Хачу яшчэ, або Як олтушскія турысты па Маларыцкім раёне падарожнічалі

У летні час многія едуць адпачываць за мяжу, туды, дзе мора і пясок, дзе спёка круглыя суткі. Але чамусьці ўсе забываюць пра такі выдатны від адпачынку, як пешы паход. Ці то людзям сапраўды гэта нецікава, ці то яны яшчэ ніводнага разу не адважыліся апрабаваць на сабе шматлікія кіламетровыя дыстанцыі з рукзакамі на плячах, з наступным прывалам і адпачынкам ля вогнішча.

Пешы турызм, можна з упэўненасцю сказаць, з’яўляецца візітнай карткай Олтуша. У разгар лета мы адправіліся ў шматдзённы паход па цікавым маршруце, наведаўшы 14 вёсак Маларыцкага раёна. За 5 дзён нам удалося прайсці больш за 100 кіламетраў. Любому абывацелю такая адлегласць можа здацца касмічнай. Такі кіламетраж, ды яшчэ пехатой?! Я вам скажу, што гэта таго варта. Свежае і чыстае лясное паветра, прыгатаваная ежа на вогнішчы — гэта толькі частка таго, дзеля чаго можна было вызваліць пару летніх дзянькоў.
У кожнай вёсцы нам былі рады. Яно і нядзіўна: жыхары гэтых вёсак прывыклі да спакою і да сваіх суседзяў, а новыя людзі, ды яшчэ турысты, ім цікавыя. На месцы начлегу мы разбівалі лагер. І гаспадыні з найбліжэйшых дамоў нам усяляк дапамагалі. Ад чыстага сэрца, ад душы, бо на сяле людзі больш дружалюбныя і гасцінныя.
У першы дзень нам давялося пераадолець 20 кіламетраў шляху да першага начлегу. З непрывычкі для турыстаў, якія ўпершыню выбраліся ў паход, гэта магло здацца вельмі складанай нагрузкай. Але мы ўсе разам прайшлі гэтую дыстанцыю дастаткова хутка і з запалам.
На шляху нам сустракаліся розныя людзі, якія расказвалі многа цікавага. Напрыклад, у вёсцы Яміцы сустрэлі Антона Іванавіча Сымоніка. Са слязамі на вачах ён расказаў нам, што ў вёсцы засталося ўсяго толькі 3—4 хаты. Пра меліярацыю, пра работу ў калгасе пчаляром і не толькі. Яму было цікава з намі, ды і мы з задавальненнем слухалі яго аповеды.
Наш першы начлег быў на хутары Мутвіца паблізу вёскі Навалессе. Гасцінныя гаспадары Марыя Рыгораўна і Аляксандр Іванавіч Касьянік дапамагалі нам. Часам нават тым, пра што мы не прасілі. Прыемным сюрпрызам былі чарніцы ад ветлівых гаспадароў.
У Радзежы мы наведалі школьны музей, пра які расказала дырэктар школы Алена Калінаўна Дацык. У Ацятах схадзілі ў госці да Алены Георгіеўна Тыцык, у якой любімы занятак — вышыўка ручнікоў. Ручная работа заўсёды ацэньвалася вельмі высока, і майстрыха з гордасцю гаварыла, што яе ручнікі вельмі часта можна было бачыць на вяселлях і што ад гэтай прыгажосці вачэй нельга была адарваць. У Багуслаўцы сустрэлі прыемную бабулю: Пелагея Міхайлаўна Сіжук расказвала пра ваенныя дзеянні пад Багуслаўкай, пра тое, як раней было лепш, чым зараз, гаварыла пра моладзь і вельмі перажывала за нас, пастаянна запытваючыся: “Куды вы з такімі вялікімі сумкамі ідзяце?”
Адлегласць да вёскі Ацяты была амаль такой жа, як у першы дзень. Дайшоўшы да назначанага месца, пачалі ставіць палаткі. І калі ў першы дзень дзяўчаты толькі глядзелі, як правільна трэба ставіць сваё часовае жыллё, гэтым разам яны ўстройваліся самі.

Яна Крывіч (Маларыта, 14 гадоў):
“Усё было цудоўна. Кампанія падабралася добрая, у якой было прыемна знаходзіцца. З усімі турыстамі нам было лёгка пераадольваць цяжкасці ў паходзе. Мы іх проста не заўважалі. Прыемна ўспамінаць вечары ля вогнішча, як дружна пілі чай, елі з аднаго кацялка. Я, як і многія мае сяброўкі, ніколі не думала, што здольна пражыць у такіх экстрэмальных умовах некалькі дзён. А нам гэта ўдалося. Не пабаюся сказаць, што мы можам сабой ганарыцца. Я вельмі ўдзячна Вячаславу Мікалаевічу за тое, што ён нам усяляк дапамагаў на працягу ўсяго паходу. Больш бы такіх выкладчыкаў, як ён: добрых, пазітыўных, чулых і цікавых. Усё было на вышыні”.

