І адпачыць, і новыя веды набыць

Хутка рухаецца маршрутны аўтобус. Літаральна дзесяць хвілін — і ён у вялікім лесапарку на адной з ускраін Магілёва. Тут цалкам адсутнічае гарадская мітусня, адусюль даносіцца спеў птушак. У гэтым маляўнічым месцы размясцілася Магілёўская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз. Канчатковая кропка майго маршруту менавіта гэтая ўстанова. У перыяд летніх канікул навучэнцы школы-інтэрната раз’ехаліся па дамах, але тэрыторыя ўстановы напоўнена вясёлымі дзіцячымі галасамі. А ўсё таму, што цяпер на базе школы дзейнічае профільны аздараўленчы лагер “Алімпіец” для таленавітых і адораных навучэнцаў.

— Ідэя стварэння гэтага профільнага лагера ўзнікла сем гадоў назад, — адзначае рэктар МДАІРА Ірына Старавойтава. — Сумеснымі намаганнямі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і абласнога інстытута развіцця адукацыі задума была ажыццёўлена ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Маладыя таленты Беларусі”. Першапачаткова лагер дыслацыраваўся ў МДАІРА, пасля некалькі гадоў функцыянаваў на базе аздараўленчага лагера “Чайка”. Сёлета ж мы вырашылі правесці змену ў санаторнай школе-інтэрнаце, бо ў гэтай навучальнай установы вельмі ўдалае размяшчэнне. Дзеці і на прыродзе, і на мінімальнай адлегласці ад горада. Важна, што, арганізоўваючы кожную змену, супрацоўнікі інстытута ўдзяляюць максімум увагі таму, каб у лагеры дзеці маглі не толькі адпачыць, але і развіць свае здольнасці.
Зараз у “Алімпійцы” праходзяць аздараўленне 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта пераможцы трэцяга і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па такіх вучэбных прадметах, як “Руская мова і літаратура”, “Матэматыка”, “Астраномія”, “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія”, “Геаграфія”, “Беларуская мова і літаратура”, “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”, “Нямецкая мова”, “Абслуговая праца”.
— У летнік з’ехаліся таленавітыя дзеці з усіх куткоў вобласці. Вядома, пераважная большасць — прадстаўнікі буйных гарадоў Магілёва і Бабруйска. Але нямала тут навучэнцаў з раённых і сельскіх школ. Усе дзеці падзяліліся на атрады па прадметных профілях. Усяго ў лагеры чатыры атрады, за якімі наглядаюць дванаццаць выхавальнікаў з ліку педагогаў устаноў адукацыі абласнога цэнтра. Змена доўжыцца васямнаццаць дзён. Здаецца, шмат, але на самай справе гэтыя дні пралятаюць, як адно імгненне, і многія дзеці шкадуюць, што іх знаходжанне ў летніку скончылася вельмі хутка, — кажа куратар дзейнасці лагера начальнік аддзела педагагічных інавацый МДАІРА Наталля Афанасьева.
Першачарговае для юных магілёўскіх талентаў, якія прыехалі ў “Алімпіец”, — адпачынак і аздараўленне. Для гэтага тут створаны ўсе неабходныя ўмовы. Акрамя таго, што санаторная школа-інтэрнат знаходзіцца на ўлонні прыроды, установа мае камфартабельныя вучэбныя і спальныя карпусы. У спальным корпусе ёсць пакоі на тры-чатыры чалавекі, а таксама большыя — на дванаццаць дзяцей. На кожным паверсе — малюнкі, тэматычныя стэнды атрадаў. Усталяваны душавыя, рукамыйнікі. Ёсць тут, вядома, і свая добраўпарадкаваная сталовая. Харчаванне ў лагеры пяціразовае.
У вучэбных карпусах школы-інтэрната размяшчаюцца актавая і трэнажорная залы, вучэбныя кабінеты, майстэрні абслуговай і тэхнічнай працы, бібліятэка, кабінет лячэбнай фізкультуры. Словам, у летніку дзеці сапраўды могуць і здароўе паправіць, і весела адпачыць.
