Хачу быць як Грабоўскі!

Самае незвычайнае лета — тое, успаміны пра якое застаюцца на ўсё жыццё. Якраз перад пачаткам лета сёлетняга Беларусь ускалыхнула асаблівая падзея: у Мінску прайшоў чэмпіянат свету па хакеі. Наша сталіца на некалькі дзён стала цэнтрам сусветнага спорту і эпіцэнтрам яркіх эмоцый. Чэмпіянат скончыўся, а вось спартыўны запал беларусаў стаў асновай для папулярнасці многіх цікавых праектаў, такіх як, напрыклад, спартыўныя трэніровачныя лагеры павышэння хакейнага майстэрства. У чэрвені мы вырашылі запрасіць зіму ў лета і прапанаваць нашым чытачам агляд “лагераў з шайбай”.

Ну і “Фінт”!

Пазнаёміцца са сваім кумірам — блакітная мара многіх хлопцаў і дзяўчат. Думаецца, не памылюся, калі скажу, што сённяшнія дарослыя з асаблівай шчымлівасцю ўспамінаюць фотаздымкі спартыўных зорак, якія ўпрыгожвалі сцены іх дзіцячых пакояў. А што, калі не проста пазнаёміцца, а нават атрымаць ад куміра некалькі ўрокаў? Удзельнікам спартыўнага лагера алімпійскай падрыхтоўкі ў Раўбічах у гэтым плане пашанцавала. Іх гасцямі і педагогамі становяцца вядомыя беларускія хакеісты.
Арганізатарам лагера з’яўляецца хакейны клуб “Фінт”, якім кіруе былы хакеіст, а сёння трэнер па хакеі з шайбай Максім Цішкін. Максім Аляксандравіч — выхаванец хакейнай школы “Юнацтва”, чэмпіён свету сярод юніёраў у першым дывізіёне, шасціразовы чэмпіён Усходняй еўрапейскай хакейнай лігі, чэмпіён Беларусі 2009 года (экстра-ліга), уладальнік Кубка Беларусі 2009 года.
“Упэўнены, што хакей — не проста спорт, гэта жыццё! — адзначае Максім Цішкін. — DSC00709Я сам пачаў займацца ім з 4 гадоў. І, канечне, у маім спартыўным жыцці было як шмат перамог, так і нямала пройгрышаў. Аднак, хто не ўмее прайграваць, той ніколі не зможа па-сапраўднаму выйграць.
Скончыў займацца хакеем у 2012 годзе, маім апошнім клубам стаў клуб “Юнацтва-Мінск”. Цяпер з’явіліся іншыя гарызонты, перада мной іншыя мэты. Асноўная — перадача дзецям таго вялікага вопыту, ведаў, якія назапасіў за доўгі час уласнай гульні ў хакей.
Сёння мы запрашаем прыняць удзел у трэніровачным працэсе ў лагеры амаль усю хакейную зборную краіны. Трэніроўкі ўжо наведалі такія хакеісты, як Андрэй Міхалёў, Аляксандр Кулакоў, Дзмітрый Мялешка, Аляксандр Кітараў. З намі супрацоўнічаў Міхаіл Грабоўскі, які прадэманстраваў юным выхаванцам элементы гульні, дапамагаў адпрацоўваць тэхніку. Канечне, такое супрацоўніцтва надае дзецям упэўненасці і працуе на матывацыю”.
Штодзённы расклад у летніку прадуманы да дробязей, у яго ўваходзяць лядовая трэніроўка, кідковая трэніроўка (тэхніка валодання клюшкай, дрыблінг), аэробіка, пліяметрыка, гімнастыка і футбол.
Увечары юных хакеістаў чакае псіхалагічная падрыхтоўка, сустрэчы з “зоркамі” КХЛ, НХЛ.

Хакей — перш за ўсё гульня!