Калі вы думаеце, што хлопцы не ўмеюць гатаваць, то вы вельмі памыляецеся. Для таго каб упэўніцца ў гэтым, вам трэба хоць аднойчы схадзіць у паход. Не ў папрок дзяўчатам будзе сказана, але хлопцы ў паходах вельмі здорава паказваюць свае кулінарныя здольнасці. Шэф-кухар Валодзя нікога не падпускаў да гатавання ежы. Усё рабіў самастойна. І крыху пераперчаны рыс не прымяншаў яго заслуг. Было сытна і смачна, а дзяўчынкі і хлопчыкі раз-пораз прыходзілі за дабаўкай.
У трэці дзень мы вельмі часта звярталіся да карты Маларыцкага раёна, каб скараціць дарогу і арыентавацца на мясцовасці. Па дарозе весялілі самі сябе, расказваючы байкі і анекдоты, спявалі песні.
Да Гвазніцы заставалася зусім нямнога. Мы ляцелі, не адчуваючы цяжару рукзакоў, спяшаліся як мага хутчэй дабрацца да вёскі і пакупацца ў мясцовай рачулцы, але, на вялікі жаль, знайсці прыдатнага для водных працэдур месца не ўдалося.
Калі мы праходзілі па вуліцах вёскі, многія жыхары нас цёпла віталі. Пыталіся, адкуль кірунак бяром і куды. Мясцовым жыхарам гэта злёгку ў навіну, але, дзякуючы гэтаму, цікава.
Чацвёрты дзень падарожжаў адзначыўся традыцыйнай пазнавальнай прагулкай з усяго толькі двума лёгкімі рукзакамі, якія перадавалі адно аднаму праз кожныя 2 кіламетры. Тры вёсачкі, якія нам трэба было наведаць, жылі сваім звычайным і спакойным жыццём. Тут мы дагледзелі некалькі помнікаў на магілах воінаў Вялікай Айчыннай вайны.
Які паход без гітары? Антон запяваў, а мы падпявалі. Вечары ля вогнішча. Чай, які чамусьці не канчаўся. Класціся спаць зусім не хацелася. Але арганізм гаварыў: трэба. На наступны дзень нас чакаў вялікі марш-кідок у родны Олтуш. Добры сон — залог набыцця сіл для наступнага рыўка на фінішны адрэзак.
Дарога дадому заўсёды праходзіць імгненна. Проста не заўважаеш, што такі вялікі шлях удаецца прайсці літаральна за некалькі гадзін. Па дарозе наведалі школьны музей у вёсцы Збуражы, адзначыўшы, што стваральнікі ўлажылі ў гэтую справу часцінку сваёй душы.

Вячаслаў Мікалаевіч Зезюкоў (Олтуш, кіраўнік):
“Вельмі спадабалася, што ініцыятыва правядзення паходу праяўлена самімі дзецьмі. Усю падрыхтоўку (распрацоўка ніткі маршруту, працягласць, далёкасць дзённых пераходаў, месцы начлегаў, меню, падрыхтоўку рыштунку і камплектаванне самой групы) праводзілі разам, з актыўным удзелам дзяцей.
Нікога не напужалі ні адлегласць, ні спёка, ні цяжар рукзакоў. Хутка наладзіліся выдатныя ўзаемаадносіны, хаця да паходу многія не былі знаёмы. Ніхто ні разу нават не заікнуўся пра жаданне вярнуцца. Ні разу не ўзнікла пытанняў з гатаваннем ежы (каму гатаваць, не падабаецца гатовая ежа).
Радавалі назіранні і ўражанні дзяцей. Здзіўляліся, што, аказваецца, можна за дзень прайсці такую колькасць кіламетраў з цяжкімі рукзакамі. Што ў вёсках, асабліва малых і аддаленых, вельмі добрыя і спагадлівыя людзі. Што не ўсюды дзверы замыкаюць на замок. Што да бабуль і дзядуляў можна не толькі прыехаць, але і прыйсці (у Багуслаўцы бабуля сяброўкі, дзядуля Дашы ў Збуражы). Вельмі важна, што ўсе дайшлі да фінішу пехатой, хаця былі прапановы падвезці”.

Вельмі шкада, што паход падыходзіў да завяршэння. Прадукты, фінансавыя зберажэнні, якія засталіся, ды і фізічны стан дазваляў нам яшчэ як мінімум тры дні спакойна прагульвацца па Маларыцкім раёне. Але любыя адхіленні ад зацверджанага раней маршруту недапушчальныя. Сумна, але гэта так.
Думаю, трэба назваць імёны смельчакоў, якія адважыліся на такое выпрабаванне і, што самае галоўнае, пра гэта ні разу не пашкадавалі: Ваня Ефціфееў, Ліза Лукавец, Антон Амельянчук, Юра Тамашук, Даша Алесік, Валодзя Абрамчук, Лера Федарук, Ваня Абрамчук, Яна Крывіч. А мы з Вячаславам Мікалаевічам Зезюковым стараліся не перашкаджаць дзецям атрымліваць задавальненне ад паходу. Думаю, нам гэта ўдалося.

