У 2006 годзе ў Мазыры быў адкрыты цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна”. За 15 гадоў юныя артысты аб’ехалі паўсвету, сталі ўдзельнікамі больш як 70 конкурсаў і заваявалі некалькі дзясяткаў прэстыжных міжнародных узнагарод. Чаму ідэя стварэння такога цэнра ўзнікла менавіта на Палессі і чым цыркавое мастацтва прываблівае юных мазыран — абмяркуем разам з кіраўніком “Арэны”.
Цыркавая “фабрыка”
“Арэна” — гэта дзецішча сям’і Кузняцовых: Марыя Мікалаеўна — мастацкі кіраўнік цэнтра, яе муж Барыс Рыгоравіч — рэжысёр-пастаноўшчык, а сын Сяргей — балетмайстар. Але цэнтр не ўласнасць гэтай творчай сям’і, хоць самі мазыране часам менавіта так і думаюць, а потым вельмі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што ён мае статус дзяржаўнай установы і знаходзіцца ў падпарадкаванні Мазырскага райвыканкама.
Марыя Кузняцова:
“Арэна” — вялікая дружная сям’я, у якой кожны знаходзіць пункт апоры”.
Ідэя стварэння ўласнага дзіцячага цыркавога калектыву зарадзілася ў Марыі Кузняцовай бадай што адначасова са з’яўленнем любові да цыркавога мастацтва. Яна ўспамінае, што ў дзяцінстве, у 70-я гады, калі вучылася ў 5 класе мазырскай школы, перагледзела па тэлевізары ўсе праграмы маскоўскіх цыркавых артыстаў. “Я настолькі палюбіла цырк за яго шчырасць, неверагодную працавітасць артыстаў і іх цуды, што пачала марыць стаць артысткай. Для ажыццяўлення гэтай мары адправілася ў Кіеў, дзе паступіла ў цыркавое вучылішча. Там пазнаёмілася з Барысам, і на першыя гастролі мы паехалі ўжо сям’ёй, — прыгадвае Марыя Мікалаеўна. — Выступалі мы і ў Нацыянальным цырку Украіны, і ў амерыканскім цырку, дзе, дарэчы, і завяршылі сваю артыстычную кар’еру. Калі выйшлі на заслужаны адпачынак пасля 30-гадовай прафесійнай дзейнасці, задумаліся аб стварэнні ўласнага цыркавога калектыву. Аднак паўстала пытанне: застацца ва Украіне ці вярнуцца на маю радзіму, і я раптам адчула, што хачу ў свой Мазыр, каб і там у дзяцей з’явілася магчымасць спасцігаць цыркавое мастацтва. Вось так у 2003 годзе мы і адкрылі сваю студыю. За паўгода атрымаўся сур’ёзны калектыў з першай 40-мінутнай праграмай. А праз пару гадоў наша студыя ператварылася ўжо ў заслужаны аматарскі калектыў, які пазней нават атрымаў уласны дом”.
Бяром усіх!
Каб стаць членам вялікай цыркавой сям’і, якая называецца “Арэна”, юным мазыранам часам даводзіцца пастаяць у чарзе год, а то і два, бо дзяцей, якія імкнуцца навучыцца цыркавому мастацтву, вельмі многа. Па словах М.Кузняцовай, прыняць адразу ўсіх жадаючых не дазваляюць дзве прычыны: час і тэхніка бяспекі. “Сёння, нягледзячы на пандэмію, у нас займаецца каля 70 дзяцей, якія ў школе вучацца ў дзве змены, таму і нашы рэпетыцыі праходзяць як у першай палове дня, так і ў другой амаль штодня. За кожнага нашага выхаванца мы нясём адказнасць, таму і не дазваляем, скажам, 15—20 дзецям адначасова рэпеціраваць на абсталяванай цыркавой сцэне”, — тлумачыць Марыя Мікалаеўна.
Пры гэтым варта адзначыць, што Марыя і Барыс Кузняцовы спецыяльнага адбору дзяцей не праводзяць. Яны перакананы: узрост, фізічныя даныя і нават схільнасць да паўнаты не маюць значэння, галоўнае — жаданне. “Мы бяром усіх, хто гатовы вучыцца і працаваць. У нас няма такога адбору, як у спорце. Нават поўненькі можа стаць, напрыклад, жанглёрам, якому не вельмі патрэбна гнуткасць, ці ніжнім акрабатам, які некага трымае, падкідвае, страхуе, а можа стаць і клоўнам, трэба толькі навучыць яго. У нас, як гаворыцца, шанс жыць ёсць у кожнага дзіцяці”, — усміхаючыся, расказвае мастацкі кіраўнік цэнтра.
