Не сакрэт, што шкодныя звычкі з’яўляюцца ад гультайства, ад лішкаў вольнага часу. Таму бацькі імкнуцца знайсці альтэрнатыву вулічным бадзянням з натуральнымі для іх наступствамі для сваіх дзяцей-падлеткаў, заняўшы іх карыснай справай. Падрабязна вывучаецца спіс секцый, клубаў, аб’яднанняў па інтарэсах у школе і навакольных установах дадатковай адукацыі. Але часам бывае так, што выбіраць няма з чаго. Ці ёсць з гэтай сітуацыі выйсце?
Было ў нашай хаце свята…
Вёска Васільеўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці — невялічкая: дзве вуліцы, каля трох соцень двароў і сем соцень жыхароў. У мясцовай школе вучыцца ўсяго толькі 36 дзяцей, і гурткоў па інтарэсах тут няма. Ёсць толькі сам дзіцячы інтарэс. Нядаўна сярэдняя школа стала базавай: 6 старшакласнікаў ездзяць у вёску Церахоўку за 15 кіламетраў. Да Добруша — 30 кіламетраў, транспарт туды амаль не ходзіць, ды і найбліжэйшая чыгуначная станцыя ажно за 10 кіламетраў. Да нядаўняга часу бадай адзінай магчымасцю з карысцю правесці вольны час было завітаць у прышкольную майстэрню да Сан Саныча — так па-свойску называюць вучні настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Аляксандравіча Цуканава. Майстэрня доўгія гады ўпэўнена з гонарам несла статус апорнай базавай майстэрні Добрушскага раёна, але цяпер — чарговая страта. З-за таго, што колькасць школьнікаў зменшылася, утрыманне майстэрні стала эканамічна нявыгадным і яе выставілі на продаж. Юным майстрам прыйшлося перасяліцца ў вызвалены кабінет былога 11 класа. Але дзякуючы таму, што з імі застаецца іх любімы Сан Саныч, яны не засмучаюцца: работа тут як кіпела, так і кіпіць.
Кажуць жа, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца. Гэта пацвярджае іх апусцелая майстэрня: некалі дзякуючы няўрымслівасці, фантазіі і талентам Аляксандра Аляксандравіча і яго выхаванцаў пустыя сцены ператварыліся ва ўтульную творчую пляцоўку ў выглядзе вясковай хаты. Як некалі збіраліся дзяўчаты на вячоркі з кудзеляй ці воўнай, так васільеўскія хлопцы ў сваёй хаце ладзілі “хлапечнікі”, размясціўшыся за такарнымі станкамі, спрытна арудуючы нажоўкамі, лобзікамі ці наждачкай.
Ад металічнай творчасці да драўлянай
Аляксандр Аляксандравіч навучыўся за 25 гадоў работы ў школе прыстасоўвацца да ўмоў. Некалі ён, тэхнік-механік па спецыяльнасці, пачынаў вучыць васільеўскіх школьнікаў трактарнай справе, а працоўнае навучанне было ў нагрузку. Самаадукацыя і жаданне працаваць з дзецьмі забяспечыла яму вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. А потым атрымалася так, што трактарную справу знялі са школьнай праграмы, потым гадзін і на працоўнае навучанне стала менш. Але хлопцы, пачынаючы ажно з трэцяга класа, сталі з задавальненнем хадзіць на факультатывы па працоўным навучанні. Менавіта тут штодзень нараджаліся арт-шэдэўры, напрыклад, арыгінальныя скульптурныя кампазіцыі з… металалому. Галоўным матэрыялам для творчасці ў юных васільеўцаў станавіліся дзіравыя каструлі, старыя трубы, поршні, фільтры, шасцерні, спружыны, колы, ланцугі… Груды металалому ператвараліся ў арыгінальныя ландшафтныя аб’екты для школьнага двара. А Санча Панса з далікатнай паненкай упрыгожвае адзін з паркаў Добруша.
