні з Міністэрствам асветы БССР. Абласным аддзелам народнай адукацыі нават быў выдадзены адпаведны загад “Аб правядзенні эксперымента па масавым навучанні школьнікаў навыкам турыстычнай работы”. Сутнасць эксперымента заключалася ў тым, каб гомельскія школьнікі 4—7 класаў разам з класнымі кіраўнікамі тройчы на год на працягу трох гадоў наведвалі станцыю юных турыстаў. Тут у добра абсталяваных і аснашчаных кабінетах для іх праводзіліся тэарэтычныя і практычныя заняткі па авалоданні асноўнымі турыстычнымі ведамі і навыкамі.

В.Шалуха (1989 год): “У спецыяльным кабінеце сабраны справаздачы, нарысы, розныя даныя пра вопыт арганізацыі турыстычнай, краязнаўчай і пошукавай дзейнасці ў лепшых школах вобласці. Абсталяваны стэнды “Адрасы перадавога вопыту”, “Сістэма турыстычна-карязнаўчай работы ў школе”, “У дапамогу кіраўніку паходу”, “Турыстычнаму арганізатару”, “Школьныя музеі”, “Літаратура і дакументы па турыстычна-краязнаўчай рабоце”, “З друку”, створаны картатэкі апорных школ вобласці па турызме і краязнаўстве, школьных музеяў, кніжных выданняў, перыёдыкі, газетна-часопісных артыкулаў, прысвечаных школьнаму турызму і краязнаўству, дзіцячых турыстычных баз вобласці, лепшых раённых штабоў экспедыцыі “Мая Радзіма — СССР”. У кабінеце ўстаноўлена электрамеханічнае прыстасаванне, з дапамогай якога дэманструюцца выпушчаныя станцыяй плакаты аб вопыце турыстычнай і краязнаўчай работы школ, музеяў”.

— Усенавуч карыстаўся вялікай папулярнасцю, прычым яго нельга было назваць абавязалаўкай. Дастаткова пабываць на адных з заняткаў, паглядзець, з якім захапленнем дзеці і дарослыя вучацца складваць турыстычныя рукзакі або ставіць палаткі, з якім імпэтам яны пераадольваюць паласу перашкод. Упэўнена, што навыкі, якія атрымалі ўжо больш чым 34 тысячы навучэнцаў і больш чым тысяча педагогаў, спатрэбяцца ім не толькі ў турыстычным, але і ў асабістым жыцці, — адзначыла Валянціна Дзям’янаўна.

Новыя гурткі

Ці можна турыстычна-краязнаўчы паход сумяшчаць з мастацтвам? Канечне, бо паход — гэта не толькі пераноска рукзака з пункта А ў пункт Б, не толькі выкананне пэўных нарматываў, знаёмства з адметнасцямі роднага краю, але ў першую чаргу сузіранне прыгожага. Нездарма яшчэ ў 20-я гады Мікалай Каспяровіч рэкамендаваў вандроўнікам абавязкова браць з сабой у паход фотаапарат. Гомельскія турысты-краязнаўцы нібыта прачыталі гэтыя рэкамендацыі, і з 1957 года спачатку ў сярэдняй школе № 4 Гомеля, а потым з 1968 года і ў Гомельскай абласной станцыі юных турыстаў працуе клуб “Змена”, у якім больш за 80 вучняў 4—10 класаў спасцігаюць таямніцы фотамайстэрства. Арганізатарам і кіраўніком клуба быў педагог станцыі выдатнік народнай адукацыі БССР Якаў Барысавіч Хавін. На занятках клуба ў спецыяльным фотаблоку, куды ўваходзяць кабінет для тэарэтычных заняткаў і павільённай фотаздымкі, франтальная лабараторыя, лабараторыя для выставачнага друку, праяўлення плёнак, кіназала на 75 месцаў з дыяпраектарам і гукавой устаноўкай, дзеці не толькі вучацца фотасправе, але і далучаюцца да захапляльнага свету турызму.
— Такое аб’яднанне натуральнае: фатаграфія вучыць глядзець і бачыць, а турызм дае для гэтага шырокія магчымасці. Падчас паходу школьнікі атрымліваюць шмат інфармацыі, мноства ўражанняў. Ва ўмелых руках фотаапарат становіцца своеасаблівай запісной кніжкай. Чалавек з фотаапаратам глядзіць на свет больш уважліва і больш зацікаўлена, чым іншыя: ён шукае кадр, аналізуе прадметы і з’явы, адбірае галоўнае. У выніку ў яго выпрацоўваюцца такія якасці, як увага, здольнасць да аналізу падзей, хуткая рэакцыя. Вывучаючы пасля паходу фатаграфіі, турыст узгадвае ўбачанае, паглыбляе веды, атрыманыя на маршруце. Здымкі могуць выкарыстоўвацца для афармлення альбома, справаздач, — расказвае Валянціна Дзям’янаўна.

Будучы час

Калі глядзіш на фотаздымкі, зробленыя “зменаўцамі” і змешчаныя ў зборніку “Дарогамі роднага краю”, слухаеш Валянціну Дзям’янаўну (прадстаўніка савецкай школы турызму і краязнаўства), апаноўвае душэўнае цяпло. Цеплыня і душэўнасць — менавіта гэтымі двума словамі можна ахарактарызаваць 80-я гады, калі развіццё дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства дасягнула сваёй вяршыні, свайго Эверэста. Якія словы скажуць будучыя пакаленні педагогаў і навучэнцаў, характарызуючы развіццё дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў наш час, пачатак 2000-х? Ці будуць гаварыць яны пра вяршыні і Эверэст, пра цеплыню і душэўнасць? Трэба часцей наведваць рэсурсныя цэнтры, знаёміцца там з унікальнымі метадычнымі матэрыяламі, аналізаваць іх, выбіраць асноўнае, важнае і прымяняць гэта на практыцы, тады ўсё цалкам магчыма.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.