Адкуль бяруцца дзеці? З інтэрнэту!

Адкуль бяруцца дзеці? Дакладней, як яны з’яўляюцца ў палацах творчасці, спартыўных школах, тэатральных гуртках? Шляхі два — маленькіх звычайна прыводзяць дарослыя, падлеткі выбіраюць і запісваюцца самі. Сёння і маладыя бацькі, і тым больш школьнікі шукаюць аб’яднанні па інтарэсах там, дзе прывыклі знаходзіць адказы на ўсе свае пытанні, — у інтэрнэце. Як іх там сустрэць, мы спыталі ў спецыяліста па сацыяльных медыя Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Ганны Віктараўны Каюравай.

Нагодай для гутаркі стала абнаўленне сайта і незвычайная актыўнасць палаца ў сацыяльных сетках: апошнія некалькі месяцаў пасты выходзяць амаль штодзень. І калі прыгожымі і зручнымі сайтамі могуць пахваліцца многія ўстановы адукацыі, то жывая суполка ва “УКантакце” ці Facebook — рэдкасць.

Першыя старонкі ў сацыяльных сетках палац завёў яшчэ ў 2009 годзе, але ў 2010 годзе работу спынілі з-за ўсеагульнай забароны сацсетак у дзяржаўных установах. Гэта сёння ўсім відавочна, што сучасныя дзеці жывуць анлайн, а тады аргументаваць іх неабходнасць было складана. Таму ў сакавіку 2018 года працаваць пачалі фактычна з нуля. Пашанцавала са спецыялістам.

— Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, атрымала спецыяльнасці рэжысёра і выкладчыка, прыйшла сюды маладым спецыялістам у дзіцячы тэатр. І цалкам акунулася ў педагогіку, — расказвае Ганна Віктараўна. — Пасля, падчас дэкрэтнага водпуску, прайшла курсы SMM (кіравання суполкамі ў сацыяльных сетках.Заўв.аўтара.), паспела набіць руку ў камерцыйных праектах. Калі паклікалі назад у палац, я якраз прайшла цэлы шэраг гутарак і кейсаў, каб уладкавацца ў іншую кампанію. Толькі мяне там прынялі, як я адмовілася і прыляцела сюды!

Паўгода назад Ганна Віктараўна разам са сваімі калегамі распрацавала стратэгію вядзення суполак у Instagram, Facebook, “УКантакце” і “Аднакласніках”. Работа пачынаецца з вызначэння задач і мэтавай аўдыторыі.

— Мы не ставілі перад сабой мэты збіраць тысячы лайкаў і расціць празмерна вялікую актыўнасць суполкі за кошт віруснага кантэнту: тут ёсць рызыка скаціцца ў “жаўцізну” і нізкапробны гумар, — тлумачыць наша суразмоўніца. — Замест гэтага мы імкнёмся, каб бацькі нашых выхаванцаў пабачылі, чым займаюцца іх дзеці, а іншыя бацькі захацелі прывесці да нас сваіх дзяцей. Напрыклад, усё лета мы дзяліліся матэрыяламі пра гарадскі дзіцячы лагер “Чабарок” у Instagram: бацькі маглі з працоўнага месца пабачыць, чым зараз займаецца іх дзіця. Гэта ацанілі: прасілі даслаць арыгіналы фотаздымкаў, дзяліліся з сябрамі, прыслалі шмат падзяк важатым і кіраўнікам лагера. Дарэчы, калі я ўсё перадала, педагогі былі вельмі ўражаны, нават тыя, хто спачатку сумняваўся, што нам патрэбны суполкі. Другая катэгорыя карыстальнікаў — падлеткі, якія расказваюць пра свае заняткі сябрам, хваляцца дасягненнямі. Яны таксама вельмі любяць разбіраць фота, таму мы пампуем здымкі ў альбомы ва “УКантакце”, Facebook і “Аднакласніках” пасля кожнага значнага мерапрыемства.


Палац, які прапануе каля 800 аб’яднанняў па інтарэсах, імкнецца сарыентаваць чытачоў у сваіх разнастайных напрамках. Таму яго старонка ў Instagram — гэта сапраўдная энцыклапедыя, дзе можна хутка даведацца аб дзейнасці ўстановы.

