Слова “хэндмэйд” сёння блізкае, напэўна, кожнаму. Стварэнне вырабаў сваімі рукамі стала любімым заняткам для многіх. Вышыўка, вязанне, дэкупаж, карвінг, мноства відаў роспісу, стварэнне біжутэрыі і аксесуараў, унікальных элементаў гардэроба — пералічыць усё складана. Наталля Грэбень, педагог дадатковай адукацыі, таксама прыхільніца ручной творчасці, але ў асаблівым яе разуменні. У яе руках не ўбачыш пяльцаў і іголкі, каляровых стужак і нітак, бліскучых гузікаў і бісеру — у эпіцэнтры яе творчасці рамы манітораў і тэлевізараў, правады і кантакты, трубы і лямпы, рэфрыжэратары і маторы. Але, нягледзячы на сваю брутальную прыроду, яе творы атрымліваюцца не менш прыцягальнымі і мілымі, чым у яе сентыментальных калег. Навучыцца гэтаму ў педагога сабралася цэлая грамада дзяцей.
Пашыраем кругагляд… адвёрткай
Наталля Сяргееўна з тых, каму складана дачакацца, пакуль у кішэні будзе дыплом і загарыцца зялёнае святло на дарозе да ўласна працы. Днём яна студэнтка БДУ, а вечарам — педагог у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска, дзе займаецца з дзецьмі ў аб’яднанні па інтарэсах “Хэндмэйд”.
Шыкоўны будынак “Кантакту” днямі адсвяткаваў год, але дагэтуль сюды прыязджаюць, каб падзівіцца на яго, журналісты, вывучаюць патэнцыял “Кантакту” і бацькі будучых выхаванцаў. І па дарозе да абсталяваных студый гуказапісу, прыгожых тэатральных і харэаграфічных залаў, да аднаго з самых маштабных у Мінску скаладромаў часам заглядаюць у кабінет Наталлі Сяргееўны, дзе пачынаюць без перапынку шчоўкаць затворамі фота- і відэакамер. Асаблівае здзіўленне выклікае ў гасцей той факт, што аўтар прадстаўленых там работ — дзяўчына.
“Незалежна ад полу, у кожнага з нас ёсць унутранае імкненне, жаданне спазнаваць свет, даведвацца, з чаго зроблена ўсё тое, што нас акружае, — гаворыць Наталля Сяргееўна. — Я, напрыклад, ніколі не любіла лялькі — іх мне замяняла ўсё тое, што можна было разабраць, што ўнутры было не пустым, а мела механізмы, правадкі, схемы. Акрамя механічных і электронных цацак, я вывучала знутры ўсе дамашнія прыборы, за выключэннем тэлевізара (мой замах на яго прадухілілі бацькі). А прыцягвалі мяне непасрэдна дэталі, прыгожыя самі па сабе, і я заўсёды шкадавала, што яны схаваны за корпусам. Таму я і шукала спосаб паказаць іх адмысловасць”.
З адвёрткай і паяльнікам Наталля правяла ўсе школьныя гады ў сталічнай гімназіі-каледжы мастацтваў № 26. Пасля кожнай выставы выкладчыкі раілі дзяўчыне сваё захапленне зрабіць справай жыцця. Пасля гэтага і пайшло-закруцілася. За аб’ёмнымі пано, дзе вобраз складалі цвікі, спіралі, жалезкі, пайшлі стылізаваныя маштабныя аб’екты, часам амаль у чалавечы рост. Гэта насцярожвала маму Наталлі: прапарцыянальна пашырэнню інтарэсаў дачкі ў кватэры вырасталі горы хоць і начышчанага да бляску, але, як ні круці, лому.
А вось у велізарным будынку “Кантакту” гасцінна прынялі і Наталлю з яе захапленнем і жаданнем дзяліцца ім з дзецьмі, і яе калекцыю дэталяў, для якой нават выдзелілі асобнае памяшканне. Больш за тое, з першага дня на папаўненне гэтай калекцыі працуюць і калегі, і навучэнцы.
“Я прыходжу на працу з поўнымі сумкамі, — дзеліцца дырэктар цэнтра Алена Валянцінаўна Ліпень. — Нядаўна разабрала на дачы пральную машыну — усе запчасткі, уключаючы цэнтрыфугу, прывезла сюды. Сёння прынесла чарговую металічную банку ад кавы — іх ужо тут некалькі дзясяткаў. Менавіта гэтыя банкі, а не гатунак кавы, становяцца для ўсёй нашай сям’і галоўным крытэрыем пры выбары кавы ў магазіне. У мяне ўжо ёсць ідэі наконт таго, што з іх можна зрабіць, але я хачу паглядзець, ці супадуць яны з дзіцячымі”.
