Таямніцы часу, прасторы і фантастычных паралельных сусветаў раскрываюць юныя жыхары Віцебска разам з педагогам дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі Сяргеем Скрабловым. Гурток па стэндавым мадэлізме пад кіраўніцтвам Сяргея Аляксандравіча дзейнічае ў Віцебскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 1992 года. У 2004 годзе зацверджана аўтарская праграма. Сёння аб’яднанне па інтарэсах наведваюць каля трыццаці навучэнцаў.
Сяргей Скраблоў — карэнны віцяблянін і выпускнік знакамітага мастграфа, у дадатковай адукацыі амаль тры дзясяткі гадоў. Першую прафесійную школу прайшоў пад кіраўніцтвам бацькі-мастака: па прызнанні майго суразмоўніка, у мастграфаўскіх майстэрнях ён памятае сябе пачынаючы з шасцігадовага ўзросту. Гэта былі натхнёныя творчым пошукам 80-я, час росквіту факультэта! Пасля школы Сяргей Аляксандравіч працаваў на заводзе, служыў у арміі, паступіў на мастграф і пасля яго заканчэння застаўся працаваць выкладчыкам на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
“Потым мяне перавабілі ў дадатковую адукацыю, так і прыжыўся ў гарадскім цэнтры, — усміхаецца педагог. — У школьным узросце моцна захапіўся судна- і авіямадэльным спортам, у многім дзякуючы выдатнаму майстру з Віцебскай марской школы ДТСААФ заслужанаму трэнеру БССР Анатолю Паўлаву, я яго вучань. Пачынаў з малога — караблікі, самалёцікі; далей сур’ёзныя мадэлі сталі атрымлівацца, потым пайшлі дыярамы, і паступова захапленне перарасло ў прафесію. Мы даволі паспяхова ўдзельнічаем у спаборніцтвах рознага ўзроўню (у ліку ганаровых камандных трафеяў Сяргея Скраблова — “серабро” міжнароднага DiShow. — Заўвага аўтара.). Альфа і амега ў рабоце для мяне, як і для кожнага майго калегі, падрыхтаваць добрых вучняў. Трэба сказаць, што маладая змена ў студыі падрастае перспектыўная. Характэрна, што апошнім часам мяняюцца адносіны бацькоў да гурткоў тэхнічнай накіраванасці. Людзі нарэшце пачынаюць усведамляць простую ісціну: мае сэнс зацікавіць дзіця не проста моднай, але і запатрабаванай прафесіяй. Мода — з’ява часовая, а інжынеры патрэбны заўсёды”.
У лютым мінулага года на базе Віцебскага абласнога краязнаўчага музея адбыўся першы міжрэгіянальны адкрыты конкурс-выстава па стэндавым мадэлізме “Віцебск-2019”. Маштабныя спаборніцтвы, арганізаваныя гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, аддзелам тэхнічнай творчасці і непасрэдна гуртком Сяргея Скраблова, аб’ядналі мадэлістаў з усёй вобласці, а таксама Мінска, Магілёва, Маладзечна, Чэхіі, расійскіх Ніжняга Ноўгарада, Кандапогі (Карэлія), Ханты-Мансійска — усяго выступілі 83 удзельнікі з 300 работамі. Прыкметнай падзеяй у жыцці Віцебска стала справаздачная тэматычная выстава стэндавых мадэляў і мастацкіх дыярам “Дарогамі вайны” ў Музеі прыватных калекцый. У 2007 годзе вопыт аб’яднання па інтарэсах быў абагульнены і прадстаўлены на рэспубліканскую выставу навукова-метадычнай літаратуры, дзе ўдастоены дыплома І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
“Праект цікавы любы, — упэўнены Сяргей Аляксандравіч. — Калі ёсць тэма і яе трэба развіць, збіраецца каманда, і далей мы дзейнічаем разам, знаходзім інфармацыю, вырашаем пэўныя пытанні па тэхніцы выканання, матэрыялах і інш. Асабіста ў мяне найбольшую даследчую цікавасць выклікаюць падзеі Другой сусветнай вайны, у цэлым гісторыя ваенных канфліктаў ХХ стагоддзя. Але калі дзіця прываблівае іншая тэматыка, мне як педагогу важна дапамагчы яму знайсці і выкарыстаць усю даступную інфармацыю. Таму даводзіцца быць “усёедным”: нават у напрамку стымпанку развіваемся — дарэчы, арыгінальныя работы атрымліваюцца. Зараз многа працуем над заказам абласнога краязнаўчага музея: па карце, зробленай для расійскага цара Аляксея Міхайлавіча пасля захопу горада, ствараем дыяраму Віцебска XVII стагоддзя. Работа складаная і карпатлівая: толькі вежаў 34 (у сярэднім на адну ў шасцісотым маштабе ідзе ад трох да пяці дзён), каля 300 дамоў і прыкладна 40 цэркваў — рэканструкцыя вельмі маштабная.
Пагадзіцеся, працаваць такі працяглы час можна толькі над тым, што сапраўды па душы. У першую чаргу я імкнуся навучыць дзяцей збіраць і аналізаваць інфармацыю, выбудоўваць паслядоўнасць дзеянняў. У нашым жыцці гэта, як мне здаецца, асноўнае: каб выбраць сабе далейшы шлях, трэба яго правільна пралічыць. Акрамя таго, на занятках развіваюцца дробная маторыка, інжынернае і мастацкае мысленне, акуратнасць, стараннасць, крэатыўныя здольнасці. Многа істотных момантаў — каб усе іх адчуць, прасцей сесці паспрабаваць штосьці зрабіць. Галоўнае, чаму заўсёды вучу, — быць сумленным перад сабой і людзьмі, не рабіць глупстваў і брыдоты, быць патрыётам свайго горада і сваёй краіны”.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.