Do you speak English? Ich spreche Deutsh!

Для многіх лета — бестурботная пара, час, напоўнены толькі любімымі справамі. Чаму б не прысвяціць яго вывучэнню замежнай мовы? Не спяшайцеся здзіўляцца! Удзельнікі лінгвістычных лагераў, якія арганізуе ў Беларусі Рэспубліканская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, імкнуцца ў іх год ад года. Яны не па чутках ведаюць, што такая вучоба можа быць самай цікавай і займальнай.Якія лінгвістычныя лагеры аказаліся найбольш запатрабаванымі? Што новага з’явіцца ў гэтым кірунку сёлета? Як трапіць у лік абраных і пераадолець моўны бар’ер? Завесці новых сяброў і размаўляць з імі па-англійску, нямецку, французску?.. На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” адказаў старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Субцэльны.

— Дзмітрый Юр’евіч, ваша праграма “Масты адукацыі”, у рамках якой і арганізуюцца лінгвістычныя лагеры, дзейнічае ўжо 15 гадоў. Што прыцягвае ў гэтыя лагеры падлеткаў?
— Ідэя ўсіх нашых праграм для моладзі ў стварэнні праектаў з адукацыйным кампанентам. Для нас важна, каб дзеці і падлеткі, якія трапляюць у нашы праекты, маглі самарэалізавацца. Мы не стамляемся паўтараць, што магчымасцей для іх у нашай краіне, канкрэтным горадзе ці вёсцы куды больш, чым абмежаванняў ці перашкод.
Першы англамоўны лагер мы арганізавалі яшчэ ў 1998 годзе. Сутнасць яго работы ў тым, каб дапамагчы падлеткам, якія вывучаюць замежную мову ў школе, пераадолець канкрэтныя праблемы. Усе мы ведаем, што нават у нашых выкладчыкаў недастатковая моўная практыка, не кажучы ўжо пра іх вучняў. Адсюль праблемы з аўдзіраваннем, немагчымасць пераадолець моўны бар’ер, адсутнасць упэўненасці.
Згодна з нашымі праграмамі ў лінгвістычных лагерах 24 гадзіны ў суткі выкарыстоўваецца замежная мова. Дзеці проста вымушаны выкарыстоўваць той моўны запас, які яны атрымалі на школьных уроках. Прычым для нас не так важна, правільна яны гэта робяць ці не. Галоўнае, каб іх не палохала магчымасць зрабіць памылку.

— Ці прыязджаюць у беларускія лінгвістычныя лагеры падлеткі і педагогі з іншых краін — носьбіты мовы камунікацыі?
— Мы падтрымліваем айчынную сістэму адукацыі, якая актыўна спрабуе экспартаваць свае адукацыйныя паслугі. І, зразумела, мы зацікаўлены ў тым, каб у нашых праектах прымалі ўдзел школьнікі і педагогі з іншых краін. У мінулым годзе мы прымалі ў англамоўным лагеры дэлегацыю з Латвіі. У гэтым жа праекце ўдзельнічалі дзеці і педагогі з Расіі. Сёлета мы прымаем у ім дэлегацыі Свярдлоўскай вобласці і Масквы.
Што дытычыцца носьбітаў англійскай мовы, інакш кажучы людзей, для якіх гэтая мова з’яўляецца роднай, то мы цесна супрацоўнічаем з педагогамі і студэнтамі з Оксфардскага ўніверсітэта. Запрасіць у лагер англійскіх падлеткаў пакуль не маем магчымасці, але гэта ўваходзіць у нашы планы. Нашымі партнёрамі з’яўляюцца таксама педагогі Стакгольмскага ўніверсітэта.
Сёлета мы зноў чакаем гасцей з Оксфарда. А таксама з Ірландыі, Нідэрландаў і Швецыі. Усе студэнты і педагогі прыязджаюць да нас у якасці валанцёраў. Напрыканцы работы мы арганізуем у якасці бонуса для іх трохдзённы тур па Беларусі, падчас якога нашы партнёры змогуць пазнаёміцца з беларускай гісторыяй і культурай.
IMG_7600Трэба заўважыць, што валанцёры, якія працуюць у нас, гэта людзі абсалютна розных прафесій. Галоўнае, каб яны былі камунікабельнымі, адкрытымі, актыўнымі. Важная матывацыя і валоданне запасам інтэрактыўных методык, гульняў, трэнінгаў.

— Асаблівую папулярнасць ва ўсім свеце і ў нашай краіне таксама набыло вывучэнне кітайскай мовы. У мінулым годзе “Настаўніцкая газета” пісала пра “кітайскі” лагер для беларускіх дзяцей. Ці будзе працягнуты гэты праект сёлета?
— Так, лагер “Мост кітайскай мовы і культуры” пачаў работу 15 чэрвеня. Ён праводзіцца трэці год запар і за гэты час паспеў нядрэнна зарэкамендаваць сябе. Сёлета ў ім будуць працаваць 16 кітайскіх педагогаў рознага профілю: каліграфіі, харэаграфіі, выяўленчага мастацтва, чайнай цырымоніі і, канечне, кітайскай мовы і літаратуры.
Мы спадзяёмся, што беларускія дзеці прыйдуць да кітайскай мовы менавіта праз культуру гэтай прыгожай краіны. Са свайго боку мы стараемся забяспечыць гэты праект самымі лепшымі кадрамі. Сёння шмат кітайскіх педагогаў працуюць у беларускіх ўстановах адукацыі, а таму ў нас ёсць магчымасць наладжваць з імі трывалыя сувязі.

