Дзве школы для юных тэхнароў

А што, калі цяперашнюю эпідсітуацыю выкарыстаць як унікальную магчымасць? Менавіта такую прапанову выказалі ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і вырашылі адкрыць анлайн-школу “IQ UP”. Між тым, рэалізацыі такой ініцыятывы спрыяла і афлайн-падзея — рашэнне абласных улад аб значным пашырэнні плошчаў цэнтра. З канца чэрвеня ён знаходзіцца пад дахам тэхнапарка “Карал”.

Толькі ў мінулым годзе выхаванцы Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі прывезлі 6 дыпломаў з конкурсу JuniorSkills Belarus. З верасня больш як 500 хлопчыкаў і дзяўчынак адкрываюць для сябе бязмежны свет электронікі, робататэхнікі, IT-сферы, праграмавання, інфармацыйных тэхналогій і радыёэлектронікі на базе інавацыйнага цэнтра з сучаснай інфраструктурай. У распараджэнні наведвальнікаў Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ёсць дадатковыя 3D-прынтары, сканеры, камп’ютары.

Зараз у новым памяшканні амаль 500 квадратных метраў адведзена пад майстэрні, лабараторыі і вучэбныя кабінеты. Усяго ў дзіцячым тэхнапарку 5 класаў для навучання, некалькі майстэрняў і цэнтр лічбавых кампетэнцый. Пад кіраўніцтвам кваліфікаваных педагогаў юныя таленты спасцігаюць асновы інжынернай адукацыі, праектнай дзейнасці, вучацца рашаць складаныя задачы. Пасля пераезду захаваліся ўсе кірункі: інфармацыйныя тэхналогіі, робататэхніка і электроніка прадстаўлены на трох адукацыйных узроўнях. 

Ну а для тых, хто з-за вялікай адлегласці не можа прыязджаць у гэты ўнікальны цэнтр, цяпер ёсць анлайн-версія — школа IQ UP, каб доступ да якасных адукацыйных паслуг быў максімальным для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу Гомельскай вобласці. Ужо сёння ў IQ UP набрана 60 чалавек практычна з усіх раёнаў Гомельшчыны, расказвае дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік.

— У анлайн-школе IQ UP мы плануем развіваць кампетэнцыі конкурсу JuniorSkills і паставілі перад сабой задачу навучыць гэтым васьмі напрамкам дзяцей з усёй Гомельскай вобласці. Пандэмія ў гэтым выпадку нам дапамагла. Яна падштурхнула да думкі, што магчыма праводзіць анлайн-навучанне для навучэнцаў 1—11 класаў. Дарэчы, такім чынам могуць навучацца і педагогі. Ёсць расклад заняткаў, які размешчаны на нашым сайце. Прадугледжана паўнацэнная работа з дзецьмі і атрыманне імі заданняў ад настаўніка. Потым адбываецца самастойнае выкананне і праверка выкладчыкам. Да таго ж, у вучняў ёсць магчымасць разабраць складаныя пытанні. Школа IQ UP разлічана на год — як платная форма навучання. Перш чым стартаваць, мы правялі пробныя заняткі і праверылі тэхнічныя характарыстыкі камп’ютараў. Быў арганізаваны бацькоўскі сход, на якім растлумачаны ўсе нюансы. Заняткі ў школе будуць праходзіць у анлайн-рэжыме на розных платформах у залежнасці ад кірунку. Распрацаванай праграмай прадугледжана і афлайн-сустрэча ў межах летняга кругласутачнага лагера. Будзе добра, калі мы такім чынам дапаможам кожнаму ўдзельніку школы сарыентавацца ў свеце прафесій. Магчыма, ён паспрабуе сябе ў той прафесіі, якая яму цікавая. 

Характэрнай асаблівасцю сучаснай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца яе паступовая інтэграцыя з агульнай сярэдняй адукацыяй, у тым ліку ў межах стварэння ўмоў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў. Менавіта для таго, каб рыхтаваць высокаматываваных і адораных навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах па вучэбных прадметах, конкурсах даследчага характару, на базе таго ж Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі адкрываецца абласная школа дакладных навук. Яе з’яўленне ініцыіраваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

Да таго ж, на рэгіянальным жнівеньскім педсавеце начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў звярнуў увагу на тое, што ў рэгіёне ёсць намер падцягнуць фізіка-матэматычны цыкл. Школа дакладных навук будзе мець вочна-завочную форму навучання па фізіка-матэматычным кірунку. Фізіка і матэматыка — для вучняў 5—8 класаў, інфарматыка — для 3—8 класаў. Склад педагогаў будзе іншы, чым у школе IQ UP. Асноўная частка выкладчыкаў — гэта вядомыя, вопытныя педагогі Гомеля, якія рыхтуюць дзяцей да алімпіяд.

Залічэнне ў школу дакладных навук ажыццяўляецца шляхам адбору на конкурснай аснове — не больш за 15 чалавек у кожную групу. Навучанне будзе праходзіць у вочна-завочнай форме, якая ўключае анлайн-навучанне ў вучэбны час і афлайн-сесіі, якія будуць праходзіць у перыяд усіх школьных канікул на базе Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў рамках дзевяцідзённых кругласутачных лагераў. 

— Важна пачынаць шукаць таленавітых дзяцей як мага раней, — упэўнена Наталля Алейнік. — Нават з першага класа трэба выхоўваць будучага праграміста. Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі вядзе велізарную работу па падрыхтоўцы дзяцей да прадметных алімпіяд. Яны працуюць з тымі, у каго ўжо ёсць пэўныя дасягненні і навыкі. Мы ж будзем ствараць інкубатар для самых маленькіх таленавітых дзяцей, гадаваць іх. Наведваць заняткі будуць матываваныя дзеці, на якіх ускладаюцца надзеі ў далейшым алімпіядным руху. Навучанне бясплатнае. Мы спадзяёмся, што вучоба ў нашых школах будзе запатрабавана і прынясе дастойны інтэлектуальны плён.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.