Чарговы раз “Млын моды” раскруціў свае лопасці, каб абдаць, быццам веерам, свежым водарам творчасці, свабоды і маладосці. 78 дызайнераў, 66 калекцый, каля 500 касцюмаў, больш за 200 мадэлей, замежныя куцюр’е і сотні гледачоў — фінал XXVIII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” быў феерычным. Традыцыйна гэты фэст ствараецца намаганнямі супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Надзея ВАСІЛЬЧАНКА, дырэктар НЦМТДіМ: “Цэлы год мы працавалі над тым, каб скласці візітоўку Беларусі разам. І тэма нашага паказу — “Калі ласка ў Рэспубліку Беларусь — краіну спорту і крэатыву”. І мне падаецца, што сённяшні паказ паспяхова яе раскрыў. Тая работа, якая вялася на працягу года (і адукацыйныя семінары, і паказы, і кансультацыі, і наш тур, і эскізныя ўвасабленні, і работа мадэлей), у выніку і дапамагла стварыць візітоўку Беларусі. Жадаю, каб ваша маладая дзёрзкасць давала вам новыя крыніцы натхнення і каб вы не раз нас радавалі сваімі знаходкамі”.
Каларыт са спартыўным настроем
Галоўнымі тэмамі гэтага сезона, натуральна, сталі II Еўрапейскія гульні і Год малой радзімы. Гэта значыць, на подыуме чакалі ўбачыць увасабленне стылю, моды, маладзёжных амбіцый і спартыўнай упартасці, але з нацыянальнымі каларытнымі штрыхамі. Большасць мадэльераў па-свойму інтэрпрэтавала фальклорную тэматыку. Найчасцей гэта былі ўсяго толькі лёгкія намёкі на народныя строі: дзе — у дэталях крою, дзе — у арнаментах і аксесуарах, дзе — у колеравай палітры. Але ў цэлым гэта было вельмі сучаснае пераасэнсаванне, такі перанос нотак эстэтыкі нашых продкаў у штодзённае жыццё сучаснай моладзі, на вуліцы.
Што да мужчынскага і юнацкага адзення, то тут назіраецца тэндэнцыя пераходу ад вытанчаных сілуэтаў да брутальных, дзёрзкіх, бунтарскіх. Дзяўчатам і жанчынам канкурсанты прапанавалі ўжо адчуць лета, аздобіўшы іх сукенкі кветкавымі прынтамі і аўтэнтычнымі, часам забытымі тэхнікамі рукадзелля, дазволілі атрымаць асалоду ад сакавітых колераў, але не адпускалі далёка ад стылю кэжуал.
Самым малодшым мадэлям дызайнеры прапанавалі не спяшацца расці. Відаць, стаміўшыся ад вобразаў маленькіх дарослых, яны з задавальненнем дэманстравалі па-лялечнаму наіўныя сукенкі, вытанчаныя сілуэты. Але ў дзяцей была і альтэрнатыва. Так, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” (Светлагорск) прадставіў і піжамна-пяшчотную калекцыю “О-ля-лялечкі”, і народную лайт-культуру ў калекцыі “Мінулае ў сучасным”. Традыцыйна шмат на подыуме было ўрбаністыкі, графічных матываў, што надало калекцыям імклівасці, руху.
Сёлета ўжо сёмы раз у межах дабрачыннага праекта “Стыльны пачатак” на подыум выйшлі і навучэнцы Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху. Яны прадэманстравалі жыццесцвярджальную калекцыю, эскізы якой распрацавала Надзея Малафей, прызёрка “Млына моды — 2017”, а сшылі калекцыю ўдзельнікі і фіналісты конкурсу. Пасля дэфіле юныя мадэлі атрымалі гэтае адзенне ў падарунак.
Прадстаўнік прэстыжнага конкурсу “Рускі сілуэт”, запрошаны лектар лабараторыі Вячаслава Зайцава, дызайнер Міхаіл Манакаў быў у захапленні ад нашага подыума:
Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Фестываль-конкурс штогод дэманструе бязмежныя творчыя магчымасці таленавітых маладых дызайнераў, візажыстаў, фатографаў, мадэлей з усіх рэгіёнаў нашай краіны, пацвярджаючы высокі статус і прафесіяналізм яго ўдзельнікаў. Безумоўна, гэты яркі мастацка-адукацыйны і даследчы праект спрыяе прасоўванню крэатыўных ідэй беларускіх дызайнераў у свеце моды. З году ў год фестываль-конкурс адкрывае новыя імёны, натхняе, падтрымлівае творчую моладзь і спрыяе ўстанаўленню партнёрскіх сувязей з вядучымі школамі моды еўрапейскіх краін і міжнароднымі творчымі майстэрнямі”.