* * *

Мінулай восенню на Дне турызму многія школьнікі выказалі жаданне схадзіць летам у паход на некалькі начлегаў. Яны, напэўна, ведалі, што гэта крута, але яшчэ на сабе не апрабавалі. Я спадзяваўся, што да лета ў гэтых дзяцей не знікне жаданне і ў нас атрымаецца выбрацца куды-небудзь на пару дзянькоў у пешы паход.
Хачу выказаць захапленне зладжанай работай усёй нашай каманды на працягу ўсяго паходу. Разам не такія страшныя гэтыя 100 кіламетраў. Калі правільна размеркаваць сілы і нагрузку на кожны дзень, то з лёгкасцю пераадольваецца любая дыстанцыя.

Іван Абрамчук (Дворышча, 16 гадоў):
“За гэтыя 5 дзён нашай прагулкі па раёне мы нядрэнна адпачылі, убачылі, даведаліся і, што самае галоўнае, адчулі на сабе шмат новага і цікавага. Мы змаглі згуртавацца ў адну каманду, з якой не хацелася расставацца. Мы даведаліся, якія вёскі ёсць у нашым раёне. Яшчэ даведаліся, што ў нас вельмі добрыя, спагадлівыя і добразычлівыя жыхары, да якіх можна звярнуцца за любой дапамогай — яны не адмовяць.
Было вельмі крута, калі мы абмываліся халоднай вадой з калодзежа. У такое гарачае надвор’е гэта было неабходна. Ні пра якую прастуду і гаворкі ісці не магло. Праходзіла літаральна некалькі хвілін, а мы паспявалі цалкам высахнуць. Яшчэ мяне прыемна здзівіў той факт, што дзяўчынкі не нылі пры якіх-небудзь цяжкасцях, а з усмешкай ішлі наперад.
Канечне, прайшоўшы больш за 100 км, нашы ногі пачалі стамляцца, балелі плечы ад цяжару рукзакоў, але ўсё гэта нам не сапсавала настрой і адпачынак.
Пасля паходу ў мяне нарадзілася думка: я хачу яшчэ. Галоўным адрозненнем звычайнага жыцця ад паходу з’яўляецца адсутнасць камп’ютараў і планшэтаў. Толькі зрэдку ў нас былі тэлефоны і інтэрнэт, але і гэта, канечне ж, было там лішнім. У паходзе ўсё гэта вельмі добра замяняюць жывыя зносіны з людзьмі, якія згуртоўваюць яшчэ больш.
Вам можа здацца, што 5 дзён — гэта многа, але ў апошні дзень вы зразумееце, што гэта вельмі мала. Было б куды лепш, каб моладзь адчула смак паходу, чым заседжвалася дома ля камп’ютараў. Хадзіце ў паходы, бо гэта рух, а рух — гэта жыццё!”

Што вам дасць паход? Добры адпачынак у асяроддзі сяброў; найсмачнейшую ежу на вогнішчы, рэцэпт якой ніколі нельга паўтарыць; добрую фізічную нагрузку, якая ніколі не пашкодзіць вашаму здароўю, а наадварот; прыемныя моманты, якія вы будзеце памятаць усё жыццё; магчымасць класна загарэць без якіх-небудзь намаганняў. Менавіта ў паходзе можна спазнаць чалавека з зусім іншага боку. У большасці выпадкаў — з добрага. Вельмі часта ў паходзе людзі пачынаюць паказваць свае лідарскія і іншыя якасці, якія ў штодзённым жыцці не такія прыметныя, або яны іх спрабуюць схаваць.
У паходзе няма прывязкі да ўзросту. Няма розніцы, колькі табе гадоў. Усе ядуць з аднаго кацялка. Усе жывуць адной ідэяй. У дружнай камандзе, калі ў цябе штосьці не атрымліваецца, табе ў любы момант падкажуць і дапамогуць. Знаёмы ты першы дзень або з самага дзяцінства сябруеш з чалавекам — тое ж самае.
Адпачывайце актыўна. Арганізоўвайце шашлыкі, бярыце з сабой палаткі, атрымлівайце асалоду ад прыроды. Лета заканчваецца, але гэта не значыць, што трэба заканчваць адпачываць. Яшчэ шмат чаго можна паспець зрабіць, калі захацець.

Аляксандр ГАЛЯНЧУК,
выпускнік Олтушскай сярэдняй школы 2010 года.