Ад мышкі да кніжкі
У камандзе Наталлі Сяргееўны тыя дзеці, якія ўмеюць бачыць незвычайнае у звычайных рэчах, у якіх думкі пра матэматычныя ўраўненні і асаблівасці старажытнай літаратуры мяжуюцца з ідэямі, з чаго можна зрабіць колы для іх новага аўтамабіля, дзеці, якія падчас доследу з мікраскопам абдумваюць, дзе яшчэ можна прымяніць яго павелічальныя функцыі. У камандзе педагога і бацькі, якія стаміліся сварыцца са сваімі дзецьмі і адвозіць у рамонт разабраныя да вінцікаў і плат электрапрыборы. “Калі цікавасць ёсць, яна не знікае са званком на ўрок ці з бацькоўскім “дабранач”, дзеці абдумваюць свае ідэі пастаянна, — гаворыць педагог. — Гэта ход мыслення, і яго немагчыма спыніць. Калі ў нашы рукі трапляе стары камп’ютар, трэба бачыць, з якой асалодай дзеці яго разбіраюць, як вывучаюць уласцівасці дэталяў — глядзяць праз манітор на сонца, абдумваюць, зрабіць з яго тулава для будучага персанажа ці выкарыстаць яго здольнасць праецыраваць малюнкі”.
Так атрымалася, што першы год усе выхаванцы Наталлі былі вучнямі пачатковай школы, самаму старэйшаму хлопчыку было 10 гадоў. Ды і сёлета гэтая тэндэнцыя захавалася. Наталля тлумачыць гэта маштабнай камп’ютарызацыяй: “Сучасныя дзеці настолькі паглыбляюцца ў свае гульні, што іх немагчыма адарваць ад камп’ютарнай мышкі, і чым большае дзіця, тым складаней. Часам даходзіць да таго, што я прапаноўваю ім зрабіць героя любімай камп’ютарнай гульні — у нас ужо ёсць некалькі персанажаў з “Майнкрафт”. А вось з меншымі такіх праблем няма. Цяпер да нас прыйшла пяцігадовая Насця Гуршчанкова. У яе кішэні заўсёды ляжыць якая-небудзь прыгожая дэталька, міма якой яна не змагла прайсці. І любую вольную хвілінку, пакуль іншыя праходзяць пару раўндаў камп’ютарнай гульні, яна з асалодай разглядвае свой скарб. На першыя заняткі Насця прынесла сшытак, у якім прыдумала гісторыю пра робата. На першай старонцы намалявала яго партрэт, а на наступных разгортваецца гісторыя пра тое, як робату загароджвае шлях вялікі троль і як робат яго перамагае, пракладвае шлях пераможцы. Я прапанавала Насці стварыць гэтых герояў, сфатаграфаваць кожную дзею, а на аснове гэтых фота зрабіць коміксы. Так яе героі загавораць, і гэта будзе сапраўдная кніга з яе ўласнымі работамі. Для Насці гэта будзе стартам. Магчыма, потым яна захоча зняць мультфільм пра сваіх герояў — цяпер у анімацыі гэта новая плынь”.
Ідэі без бар’ераў
Галоўная мэта Наталлі — навучыць дзяцей прыдумваць ідэю, вобраз і ад гэтага адштурхоўвацца, а не ствараць яго ў працэсе, навучыць матэрыялам, формай, колерам адлюстроўваць рысы характару, вобраз свайго героя. Прыклад таго, куды рухацца, дзеці бачаць у студыі, дзе ёсць шмат работ Наталлі Сяргееўны. Напрыклад, круглага і гладзенькага Пятручча, які нагадвае мураша, язык не павернецца назваць злосным. Асабліва цікавае ў творчасці педагога ўвасабленне мужчын. Напрыклад, прататыпам для Топа-Цыклопа стаў лідар карэйскага гурта Big Bang Джы-Драган. Яго асаблівасць — пранізлівы погляд — яна падкрэсліла адным вокам, пра яго любоў да мядзведзяў сведчыць мядзведзік у яго пад сэрцам, якія адбівае рытм сэрца барабанным дробам. У Наталлі ёсць ідэя працягнуць увасабленне іншых эстрадных выканаўцаў. Цікавы вобраз і ў Зефірчыка — імпазантнага мясцовага аўтарытэта з прэс-кантэйнерам для яек, з дрэдамі з тэлефонных трубачак.Дзеці ж часцей бачаць дэталі і, прымяраючы адну да адной, ствараюць свой твор. На пачатковым этапе, гаворыць Наталля, дастаткова і гэтага, але потым абавязкова пачынаецца самае цікавае: “Для мяне больш прывычна заплюшчыць вочы і ўбачыць вобраз. У дзяцей атрымліваецца інакш, у іх іншае мысленне. Дарослы архітэктар ці дызайнер абмяжоўвае сябе асаблівасцямі будаўніцтва, канцэпцыямі ці магчымасцямі тэхнікі. У дзяцей гэтых бар’ераў няма, і яны з лёгкасцю прыдумваюць канструкцыі, вобразы, якія прафесіяналу ўжо недаступныя. І мне цікава вучыцца гэтай іх свабодзе, непасрэднасці. Напрыклад, 8-гадовы Вова Варанай зрабіў малпу: галавой стаў ёлачны шарык, а тулавам — кавалак мяккай трубы. У тулава хлопчык ўлажыў паветраны шарык, а пуцку прасунуў праз адтуліну на спіне. Калі шарык надзімаеш, у малпы з’яўляецца ніжняя частка тулава. Арыгінальна? Упэўнена, што, калі наладзіць выпуск цацак з такім незвычайным элементам, яны карысталіся б вялікім попытам. Прычым надзімаць можна любую частку цела цацкі, напрыклад, жывоцік, а калі шарык парвецца, можна замяніць яго новым”.