Зразумела, у вашай суполкі мэты будуць свае — наладзіць пастаянныя зносіны з бацькамі, калі гэта трэба, ці вырашаць арганізацыйныя пытанні з самімі дзецьмі, своечасова інфармаваць пра будучыя мерапрыемствы ці справіцца з недаборам у новы гурток, пра які яшчэ не ведаюць. Зараз сканцэнтруемся на пошуку новых удзельнікаў у аб’яднанні па інтарэсах.

— Калі нашы педагогі прыходзяць да мяне з такой ідэяй, я адразу тлумачу: сацыяльныя сеткі — гэта не панацэя. Яны патрабуюць шмат часу і рэгулярнай увагі, а вынік будзе зусім не хутка. Зараз, праз паўгода штодзённай працы, мы можам сказаць, што выбралі правільную стратэгію. Калі вы хочаце эфекту праз месяц, то гэта немагчыма без платных метадаў прасоўвання.

Цягацца з карпарацыямі, якія змагаюцца за ўвагу падлеткаў, спускаючы вялізныя бюджэты, — гэта не наш варыянт. Калі вы не гатовы, як у спорце, упарта працаваць дзеля вынікаў, то лепш нават не брацца.

А калі ёсць мэта і жаданне, трэба выбраць канал сувязі — сацыяльныя сеткі, дзе “сядзіць” ваша аўдыторыя. Звычайна лічыцца, што дарослыя людзі выбіраюць Facebook ці “Аднакласнікі”, маладыя бацькі і тынэйджары жывуць ва “УКантакце”, а Instagram збірае дзяўчат усіх узростаў (у тым ліку мам!). Самы просты спосаб вызначыцца — спытаць у саміх дзяцей і бацькоў, дзе яны праводзяць час. Будзе вельмі крыўдна шмат месяцаў весці Twitter і даведацца, што ён даўно згубіў актуальнасць у вашай мэтавай аўдыторыі.

Пры выбары звяртайце ўвагу і на свой кантэнт — змест суполкі. Напрыклад, заняткі танцамі ці робататэхнікай будуць выгадна глядзецца на відэа і фота, а вось інтэлектуальную гульню паказаць без тэксту будзе складаней. Калі вы рэкламуеце новы напрамак, прыйдзецца тлумачыць, у чым яго сутнасць і як гэта развівае дзяцей, калі традыцыйны — можна зрабіць акцэнт на дасведчаных педагогах, дасягненнях калектыву і іншых “фішках”.

— У палацы працуе каля 300 педагогаў. Зразумела, расказаць пра ўсіх немагчыма, таму мы збіраемся зрабіць старонкі пра лепшых з іх — выдатнікаў адукацыі — на сайце, ва “УКантакце”, запісаць з імі відэаінтэрв’ю для YouTube.


Акрамя таго, ідэі для пастоў можна пашукаць у інтэрнэце, абмеркаваць з калегамі ці з дзецьмі. Дзеці для педагога — галоўныя памочнікі.

— Падлеткі значна лепш за дарослых арыентуюцца ў сацыяльных сетках і з цікавасцю возьмуцца за вядзенне суполкі, — падказвае Ганна Віктараўна. — Так, на нашым YouTube-канале мы размяшчаем не толькі матэрыялы беларускіх тэлеканалаў пра палац, але і ролікі, зробленыя нашай дзіцяча-юнацкай тэлестудыяй. Звычайна гэта рэпартажы пра творчыя калектывы, мерапрыемствы.

Такім чынам, і самі дзеці развіваюцца ў цікавым і карысным напрамку — вучацца працаваць з інфармацыяй, і педагог знімае з сябе частку нагрузкі. Можна ўвогуле звесці сваю задачу да мадэравання — рэдагаваць дзіцячыя пасты, сачыць за зместам каментарыяў (інтэрнэт-тролінг ніхто не адмяняў!) і, канечне, за захаваннем аўтарскіх правоў. Апошнім часам да аўтарства сталі строга ставіцца не толькі законы, але і сама адміністрацыя, напрыклад, “УКантакце”.

— Перш чым зрабіць нарэшце першую публікацыю, трэба паклапаціцца і пра афармленне суполкі, — нагадвае SMM-спецыяліст. — Карыстальнікі пабачаць ваш пост у стракатай стужцы навін, і трэба, каб яны не толькі заўважылі яго, але і пазналі крыніцу. Раскажу па сакрэце, што так і прэзентавала наша афармленне: паказвала неаформленыя пасты з суполак нашых замежных калег і пытала, што гэта за ўстанова. А пасля давала паглядзець на нашы пасты — з лагатыпам, карпаратыўнымі колерамі. Зразумела, выявы з афармленнем пазнавалі адразу!

