Да руху Code Club далучаюцца кампаніі

Code Club — гэта міжнародны рух, у якім валанцёры — педагогі, бацькі, праграмісты і проста неабыякавыя людзі — вучаць школьнікаў 9—13 гадоў асновам праграмавання на бясплатных занятках. На платформе Code Club сабрана вялікая колькасць метадычных матэрыялаў і ёсць гатовыя распрацоўкі, па якіх валанцёр можа праводзіць заняткі па асобных тэмах. Таму галоўнае патрабаванне да валанцёраў — уменне працаваць з дзецьмі і гатоўнасць вучыцца разам з імі.

У Беларусі першыя клубы з’явіліся ў школах год назад. Але цікава, што праводзіць такія заняткі захацелі не толькі педагогі. Code Club з’явіўся… у аўдытарскай кампаніі. Кампанія Deloitte стала вучыць школьнікаў рабоце ў асяроддзі праграмавання Scratch і запрасіла іншыя кампаніі падтрымаць ідэю.

Сацыяльныя і адукацыйныя праекты сёння становяцца нормай для бізнесу. Таму не дзіўна, што кампанія шукала свой спосаб паўплываць на лёс новага пакалення.

— З камандай мы разважалі: чым можам быць карысныя? — узгадвае дырэктар кампаніі Deloitte Вольга Сцепанеева. — Я 15 гадоў у аўдыце, але мы разумеем, што вучыць гэтаму новае пакаленне не вельмі перспектыўна. Таму звярнулі ўвагу на тое, што ў нас вельмі развіты дэпартамент ІТ-напрамку.

Было вырашана падтры­маць адукацыю ў сферы высокіх тэхналогій, а Code Club з добра распрацаванымі метадычнымі матэрыяламі і развітай міжнароднай супольнасцю падаўся добрай ідэяй. Як узгадвае Вольга, усё пайшло не па плане, калі яна прыйшла на першыя заняткі:

— 19 кастрычніка мы сабралі першую групу за 8 камп’ютарамі і пачалі ўрок. А ўжо праз 10 мінут я ўбачыла, як у дзяцей патухлі вочы. Чаму? Таму што гэта дзеці: Міша ўжо год займаецца Scratch і яму нецікава вывучаць асновы, а Вара ніколі такім не займалася і ёй складана. Я зразумела, наколькі важна на ўроках сачыць за патрэбамі дзяцей і ўнікаць ў сітуацыю.

Так каманда зрабіла для сябе дзве важныя высновы: калі вы плануеце запусціць Code Club і працаваць з дзецьмі, вы павінны быць гібкімі і падстройвацца пад дзяцей. Па-другое, трэба разумець, што ў дзяцей не аднолькавыя ўзровень і хуткасць навучання. Вопытнаму педагогу такія адкрыцці мо­гуць падацца крыху наіўнымі, але калі вы рыхтуеце валанцёра, які бу­дзе праводзіць падобныя заняткі, — яго важна падрыхта­ваць да такіх праблем.

У выніку дзеці на занятках сталі маляваць, гуляць і адпачываць, як толькі Вольга адчувала, што яны паспелі стаміцца. Дзякуючы гэтаму, дзеці сталі больш уважлівымі, а праводзіць заняткі стала прасцей.

Першыя выпускнікі Code Club у кампаніі Deloitte абаранілі свае праекты перад бацькамі і камандай, якая наладзіла работу клуба, яшчэ ў снежні. Каманда хоча зрабіць праграму ўжо на базе ўстановы адукацыі, каб сабраць больш школьнікаў.

У валанцёраў кампаніі з першых дзён наладжаны кантакты з іншымі валанцёрамі Code Club у Беларусі, а таксама з украінскімі калегамі (ва Украіне гэты рух зараз вельмі папулярны і налічвае дзясяткі клубаў). Таму наступным крокам мо­гуць стаць і сумесныя праекты, і конкурсы, спаборніцтвы.

Таксама Deloitte заклікае іншыя беларускія кампаніі адкрываць уласныя клубы і гатова падзяліцца вопытам і падтрымаць ініцыятыву.

Каманда праекта ўжо правяла мітап для ўсіх, хто хоча развіваць рух Code Club у Беларусі, дзе сабрала педагогаў, прадстаўнікоў іншых кампаній і проста цікаўных, якія хацелі б стаць валанцёрамі Code Club. Таму будзем сачыць за развіццём клубаў і запрашаем далучацца!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.