— Наколькі вядома, падобныя праекты Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА рэалізоўвае і ў дачыненні да іншых моў: нямецкай, французскай, іспанскай. Якія з іх аказаліся запатрабаванымі, а якія, магчыма, не апраўдалі сябе?
— Запатрабаванай аказалася нямецкая мова, таму нямецкамоўны лагер мы праводзім сёлета ў трэці раз. Я, канечне, не параўноўваю гэтую запатрабаванасць з попытам на англамоўныя лагеры.
Цікава, што няўдачай пазамінулага года аказалася адсутнасць патрэбнай колькасці жадаючых для лагера з іспанскай мовай камунікацыі. Мы змаглі набраць усяго 16 чалавек пры мінімальнай колькасці ў 40 чалавек. Магчыма, калі ў нас знойдуцца партнёры, паспрабуем зрабіць гэта яшчэ раз.
Навінкай гэтага года стане наш пілотны праект па арганізацыі лагера з французскай мовай зносін. Мы запускаем яго сумесна з упраўленнем адукацыі Гродзенскай вобласці. Дзякуючы падтрымцы педагогаў гродзенскага рэгіёна, 80 працэнтаў дзяцей, якія прыедуць у лагер, гэта навучэнцы франкафонных школ вобласці. Нашы калегі данеслі інфармацыю да кожнай школы і кожнага настаўніка французскай мовы.
Лагер будзе дзейнічаць у горадзе Зэльва (Гродзенская вобласць) на базе мясцовага санаторыя, дзе для дзяцей будуць створаны выдатныя ўмовы. Спадзяёмся на ўвагу да нашага праекта з боку пасольства Францыі. На цяперашні момант існуе дамоўленасць аб тым, што лагер наведае аташэ па пытаннях культуры пасольства Францыі ў Беларусі. Такое супрацоўніцтва дапаможа нам мець большы выбар у плане выкладчыкаў — носьбітаў французскай мовы. Сёлета мы набіраем іх самі, выкарыстоўваючы ўласныя каналы. Аднак, гэта, бадай, адзіны лагер, дзе ўсе носьбіты мовы з’яўляюцца педагогамі па адукацыі.

— Стратэгічнымі партнёрамі Беларусі сёння з’яўляюцца многія ўсходнія дзяржавы, мова якіх не вывучаецца ў нашай краіне. Аднак вы робіце першыя крокі і ў гэтым кірунку…
— Так, мы заключылі дамоўленасць з пасольствам Ісламскай рэспублікі Іран. 2013 год аб’яўлены ЮНЕСКА годам Авіцэны. Гэта вядомы персідскі філосаф і медык. Мы плануем шэраг сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку і звязаных з гэтай тэмай. Адзін з кірункаў супрацоўніцтва — міжнародны беларуска-іранскі лагер. Зразумела, што яго складана будзе назваць лінгвістычным, таму што персідская мова не вывучаецца ў нашай краіне ў якасці замежнай, аднак культурным — дакладна.

— Думаецца, педагогам замежных моў будзе цікава даведацца, як іх вучні могуць патрапіць у лік удзельнікаў вашых лінгвістычных праектаў.
2jmj7l5rsw0yvb-vlwaykk-ybwkx253lzavndiwotq1odkuanbn— Мы запрашаем паўдзельнічаць у нашых праектах дзяцей, пачынаючы з 14 гадоў. Усю неабходную інфармацыю можна прачытаць на афіцыйным сайце Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА.
Англійская мова — самая папулярная сярод беларускіх падлеткаў. Таму мы арганізоўваем такія лагеры, разлічваючы на два ўзроўні. Першы — для дзяцей, якія маюць пэўныя веды, але пакуль не могуць свабодна імі карыстацца. Другі ўзровень — для дзяцей, “прасунутых” у веданні мовы. Апошні праводзіцца ў гэтым годзе ў Гомелі. Са 150 жадаючых мы выбралі 60 чалавек. Для гэтага нашы спецыялісты праводзілі папярэдняе скайп- і тэлефоннае субяседванне, каб вызначыць моўны ўзровень прэтэндэнтаў. Для нас вельмі важна, каб падлетак мог актыўна стасавацца. Гэта забяспечвае высокі ўзровень работы ўсяго лагера.
Выключэнне складае толькі кітайскі лагер, бо многія дзеці ў нашай краіне вывучаюць кітайскую мову з 6 гадоў.
Дарэчы, у суседніх краінах таксама існуюць падобныя лагеры. У гэтым годзе мы плануем упершыню адправіць групу беларускіх школьнікаў у англамоўны лагер у Польшчы. У наступным годзе беларуская дэлегацыя адправіцца ў англамоўны лагер у Чэхію. Галоўнымі крытэрыямі адбору стане валоданне мовай і матывацыя падлеткаў. Запрашаем усіх зацікаўленых.

Гутарыла Наталля АЛЁХІНА.