Філасофія руху

Чым далей па вучэбнай лесвіцы, тым менш вольнага часу застаецца. Заняткі, падрыхтоўка да семінараў, залікаў, іспытаў, напісанне курсавой ці дыплома. У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры спіс папаўняецца яшчэ і трэніроўкамі. Але студэнтаў гэта не пужае. Яны ўсё роўна знаходзяць час на хобі. Хаця ў некаторых выпадках межы сціраюцца: мабыць, гэта ўжо не хобі, а занятак усяго  жыцця?

Minsk Street GamеZ-2019.

“У каморцы, што за актавай залай…”

10 гадоў назад, дзякуючы нястомнай натуры Алены Даві­дзенка, у БДУФК з’явіўся студэнцкі клуб “Закуліссе”. Праўда, ва ўстанову яна прыйшла раней. Прамяняла работу ў студыі “Беларусьфільм” на ўніверсітэт. Шкадуе? У мяне такога ўражання не склалася.

— Калі мяне паклікалі сюды стварыць студэнцкі тэатр 15 гадоў назад, я падумала: “Які тэатр? Яны ж, мякка кажучы, салдаты Урфіна Джуса”. Але калі я прыйшла і ўбачыла, наколькі адказна студэнты падыходзяць да рэпетыцый, наколькі дакладна ўсведамляюць, што такое ўвайсці ў вобраз, то зразумела, што я не прагадала. Першыя 5 гадоў мы разварушваліся, у мяне быў толькі тэатр, а потым з усіх бакоў пачалі сцякацца музыканты, паэты, пісьменнікі, танцоры.

Зараз у студэнцкім клубе 13 творчых калектываў. Старажылы — студэнцкі тэатр StART. Ёсць свая школа вядучых, рок-майстэрня, літаратурны клуб, студыя бітбоксу, клуб настольных гульняў і яшчэ шмат чаго цікавага. Многія калектывы з’яўляюцца ці папаўняюцца новымі людзьмі пасля творчых конкурсаў для першакурснікаў.

Навагодні канцэрт “Чароўны ліхтар”.

— Кожная група кожнага факультэта павінна даць нам відовішчаў, — расказвае Алена Мікалаеўна. — Ёсць 5 асноўных намінацый: “Вакал”, “Харэаграфія”, “Акцёрскае май­стэрства”, “Музычныя інструменты” і “Арыгінальны жанр”, а таксама дапаможныя намінацыі. Я адразу бачу, з каго нешта атрымаецца. На працягу апошніх некалькіх гадоў мы пастаянна ламаем стэрэатып, што фізкультурнікі — гэта далёкія ад творчасці людзі.

На апошнім рэспубліканскім фестывалі “АРТ-вакацыі” вядучыя з калектыву “Харызма” ўзялі 17 дыпломаў! Прычым Мінск прадстаўлялі толькі студэнты БДУФК. “Закулісаўцаў” можна ўбачыць і на іншых конкурсах і фестывалях, на гарад­скіх пляцоўках, дабрачынных акцыях. Алена Мікалаеўна ўпэўнена, што такая рознабаковая дзейнасць моладзі толькі на карысць.

— Конкурсы патрэбны, каб студэнты адчувалі сваю запатрабаванасць. Адна справа, калі іх хвалю я, і зусім іншая, калі яны атрымліваюць граматы ці дыпломы.

Гэта зараз “Закуліссе” — гордасць універсітэта. Яго па­стаянна прыгадваюць толькі добрымі словамі. Але ў сваім “дзяцінстве” клубу прыйшлося перажыць некалькі непрыемных момантаў. Не ўсе выкладчыкі станоўча адносіліся да таго, што спартсмены добра сябе рэалізоўваюць яшчэ і на сцэнічных пляцоўках. Таму паступова ўзнікла неабходнасць стаць менавіта “Закуліссем”. Гэта назва з двайным, трайным дном.

Традыцыйны канцэрт “РОК супраць СНІДу”.