Але асабліва бурна закіпела ў выхаванцаў драўляная творчасць. Пад іх лобзікамі і разцамі нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры: ад пано да скульптур, ад аздобленых разьбой скарбонак да драўляных механічных цацак, ад кветкавых кашпо і кніжных палічак да мэблі. І гэта пры тым, што асаблівых інструментаў у юных майстроў няма. Усё што было і ёсць дагэтуль — старыя сталярныя варштаты, якія настаўнік мадэрнізаваў і ператварыў ва ўніверсальныя, напільнікі, кіянкі, сталярныя вугольнікі, нажоўкі і рубанкі.
“Зорак з неба не здымаем, проста робім сваю справу, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. — Выбіраем такія кірункі, дзе можна абысціся мінімальным наборам інструментаў, дадаём жаданне — і ўсё атрымліваецца”.
У аснову ўсяго педагог кладзе ўтульнасць, камфорт, і не проста кладзе, а вучыць дзяцей іх ствараць. Гэта і ёсць аснова ручной працы. “Майстэрню добраўпарадкоўвалі з дзецьмі на сваіх гуртках, сумяшчаючы з вучэбнай яздой на трактарах, — успамінае Аляксандр Аляксандравіч. — Дамаўляліся з лясгасам, бралі сякеры, пілы і ехалі: адны катаюцца, другія рэжуць лес, трэція грузяць. Самі прывозілі, стругалі, пілілі, майстравалі…”
“У першую чаргу гэта трэба настаўніку, бо калі ў настаўніка не будзе жадання, то нічога не атрымаецца. Ні адзін падручнік па працоўным навучанні, ні адна праграма не навучыць дзіця працаваць рукамі, калі вы самі не пакажаце, як гэта зрабіць. Настаўнік павінен прыходзіць на ўрок не толькі з канспектам. Дзеці закончылі сваю справу, і адразу пытанне: што мне рабіць? Гэтае пытанне я ведаю і іду наперадзе — загадзя пачынаю новую работу, якая і падштурхоўвае фантазію дзіцяці, запускае нанова канвеер. Калі я празяваў, не пачаў справу — у класе прабяжыць халадок ляноты, адчуванне, што няма чым заняцца, і пачнецца анархія”.
Па словах настаўніка, часта падштурхоўваюць фантазію самі дзеці, імкнучыся адно аднаго пераўзысці. Яму цікава назіраць, як яны заражаюцца сваімі ідэямі. Адзін навучэнец майструе зруб — паменшаную копію дома, другі ўжо намаляваў сабе і двор, трэці запланаваў цэлы падворак, калодзеж, шпакоўні, прыдумаў, як перайначыць плот.
“І кожны імкнецца ўсё да дробязей зрабіць правільна — пакласці бервяно да бервяна, бэлькі, кроквы, па усіх правілах будаўніцтва накрываем дахі, паглыбляемся у будаўніцтва калодзежаў. Упэўнены, што кожнаму гэтыя веды спатрэбяцца”.
Інтарсія па-васільеўску: робім складанае простым
На размову з Аляксандрам Аляксандравічам у нас ёсць толькі адзін урок-“фортачка”. Яе перапыняе званок на перапынак, і не паспявае ён адзвінець — прыбліжаецца грукат ног, адчыняюцца дзверы, і ўбягае некалькі хлопцаў. Але на гэтым перапынку іх “Сан Саныч, паглядзіце…”, “Дапамажыце прымацаваць…”, “А што, калі я тут перараблю?” пачакаюць. “І так часам ніводнага перапынку за дзень не адпачну”, — усміхаецца Аляксандр Аляксандравіч.
“Ці падабаецца працаваць у школьнай майстэрні?” — пытаюся ў дзяцей. Гучыць “так” у шэсць галасоў, і ў кожнага свае тлумачэнні. Аднаму важна быць надзейным памочнікам дома, другому хочацца нават тату пераўзысці ў майстэрстве, камусьці — стаць папленікам для брата, які ўжо робіць мэблю. Напрыклад, у Цімафея Гарбачэнкі і дома ёсць майстэрня. Там часта збіраюцца Цімафей, яго тата і старэйшы брат, таксама былы навучэнец Сан Саныча. Вось тут хлопцы і прымяняюць атрыманыя ў школе ўменні.
