Дзявочыя сакрэты

Гендарнае выхаванне — тэма актуальная і цікавая, бо патрабуе добрай тэарэтычнай падрыхтоўкі, асэнсаванага вопыту і настаўніцкай інтуіцыі. Гэтую думку падзяляюць метадысты і педагогі Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія два гады займаліся даследаваннем гендарнага выхавання ў межах інавацыйнай пляцоўкі. Для работы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі педагогі абапіраліся на тэматычны фальклор, дапамогу бацькоў і інтарэсы саміх дзяцей.

Асобнай увагі заслугоўвае выхаванне дзяўчынак у рамках двух аб’яднанняў па інтарэсах — “Дзявочыя сакрэты” і “Школа прыгажосці “Леона”. Метадысты і педагогі расказалі, чаму вучаць будучых жанчын і як зрабіць заняткі адначасова цікавымі і карыснымі.

Падчас заняткаў з тэлежурналістам АНТ Юліяй Кісель. Яна расказала дзяўчынкам пра работу на тэлебачанні і вучыла акцёрскаму майстэрству і ўменнютрымаць сябе перад камерай.

Ідэя стварыць інавацыйную пляцоўку для даследавання менавіта гендарнага выхавання ўзнікла спантанна.

— Цікавых тэм для развіцця падобных інавацыйных праектаў шмат, — расказвае дырэктар цэнтра Алена Мікалаеўна Шумейка. — Ды вельмі важна знайсці навуковага кіраўніка, які глыбока пагружаны ў тэму і можа дапамагчы метадыстам і педагогам з тэарэтычнай падрыхтоўкай. Нам пашанцавала, бо мы пазнаёміліся з Флюрай Ібрагімаўнай.

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі НАН Флюра Ібрагімаўна Храмцова прысвяціла нямала ўвагі даследаванню гендарнага выхавання моладзі. Падчас выпадковага знаёмства яна прапанавала тэму і сваю дапа­могу.

— Думаю, з установай дадатковай адукацыі навукоўцам асабліва цікава працаваць, бо нашы праграмы ў адрозненне ад школьных больш гібкія. Яны дазваляюць педагогу адначасова падстройвацца пад запыт выхаванцаў і рэалізоўваць уласныя задумы, напрыклад, у рамках інавацыйнага праекта, — гаворыць Алена Мікалаеўна.

Так, наведвальніцы аб’яднання па інтарэсах “Дзявочыя сакрэты” — дзяўчынкі ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў. Лагічна, што больш за ўсё яны любяць заняткі па макіяжы, цырульніцкім майстэрстве, касметалогіі. Удзельніцы аб’яднання атрымліваюць сучасныя і неабходныя кожнай дзяўчынцы-падлетку (а пасля і дарослай жанчыне) веды і навыкі. Для іх асабліва каштоўна, што з невялікімі лекцыямі і майстар-класамі да іх прыходзяць прафесіяналы з індустрыі прыгажосці, якія даюць кампетэнтныя парады.

— Мы не школа і не ўніверсітэт, да нас не будуць хадзіць без сапраўднага жадання, з-за неабходнасці атрымаць дыплом ці прафесію. Таму калі мы самі не будзем цікавымі для дзяцей і падлеткаў, то яны сюды проста не прыйдуць, — тлумачыць дырэктар цэнтра.

Дырэктар цэнтра А.М.Шумейка з метадыстамі Н.М.Якута і М.А.Івановай.

Лекцыі запрошаных майстроў пра падбор прычоскі ці правілы манікюру дапамагаюць дзяўчынкам самастойна прыйсці да важнай высновы: прыгажосці не бывае без здароўя — фізічнага і псіхалагічнага. Дзякуючы гэтаму, педагог можа зацікавіць дзяўчынак і больш складанымі тэмамі. Напрыклад, можна абмеркаваць, з чаго складаецца здаровы лад жыцця і рэпрадуктыўнае здароўе, як будаваць адносіны з людзьмі, што патрэбна жанчыне, каб развівацца як асоба. Сярод тэм, якія прапануюць наведвальніцам гуртка, — навыкі паводзін у настандартных сітуацыях, выхаванне ўпэўненасці ў сабе.

