Конкурсы прафесійнага майстэрства — неад’емная частка жыцця кожнага педагога, у прыватнасці педагогаў-арганізатараў. Кожны раз, калі яны рыхтуюцца да ўдзелу ў конкурсе, заўсёды імкнуцца пераўзысці сваіх будучых сапернікаў, знайсці самыя цікавыя формы арганізацыі вольнага часу для сваіх навучэнцаў, нечаканыя падыходы. А часам для поспеху не трэба вынаходзіць веласіпед, дастаткова паглядзець на ўжо вядомыя формы па-новаму. І ўся творчасць Аліны Яўгенаўны Лісіцы, педагога-арганізатара гімназіі № 21 Мінска, якая курыруе дзейнасць дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, — яскравы доказ гэтага. Толькі-толькі адгучалі апладысменты ў яе гонар, калі сталіца віншавала Аліну Яўгенаўну з перамогай на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог-арганізатар”.
Сеючы зерне дружбы
Аліна Яўгенаўна ў сталічным настаўніцкім коле — асоба вядомая. І зрабіла яе вядомай менавіта работа з піянерскім актывам. Толькі за апошні навучальны год яна паспяхова выступіла на гарадскім конкурсе тэатраў экалагічнай моды, стала пераможцай у гарадскім конкурсе агітбрыгад “Хутка арміі роднай будзе папаўненне” і конкурсе парадна-цырыманіяльных атрадаў. У конкурсе “Запалі касцёр дабра” стала пераможцай у горадзе і прызёрам на рэспубліканскім этапе з агітбрыгадай “Цімураўцы сённяшняга дня”. Не раз добрыя вынікі прыносіла яе работа з навучэнцамі ў экалагічным кірунку.
Тое, што адчулі члены журы і ўсе сапернікі Аліны Яўгенаўны яшчэ падчас яе творчай візітоўкі, можна прачытаць па вачах яе выхаванцаў. Менавіта ў іх падтрымцы педагог і знаходзіць стымул рухацца далей. Напрыклад, раніцай, напярэдадні фіналу конкурсу ўсе выхаванцы сустракалі Аліну Яўгенаўну ў сценах роднай гімназіі з расцяжкамі, вершамі і з перакананнем, што пераможа менавіта яна. “Проста ў мяне самыя лепшыя дзеці”, — тлумачыць свае поспехі педагог.
Але пасябраваць з Алінай Яўгенаўнай паспелі і незнаёмыя дзеці, для якіх яна праводзіла конкурсныя заняткі — гульнявую праграму — і пераўвасобілася ў клоўна Клёпу, які падчас аўтарскіх гульняў аб’яднаў усіх дзяцей у класе. Гэтая праграма разлічана на першакласнікаў, якія толькі прыйшлі ў школу і якім трэба хутка стаць дружным калектывам. Акрамя таго, сябраваць Клёпа навучыць не толькі дзяцей, але і дапаможа ўстанавіць сяброўскія адносіны паміж бацькамі і педагогамі, што, на думку Аліны Яўгенаўны, не менш важна. У дружбе нічога не можа быць новага, але педагог падала яе каштоўнасць як скарб. У клоўна скарбам сталі зярняткі, якія ён раздаваў дзецям. “Зерне можна згубіць, растаптаць, забыцца, а можна пасадзіць у глебу, чакаць ураджаю і падзяліцца ім з сябрамі”, — дзяліўся сакрэтам з дзецьмі Клёпа.
Стаўка на лідараў
Навучыць дзяцей цаніць дружбу — адна з галоўных задач педагога. Але і з іншымі задачамі яна годна спраўляецца.
“Калі я 6 гадоў назад прыйшла працаваць у гімназію, да мяне падышоў адзінаццацікласнік і спытаў, якая праграма будзе на яго выпускным,— успамінае Аліна Яўгенаўна. — Я дзівілася, як ім можа быць нецікава нешта прыдумваць, як можна прывыкнуць пажынаць плады творчасці сваіх педагогаў і педагога-арганізатара. Таму я пастаралася павярнуць сваю работу так, каб ініцыятарамі любога свята, любой справы былі менавіта дзеці, а не я.
Цяпер кожны чацвер — у дзень лідара — мы збіраемся і абмяркоўваем нашы планы на тыдзень. Для мяне тут галоўнае — не быць галоўнай. Дзеці самі намячаюць планы і вырашаюць, як іх ажыццявіць. Па панядзелках да нас прыходзяць прадстаўнікі ўсіх класаў і абмяркоўваюць, як рэалізаваць запланаванае, — гаворыць Аліна Яўгенаўна. — Сучасным дзецям нецікава рабіць калажы, ім хочацца рэалізоўваць сябе творча. Напрыклад, ствараць тэлевізійныя праекты ці працаваць на гімназічным радыё. Шмат новых талентаў раскрылася ў гімназічным шоу “Хачу да Лісіцы”. Нядаўна ў гімназіі прайшоў кастынг дыктараў”.
Дарэчы, каб гімназічнае радыё было цікавым для слухачоў, трэба ведаць усе тонкасці справы, таму Аліна Яўгенаўна нават скончыла адукацыйныя курсы “Вядучы радыёпраграм”.