Дарэчы, пра адпачынак. Педагогі-арганізатары і выхавальнікі прадугледзелі для сваіх выхаванцаў забаўляльна-адукацыйныя праграмы. З самага заезду ў лагер дзяцей пастараліся максімальна зацікавіць. Як толькі ўсе 100 навучэнцаў прыбылі, для іх правялі гульні “Утульнасць”, “Чамадан”, “Разведшкола”, з дапамогай якіх дапамаглі азнаёміцца з базай школы-інтэрната, асвоіцца ў лагеры.
Увогуле, кожны дзень тут насычаны мерапрыемствамі. Гэта масавыя гульні, спартыўныя спаборніцтвы, дыскатэкі, відэасалоны, экскурсіі, тэматычныя флэш-мобы, патрыятычныя, творчыя і інтэлектуальныя конкурсы. Напрыканцы ж змены дзяцей чакае конкурс “Разумнікі і разумніцы” і нават сапраўдны баль-маскарад.
Вольны час у дзяцей з “Алімпійца” змястоўны, але ён займае толькі другую палову дня. Да абеду ж праходзяць вучэбныя заняткі. Дзеці вывучаюць любімыя школьныя прадметы, у якіх дасягнулі немалых поспехаў. Імправізаваныя ўрокі праводзяць высокакваліфікаваныя творчыя педагогі, якія маюць вялікі вопыт падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд.
— Можна сказаць, што з дзецьмі займаюцца лепшыя педагогі-прадметнікі вобласці, вучні якіх штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды. Далучаны да гэтага працэсу таксама выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, — падкрэслівае рэктар МДАІРА Ірына Старавойтава.
Па светлых, прасторных калідорах школы-інтэрната мы ідзём у вучэбную майстэрню па абслуговай працы. Тут кіпіць работа. Шэсць дзяўчынак, пераможцаў і прызёраў розных этапаў алімпіяды, старанна займаюцца выкананнем практычнага задання. Адны шумна строчаць за швейнай машынкай, другія крояць тканіну, трэція пакуль думаюць, як будзе выглядаць будучы шэдэўр. За работай усіх юных рукадзельніц назірае настаўнік абслуговай працы сярэдняй школы № 33 Магілёва кіраўнік каманды вобласці па працоўным навучанні Наталля Круталевіч. Яна курыруе творчы працэс: каму слушную параду дасць, каму дапаможа.
— Заняткі ў аздараўленчым лагеры “Алімпіец” маюць важнае значэнне ў падрыхтоўцы да алімпіяды. Тут з найбольш таленавітымі і перспектыўнымі дзяўчынкамі мы адпрацоўваем як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі. Паглыблена вывучаем усе тэмы па прадмеце, рашаем тэсты, шукаем адказы на складаныя тэарэтычныя пытанні, займаюцца дзяўчынкі і распрацоўкай канкрэтных вырабаў. Практыка таксама разнапланавая. Гэта і вышыўка, і вязанне, і шыццё на швейнай машынцы, — гаворыць Наталля Мікалаеўна.
Пра тое, наколькі дзейсныя заняткі ў лагеры, па словах Наталлі Круталевіч, лепш за ўсё сведчаць штогадовыя перамогі прадстаўніц Магілёўшчыны на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Як гавораць самі дзяўчынкі, знаходжанне ў летніку дапамагае ім загадзя настроіцца на ўдзел у чарговай алімпіядзе.
— Я трэці год у гэтым лагеры. Тут можна цікава правесці час і павысіць узровень сваіх ведаў, палепшыць практычныя навыкі. Мне вельмі падабаецца такое сумяшчэнне, — кажа навучэнка Асіповіцкай раённай гімназіі Паліна Батура.
Поўнасцю згодна з Палінай і навучэнка Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Вераніка Пынціна. Вераніка сёлета першы раз прымала ўдзел у алімпіядным руху.
— Я заняла пераможныя месцы на раённым і абласным этапе алімпіяды, а вось на рэспубліцы ведаў і ўменняў крыху не хапіла. Але, я думаю, заняткі ў лагеры паспрыяюць таму, каб у будучым навучальным годзе мне скарылася і гэтая вышыня, — выказала сваю надзею Вераніка.