— Такія заняткі арыентаваны на сацыялізацыю асобы, задавальненне індывідуальных патрэб у маральным самаўдасканаленні, арганізацыі вольнага часу, — падкрэслівае метадыст цэнтра Наталля Якута.

Вялікую ўвагу на занятках адводзяць выхаванню мастацкага густу: дзяўчынкі вывучаюць розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вучацца асновам вышывання і вязання. Нават гэтыя простыя навыкі не раз спатрэбяцца ў дарослым жыцці, у вядзенні ўласнай гаспадаркі.

Галоўная каштоўнасць гэтага аб’яднання па інтарэсах у тым, што ў яго наведвальніц ёсць дарослы чалавек, якому яны мо­гуць даверыць дзявочыя сакрэты. У падлеткавым узросце, калі абвостраны ўсе пачуцці, асабліва важна, каб побач быў такі сябар, які можа дапамагчы ў складаных псіхалагічных сітуацыях.

— На жаль, зараз мы засталіся без педагога, які праводзіў гэтыя заняткі, таму актыўна шукаем новага чалавека, які б змог гэтак жа зацікаўлена працаваць з дзяўчынкамі, — скардзіцца Алена Мікалаеўна.

Між іншым, планам работы гэтага аб’яднання і распрацоўкамі метадыстаў тут гатовы падзяліцца з калегамі. Калі вас зацікавіў вопыт гендарнага выхавання праз такі гурток і вы хочаце арганізаваць падобны ў сваёй установе — таксама раім звярнуцца да калектыву Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.


Сапраўдных жанчын выхоўваюць і ў школе прыгажосці “Леона”. Яна працуе пад кіраўніцт­вам Віталя Міхайлавіча Жылінскага ўжо больш за 15 гадоў і дапамагае сваім выхаванкам раскрыць не толькі знешнюю, але і ўнутраную прыгажосць.

Кіраўнік аб’яднання атрымаў прафесійную адукацыю — скончыў спецыяльныя курсы. Цяпер часта выступае ў якасці члена журы на сусветных конкурсах прыгажосці, з’яўляецца Нацыянальным дырэктарам Сусветнай лігі прыгажосці і моды, але ніколі нават не задумваўся перастаць праца­ваць з дзяўчынкамі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Візажыст Юлія Мухарэўская вучыць дзяўчынак макіяжу і знаёміць з гісторыяй гэтага мастацтва. Вучаніцы вызначаюць асаблівасці свайго твару, падбіраюць касметыку і асвойваюць тэхнікі яе нанясення. Галоўнае, чаму вуxыць візажыст, — захоўваць і падтрымліваць здароўе скуры.

— Слонім — кузня прыгажосці. Гэта даказана статыстычна, — смяецца Віталь Міхайлавіч. — Ды калі ў фінале Нацыянальнага конкурсу прыгажосці з 12 дзяўчат дзве — са Слоніма, то і даказ­ваць нічога не трэба. Безумоўна, каб нашы выхаванкі добра выглядалі на подыуме, укладваецца вялікая работа і шмат часу: пастаноўка нумара — гэта 100 гадзін рэпетыцый.

Рэпетыцыі — гэта не толькі трэніроўка пластыкі і рухаў, умення працаваць на камеру, але і эмацыянальная падрыхтоўка. Мадэль павінна быць упэўненай у сабе, валодаць правіламі этыкету, сцэнічнай і агульнай культурай. Таму Віталь Міхайлавіч знаёміць дзяўчынак з гісторыяй дамоў моды, эстэтычнымі напрамкамі ў фэшн-індустрыі. Напрыклад, заняткі па гісторыі моды для іх правяла вядомы дызайнер дзіцячага адзення Лі­дзія Барынава, трэнінг па акцёрскім майстэрстве — актрыса Слонімскага драматычнага тэатра Галіна Ерамейчык. Напэўна, самая запамінальная сустрэча — знаёмства з гісторыкам моды Аляксандрам Васільевым. Кніжкі з яго подпісам захоўваюць у школе прыгажосці і цяпер.

