Экапраекты: наперад, да міжнароднага “золата”!

“Галоўнае не перамога, а ўдзел”, “Пераможцамі ўсе быць не могуць”, “Вы ўсе малайцы!” — гэтыя і падобныя суцяшэнні чуюць удзельнікі конкурсаў экалагічных праектаў, толькі чамусьці горыч паражэння ад іх не змяншаецца. Так, можа, для юных вучоных гэтая горыч — стымул для далейшай працы, але большасць з іх, чуючы словы суцяшэння зноў і зноў, паступова губляюць запал. А справа найчасцей не ў самім дзіцяці, не ў якасці яго работы. Якой павінна быць дзіцячая навуковая работа, каб атрымаць высокія ўзнагароды не толькі ў Беларусі, але і ў свеце, выдатна ведае Іван Рускіх, кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў “Генетыка і селекцыя” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, які ўжо амаль 20 гадоў з’яўляецца членам журы Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў INEPO. Яго выхаванцы амаль кожны раз вяртаюцца з гэтай алімпіяды і іншых з залатымі медалямі.

Алімпіядная гісторыя

Нехта з педагогаў не пагодзіцца са мной, скажа, што любая ацэнка (ці то адзнака ў дзённіку, ці то ступень дыплома) не павінна іграць асаблівай ролі, важней атрымліваць асалоду ад самой працы. Але, прабачце, я не веру, што для вас не важна, якія лічбы будуць стаяць у бухгалтарскім разліковым лістку, калі вы плённа папрацавалі месяц, няхай і з задавальненнем. Наадварот, лічбавае прызнанне натхняе на большую адданасць і без таго любімай справе. З іншага боку, перамога на конкурсах павінна быць не самамэтай, а хутчэй прыемным бонусам.


Так, у складзе журы Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў у Турцыі (INEPO) Іван Анатольевіч упершыню прыняў удзел у 1999 годзе і з таго часу штогод выязджае з беларускімі дзецьмі на міжнародныя мерапрыемствы экалагічнай накіраванасці і ў якасці лідара каманды беларускіх школьнікаў, і ў якасці члена міжнароднага журы. І за гэты час былі толькі 3 выпадкі, калі беларускія дзеці не атрымлівалі медалі за свае праекты. Апошнія некалькі гадоў ці адзін, ці абодва ўдзельнікі каманды (прадстаўнікоў ад краіны заўсёды не больш за два) штогод прыязджаюць з залатымі медалямі.

Папаўняюць “залатыя запасы” беларускіх эколагаў таксама выхаванцы іншых педагогаў: загадчыка аддзела батанікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства выкладчыка БДУ Алесі Аляксандраўны Шавялёвай, настаўніцы геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна Ірыны Мікалаеўны Пічугінай і некаторых іншых. Так, за апошнія 10 гадоў юныя эколагі на міжнародных алімпіядах і конкурсах, якія праходзілі ў ЗША, Германіі, Нідэрландах, Расіі, Грузіі, Кеніі, Інданезіі, Турцыі, Азербайджане і іншых краінах свету, заваявалі 57 медалёў, у тым ліку 17 залатых, 18 сярэбраных і 22 бронзавыя.

Па меркаванні І.А.Рускіх, у многім поспех забяспечвае і тое, што ў нас яшчэ захавалася ўсё лепшае ад старой школы, у першую чаргу навукаёмістая падрыхтоўка праектаў. Нельга перабольшыць і алімпіядны вопыт педагогаў: важна пабыць членам журы і бачыць, як мяняюцца патрабаванні да міжнародных алімпіяд, як мяняюцца трэнды і расстаўляюцца акцэнты ў экалагічным кірунку, ведаць, якім павінен быць праект навучэнца, каб выклікаць фурор у свеце.

Складнікі поспеху

“Дакладнасць, зразумеласць, лаканічнасць, празрыстасць і відавочнасць вынікаў — асноўныя складнікі поспеху экалагічных праектаў. Але ж самае каштоўнае на Міжнародным конкурсе экалагічных праектаў — арыгінальная ідэя, — гаворыць Іван Анатольевіч. — На алімпіяды прыязджаюць дзеці з 40, 50 і нават 70 краін, прадстаўляюць 100—150 праектаў рознай накіраванасці ў некалькіх секцыях. І кожная з гэтых работ павінна быць арыгінальнай.


Мы ж з іншымі членамі журы яшчэ на рэспубліканскім узроўні стараемся выбіраць праекты з “аванцюрынкай”: маўляў, ніхто не спрабаваў, а мы паспрабавалі, ніхто не рабіў, а мы зрабілі, гэтую праблему імкнуцца вырашыць многія, але мы прапанавалі новы падыход.