Заходзім у наступны вучэбны кабінет. Тут аб прамудрасцях арганічнай хіміі расказвае настаўнік Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Сяргей Крутаў. Кожнае яго слова “ловяць” дзевяць зацікаўленых вучняў.
— Заняткі вяду не толькі я, а яшчэ некалькі педагогаў. Усе раздзелы хіміі мы падзялілі паміж сабой. За мной — тлумачэнне “Арганічнай хіміі”. Я стараюся данесці няпростую тэму так, каб дзецям было зразумела. Заняткі з лепшымі педагогамі для дзяцей важныя, але для іх галоўны плюс знаходжання ў летніку — гэта магчымасць пагутарыць з такімі ж таленавітымі аднагодкамі, — лічыць Сяргей Сяргеевіч.
У кабінеце астраноміі падлеткі настолькі захоплена разбіралі тэму, што не адразу адрэагавалі на прыход старонніх. Як расказаў настаўнік астраноміі Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 Віктар Вайлапаў, на занятках яны разглядаюць тыя тэмы і задачы, якія выклікаюць у дзяцей складанасці на трэцім і заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. На думку Віктара Адамавіча, такі аздараўленчы лагер быў проста неабходны вобласці.
— Тут мы з калегамі стараемся паглыбіць веды дзяцей, каб яны і далей паспяхова праяўлялі сябе ў алімпіядным руху. Можна сказаць, што нам гэта ўдаецца, бо па колькасці дыпломаў па астраноміі магілёўскія навучэнцы ў лідарах па рэспубліцы, — адзначыў Віктар Вайлапаў.
На занятках па астраноміі практыкуюць і пераемнасць. Сваімі ведамі і вопытам дзеляцца прызёры алімпіяд, якія зараз з’яўляюцца выпускнікамі школ і студэнтамі. Так, выпускнік Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 сёлетні прызёр заключнага этапу алімпіяды Аляксей Каратынскі дапаўняў тлумачэнні свайго настаўніка.

Уладзімір РЫЖКОЎ, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:
— Лагер “Алімпіец” і падобныя яму профільныя аздараўленчыя лагеры ў раёнах — важны кампанент у сістэме падрыхтоўкі вучняў вобласці да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Магчымасць сумяшчэння адпачынку і вучобы, прыемнага з карысным, спрыяе лепшаму засваенню ведаў дзецьмі. Вынік гэтай дзейнасці — прызавыя месцы нашых навучэнцаў. Вядома, функцыянаванне “Алімпійца” працягнецца і ў далейшым. Больш за тое, мы нават думаем над магчымасцямі пашырэння рэгіянальнай сеткі такіх аздараўленчых лагераў.

— Я сам быў у гэтым лагеры ў мінулым годзе. Калі прыехаў сюды, веды па прадмеце былі павярхоўнымі. Спрабаваў сябе ў алімпіядным руху, але высокіх вынікаў не дасягнуў. Тут жа захапіўся астраноміяй, атрымаў даволі вялікі багаж ведаў. Гэтыя веды спатрэбіліся мне пасля на гарадскім, абласным і заключным туры алімпіяды. Спатрэбяцца і ў далейшым, бо я маю намер паступаць на кафедру астраноміі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб сваю будучую прафесію звязаць з космасам, — падзяліўся Аляксей.
Пераемнасць увайшла і ў практыку заняткаў па матэматыцы. Акрамя высокапрафесійных педагогаў, рашэнне матэматычных задач сваім аднагодкам тут тлумачыў выпускнік Ліцэя БДУ, прызёр рэспубліканскай алімпіяды, удзельнік сёлетняй Міжнароднай алімпіяды па матэматыцы Ягор Лаўрэнаў.
У кожным вучэбным кабінеце летніка падчас заняткаў пануе творчая атмасфера, імкненне да пазнання. Напэўна, гэта і спрыяе таму, што атрыманыя ў “Алімпійцы” веды дзеці лёгка засвойваюць і запамінаюць. Аднак самае галоўнае ўсё ж тое, што ў лагеры падлеткі могуць добра адпачыць. Дзеці ад’язджаюць з “Алімпійца” поўнымі сіл і энергіі, якія не менш, чым трывалыя веды, патрэбны для заваявання новых вучэбных вышынь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.