Каб навучэнцам гімназіі было прасцей сарыентавацца, усе кірункі работы педагог прадставіла ў пяці сектарах: “Малышы”, “Экалогія і энергазберажэнне”, “Творчасць і вольны час”, “Здароўе і спорт” і “Міласэрнасць”. Усе мерапрыемствы будуюцца так, каб работа сектараў перапляталася. Напрыклад, калі сектар “Экалогія і энергазберажэнне” прапаноўвае стварыць агітбрыгаду, да іх далучаюцца ўдзельнікі сектара “Творчасць і вольны час”. Дзеці разам пішуць сцэнарый, самі складаюць графік рэпетыцый. Могуць нават і педагога не запрашаць, толькі потым уручыць білет на першым радзе і прадэманстраваць на сцэне, што яны зрабілі. Такім чынам педагог робіць стаўку на лідараў.
А пошук гэтых самых лідараў, ці тварцоў, пачынаецца сярод пятых класаў. Менавіта з імі пачынаецца самая актыўная работа. Многія з іх імкнуцца праявіць сябе яшчэ ў малодшых класах — прымаюць удзел у гімназічных праектах, суботніках, акцыях міласэрнасці, дзе яны клапоцяцца пра падапечных сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Заводскага раёна. Дзеці наведваюць іх дні імянінніка, дні маці, Новы год, ладзяць канцэрты, дораць падарункі.
Кабінет педагога
ці дзіцячы пакой?
“Каб стаць піянерам, дзіцяці трэба атрымаць дазвол бацькоў. Але часта таты і мамы вельмі насцярожана ставяцца да арганізацыі. І вось тут актыўна працую я. На бацькоўскіх сходах я расказваю, чым займаецца піянерская арганізацыя, і тлумачу, у чым перавагі жадання дзяцей не адставаць ад калектыву. Для дзіцяці гэта не палітыка, а своеасаблівая гульня. Мабыць, каб піянерская арганізацыя, адраджаючыся, атрымала новую назву, не было б таго негатыву ў дачыненні да яе, з якім часам сутыкаюцца маладыя педагогі-арганізатары. Як ні круці, піянерыя звязана з пэўнымі сімваламі, але калі мы працуем у гэтым рэчышчы, то наша задача — напоўніць яе новым зместам, — разважае Аліна Яўгенаўна”.
Але галоўнае, канечне, — зацікавіць саміх дзяцей. І пачынаць трэба, на думку педагога, з пакоя дзіцячых арганізацый: “Ён не павінен нагадваць музейную экспазіцыю, а быць прасторным і ў той жа час утульным і камфортным. Гэта не кабінет педагога-арганізатара, гэта пакой для дзяцей, таму ён ніколі не павінен зачыняцца. Дзеці могуць у любы момант прыйсці сюды адпачыць, памаляваць, пагуляць, падзяліцца сваімі ўражаннямі і абмеркаваць з сябрамі свае планы, а калі неабходна — і праблемы”.
Усё жыццё — тэатр,
а вучні ў ім — акцёры
Апошнім часам нагодай піянерскіх збораў у дзіцячым пакоі сталі рэпетыцыі школьных акцёраў. Тэатралізаваныя пастаноўкі агітбрыгад сталі галоўным кірункам у рабоце педагога-арганізатара. Тэатр палюбіўся гімназістам, і апошнім часам адна за адной адбываюцца гімназічныя прэм’еры. Малодшым класам асабліва даспадобы казкі. Усе сцэнарыі піша Аліна Яўгенаўна. У яе ёсць цыкл спектакляў па энергазберажэнні. Напрыклад, у паэтычнай “Казцы пра электраэнергію” акцёры з агітбрыгады “Светлячкі” сыгралі ролі членаў сям’і Зайцоў з лесу Ангарскага і расказалі маленькім гледачам, “як навучыцца святло эканоміць, каб грошы з бюджэту не правароніць”. За пастаноўку “Энергія сонца” агітбрыгада гімназіі нядаўна стала пераможцай на Рэспубліканскім конкурсе праектаў эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2014” у намінацыі “Лепшая творчая работа навучэнцаў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў”.
На гэтым тыдні сцэнарная распрацоўка Аліны Яўгенаўны “Цені Трасцянца” атрымала найвышэйшы бал ад журы конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” за лепшае выхаваўчае мерапрыемства. Пастаноўка гэтага вельмі сур’ёзнага спектакля старшакласнікаў стане галоўнай прэм’ерай у гімназіі. Сцэнарый напісаны на аснове рэальных успамінаў вязняў мінскага гета ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама заснаваны на ўспамінах вязняў канцэнтрацыйных лагераў смерці Трасцянец, Азарычы, дзіцячага лагера Чырвоны Бераг.
“У часы святкавання мы ўспамінаем і ўшаноўваем герояў Вялікай Айчыннай вайны, іх легендарныя подзвігі, забываючыся, магчыма, наўмысна, пра злачынствы, якія здзяйснялі фашысты над звычайнымі мірнымі людзьмі, — гаворыць Аліна Яўгенаўна. — Але гэта наша гісторыя, і калі маўчаць пра яе, то ў хуткім часе злачынства забудзецца, перапішацца, зменяцца погляды… Мы не павінны забыць ні подзвігі герояў, ні бязвінна загубленыя ахвяры, ні вайну, у якой не можа быць мінулага часу”.
Магчыма, у будучыні тэатральныя пастаноўкі юных акцёраў будуць збіраць аншлагі не толькі сярод навучэнцаў сваёй гімназіі. Засталося дачакацца дня лідара і абмеркаваць будучыя гастролі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляксандра КАМЕНЧУКОВА
і з архіва гімназіі № 21 Мінска.