На міжнародных мерапрыемствах цэняцца праекты глабальнага, а не мясцовага значэння, якія можна прымяніць у любой краіне. Не мае асаблівага значэння, калі ідэі немагчыма ўкараніць у канкрэтнай краіне ці яны не атрымаюць там практычнага прымянення. Вучоныя могуць выкарыстаць ідэю ў вялікай навуцы, і яна будзе працаваць на экалогію ўсяго свету.

Скажам, новы падыход рашэння праблемы смецця, забруджвання вады, яе рацыянальнага выкарыстання. Нават у тых краінах, дзе сёння мала насельніцтва і шмат вады, рана ці позна ўсё роўна гэтая праблема будзе актуальнай: такія рэсурсы вычарпальныя і патрабуюць пэўных выдаткаў. А ў краінах, дзе няма відавочнага дэфіцыту водных рэсурсаў (як, напрыклад, у Беларусі), праблема другаснага выкарыстання вады, памяншэння спажывання і выкарыстання ўсё роўна стаіць востра.

Большасць работ, якія перамагаюць на алімпіядах, прысвечаны рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, якія не патрабуюць істотных фінансаў і спрыяюць устойліваму развіццю пэўнай краіны. Гэта могуць быць натуральныя сродкі лячэння і прафілактыкі захворванняў. Па-ранейшаму актуальны работы, прысвечаныя пошуку альтэрнатыўных крыніц энергіі, толькі цяпер яны больш навукаёмістыя. Напрыклад, удасканаленне канструкцыі сонечных батарэй, атрыманне энергіі з хваль ці захаванне навакольнага асяроддзя вялікай тэрыторыі (напрыклад, захаванне чарнаморскіх дэльфінаў). Высока ацэньваюцца работы, звязаныя з павышэннем карысці ці эфектыўнасці тых прыродных рэсурсаў, якія ўжо выкарыстоўваюцца.

Не менш важныя і падыходы да работ. Калі мы зробім 151-ы праект, прысвечаны пошуку бактэрый, якія ўтылізуюць нафту, мы адкрыцця не зробім, бо па гэтай тэме ўжо ёсць тамы літаратуры. Тут хутчэй будуць актуальнымі пытанні біяінжынерыі, калі мы ўзмацняем эфектыўнасць ужо вядомых штамаў. А пошук новых штамаў з нуля — гэта ўжо не так эфектыўна, тым больш што ўжо ёсць прамысловыя прэпараты для ачысткі вады ці глебы ад забруджванняў нафтай.

Шукайце тэмы, якія не даследаваны вучонымі, дзе можна прыкласці асабістыя намаганні, каб паказаць, што ў гэтым кірунку можна папрацаваць. Працуйце на перадавой, а не ў хвасце. Канечне, знайсці абсалютна новую тэму вельмі складана, бо сусветная навука не стаіць на месцы, тым не менш свежы погляд часта робіць адкрыцці”.

Важна, каб праект быў навуковым і доказным, каб было відавочна, што яго вынікі можна ўзнавіць. Лепш, калі вынікі будуць паўторнымі, каб журы не ўказала на тое, што ўсе эфекты, якія знойдзены ў праекце, з’яўляюцца метадычнай памылкай ці іх прычына — у вар’іраванні вывучаемых прыкмет пад уздзеяннем знешніх фактараў, з-за неаднароднасці створаных умоў. Напрыклад, калі гэта палявыя эксперыменты, то яны павінны быць зроблены граматна: на працягу доўгага часу, з выкарыстаннем паўторнасці і статыстыкі.

“У многіх беларускіх праектах адсутнічаюць статыстычныя выкладкі, — гаворыць Іван Анатольевіч. — Калі дзіця статыстычна вызначыць розніцу дакладнасцей і адрозненняў паміж варыянтамі эксперыментаў, то можа аказацца, што насамрэч ніякай статыстычнай розніцы там няма. А біялагічная статыстыка — цэлая навука, і паралельна з даследаваннем пэўнай біялагічнай з’явы абавязкова трэба вывучаць асновы біялагічнай статыстыкі, каб разумець, як інтэрпрэтаваць тыя даныя і вынікі, якія былі атрыманы. Інакш навуковасці такая работа не мае ўвогуле”.

Пры гэтым ідэя праекта павінна быць ідэяй самога навучэнца. Ён павінен расказаць, як прыйшоў да яе. Калі ідэя была прапанавана кіраўніком ці ў аснове праекта ляжыць пэўнае планавае заданне лабараторыі, а дзіця выконвала частку гэтага задання ў лабараторыі, то такая работа ніякай падтрымкі на міжнародным узроўні не атрымае. Важна і тое, наколькі дзіця паглыбілася ў тэму праекта, ці можа патлумачыць важнасць вынікаў сваёй работы.

