Хачу! Магу! Трэба!

Кім быць? Пайсці пасля 9 класа ў каледж або праз два гады паступіць ва ўніверсітэт? Якая прафесія мне падыходзіць? Гэтыя пытанні хвалююць кожнага старшакласніка. У сярэдняй школе № 5 Рагачова падлеткам працягнулі руку дапамогі.

“Хачу! Магу! Трэба!” — праект па арганізацыі шостага дня, падрыхтаваны камандай педагогаў школы. У яе ўвайшлі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Мікалаеўна Шышова, настаўніцы англійскай мовы Алеся Аляксандраўна Навіцкая і Наталля Уладзіміраўна Клюева, а таксама настаўніца геаграфіі Наталля Валер’еўна Шаўцова. Перад імі стаяла няпростая задача — сфарміраваць у вучняў свядомы падыход да выбару прафесіі.

Галоўная задача праекта — азнаёміць дзяцей з рознымі прафесіямі праз экскурсіі, канферэнцыі і, вядома, праз валанцёрскую дзейнасць.

— Асноўная ідэя заключалася ў тым, каб паказаць запатрабаванасць прафесій свайго рэгіёна, — расказвае Наталля Мікалаеўна Шышова. — Для гэтага кожную трэцюю суботу месяца мы рабілі прафарыентацыйнай. У рамках нашага шостага школьнага дня праходзяць экскурсіі на прадпрыемствах Рагачова і іншых рэгіёнаў краіны. Дзеці паспелі пабываць на трактарным заводзе, на малочна-кансервавым камбінаце, у рэдакцыі раённай газеты і ў пякарні. Яны глядзелі, як працуюць майстры, і доследным шляхам даведаліся, якія прафесіі запатрабаваны на рынку працы.

Экскурсіямі па прадпрыемствах праграма праекта не абмяжоўвалася. Таксама былі арганізаваны прафарыентацыйныя канферэнцыі і валанцёрская дзейнасць.

— Нашы сходы не проста класная гадзіна. На іх дзеці працуюць вельмі актыўна, право­дзяць паўнавартасныя даследаванні. Хтосьці бярэ інтэрв’ю ў таты, які працуе на заводзе, хтосьці дзеліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання камбіната.

Мы ўзаемадзейнічаем з тэрытарыяльным цэнтрам занятасці ўжо больш за 10 гадоў, у прыватнасці, камплектуем брыгады па азеляненні і рамонце школьнай мэблі. У такіх калектывах падлеткі атрымліваюць першыя працоўныя навыкі, высаджваючы на тэрыторыі школы расліны і абнаўляючы парты і крэслы. Падчас валанцёрства вучні становяцца больш самастойнымі і дысцыплінаванымі. Зарабляюць першыя грошы.

І гэта яшчэ не ўсё. Праект “Хачу! Магу! Трэба!” дазваляе атрымаць нават першую спе­цыяльнасць.

— Яшчэ адной часткай нашай работы стала арганізацыя працоўнай занятасці навучэнцаў 10—11 класаў, — адзначыла Наталля Мікалаеўна. — Наведваючы профільныя курсы, падлеткі могуць атрымаць спецыяльнасці “Швачка” на базе школы і “Будаўнік” у Рагачоўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў. І ўсё гэта ў рамках шостага дня.

“Хачу! Магу! Трэба!” выдатна справіўся з пастаўленай задачай. Дзякуючы гэтаму праекту, многія маладыя людзі ўпэўнена выхо­дзяць з дзвярэй роднай школы № 5 у дарослае жыццё. Менавіта таму ён удастоены дыплома І ступені Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Шосты дзень — тэрыторыя ідэй”.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.