“Жадаем поспеху!” — гэтае пажаданне гучыць пры любой нагодзе, толькі ніхто не задумваецца, што поспех — гэта разавы, найчасцей кароткачасовы ўзлёт і асабліва на жыццё чалавека ён не паўплывае. Педагогі гімназіі № 8 Віцебска сваім выпускнікам жадаюць быць паспяховымі. А грунтоўную падставу гэтаму пажаданню не быць пустым гукам, а абавязкова здзейсніцца дае праект “Крок у навуку — крок у прафесію”, за які яе аўтар А.П.Собалева, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, атрымала перамогу ў намінацыі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення”.
На думку педагогаў гімназіі, паспяховасць не бывае выпадковай, разавай. Гэта пастаянная матэрыя, універсальная катэгорыя, і распаўсюджваецца яна на галоўныя сферы чалавечага жыцця: кар’еру, асабістыя адносіны, сям’ю, здароўе, фінансы, захапленні і хобі. Для іх выпускнікоў стартавай пляцоўкай з’яўляецца гімназія, дзе яны, педагогі, робяць усё магчымае, каб навучэнцы знаходзіліся ў сітуацыі не кароткачасовага поспеху, а былі паспяховымі ў жыцці ўвогуле.
Канечне, большасць выпускнікоў звязваюць прафесійнае жыццё з выбраным імі профілем — фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, філалагічным ці грамадазнаўчым. Так, вялікую плеяду ўрачоў даў хіміка-біялагічны профіль. Напрыклад, Таццяна Аўчыннікава — выкладчык, з’яўляецца аўтарам 12 навуковых работ у галіне малекулярнай біялогіі. Сяргей Зарэмба і Дзмітрый Цяркоўскі працуюць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Дзмітрый Аўсянік — старшы выкладчык кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі ў ВДМУ.
Заўсёды праслаўляў гэтую гімназію матэматычны кірунак. Спачатку яе вучні былі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і канферэнцый, а цяпер самі ўваходзяць у вышэйшы выкладчыцкі склад вядучых універсітэтаў свету — ад БДУ да Гарвардскага. Сярод выпускнікоў — міжнародны інвестыцыйны аналітык, уладальнікі і супрацоўнікі сусветна вядомых IT-кампаній, вядучы сістэмны праграміст Біла Гейтса, начальнік групы Б.Абамы па выхадзе ЗША з эканамічнага крызісу, кандыдаты тэхнічных і эканамічных навук і шэраг іншых.
Вывучаючы прадметы гуманітарнага цыкла, у далейшым вучні выбіраюць прафесіі, звязаныя з палітыкай і дыпламатыяй, мастацтвам, тэлебачаннем. Так, Ніна Космач — кандыдат гістарычных навук у ВДУ. Аляксандра Музыкантава, абсалютная пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, пасля заканчэння МДЛУ працуе ў Пасольстве ЗША ў Мінску. Кацярына Назаранка скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ і працуе ў Пасольстве Японіі ў Мінску. Іван Гаршуноў — уладальнік кніжнага выдавецтва ў Швецыі. Юлія Заўгародняя працуе на Беларускім тэлебачанні. Алена Крыклівец — кандыдат філалагічных навук, дацэнт ВДУ, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Спіс паспяховых выпускнікоў можна працягваць доўга, але такая профільная падрыхтоўка зусім не самамэта педагогаў гімназіі.
“Мы арыентуем вучняў не засяроджвацца выключна на выбраным імі профілі, а развівацца ўсебакова. І чым больш у іх школьным жыцці сфер, дзе яны будуць сябе спрабаваць, тым больш гарантый, што яны паспяхова ўладкуюць сваё прафесійнае жыццё, і ў выніку — жыццё ў цэлым, — гаворыць Ала Пятроўна Собалева. — Калі ты выбраў матэматычны профіль, ты не абавязаны стаць у будучыні матэматыкам. Мэта нашага праекта — каб такое дзіця не баялася перадумаць працягваць далей адукацыю матэматыка, каб яно змагло хутка адаптавацца і стаць паспяховым, скажам, у творчасці. Усебакова развітое дзіця будзе паспяховым у любой прафесіі, таму мы і глядзім вектарна, шырока”.
Менавіта таму адміністрацыя гімназіі ў межах праекта “Крок у навуку — крок у прафесію” шмат увагі ўдзяляе прафесійнай падрыхтоўцы і тых педагогаў, якія рыхтуюць дзяцей не да прадметных алімпіяд, а да конкурсаў выхаваўчага плана, дзе дзеці прадстаўляюць свае праекты па здаровым ладзе жыцця, экалогіі і г.д. А гэта ўжо развіццё другога (але не другаснага) вектара. У яго межах наладжана дзейнасць навуковых таварыстваў навучэнцаў, клубаў “Норма” (прававы), “Дыялог” (дыскусійны), “Эколаг”, “Журналіст”, “Музейная справа”, валанцёрскага цэнтра “Здароўе”, музычнай студыі “Чысты голас”, харэаграфічнай студыі “Мазаіка”, узорнага тэатра-студыі “Дарослыя дзеці”, руху КВЗ і інш. І кожнае з гэтых аб’яднанняў можа пахваліцца мноствам сваіх выпускнікоў, якія цяпер працягваюць кірункі аб’яднанняў прафесійна, — ад юрыстаў і эколагаў да ўдзельнікаў КВЗ.
Дарэчы, да КВЗ у гімназіі асаблівыя адносіны. Педагогі сцвярджаюць: ён развівае не толькі пачуццё гумару, але і такту, ураўнаважанасць, энергічнасць, арыгінальнасць, вобразнасць, дакладнасць мыслення, камунікатыўныя навыкі, логіку, уменне працаваць у камандзе, асабліва ва ўмовах стрэсу, пашырае кругагляд: калі не ведаеш апошніх навін і тэндэнцый у свеце, не прыдумаеш жарт, які б’е дакладна ў цэль. Менавіта таму ў школьным КВЗ не столькі тыя, хто хоча весела бавіць час, колькі тыя, хто хоча зрабіць сур’ёзныя інвестыцыі ў свае прафесійныя якасці. А мяркуючы па статыстыцы, на сцэне нараджаюцца многія прафесіяналы.
Напрыклад, вядучыя акцёры КВЗ сталі сцэнарыстамі і прадзюсарамі (іх работы — тэлесерыялы “Сваты”, “Дах свету”, “Святлафор”, “Два бацькі і два сыны” і інш.). Яшчэ нядаўнія гімназісты, якія былі зоркамі алімпіяд рознага профілю і адначасова выступалі ў тэатры-студыі і ў КВЗ, сёння яшчэ студэнты, але творчае мінулае дапамагае ім выдатна выступаць на сцэне вялікага КВЗ і новага гумарыстычнага руху, які імкліва набірае абароты, — Standup. Андрэй Падлівахін, залаты медаліст і ўдзельнік КВЗ, з дзяцінства са сваёй партнёркай па бальных танцах быў упрыгажэннем усіх гімназічных свят і мерапрыемстваў. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па прафесіі “трэнер-выкладчык спартыўных бальных танцаў, харэограф-балетмайстар”, быў прадзюсарам розных танцавальных праектаў як у Беларусі, так і ў розных краінах Азіі і Амерыкі, саўладальнікам прадакшн-кампаніі. Сёння вучні Андрэя паспяхова выступаюць на конкурсах і чэмпіянатах свету.
Так, у гімназіі цвёрда засвоілі: каб стаць паспяховым заўтра, немагчыма быць непаспяховым сёння. Але ў любым выпадку, не варта абмяжоўваць сябе ў паспяховых сферах.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.