“Часам бывае так, што праект выкананы добра, цудоўна зроблены даклад, але падчас дыскусіі разумееш, што дзіця па-за праектам: яно вывучыла толькі свой даклад і разважаць далей не можа. Так, тут можа падвесці дрэннае веданне мовы, бо ўсе замежныя абароны праводзяцца на англійскай.

Асабліва крыўдна, калі дзеці, нягледзячы на тое, што вельмі разумныя, не ўмеюць гаварыць на публіцы, не могуць засяродзіцца і сярод шуму (вакол жа сотні дзяцей!) годна прэзентаваць свой пра ект, дыскутаваць з членамі журы, бо менш бойкія і не такія артыстычныя, — гаворыць І.А.Рускіх. — Але пры неабходнасці стрэсаўстойлівасць можна выпрацаваць. І калі да гэтага дадаць усе вышэйзгаданыя базавыя крытэрыі, то аўтары праекта маюць усе шансы на поспех”.

Праектныя навінкі

Усім гэтым крытэрыям адпавядаюць праекты, якія падчас нядаўняга Рэспубліканскага конкурсу работ (праектаў) біёлага-экалагічнага кірунку былі адабраны для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах экалагічнай накіраванасці.

Так, выхаванка І.А.Рускіх Паліна Касцяневіч на пачатку красавіка прадставіць свой праект на міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у Кеніі. Работа Паліны закранае ачыстку шэрых сцёкавых вод. Гэтая праблема існуе ў любой краіне. І з улікам наяўнасці дэфіцыту вады для розных мэт — паліву раслін, мыцця машын і г.д. — заўсёды стаіць задача выкарыстання гэтых рэсурсаў, таму, акрамя навуковай, даследча-лабараторнай каштоўнасці, работа Паліны мае і сур’ёзнае практычнае прымяненне.

“З мноства штамаў, якія мы вылучылі з глебы, выбралі тыя, якія вельмі хутка і эфектыўна ўтылізуюць паверхневыя актыўныя рэчывы і зніжаюць іх пенаўтварэнне. Паліна зрабіла магчымым выкарыстанне сцёкавых вод у вельмі простай інжынернай сістэме і без спецыяльных затрат. Бактэрыя, якую мы знайшлі, ужо на другія суткі засялення ў бытавыя сцёкавыя воды робіць іх прыгоднымі да другаснага выкарыстання”, — гаворыць Іван Анатольевіч.

Выхаванка Ірыны Пічугінай Аляксандра Кахавец з Жодзіна сваю работу прысвяціла сумніку. Аляксандра вывучыла ўласцівасці гэтай культуры і даказала, што сумнік можа стаць перспектыўнай сыравінай для нацыянальнай фармакалогіі і энергетыкі. Хутка дзяўчына прадставіць свой праект на прэстыжным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair у ЗША.

Адразу два выхаванцы Алесі Шавялёвай — Уладзіслаў Андрайчук і Ульяна Быкава — прадставяць свае праекты міжнародным экспертам. Уладзіслаў у праекце “Серафільныя водарасці як перспектыўны аб’ект” даказаў, што такiя водарасці можна лёгка вырошчваць не толькі ва ўмовах лабараторыі. Больш за тое, сярод узораў, узятых з прыроды, можна адабраць лініі, якія лепш за ўсё падыходзяць для ўмоў штучнага культывавання. А калі карміць курэй гэтымі водарасцямі, то можна значна павысіць якасць курыных яек за кошт кіслародаўтрымальных караціноідаў.

Ульяна Быкава прадставіла свой спосаб прафілактыкі захворванняў — з дапамогай харчовых адходаў. Дзяўчына прапанавала на пажыўных асяроддзях на аснове гэтых адходаў вырошчваць грыбы, а потым з іх рабіць біялагічна актыўныя дабаўкі для харчавання.

“Гэтыя тэмы — вельмі перспектыўны кірунак на міжнародным узроўні, бо ўсе шукаюць натуральныя крыніцы лякарстваў, крыніцы павышэння імунітэту, лячэння і асабліва прафілактыкі замест тых хімічных прэпаратаў, якія, на жаль, сёння шмат хто ўжывае”, — гаворыць І.А.Рускіх.

Хочацца пажадаць юным эколагам перамог. І каб іх поспех стаў стымулам для іншых не баяцца ставіць высокую планку, бо гучанне ідэй беларускіх эколагаў на ўвесь свет не толькі ў чарговы раз паказвае інтэлектуальную сілу Беларусі, але і робіць свой уклад у вырашэнне экалагічных праблем, якія, вядома, не маюць геаграфічных межаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
На здымках выхаванцы Івана РУСКІХ.