Аднак лагер у Раўбічах далёка не адзіны трэніровачны лагер павышэння хакейнага майстэрства. Хакейны клуб Васільчанкі таксама прапануе юным аматарам гэтага віду спорту актыўныя трэніроўкі і цікавы адпачынак у Брэсцкай вобласці.
“Мы робім акцэнт на павышэнне тэхнікі валодання клюшкай: вядзенне шайбы, кантроль шайбы, паляпшэнне тэхнікі яе прыёму і перадачы, адпрацоўку ўсіх відаў кідка, — адзначае кіраўнік клуба і трэнер Алег Іванавіч Васільчанка. — У працэсе лядовай трэніроўкі хакеісты ўдасканальваюць і выпраўляюць няправільныя навыкі ў тэхніцы хуткаснага бегу на каньках: доўгім і кароткім крокам, спінай наперад, з паваротамі, тармажэннямі, пераадоленнем перашкод. Тут важным з’яўляецца развіццё ўзрыўной сілы, узрыўной хуткасці, вынослівасці і манеўранасці.
001 (1)Канечне, адна справа расставіць па месцах хлопцаў, якія ўмеюць катацца і валодаюць клюшкай, і зусім іншая — вучыць усяму з нуля. Часта бывае, што юныя хакеісты засвойваюць набор тэхнічных прыёмаў у групах пачатковай падрыхтоўкі і далей замацоўваюць іх у вучэбных групах без сінхроннага ўключэння элементаў тактычнага майстэрства, такіх як зрокавы кантроль, бачанне поля, гульнявое мысленне, інтуіцыя. Таму і атрымліваем мы, як правіла, гульцоў з рэфлексам нізка апушчаных вачэй і перыферычным бачаннем поля, што значна абмяжоўвае гульнявое мысленне. Вось адкуль з’яўляюцца хакеісты з абмежаванымі здольнасцямі і нераскрытымі магчымасцямі. Думаецца, чым раней мы пакінем у спакоі ўчарашнія стэрэтыпы, якія цягнуць нас да дэградацыі хакея, тым хутчэй пачнём займаць пэўныя пазіцыі”.
Трэнер адзначае, што лета — выдатны час для развіцця такіх фізічных якасцей, як спрыт, вынослівасць, каардынацыя, бо ўся гульнявая дзейнасць хакеістаў мае, па сутнасці, хуткасна-сілавы характар.
Лядовыя трэніроўкі чакаюць юных хакеістаў, якія займаюцца ў летнім лагеры хакейнага клуба Васільчанкі, тры разы на дзень. 002Яшчэ два разы на дзень у праграму лагера ўключаны “сухія” трэніроўкі на зямлі і штодзённая трэніроўка ў спартыўнай зале. Нягледзячы на сур’ёзную спартыўную дысцыпліну, трэнеры не забываюць пра тое, што іх выхаванцы проста дзеці, якіх захапляюць гульні і эстафеты. Разам з тым менавіта дзякуючы гульнявому кампаненту ў многім дасягаюцца пастаўленыя мэты.
“Хакей — гэта не толькі набор складаных тэхнічных элементаў, — падкрэслівае Алег Іванавіч. — Гэта перш за ўсё гульня! І гульня камандная! Тут адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Па-другому нельга! Зразумела, што дзяцей трэба вучыць не проста здзяйсняць складаныя манеўры, прадумваць спосабы, як абгуляць саперніка, але і рабоце ў калектыве, калі на першае месца выходзіць сапраўднае мужчынскае сяброўства, падтрымка і ўзаемавыручка”.

Варатар — упэўнены чалавек з дрэннай памяццю

Арцём Яцкевіч — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і трэнер хакейнага клуба Васільчанкі. Прызнаецца, што ў хакей яго занесла ў 7 гадоў і з самага пачатку цягнула стаць на вароты.
“Не прайшло і года, як я аказаўся ў “рамцы”, — успамінае Арцём. — За ўвесь час, што я вучыўся ў Наваполацкай СДЮШАР, мы выйгралі нямала турніраў. У БДУФК я трапіў таму, што мяне па-сапраўднаму вабіла трэнерская дзейнасць.
Упэўнены, што варатар — гэта не палова каманды і нават не 90 працэнтаў, а значна больш. Калі ў таго, хто на варотах, гульня не ладзіцца, выйграць будзе надзвычай складана. А калі варатар “злавіў кураж” — яго не прабіць! Мы жартуем паміж сабой, што варатаром павінен быць упэўнены чалавек з дрэннай памяццю. Ніхто з нас не застрахаваны ад няўдач, і варатар павінен хутка забыцца пра тое, што было хвіліну назад, каб мабілізавацца і працаваць далей”.
Яшчэ адзін клуб, які запрашае гэтым летам у трэніровачны лагер, — хакейны клуб “Буліт”. Лядовыя трэніроўкі лагера праводзяцца на базе культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”. imageПраграма лагера разлічана на юных спартсменаў розных узроставых катэгорый і розных гульнявых амплуа. Трэнеры “Буліта” прапануюць інтэнсіўную хакейную падрыхтоўку ў адпаведнасці з узроўнем гульцоў. Пры гэтым яго арганізатары пазіцыяніруюць свой лагер як адзіны лагер з сумеснымі трэніроўкамі варатароў і гульцоў.
Як бачыце, магчымасці ў юных беларускіх спартсменаў ёсць. Думаецца, і матывацыі пасля па-сапраўднаму моцнага выступлення беларускай зборнай на апошнім чэмпіянаце свету па хакеі, які прайшоў Мінску, больш чым дастаткова. Тыя, каму ўдалося трапіць на трыбуны, і тыя, хто назіраў за гульнёй нашых хакеістаў каля экрана тэлевізара, адчувалі асаблівыя эмоцыі. І, напэўна, нямала бацькоў убачылі сваіх дзяцей са швабрай у руках, якія спрабавалі загнаць імправізаваную шайбу ў імправізаваныя вароты. Хачу быць як Грабоўскі! Хачу быць як Касціцын! Выклікала ўсмешку? Хто яго ведае, магчыма, менавіта ў гэты момант нарадзілася новая зорка беларускага хакея!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота з архіваў хакейнага клуба “Фінт” і хакейнага клуба Васільчанкі.