Пытаюся: “Калі маме трэба павесіць паліцу дома, хто яе павесіць: вы ці таты?” — “Мы і павесім. Спачатку паліцы зробім, потым іх і павесім”, — адказваюць хлопцы. У іх дамашняй гаспадарцы шмат рэчаў, зробленых сваімі рукамі. І не толькі традыцыйныя апрацоўчыя дошкі ці хлебніцы, але і табурэткі, аканіцы на вокны, разныя паліцы, для малодшых братоў і сясцёр — механічныя цацкі ад мядзведзяў-лесарубаў да каруселяў-“вяртушак” з конікамі. Апошнія месяцы падапечныя Сан Саныча сур’ёзна захапіліся драўлянай мазаікай, таму ў гэтай цікавай тэхніцы былі сёлетнія падарункі для іх родных на ўсе святы.
Інтарсія, ці драўляная мазаіка, — тэма ўсяго двух параграфаў у падручніку за 8 клас. Але яна сур’ёзна захапіла і педагога, і вучняў. На школьных калідорах — маштабныя выставы. Сёння, як і шмат стагоддзяў назад, інтарсія ствараецца выключна ўручную і з’яўляецца атрыбутам дарагой мэблі. Для гэтага падбіраецца розная па колеры драўніна, наразаецца на тоненькія стужкі шпону, гэтыя стужкі склейваюцца да лістоў неабходнага памеру, з іх ужо выразаюць дэталі для мазаікі. Каб зрабіць гэты працэс больш хуткім і танным, выхаванцы Аляксандра Аляксандравіча навучыліся імітаваць многія пароды дрэва, розныя іх адценні з дапамогай марылкі, сухіх фарбаў натуральных колераў.
“Спачатку на фанеру наносіцца малюнак — можна па трафарэце, а можна прыдумаць свой. Выпілоўваецца па ўсіх лініях, зачышчаюцца краі напільнікам, потым падво-дзяцца наждачкай; наносіш фарбы, клеіш на фон, лакіруеш”, — расказвае тэхналогію Ян Дубаўцоў і дэманструе, як спрытна выходзіць у яго выбудоўваць, быццам пазл, пано.
“У мяне такія дзеці, якім я магу давяраць, паручыць любую справу, пакінуць ключы ад кабінета. Але асабліва мне падабаецца іх няўрымслівасць, жаданне не бавіць дарма час, знайсці, чым сябе заняць, акрамя камп’ютараў. Нядаўна пыталіся, чым маё пакаленне займалася пасля ўрокаў. Кажу, будавалі шалашы на дрэвах. Каб лепш уявілі, расказаў, як шукалі такое дрэва, каб можна было стойкі паставіць, замасціць. На наступны дзень у магазіне бачу — цвікі купляюць, чую — віск пілы і дзіцячыя галасы на ўзлеску. Прыйшоў паглядзець — ужо дом гатовы.
Бывае, ідуць пасля ўрокаў дадому, здаецца, работы шмат узялі, але ведаю, што сёння ўжо скончаць. Раніцай, задоўга да ўрокаў, яны стаяць на ганку, каб даведацца, чым будзем займацца сёння. Калі ёсць запал, гэта відаць. Толькі пачаў работу, за дзве гадзіны скончыў, не паспеў высахнуць лак, а той нясе дадому пахваліцца”.
Ужо сезон Сан Саныча заканчваецца: яго пік традыцыйна прыходзіць на восень-зіму і спадае адразу пасля свят і вытворчасці падарункаў да іх. Пайшоў бярозавы сок — для многіх яго нарыхтоўка ўваходзіць у абавязкі. Усталявалася цёплае надвор’е — самы час паганяць мяч на стадыёне. Але ў Сан Саныча яшчэ хапае ідэй, чым зацікавіць дзяцей. Не адыходзячы ад сваіх прынцыпаў, рыхтуе новую прапанову для выхаванцаў загадзя. На гэты раз, пакуль вырастуць грыбы і ягады, настаўнік навучыць дзяцей плесці з лазы кошыкі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.