Прадметныя тыдні даўно сталі традыцыйнымі для кожнай школы. Настолькі традыцыйнымі, што часам праходзяць амаль непрыметна для навучэнцаў, ва ўсякім разе часта не выходзяць за прывычныя межы. Але павелічэнне вучэбнай нагрузкі на дзяцей прымушае настаўнікаў задумвацца, як падтрымліваць іх інтарэс да вучобы. Каб зламаць “стандарт успрымання”, паказаць дзецям вядомыя вучэбныя прадметы з невядомага боку, педагогі-прадметнікі сталічнай гімназіі № 5 арганізавалі паміж сабой сапраўднае творчае спаборніцтва, у якім імкнуцца пераўзысці сваіх калег у маштабнасці, яркасці і феерычнасці сваіх тыдняў.
На творчым рынгу — настаўнікі
Кажуць, да добрага прывыкаюць хутка. Але навучэнцы гэтай гімназіі прывыкаць не паспяваюць. Вось звычайныя ўрокі алгебры і геаметрыі змяняюцца матэматычнымі баямі ці КВЗ, конкурсамі і віктарынамі. Дапаўняюць адчуванне свята і госці гімназіі (сапраўды, якое ж свята без гасцей?), сярод іх самыя частыя — студэнты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны паказваюць незабыўныя шоу з дымам без агню ці агнём без дыму. Тыдзень біялогіі, хіміі і геаграфіі — таксама час відовішчных доследаў, хімічных пераўтварэнняў, бурлівых рознакаляровых прабірак. Дзеці з задавальненнем мяняюць свае парты на кафедры падчас навукова-даследчых канферэнцый, праходзяць калектыўныя і аўтарскія фотавыставы аматараў-біёлагаў. У блогах настаўнікаў ідзе іх абмеркаванне, галасаванне, у анлайн-прасторы ладзяцца віктарыны, конкурсы.
“Я працую ў гімназіі больш за 15 гадоў і бачу, як з кожным годам прадметныя тыдні становяцца больш яркімі, — гаворыць дырэктар Лада Іванаўна Захарава. — Педагогі імкнуцца прыдумваць нешта новае, ні разу не прайшлі праграмы, падобныя на папярэднія. На карысць усім пайшлі новыя тэхнічныя сродкі, інтэрнэт-тэхналогіі, настаўніцкія блогі, напоўніцу мы выкарыстоўваем электронную пошту настаўнікаў і вучняў, сацыяльныя сеткі, школьнае тэлебачанне. Пашыраецца і маштаб прадметных мерапрыемстваў: раней яны былі больш кулуарнымі, праводзіліся пераважна ў класах, а апошнім часам мы выходзім на паралелі, аб’ядноўваем дзяцей розных узростаў і нават усю гімназію”.
Рэалізацыя для кожнага
Хоць тыдзень па кожным з прадметаў праходзіць усяго раз у год, яго абмеркаванне лунае ў гімназічнай прасторы яшчэ доўга. Так, дагэтуль свежыя ўражанні ў дзяцей ад Тыдня англійскай мовы, нягледзячы на тое, што прайшоў ён яшчэ ў лютым. Мабыць, таму, што ён быў прымеркаваны да дня закаханых, а для размоў пра каханне аднаго дня мала: вясна і сонца яшчэ лепш ім спрыяюць.
“Тэматычныя тыдні — гэта наша традыцыя, — расказвае Алена Апалінар’еўна Шарамет, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. — Мы кожны раз прымяркоўваем іх да нейкага свята. Напрыклад, у мінулым годзе мы прысвяцілі яго Калядам, сёлета — Дню Святога Валянціна, у наступным годзе плануем узяць за тэму Вялікдзень. Агульная тэма робіць адметнымі мерапрыемствы тыдня, дазваляе засяродзіцца на пэўным свяце з розных бакоў, правесці паралелі яго святкавання ў розных краінах свету”.
“Прадметны тыдзень для дзяцей не толькі свята, але і цудоўная магчымасць папрактыкавацца ў мове, бо ўсе мерапрыемствы — віктарыны, інтэрактыўныя гульні, адкрытыя ўрокі, конкурсы — на англійскай мове. Справу для сябе знайшлі не толькі моцныя, але і слабыя вучні. Яны стваралі валянцінкі, калаж з газет, фантазіравалі, прапаноўвалі ідэі, рэалізоўвалі іх, — гаворыць Іна Паўлаўна Усімава, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы. — Такі падыход дазваляе захапіць мовай тых, хто яшчэ не захапіўся”.