Ганна Віктараўна прызнаецца, што ёй пашанцавала: у Мінскага палаца дзяцей і моладзі даўно склаўся яскравы карпаратыўны стыль, які выкарыстоўваецца на сцягах, майках, блакнотах і г.д. А яна сама, яшчэ калі працавала педагогам, любіла дапамагаць дызайнеру, таму нядрэнна валодае прафесійнымі праграмамі. Але мы разумеем, што не кожны мае такі рэсурс.

— Каб апрацаваць фотаздымак ці скласці невялікую афішу, хопіць і простых мабільных прылад, — супакойвае суразмоўніца. — Нават сам Instagram дазваляе накладваць фільтры і смайлікі. Зноў жа самы лагічны крок — звярнуцца да дзяцей і, напрыклад, арганізаваць конкурс на лепшы лагатып і стыль вашай суполкі.

Сабраць акуратную афішу можна і ў прывычным PowerPoint, дзе настаўнікі звычайна рыхтуюць прэзентацыі да заняткаў: проста размясціце інфармацыю і выявы на слайд і захавайце яго як малюнак. Адным словам, было б жаданне!

— Многія памылкова думаюць, што стварылі суполку — і ўсё, яна сама будзе развівацца і расці. Каб пастаянна ўзаемадзейнічаць са сваімі падпісчыкамі, патрэбна сачыць за іх навінамі, рэгулярна адказваць на пытанні ў каментарыях і асабістых паведамленнях.

Мэтанакіравана знаходзіць новых падпісчыкаў можна афлайн. Напрыклад, калі ў палацы праходзіў конкурс юных мадэльераў, Ганна Віктараўна пазнаёмілася з мадэлямі і дызайнерамі, пасябравала з імі ў Instagram, адзначыла іх на ўласных фатаграфіях і ў адказ запрасіла дадаць геатэг (адзнаку, што фота зроблена ў пэўным месцы, дакладней, у палацы) на фота саміх дзяўчынак. Зразумела, што ў творчых і таленавітых удзельніц конкурсу было шмат падпісчыкаў, якія заўважылі палац на фота і захацелі даведацца пра яго больш.

Яшчэ адна карысная падказка — выкарыстаць аўтарытэт сваіх выхаванцаў і выпускнікоў, іх сяброў. Так, пра заслужаны аматарскі калектыў ансамбль танца “Чабарок” расказаў у сваім відэа адзін з мінскіх відэаблогераў. У хлопца больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Каб выйсці на такую аўдыторыю іншага блогера, спатрэбілася б нямала часу і сіл.

Аднойчы Ганна Віктараўна выкарыстала і проста ўдалы выпадак: у палацы праходзіла фотасесія вядомага беларускага блогера Дзімы Ермузевіча. З ім тут жа абмяняліся “падабайкамі” — і ўсе яго паклоннікі яшчэ доўга бегалі ў палац, каб пафатаграфавацца ў тых жа лакацыях, што і іх кумір.

Адным словам, дбаць пра свае акаўнты трэба пастаянна. Выхадных і свят тут няма — наадварот, прыйдзецца выдумваць, як павіншаваць сваіх віртуальных сяброў з гэтымі самымі святамі! І толькі праз многа месяцаў стараннай працы з’явіцца вынік — пра вашы заняткі будуць ведаць больш бацькоў і дзяцей. І калі, напрыклад, спатрэбіцца правесці дабор у сярэдзіне года, то будзе прасцей знайсці жадаючых: яны ўжо прыглядаюцца да вашага аб’яднання па інтарэсах у інтэрнэце.

Зразумела, што прафесійны SMM-спецыяліст можа не пагадзіцца са многімі нашымі парадамі. Згодны, адукаваны прафесіянал зробіць гэтую справу лепш, чым педагог са сваімі выхаванцамі. Але ў многіх няма магчымасці наняць яго, а патрэба расказаць пра сябе, навучыцца арыентавацца ў свеце сацыяльных сетак і развівацца ёсць.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.