Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць… Такога правіла прытрымліваецца калектыў гімназіі № 12 Мінска ў справе прапаганды сярод навучэнцаў здаровага ладу жыцця. Сталічныя педагогі выдатна разумеюць, што словы пра шкоду курэння, алкагалізму, наркаманіі, сказаныя на інфармацыйных і класных гадзінах, могуць застацца проста словамі, калі тэорыю не падмацоўваць практыкай. Якімі павінны быць практычныя заняткі па тэме здаровага ладу жыцця? Як правесці іх максімальна эфектыўна? Разгорнуты адказ дасць гімназічны праект “Здароўе”.
Можна бясконца расказваць даросламу чалавеку пра шкоду курэння, бясконца пісаць вялізнымі літарамі на пачках ад цыгарэт пра тое, што курэнне скарачае жыццё, з’яўляецца прычынай раку лёгкіх і г.д., аднак пакуль ён сам не захоча пазбавіцца шкоднай звычкі, уся прапаганда здаровага ладу жыцця будзе дарэмнай. Тое ж самае і ў адносінах навучэнцаў. Мы можам бясконца расказваць ім пра шкоду цыгарэтнага дыму, аднак паспрабуем паставіць сябе на месца падлеткаў. Калі твае сябры пачынаюць курыць і аднойчы задаюць канкрэтнае пытанне: “Ты з намі або не?” — стрымацца вельмі цяжка. І сяброў страчваць не хочацца, і паспрабаваць забаронены плод карціць.
“Ці патрэбны мне такія сябры? Навошта мне цыгарэты?” — гэтымі пытаннямі рэдка задаюцца юныя курцы. Як паўплываць на ўнутраны свет вучня, прымусіць задумацца? Класік адказаў бы так: “Дапаможа бацькава папруга”. “Гэта ж не сучасныя метады выхавання”, — запярэчаць некаторыя настаўнікі. “Добра. Якія ёсць прапановы? Зноў звяртацца да традыцыйных выхаваўчых мерапрыемстваў? Ці, можа, ёсць іншыя варыянты?” — прыкладна так праходзіла ў 1996 годзе педнарада ў 12-й гімназіі, калі вырашалася пытанне больш эфектыўнай работы ўстановы адукацыі па прафілактыцы сярод навучэнцаў шкодных звычак. Менавіта тады і было вырашана падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. З таго часу словы настаўнікаў пра шкоду курэння, алкагалізму, ужывання наркотыкаў, сказаныя на выхаваўчых мерапрыемствах, перасталі быць проста словамі, тэорыя пачала падмацоўвацца практыкай — экскурсіямі ў анатамічны музей, што дзейнічае на кафедры нармальнай анатоміі БДМУ.
Наведванне музея пакідае незабыўнае ўражанне, аказвае моцнае ўздзеянне на псіхіку экскурсанта. І няважна, гэта школьнік або дарослы мужчына. Абыякавым ад убачанага не застаецца ніхто. І гэта нядзіўна, бо за шклянымі вітрынамі прадстаўлены не прадметы побыту і працы нашых продкаў, тут экспанаты куды больш сур’ёзныя, тут унутраныя органы чалавека, прычым органы з паталогіяй, выкліканай вядзеннем нездаровага ладу жыцця. Прычынай паталогіі, па словах дацэнта Галіны Паўлаўны Дараховіч, з’яўляецца некалькі фактараў. Чалавечыя органы, а таксама эмбрыёны з паталогіяй, якія захоўваюцца ў музеі, сведчаць пра пагаршэнне экалагічнага стану навакольнага асяроддзя, пра палавую распушчанасць моладзі, павелічэнне працэнту захворванняў, што перадаюцца палавым шляхам. Ну а курэнне, алкагалізм і наркаманія — гэта, безумоўна, самыя “спрыяльныя” фактары для папаўнення ўнікальнага музея новымі экспанатамі.
Не будзем падрабязна расказваць пра такія экспанаты, усё ж гэта не апісанне шырока распаўсюджаных у школьных музеях збаноў, біклаг або ручнікоў. Скажу толькі адно: экспанаты анатамічнага музея лепш убачыць ужывую. І прыйсці на экскурсію пажадана з класам, што і робяць педагогі 12-й сталічнай гімназіі. Дарэчы, цяпер музей закрыты на рэканструкцыю, таму заказваць экскурсіі можна будзе толькі з наступнага навучальнага года. Наведаць анатамічны музей варта кожнаму чалавеку, асабліва калі ён клапоціцца пра сваё здароўе. Толькі калі на ўласныя вочы бачыш, якая мярзота можа ўтварыцца ў тваім арганізме, пачынаеш сур’ёзна задумвацца аб шкодзе курэння і алкагалізму.
Акрамя музейных заняткаў, праграма супрацоўніцтва прадугледжвае і іншыя мерапрыемствы. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 12 Мінска Святлана Рыгораўна Каляда, першапачаткова асноўнай мэтай супрацоўніцтва з’яўлялася падрыхтоўка навучэнцаў да паспяховай здачы экзаменаў і паступлення ў БДМУ. З гэтай мэтай на базе гімназіі былі створаны профільныя класы па біялогіі і хіміі (медыцынскія класы). Кафедра нармальнай анатоміі 20 гадоў праводзіць з гімназістамі прафарыентацыйную работу. Навучэнцы медыцынскага класа раз на тыдзень прыходзяць ва ўніверсітэт на факультатыўныя заняткі па “Асновах медыцынскіх ведаў”, якія праводзіць Галіна Паўлаўна Дараховіч. Заняткі заўсёды праходзяць цікава. Акрамя практычнага знаёмства з асаблівасцю ўнутраных органаў чалавека, вучні рыхтуюць даклады па пэўных тэмах, выступаюць, абмяркоўваюць медыцынскія пытанні, у тым ліку пытанні здаровага ладу жыцця.
