Героі на картках

У Аляксандра Глінскага — таксама свой гурток па кіберспорце. Але педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна вырашыў прысвяціць яго канкрэтнай гульні — Hearthstone.

“Дзецям заўсёды цікава пагуляц­ь, таму ініцыятыва стварыць гурток ішла і ад іх, і ад мяне, — прыгадвае педагог. — Мы спыніліся на Hearthstone, бо нашы камп’ютары не для ўсяго падыдуць. У сваім сегменце гэта самая папулярная гульня, па ёй пастаянна праводзяцца турніры з добрымі прызавымі фондамі”.

Hearthstone — гэта калекцыйная картачная гульня па матывах сусвету Warcraft. Гульцы збіраюць унікальныя калоды, у матчы ім трэба звесці ачкі здароўя саперніка да нуля. Важна выбудаваць стратэгію: перад матчам падрыхтаваць добрую калоду і правільна выкарыстоўваць яе на працягу сустрэчы.

Карты ў Hearthstone дзеляцца на чатыры асноўныя групы: карты істот, артэфактаў, заклінанняў і герояў. Калі разыгрываецца карта істоты, на стале “з’яўляецца” істота, якая мае пэўныя паказчыкі атакі і здароўя. Пры розыгрышы карты артэфакта герой забяспечваецца зброяй ці ўзмацняльнікамі. Паказчыкі страт і сілы вызначаюць, колькі разоў яе можна ўжыць. Карты заклінанняў бываюць з заклінаннем з неадкладным эфектам (напрыклад, нанясенне трох адзінак страт) і з сакрэтам, які спрацуе пры пэўных умовах у іншы ход (звычайна, у ход праціўніка). Карты героя прадстаўляюць гульца. Яны вызначаюць, колькі ў яго засталося ачкоў жыцця, якія карты можна палажыць у калоду, які ў яе стыль. Кожны герой мае клас і сілу, якую можна выкарыстоўваць раз у ход за пэўны кошт.

У гурток да Аляксандра Анатольевіча ходзяць 13 чалавек — вучні з 3 па 7 клас. Праграма навучання разлічана на год, але ёсць тыя, хто затрымліваецца даўжэй. Заняткі праходзяць 2 разы на тыдзень па 1,5 гадзіны.

Сама гульня мае зручную форму для навучання: раз у 3 дні трэба выканаць пэўнае заданне. Пад яго педагог і падстройвае заняткі. Паступова дзеці вучацца тактыцы і стратэгіі Hearthstone: як гуляць на арэне і ў рэйтынгавых матчах, як спаборнічаць са штучным інтэлектам у рэжыме прыгоды, як праводзіць матчы з сябрамі і ў­дзельнічаць у анлайн-турнірах.

“Гэтая гульня развівае ўседлівасць, логіку, стратэгічнае мысленне, памяц­ь, бо ў ёй ёсць шмат картак і камбінацый, там трэба ўмець добра лічыць, што карысна для малодшых школьнікаў. Цяжэй за ўсё дзецям даецца тэорыя. Ім цікавей пагуляць адно з адным, так і запамінаецца ўсё лепш”, — кажа педагог.

Раней у гурток дзеці запісваліся самі, але апошнія 2 гады гэта робяць бацькі, таму з незадаволенымі дарослымі Аляксандр Анатольевіч не сутыкаецца. Педагог і сам прытрымліваецца меркавання, што ўсяго павінна быць у меру. 3 гадзіны на тыдзень — якраз дастаткова.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.А.Глінскага.