Большая частка дзіцячых ідэй лунае вакол тэхнікі — робаты, машыны, танкі, але пакуль усе яны толькі арт-аб’екты. Да робатаў іх набліжае толькі металічная прырода.
“Пакуль мы выбіраем спосабы больш простыя — вочы замяняем ліхтарыкамі з прымацаванымі да іх батарэйкамі. Гэтак жа рухаюцца ў нашых аб’ектаў рукі-ногі, напрыклад, “Прадавец гамбургераў” можа толькі падаць гатовы гамбургер. Канечне, з часам мы будзем рухацца ўперад і ўскладняць свае мадэлі”, — гаворыць Наталля Сяргееўна.
Аб’ядноўваючы таленты
Над тым, куды рухацца далей, ва ўстанове думае цэлы аддзел тэхнічнай творчасці: тут з 12 педагогаў ажно 6 маладых спецыялістаў, уключаючы загадчыка аддзела Яўгена Паўлавіча Акуліча. Вакансіі для моладзі не закрываюцца. Тут іх заўсёдычакаюць — надаць тэхнічнай творчасці новы імпульс стала канцэпцыяй кіраўніцтва цэнтра. “Мне і маім калегам, якія выкладаюць камп’ютарныя курсы і праграмаванне, заўсёды на фінішы не хапае рукі мастака, дызайнера, — гаворыць Яўген Паўлавіч. — Завершаны аб’ект павінен быць эстэтычна прыцягальным. Таму ў нашых планах — аб’яднаць два нашы кірункі: творы выхаванцаў Наталлі Сяргееўны набудуць механіку, а работы маіх выхаванцаў — завершаны выгляд. Хочам спачатку зразумець, на якім узроўні мы зможам узаемадзейнічаць. Як варыянт мы абдумваем аб’яднаныя праграмы. Яны ў нас ужо апрабоўваюцца ў гуртку “Папяровая пластыка”, дзе дзеці адначасова асвойваюць аб’ёмнае макетаванне і мастацкі жывапіс. Тут жа галоўная праблема ў несупадзенні ўзросту. Калі 13—14-гадовыя падлеткі змогуць спалучыць свае тэхнічныя ўменні з мастацкімі, то малодшым дзецям паглыбіцца ў інжынерную справу пакуль будзе складана. Мы спадзяёмся, што праз пару гадоў яны захочуць, каб іх персанажы рухаліся. Такіх дзяцей мы ўжо чакаем на нашых гуртках, у тым ліку ў гуртку “Робататэхніка”.Каб не губляць часу і пакуль у нас няма педагога па трасавым аўтамадэлізме, мы дамовіліся аб’яднаць нашы намаганні ў гэтым кірунку: праграмісты будуць распрацоўваць канцэпт аўтамадэляў, а Наталля Сяргееўна са сваімі выхаванцамі будзе адказваць за іх дызайн. Праўда, пакуль па ўмовах нашых конкурсаў па аўтамадэлізме выгляд мадэляў не бярэцца ва ўвагу (усе яны спрошчаныя). Галоўнае, каб яны хутчэй за ўсіх праехалі пэўную дыстанцыю. Але на міжнародных конкурсах перамагаюць якраз тыя мадэлі, над якімі працавала цэлая каманда. А каманднае аўтарства можа стаць выйсцем там, дзе дзецям складана пашыраць спецыялізацыю”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва ЦДАДіМ “Кантакт”.