— Маладыя беларусы працуюць цалкам у рэчышчы сусветных трэндаў. Цяпер у модзе ўнікальнасць — кожнай краіны і кожнага дызайнера. Гэта самае асноўнае і самае папулярнае, бо паняцця “модна — не модна” ўжо не існуе. Ёсць пэўны стыль, які цяпер у трэндзе на сусветных подыумах: у першую чаргу кітч або аверсайз. І магу з упэўненасцю сказаць: тое, што я ўбачыў на “Млыне моды”, вельмі актуальна, гэта будзе лёгка прадавацца і тыражавацца.
Вучоба ў падарунак
Галоўная конкурсная ўзнагарода — замежныя стажыроўкі і адукацыйныя праекты, магчымасць пазаймацца ў міжнародных творчых майстэрнях у Еўропе, Расіі і іншых, павучыцца ў сусветна вядомых калег і прадставіць сябе свету на модных паказах. Таксама дапамагаць развівацца маладым талентам і падтрымаць іх калекцыі паабяцалі вядомыя беларускія дызайнеры Людміла Лабкова і Мікалай Марозаў.
Як расказала Надзея Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, пераможцы і прызёры мінулага конкурсу змаглі наведаць Інстытут Марангоні — вядучую навучальную ўстанову свету ў галіне моды і дызайну, прынялі ўдзел у Еўрапейскім конкурсе маладых дызайнераў у рамках Тыдня моды ў Мілане. Акрамя таго, лаўрэаты мінулага “Млына” прадэманстравалі свае калекцыі на фестывалі славянскай моды Fil Rouge ў Парыжы, на Volga Fashion Fest у Яраслаўлі. Пераможца-2018 у намінацыі “Школа моды” Дар’я Ясная-Ільюшонак атрымала магчымасць заявіць пра сябе на конкурсе маладых дызайнераў у Вільнюсе на Mados Konkurso Injejcija Vilnus, а неаднаразовая ўдзельніца Таня Тур прадстаўляла Беларусь на конкурсе Lodz Young Fashion у Польшчы і на Міжнароднай выставе адзення і аксесуараў Who’s Next у Парыжы.
Сёлета, па ініцыятыве арганізатараў, акрамя асноўнага складу журы, калекцыі, імёны пераможцаў выбіралі і замежныя дызайнеры — з Расіі, Украіны, Кітая, Літвы і Сербіі.
Кульмінацыяй вечара было аб’яўленне вынікаў. Так, у намінацыі “Школа моды” сярод стваральнікаў калекцый жаночага адзення лепшым дызайнерам стала Вера Комлік (Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава). Прадстаўніца гэтай жа ўстановы Кацярына Козак стала лепшым аўтарам калекцый для падлеткаў, прадставіўшы па-птушынаму бела-чорную калекцыю “Клёкат”. Лепшую калекцыю для мужчын, на думку журы, распрацаваў Кірыл Урбан (Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”).
Святлана ГНЯДЗЁНАК, загадчыца аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ: “Сёлета эскізны тур прайшло каля
280 калекцый, я лічу, што для нашай краіны — вялікая лічба. Спорт і крэатыў сталі іх асновай, галоўнай тэмай, а ўжо
кожны аўтар стараўся знайсці сваё аконца творчага палёту і аўтарскіх ідэй і
ўкараніць іх у сваю калекцыю. Прыемна, што шмат работ фіналістаў выканана з
беларускіх тканін: вытворчасці Камвольнага камбіната, Аршанскага льнокамбіната.
Гэта натуральныя тканіны з прынтамі нашых аўтараў. Немалаважна і тое, што кожны
дызайнер закрануў і сваё фальклорнае “Я”.
Аўтарам лепшай калекцыі для дзяцей стала Ірына Іскрыцкая (Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна). У намінацыі “Майстар моды” перамагла мінчанка Наташа Касцова.
Завяршылася грандыёзнае свята паказам лепшых беларускіх і гасцявых калекцый з Мінска, Масквы, Белгарада, Кіева, Рыгі, Санкт-Пецярбурга, Шанхая.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.