Алена Мікалаеўна з’яўляецца кіраўніком студэнцкага клуба, але на першы погляд гэтага нават і не скажаш. Адкрытая, пазітыўная, энергічная, якая прывыкла да дзелавых перапісак ва “УКантакце” і гатова саступіць сваё крэсла студэнтцы, якая завітала ў кабінет (але не назаўсёды). І хаця педагог расказвае, што заняткі ў тэатры і ў школе вядучых яна праводзіць строга, гэта тая чароўная строгасць, якая толькі вабіць, а не адштурхоўвае.

— Тут застаюцца лепшыя. Калі камусьці нецікава і іх трэба прымушаць, то яны не затрымліваюцца. Тут тыя, хто га­рыць сцэнай, хто хоча гэтага, хто гатовы траціць свой невялікі вольны час на творчасць. У нас вельмі жорсткі адбор у плане чалавечых якасцей. Калі чалавек сябе запляміў усвядомленай подласцю, то ён атрымлівае поўны байкот. Несумленныя людзі тут не прыжываюцца.

Няма меж, ёсць перашкоды

Для апантаных сваёй справай дзверы адчынены. У іх сёлета заляцеў студэнт 1 курса Ягор Бажко з камандай па паркуры SchwarzUndWeiß. Назва перакладаецца з нямецкай як “Чорны і белы”. Справа не ў супраць­леглых характарах ці розных стылях, а ўсяго толькі ў валасах. Ягор — брунет, яго аднагрупнік і сакаманднік Яўген — бландзін. А нямецкая мова выбрана па падказцы Алены Мікалаеўны, бо “англійскія назвы ўсе бяруць, а вы вылучыцеся”.

Ягор Бажко.

Ягор займаецца паркурам з 15 гадоў. Прыйшоў са спартыўнай гімнастыкі пасля траўмы калена. Паркур стаў добрай альтэрнатывай.

— Аднойчы выйшаў на вуліцу, — кажа трэйсер, — бачу, нейкія хлопцы скачуць, робяць сальта, я падышоў, спытаў, з якой яны каманды ці, можа, вучацца самі. Яны сказалі, што самі. Я захацеў да іх далучыцца, бо ад гімнастыкі яшчэ засталася тэхніка. Так пачаў трэніравацца, а потым і выступаць.

Каманда SchwarzUndWeiß з’явіліся зусім нядаўна, перад конкурсам першакурснікаў “Восеньскі марафон”. Трэба было падрыхтаваць выступленне, але ў групе Ягора не знайшлося жадаючых. Тады хлопец прапанаваў стварыць калектыў, навучыць людзей і выступіць. У выніку — перамога ў намінацыі “Арыгінальны жанр”. Дарэчы, каманда складаецца не толькі са студэнтаў БДУФК, іх нават меншасць! 4 чалавекі з 6 — абітурыенты ўніверсітэта фізічнай культуры. Ягор кажа, што да “Чорнага і белага” могуць далучыцца студэнты і іншых УВА. Можна проста напісаць яму ва “УКантакце” (падпісаны як Егор Божко) і дамовіцца пра трэніроўку. На жаль, яны пакуль нячаста праходзяць з-за адсутнасці добрай пляцоўкі, але пытанне вырашаецца.

— Для камфортных і бяспечных заняткаў патрэбна зала, дзе будзе шмат матаў, каб не траўміравацца, — гаворыць Ягор.

Пашкоджанні бываюць у тых, хто падыходзіць да трэніровак “без галавы”, лічыць хлопец. У яго яшчэ ніколі не было пераломаў, толькі дробныя траўмы.

Над папулярызацыяй і філасофіяй паркура працаваў француз Давід Бэль. Ён увёў і саму назву культуры. У новым відзе спорту выкарыстоўваліся элементы з лёгкай атле­тыкі, гімнастыкі, альпінізму, баявых мастацтваў. Бэль стварыў каманду “Ямакасі”, якая знайшла папулярнасць ва ўсёй Францыі. Праз нейкі час ён са сваім паслядоўнікам і сябрам Себасцьянам Фуканам аддзяліўся ад каманды. Як высветлілася, партнёры па-рознаму бачылі будучыню паркура. Бэль выступаў за тое, што важна эфектыўна прайсці трасу, працаваць над сабой, Фукан — што гэтаму мастацтву трэба вучыць іншых за грошы, праводзіць спаборніцтвы. Так сябры і разышліся, стварыўшы дзве розныя плыні паркура. 