Асабліва прыемна педагогу, калі пазаймацца з яго вучаніцамі прыхо­дзяць выпускніцы школы — такія ж дзяўчынкі, якія змаг­лі дасяг­нуць высокіх вынікаў: паў­дзельнічаць у сусветных конкурсах прыгажосці, прадстаў­ляць вядомыя брэнды ў Беларусі і за мяжой. Такі ўзор паспяховай жанчыны перад вачамі вельмі карысны для дзяўчынак у тым узросце, калі адбываецца выбар жыццёвага шляху і фарміруюцца прыярытэты. Сваім прыкладам яны паказваюць, як працавітасць, стараннасць, дысцыпліна, упар­тасць дапамагаюць пакарыць любыя вяршыні. А выхаванне такіх якасцей карыснае не толькі для будучай мадэлі, але і для прадстаўніка любой іншай прафесіі.

— Я прывучаю дзяўчынак працаваць над сабой і цярпліва ча­каць вынікаў, — тлумачыць сваю работу Віталь Міхайлавіч. — І важна разумець, што гэтая работа не толькі фізічная (уменне прыгожа хадзіць — толькі маленькая частка навыкаў сапраўднай мадэлі), але і псіхалагічная. Жанчына павінна ўмець любіць сябе, але адрозніваць такую любоў ад высакамернасці.

Таму наведвальніцы “Леоны” вучацца пераадольваць комплексы, разумець сябе і іншых. Як лі­чыць іх настаўнік, калі гэтая работа над сабой прайшла паспяхова, то ў калектыве не ўзнікае саперніцтва і “зорная хвароба” ніколі не пашкодзіць зносінам паміж дзяўчынкамі.

— У мяне ёсць любімыя вучаніцы — самыя старанныя. Але я не дазваляю сабе выдзяляць кагосьці. У школе павінны быць роўныя ўмовы для ўсіх, інакш адкуль з’явіцца матывацыя працаваць? — падкрэслівае педагог.

Любая выхаваўчая работа не будзе мець сэнсу, пакуль няма добрых адносін паміж настаўнікам і дзяўчынкамі. Простая ўвага да кожнай і звычайны чалавечы клопат дазваляюць усталяваць кантакт і наладзіць даверлівыя адносіны.

Каб развіваць унутраную культуру дзяўчынак, Віталь Міхайлавіч шукае нестандартныя і сучасныя сродкі выхавання. Напрыклад, не так даўно прапанаваў дзяўчынкам чэлендж — кожная павінна была паказаць фотаздымкі свайго чыстага пакоя.

— Зараз “зоркі” займаюцца такім відам дабрачыннасці, — патлумачыў ён. — Напрыклад, публікуюць у сацыяльных сетках здымкі з бяздомнымі жывёламі і гэтым самым знаходзяць ім гаспадароў, прыцягваюць увагу сваіх фанатаў да важнай сацыяльнай праблемы. Натхніўшыся іх прыкладам, мы таксама вырашылі зрабіць нешта карыснае і запусцілі такі чэлендж. З вялікім задавальненнем праглядаем фотасправаздачы — дзяўчынкі не толькі самі наводзяць парадак, але і падключаюць сям’ю.

Разам з Віталем Міхайлавічам яго вучаніцы наведваюць з экскурсіямі іншыя гарады, дапама­гаюць выхаванцам дзіцячага дома. Усё гэта пашырае іх кругагляд, ву­чыць разважаць у іншых маштабах, а ў выніку выхоўвае гарманічных, сацыялізаваных і выхаваных жанчын, якія пасля становяцца прыкладам для наступнага пакалення вучаніц.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва В.М.ЖЫЛІНСКАГА.