Навучэнцы медыцынскага класа практычна стапрацэнтна паступаюць у БДМУ. Акрамя факультатыўных заняткаў і музейных экскурсій, выкладчыкі і студэнты право-дзяць для іх і экскурсіі ў бальніцы. Так у студзені яны наведалі хірургічнае аддзяленне бальніцы хуткай дапамогі. Навучэнцы даведаліся шмат новага і цікавага аб агульных прынцыпах работы хірургічнага аддзялення, пабывалі на сапраўднай хірургічнай аперацыі. Цікавым і пазнавальным для будучых медыкаў было і наведванне 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы. Старшакласнікі даведаліся пра розныя хваробы, іх наступствы, пра сучасныя метады дыягностыкі і лячэння складаных захворванняў дзяцей. Як адзначылі самі навучэнцы, нягледзячы на тое, што ім давялося пабачыць цяжкахворых дзяцей, экскурсія ніяк адмоўна не паўплывала на жаданне стаць медыкамі, а наадварот, умацавала яго.
З 2010 года супрацоўніцтва медуніверсітэта і гімназіі стала больш шырокім і праводзіцца ў рамках праграмы “Здароўе”. Па словах кіраўніка праграмы сацыяльнага педагога Вікторыі Аляксандраўны Бізукойць, мэтай праграмы з’яўляецца стварэнне аптымальных умоў для захавання і ўмацавання здароўя, фарміравання здаровага ладу жыцця навучэнцаў і педагогаў. Праграмай прадугледжана сістэмная работа з валанцёрамі БДМУ (студэнтамі педыятрычнага факультэта) па ахове здароўя навучэнцаў. Для кожнай паралелі класаў складаецца асобны план работы на навучальны год, які ўключае тэматычныя лекцыі, класныя гадзіны, гульні, віктарыны, праекты. Тэматыка заняткаў вызначаецца па выніках анкетавання, якое праводзіцца штогод у верасні. На прапаганду здаровага ладу жыцця накіраваны і агульнагімназічныя мерапрыемствы, напрыклад, тэматычныя дэкады прафілактыкі СНІДу і ВІЧ-інфекцыі, акцыі “Чыстыя рукі” і “Адмова ад курэння”, якая праходзіць у фармаце “здай цыгарэту — атрымай цукерку”, тыдзень здароўя.
У рамках тыдня, які сёлета праходзіў з 22 па 27 лютага, быў рэалізаваны праект “Здаровы лад жыцця — гэта стыльна!”. Студэнты 5 курса педыятрычнага факультэта БДМУ правялі шэраг інфармацыйных гадзін па тэме здаровага ладу жыцця, прымалі ўдзел у распрацоўцы і правядзенні класных гадзін, а таксама гадзін здароўя. У адзін з дзён тыдня ў фае гімназіі пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога Алены Аляксандраўны Куруз была разгорнута “міні-паліклініка”, дзе кожны жадаючы мог трапіць у імправізаваны даўрачэбны кабінет, кабінет тэрапеўта, педыятра, афтальмолага. Антрапаметрычны маніторынг праводзіўся на працягу ўсяго тыдня, студэнты давалі дзецям рэкамендацыі па захаванні здароўя. Для шасцікласнікаў у рамках тыдня была праведзена экскурсія ў анатамічны музей, падчас якой дзеці на ўласныя вочы ўбачылі, да чаго можа прывесці курэнне, ужыванне алкаголю і наркотыкаў. Для 1—8 класаў тыдзень здароўя запомніўся і конкурсам малюнкаў “Я выбіраю ЗЛЖ!”.
— Праведзенае падчас тыдня здароўя анкетаванне паказала, што вынікамі рэалізацыі праграмы “Здароўе” за 2015—2016 гады з’яўляюцца наступныя паказчыкі: асноўнай крыніцай інфармацыі па тэме здаровага ладу жыцця для навучэнцаў з’яўляецца гімназія (74%); 52% навучэнцаў, якія прынялі ўдзел у анкетаванні, адказалі, што ніколі не спрабавалі курыць; у 37% выяўлены адзінкавыя выпадкі, якія тлумачацца цікавасцю дзяцей да ўсяго новага, — паведаміла класны кіраўнік 6 “Б” класа Ірына Аляксандраўна Багманян.
Пра тое, што тэорыя павінна сумяшчацца з практыкай, мы ведаем яшчэ са студэнцкіх гадоў. Гэтае правіла з’яўляецца сакрэтам поспеху не толькі ў вучобе. Як паказвае вопыт работы педагогаў 12-й сталічнай гімназіі, у прапагандзе здаровага ладу жыцця настаўніку варта таксама прытрымлівацца залатога правіла. Правялі інфармацыйную гадзіну, расказалі дзецям пра шкоднае ўздзеянне на арганізм нікаціну або алкаголю — і тут жа замацавалі тэорыю практычнымі заняткамі. Можна, напрыклад, арганізаваць экскурсію ў анатамічны музей, можна і ў клінічную бальніцу, дзе вучні ўбачаць, да чаго праводзіць нездаровы лад жыцця. Сапраўды, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва гімназіі № 12 Мінска.