Студэнцкі тэатр StART.

Паркур падыходзіць усім незалежна ад полу і ўзросту. Каб с­таць трэйсерам, трэба ўдзяляць увагу свайму фізічнаму стану. Для пачатку неабходна рабіць зарадку. Калі цела звыкнецца, пераходзіць да больш складаных практыкаванняў. Варта скіраваць увагу на паляпшэнне трываласці і дыхання. Можна хадзіць, бегаць, трэніраваць прэс. Важнае значэнне маюць рукі, апора, таму трэба ўмацоўваць цягліцы біцэпса і трыцэпса. Для гэтага падыдуць гантэлі і турнік, на якім можна падцягвацца. Пасля таго як вы станеце больш моцнымі, можна пераходзіць да вывучэння асноў паркура. Ягор адзначае, што важна выконваць усё праз падводзячыя элементы і на мяккім пакрыцці, тады страх не будзе перашкаджаць заняткам. Не трэба адразу скакаць па дахах, дастаткова чагосьці вышынёй з лаўку. Перад выкананнем трукаў варта размяцца. “Халоднае” цела не пластычнае. Большасць траўм узнікае не пры выкананні элементаў, а пры няправільным прызямленні. Каб яго змякчыць, трэба добра адпрацаваць safety roll — гэта кручэнне праз галаву ці плячо з апорай на рукі. Элемент знімае нагрузку з ног.

У Мінску ёсць адна адкрытая спецыялізаваная пляцоўка для трэйсераў у парку экстрэмальных відаў спорту на вуліцы Сталетава. Яна бясплатная, і там заўсёды можна атрымаць дапамогу. Трэйсеры, якія там займаюцца, гатовы падказаць і паказаць жадаючым неабходныя элементы. Шкада, што пляцоўка толькі адна. Аматарам паркура прыходзіцца выкручвацца, сваімі рукамі ствараць неабходны інвентар, але гэта часам небяспечна.

Ягор трэніруецца кожны дзень, бывае, што прысвячае гэтаму 6 гадзін. Адточвае тэхніку, даводзіць да ідэалу элементы, працуе над тым, каб не баяцца нешта зрабіць.

Ягор Бажко на конкурсе першакурснікаў БДУФК “Gaudeamus igitur-2019”.

— Паркур — гэта свабода, — разважае хлопец. — Ты можаш рабіць, што хочаш, там амаль няма меж. Гэта яшчэ і прыгожа, і грошы прыносіць, і людзям падабаецца.

Трэйсеры сустракаюцца не толькі падчас трэніровак, але і на спаборніцтвах. У Беларусі ёсць два фестывалі: Minsk Street GameZ і Minsk Street Summit. Там выступаюць прадстаўнікі розных вулічных культур: брэйк-дэнсеры, ролеры, скейтбардысты, баскетбалісты і інш. Прычым падтрымаць гэты рух прыязджаюць і з іншых краін. На фестывалях праходзяць як спаборніцтвы, так і майстар-класы, таму гэта не тусоўка выключна для сваіх: можна прыходзіць, назіраць і спрабаваць.

Ягор марыць паехаць на міжнародныя спаборніцтвы ў Грэцыю і выступіць там. А яшчэ стварыць сваю каманду, усяму яе навучыць, паставіць нумар, з якім яна зможа ездзіць па розных фестывалях. Гэта цалкам ажыццявіма, бо зараз хлопец якраз набіраецца вопыту са студэнцкім калектывам.

— Я ствараю сцэнарый, хто і што робіць у які момант, падбіраю пад музыку выбуховыя элементы. Людзі расстаўляюцца па кропках, адкуль яны павінны стартаваць. Выходзіць адзі­н, за ім адразу другі, каб сцэна не пуставала і не знікала энергетыка.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота герояў матэрыялу.