Беларускія замкі ў Minecraft

Андрэй Солтан вучыцца ў 6 класе Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. Любіць інфарматыку, працоўнае навучанне, мастацтва, літаратуру, геаграфію, біялогію і гісторыю. А ў вольны час… будуе беларускія замкі ў папулярнай камп’ютарнай гульні. Але пра ўсё па парадку.

Напэўна, вы чулі ад сваіх вучняў пра такую гульню, як Minecraft? Магчыма, нават бачылі яе на экранах тэлефонаў — гэткі цалкам квадратны, піксельны сусвет, у якім школьнікі праводзяць не адну гадзіну. Папулярнасць гэтай гульні сярод дзяцей і падлеткаў неверагодная. Але на першы погляд яна здаецца цалкам бессэнсоўнай: дзіўная графіка, ніякіх зразумелых правіл і ніякага сюжэту. Чым можа вабіць такая гульня?

Аказваецца, кубічныя блокі — зручная адзінка, з якой гулец стварае ўласны сусвет. Творчая свабода бясконцая, абмежаванняў амаль няма: ледзь не ўсё можна прыдумаць, сканструяваць, настроіць. Персанаж можа мірна будаваць жытло і разводзіць жывёл, а можа трапіць у небяспечныя вымярэнні і змагацца з пагрозамі.


Андрэю, тады яшчэ 10-гадоваму школьніку, гульню Minecraft усталяваў яго брат. Зразумела, яна хутка стала адным з любімых заняткаў. Але ідэя незвычайнага праекта нарадзілася толькі гэтым летам.

— Калі я праглядаў свае фотаздымкі Лідскага замка з вандроўкі, у якую мы ездзілі класам, — узгадвае Андрэй, — з’явілася ідэя пабудаваць яго ў Minecraft. А ўвогуле замкамі я захапляюся яшчэ з 8 гадоў.

Лідскі замак стаў першым у калекцыі Андрэя. Пасля з’явіліся Мірскі, Навагрудскі, Крэўскі, Любчанскі, Ружанскі, Смалянскі замкі. Фотаздымкаў і апісанняў хлопцу хапае для таго, каб адлюстраваць у віртуальнай мадэлі не толькі знешнюю архітэктуру, але і асаблівасці інтэр’ера.

— Я пачынаў з лёгкіх замкаў. Напрыклад, Любчанскі пабудаваў за 30 мінут, — расказвае Андрэй. — А пасля зразумеў, як перайсці да больш складаных: Навагрудскі будаваў 4 гадзіны, а на Мірскі спатрэбілася 3 тыдні паступовай работы.

На замках школьнік не спыніўся. Тут жа з кубікаў выраслі Нацыянальная бібліятэка, “Мінск-Арэна”, а пасля — Красная плошча, Нотр-Дам…

Усе пабудаваныя славутасці Андрэй здымае і выкладвае на свой YouTube-канал. Яму хочацца, каб іншыя маглі ацаніць яго намаганні і звярнулі ўвагу на вядомыя мясціны Беларусі. Бацькі і аднакласнікі хобі падтрымліваюць.

— Я захапляюся не толькі віртуальным будаўніцтвам, але і мастацтвам, робататэхнікай, рэдагаваннем фотаздымкаў, — пералічвае Андрэй. — Думаю, калі паступлю ў каледж мастацтваў, змагу стаць дызайнерам.


Мы пастаянна расказваем пра людзей з незвычайнымі захапленнямі, але выпадак Андрэя асаблівы.

Часта дарослыя недаацэньваюць “бескарысныя” хобі дзяцей. А прыклад нашага героя даказвае: інструменты для творчасці могуць быць самымі незвычайнымі. Трэба толькі паклапаціцца, каб у школьніка было больш цікавых уражанняў і крыху свабоды.

Калі і гэта вас не ўпэўніць, то дадам, што многія педагогі ўжо выкарыстоў­ваюць Minecraft на занятках, каб павысіць матывацыю вучняў і дабавіць элемент гульні. Дарэчы, канкрэтныя ідэі можна знайсці на сайце адукацыйнай арганізацыі MinecraftEdu: education.minecraft.net. А калі вы самі маеце такі вопыт, запрашаю расказаць пра яго на старонках “Школы Z”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва Андрэя Солтана.