Апантаных і мовай, і ідэяй аказалася ў гімназіі шмат. У панядзелак яны распачалі тыдзень каля ўвахода ў вобразах славутасцей. Клінт Іствуд, Гары Потэр, Каралева Лізавета II настройвалі на англійскі лад усіх навучэнцаў, педагогаў і нават бацькоў, як толькі тыя пераступалі парог гімназіі. Яны ж адкрывалі Тыдзень англійскай мовы, уручаючы кожнаму карткі з жартамі, афарызмамі, цікавымі фактамі пра Англію і Амерыку разам з прышпіленымі да іх салодкімі пачастункамі. Вучэбную атмасферу на творчую мянялі і вакалісты з гімназічнай групы Right Whales — іх жывая музыка і аўтарскія песні былі чуваць нават на вуліцы. Астатняя частка дня стала часам віктарын — не толькі рэальных, але і віртуальных. Напрыклад, для 6-х класаў ладзіліся анлайн-віктарына “Hello, Britain!” і агульнагімназічная віктарына “Культура маўленчых зносін”.
У аўторак усе навучэнцы адправіліся ў Галівуд — у яго ператварылася актавая зала, дзе прайшла інтэрактыўная гульня. Яна стала святам і для інтэлектуалаў, і для ласуноў — кожны правільны адказ гарантаваў цукерку. Для 7—8 класаў прайшла гульня “Каханне з першага погляду”.
Займальныя віктарыны працягнуліся і ў сераду. Каб па максімуме напоўніць тэматычны тыдзень, задзейнічаны былі нават перапынкі. Так, творчыя сюрпрызы падарылі ўжо знаёмыя гімназісты — Клін Іствуд, Гары Потэр і Каралева Лізавета II.
У чацвер прайшоў конкурс англамоўных вершаў. Рамантычныя і ўзвышаныя, вясёлыя і забаўныя — творчы рэпертуар быў разнастайным. Каб вызначыць пераможцаў, працавала журы.
“Лексіка, вымаўленне, уменне свабодна выкладаць думкі, аратарскае майстэрства — гэта тое, што мы імкнёмся развіць у дзецях, — гаворыць Іна Паўлаўна. — А конкурс чытальнікаў вершаў — цудоўная магчымасць выявіць гэты іх узровень, а для дзяцей, канечне, папоўніць свае дзённікі “дзясяткамі”. Паказальна тое, што дзеці прапанавалі правесці такі конкурс і ў наступным годзе, толькі пашырыўшы фармат. Аказалася, што ў нас шмат сваіх англамоўных паэтаў, таму ў наступным годзе мы вырашылі праводзіць яго ў два этапы, адзіным з іх будзе дэкламацыя ўласных вершаў”.
Пятніца стала днём складання метадычных шпаргалак для ўсіх педагогаў гімназіі, асабліва маладых, якія толькі нядаўна ўліліся ў калектыў. Бо ва ўсіх паралелях прайшлі адкрытыя ўрокі: настаўнікі дэманстравалі калегам свае метадычныя знаходкі, тыя прыёмы і метады работы, якія найлепш успрыняліся ў іх класах. Напрыклад, Аляксандр Аляксандравіч Івашкевіч на адкрытых уроках для 5-х класаў, прысвечаных творчасці Роберта Бёрнса, разам з дзецьмі акунуўся ў перакладанне з “раўніннай шатландскай” мовы на рускую і наадварот, параўноўвалі яго пераклады з Б.Пастарнакам, С.Маршаком. Свой першы адкрыты ўрок далі нават дзесяцікласніцы, якія паспрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў. У 5-х класах дзяўчаты правялі лексіка-граматычны ўрок-гульню “Quiz Show:” загадкі, пазлы, інтэрактыўныя гульні прыйшліся даспадобы іх вучням.
Яркім стаў урок Святланы Казіміраўны Панамаровай “Let’s celebrate” для 8-х класаў. “Англійскую мову мы вывучаем, як і ўсе, у падгрупах, — гаворыць настаўніца. — Мы розныя выкладчыкі, розныя дзеці, падыходы да выкладання і веды ў нашых дзяцей розныя. А такія мерапрыемствы — магчымасць паспаборнічаць адно з адным”.