Зараз у “Арэне” тры групы: малодшая, сярэдняя і старшая, якая выступае як на канцэртах, так і на конкурсах. Дзеці пачынаюць займацца з 4 гадоў. “Раней мы такіх малых не бралі, таму што з імі вельмі складана, многія літаральна на першай расцяжцы пачынаюць капрызнічаць: “Ой, мне балюча, больш не буду займацца”. І калі яны потым зноў прыходзяць на заняткі, гэта азначае, што яны ўсё ж такі хочуць стаць артыстамі цырка. Бывае, што дзіця, напрыклад, упадзе раз, другі, трэці, але не перастае трэніравацца, пакуль не выканае неабходны элемент. Так і павінна быць, бо сапраўдны артыст выходзіць на манеж не дзякуючы, а хутчэй насуперак фізічным магчымасцям, — дадае М.Кузняцова. — Навучанне цыркавому мастацтву пачынаецца з тлумачэння, што можна рабіць, а што нельга. Многія дзеці пачынаюць займацца дома, бегаць, скакаць, куляцца, а потым ужо прыходзяць да нас. Мы іх падтрымліваем і накіроўваем, стараемся зрабіць так, каб яны не спужаліся пэўных трукаў. Таленавітых дзяцей адразу відаць, а наша справа, як гаворыцца, своечасова падставіць ім руку”.
Конкурсная геаграфія
Амаль штогод палескія таленты праслаўляюць Беларусь на міжнароднай арэне. Юныя артысты з Мазыра маюць узнагароды прэстыжных фестываляў цыркавога мастацтва Італіі, Кітая, Расіі, Украіны, Казахстана, Ізраіля, Літвы, Латвіі… У тым ліку канатаходцы “Арэны” сталі ўладальнікамі сярэбранага клоўна на фестывалі “Новае пакаленне” ў Монтэ-Карла ў 2017 годзе, на які, дарэчы, ганарова трапіть нават дарослым артыстам.
“Калі мы зразумелі, што нашы дзеці вельмі таленавітыя і гатовы тварыць цуды на манежы, мы вырашылі адправіць іх на конкурсы. І на наша велізарнае здзіўленне і шчасце, у іх усё атрымалася, — з гордасцю паведаміла М.Кузняцова. — На сённяшні дзень практычна ў кожным жанры, у якім выступаюць нашы дзеці, ёсць перамогі на міжнародных конкурсах. Але наша самая галоўная перамога ў тым, што мы змаглі ўзняць цыркавое мастацтва Беларусі”.
Ніякага чараўніцтва ў перамогах юных артыстаў няма. Каб пачаць выконваць найскладанейшыя трукі, непадуладныя часам нават дарослым, хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтуюцца гадамі, а кожны жэст і рух адпрацоўваюцца настолькі, што і гаворкі быць не можа пра спантаннасць.
Можа здацца, што сям’я Кузняцовых не мае праблем, бо ў іх ёсць і таленавітыя выхаванцы, і свой манеж, і любоў гледачоў, але заклапочанасць выклікае далейшы лёс іх юных артыстаў. “Нашы дзеці дасягаюць 18 гадоў і не ведаюць, куды ісці вучыцца. Хоць у Беларусі ёсць два дзяржаўныя цыркі — у Мінску і Гомелі, але пры гэтым няма ніводнага прафесійнага вучылішча ці спецыяльнай навучальнай установы, дзе рыхтуюць артыстаў цырка, — адзначае Марыя Мікалаеўна. — Вельмі шкада, што ў нас у гэтым плане ўсё засталося на ўзроўні 80-х, калі я сама вымушана была ехаць вучыцца цыркавому мастацтву ва Украіну”.
Марыць сям’я Кузняцовых і пра супрацоўніцтва з айчыннымі цыркамі, каб у іх маленькіх артыстаў была магчымасць працаваць з прафесіяналамі. “Наша прафесія эксклюзіўная і вельмі складаная. Нашы дзеці дасягаюць высокага ўзроўню ў 12—13 гадоў, аднак у цырк іх не бяруць, таму што яны маленькія. Хоць, я лічу, гэта не прычына, бо мы, педагогі, якія выгадавалі і падрыхтавалі іх, адказваем за іх прафесійны ўзровень. Юныя артысты робяць такое, што дзіву даешся. Дык чаму не даць ім магчымасць атрымаць прафесію нават у такім юным узросце?..” — дзеліцца меркаваннем мастацкі кіраўнік “Арэны”.
Да таго ж у Марыі Кузняцовай ёсць выдатны прыклад — сын Сяргей. Кім ён толькі ні быў: эквілібрыстам, акрабатам, жанглёрам і нават паветраным гімнастам. “У цырку я ад нараджэння. Першы раз выйшаў на манеж у 4 гады ў клоўнскай рэпрызе. Мой цыркавы стаж — звыш 30 гадоў. Зараз з бацькамі мы ставім нумары ўсіх жанраў, з якіх пасля складаюцца цэлыя шоу-праграмы”, — расказвае С.Кузняцоў.
Сяргей Кузняцоў:
“Для нашых юных артыстаў “Арэна” — гэта крок у будучыню, крок да чароўнай прафесіі”.
Ну што ж, будзем спадзявацца, што ў нашай краіне з’явіцца не толькі спецыяльная цыркавая навучальная ўстанова, але і магчымасць для юных артыстаў ззяць на вялікай сцэне. А нашым сённяшнім героям, цэнтру цыркавога мастацтва “Арэна” хочацца пажадаць новых перамог, сіл і натхнення!
Вольга АНТОНЕНКАВА.