Так, навучэнцы шукалі ў вялікім спісе імён знакамітыя пары свету: Адам і Ева, Арфей і Эўрыдыка, Скарлет О’Хара і Рэт Батлер, Гамлет і Афелія… З набору літар складалі словы пра каханне, рашалі філворды, працягвалі выслоўі пра каханне і перакладалі іх на рускую мову, знаходзілі сакрэты між радкоў, чытаючы ліст Рамэа да Джульеты, складалі чатырохрадкоўі на тэму кахання, падстройваючыся пад зададзеныя канцоўкі.
Тэма прызнанняў у любові — да сваёй гімназіі, да свайго класа, да настаўнікаў, да сяброў — стала нагодай стварыць велізарную валянцінку. Хлопцы і дзяўчаты ў абмен на свае запісы атрымлівалі гумкі Lоve is…
Але кульмінацыяй пятніцы і ўсяго тыдня стаў вялікі выніковы канцэрт “My Beloved English”. Усе нумары гімназічных артыстаў былі прысвечаны каханню. Зарад энергіі, цудоўны настрой і відовішча — уражанняў хапіла кожнаму. Эстрадныя выканаўцы з розных класаў падарылі гледачам свае новыя песні, танцы, запаліліся на гімназічным небасхіле і новыя зоркі.
“Многія нашы выхаванцы — практычна прафесійныя музыканты, але, акрамя гэтага, нашы дзеці займаюцца ў гуртках за межамі школы, у цэнтрах дадатковай адукацыі, і ім таксама было прыемна паказваць свае таленты ў гімназіі”, — гаворыць Іна Паўлаўна. Дарэчы, гарачае абмеркаванне самых яркіх нумароў і дагэтуль не спыняецца на старонках гімназістаў у сацыяльных сетках.
Не замест, а разам
Трэба адзначыць, што Тыдзень англійскай мовы (урэшце, як і іншых прадметаў) заўсёды праходзіць масава. Дзеці вельмі актыўныя, прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, заражаюць сваім запалам і аднакласнікаў, і настаўнікаў. Прыемна, калі трэба думаць, як змясціць усіх дзяцей у зале, а не пра тое, як і кім яе напоўніць.
“Галоўнае, каб у дзяцей было жаданне, — дзеліцца сакрэтамі дырэктар гімназіі Лада Іванаўна. — А ўсё, што робіцца па жаданні, з інтарэсам, атрымліваецца лепш. І таму мы стараемся праводзіць мерапрыемствы, у прыватнасці прадметнага тыдня, не для дзяцей, а разам з імі. Ні ў якім выпадку нельга самому настаўніку прапаноўваць тэму, распрацоўваць і праводзіць мерапрыемства — усё павінны рабіць дзеці, няхай і пад кіраўніцтвам настаўнікаў. Мы разам прадумваем, як паказаць, што геаграфія, гісторыя, матэматыка, родная або замежная мова — не толькі прадметы са школьнага раскладу, а неабходныя веды для штодзённага жыцця”.
І, канечне, важна, каб уся работа з дзецьмі была не эпізадычнай, а ў рэжыме non-stоp. Прадметны тыдзень не павінен заканчвацца пятніцай, а мець працяг у іншым ракурсе. Так, у гімназіі англійская мова гучыць і падчас Тыдня музыкі ў межах сумесных праектаў музыкантаў і англамоўных спевакоў, Тыдня навукі, насычанага канферэнцыямі і даследчымі работамі, якія праходзяць на англійскай мове, і іншых.
“Нашых дзяцей часта запрашаюць на міжнародныя навуковыя канферэнцыі, і для іх школьныя выступленні — гэта першы вопыт, — гаворыць Іна Паўлаўна. — Яны вучацца рабіць стэндавую прэзентацыйную абарону. Іх веды прыходзяцца дарэчы і падчас правядзення “Мадэлі ААН”. Чацвёрты год запар нашы дзеці атрымліваюць сертыфікаты лепшага спікера. Хутка, напрыклад, “прадстаўнікі Літвы” з 8 класа будуць абмяркоўваць праблему перанасялення на планеце, а пакуль яны вывучаюць сур’ёзныя дакументы і рыхтуюць свае даклады. Такія нефармальныя зносіны настаўнікаў і навучэнцаў, безумоўна, даюць тыя вынікі, якія не пад сілу звычайнай класна-ўрочнай сістэме”.
Святлана НІКІФАРАВА.